Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча падчас св. Імшы ў абарону жыцця | Друк |

21 верасня 2013 г., мінскі архікатэдральны касцёл

Абаронім Божы дар жыцця!

“Прыходжу, Божа, споўніць Тваю волю” (пар. Пс 40(39), 8.9)

1. Глыбокапаважаныя браты і сёстры!

Гэты рэфрэн рэспансарыйнага псальма сённяшняй святой Імшы вельмі добра перадае пачуцці нашых сэрцаў, калі мы сабраліся ў мінскай архікатэдры, каб маліцца ў абароне жыцця. Абарона жыцця, як самага каштоўнага Божага дару – гэта найперш і перадусім выконванне Божай волі.

Сённяшняе Евангелле – гэта Евангелле аб Звеставанні: “Бог паслаў анёла Габрыэля ў горад галілейскі, які называўся Назарэт, да Дзевы, заручанай з мужам па імені Юзаф, з дому Давіда, а імя ў Дзевы – Марыя” (Лк 1, 26). Дзень Звеставання стаў асаблівым і выключным у гісторыі чалавецтва, якое чакала Збаўцу. Пасля размовы арханёла Габрыэля з Марыяй “Слова сталася целам і пасялілася між намі”. Такім чынам ажыццявілася таямніца Уцелаўлення Божага Сына, які стаў жыць чалавечым жыццём ва ўлонні Марыі. Як не адчытаць ў словах арханёла закліку да радасці і праслаўлення? Панна з Назарэта знайшла ласку ў Бога і ў сваім улонні зачне і народзіць Божага Сына (пар. Лк. 1, 30-31), каб даць пачатак новым часам, якія прадказвалі прарокі. З Яе ўлоння выйдзе Пераможца смерці і Стваральнік жыцця, які асвяціць сваім Евангеллем чалавечае жыццё.

2. Завяршаючы працу стварэння свету, Бог сказаў: “створым чалавека паводле нашага вобразу і падабенства” (пар. Быц 1, 26). Такой з’яўляецца самая глыбокая праўда пра нас саміх. Творцам чалавека ёсць Бог. Жыццё з’яўляецца цудоўным дарам Бога, які ў чалавека, злепленага з гліны, удыхнуў жыццё. Калі жыццё даецца нам ад Бога і калі мы нараджаемся дзякуючы Яго бескарыснай любові, то ці не з’яўляецца гэта дастатковай прычынай, каб глядзець на яго як на самае святое, на якое мае права толькі Бог?

Месцам спаткання са святасцю жыцця Бог учыніў сям’ю. Бог, які ёсць любоў, аб’явіў дар жыцця праз каханне мужчыны і жанчыны, каб сувязь паміж імі стала сапраўдным санктуарыем любові і жыцця. Менавіта ў бацькоўстве і мацярынстве прысутнічае сам Бог. Таму паўстае лагічнае пытанне: “Ці магчыма, каб цудоўны Божы дар жыцця стаў ахвярай волі чалавека і яго капрызаў?” Жыццё было даверана чалавеку як неацэнны скарб, якога яму нельга змарнаваць. Праўда аб непарушальнасці жыцця ўпісана ў сэрца чалавека і ў яго сумленне, і чалавек павінен даць справаздачу перад Богам, як ён распараджаўся неацэнным скарбам жыцця, – навучае  благаслаўлёны Папа Ян Павел II (пар. EV 40.52).

3. Касцёл заўсёды абвяшчае Евангелле жыцця і выступае ў яго абарону. Да гэтага заклікае найперш Евангелле аб Звеставанні і таксама досвед апосталаў ў дзень Уваскрасення Хрыста, калі яны пачулі словы анёла: “Што вы шукаеце жывога сярод мёртвых? Яго няма тут: Ён уваскрос” (Лк 24, 5-6). Касцёл навучае аб праве на жыццё ад зачацця да натуральнай смерці і таму з’яўляецца знакам супраціву для тых, хто абвяшчае культуру смерці. Касцёл бараніў і будзе бараніць жыццё, гаварыў і будзе гаварыць аб праўдзе чалавечага жыцця і не будзе кланяцца акалічнасцям, а праўдзе дазваляць стаяць за дзвярыма.

На жаль, яго заклік вельмі часта застаецца без адказу. У той жа час права забіваць безабароннае дзіця ва ўлонні маці, якое на самой справе з’яўляецца вычварэнствам і злачынствам супраць жыцця, сучасным заканадаўствам часта прадстаўляецца як адзнака прагрэсу. Таму жыццё, як святы Божы дар, неабходна бараніць на кожным яго этапе. Кожны, хто хацеў бы быць незалежным ад гэтага фундаментальнага права, становіцца прамоўтарам смерці. Чалавек ім становіцца, калі страчвае Бога, бо там, дзе Бог знікае, знікае і годнасць чалавечага жыцця, а на яго месца прыходзіць нянавісць да жыцця.

4. Відавочна, што мы жывём у цывілізацыі, у якой сціраюцца паміж сабой розныя накірункі, асабліва цывілізацыя жыцця і цывілізацыя смерці. Чалавек, які забівае чужое жыццё, забівае таксама і сябе самога, сваё сумленне. Чым адрозніваецца чалавек, які падымае руку супраць безабароннага дзіцяці, ад таго, які забівае з аўтамата ці ўжываючы хімічную зброю, бомбы і ракеты? Народ, які забівае ненароджаных, нішчыць самога сябе, становіцца народам без будучыні і без надзеі.

І сёння многія краіны свету ўжо сутыкнуліся з гэтым. Недахоп працоўнай сілы змушае да дазволу на працоўную міграцыю. У выніку чаго карэнныя народы змешваюцца з людзьмі іншых культур, менталітэту і г.д., што нярэдка становіцца прычынай канфліктаў на нацыянальнай глебе. Дэмаграфічны крызіс вядзе да таго, што з кожным годам адзін працуючы павінен працаваць на ўсё большую колькасць пенсіянераў, што вядзе да сацыяльнай напружанасці. Такім чынам паўстае сітуацыя перавернутай трапецыі, якая сама па сабе няўстойлівая. І мы павінны гэта ўсведамляць, калі хочам стабільнасці і прагрэсу.  

5. Ідэалогія сучаснасці імкнецца знішчыць традыцыйны інстытут сям’і, якім з’яўляецца ўстаноўлены Богам адзіны і непарушны саюз мужчыны і жанчыны з мэтай узаемнай дапамогі, нараджэння і выхавання патомства. Менавіта на такой сям’і засноўваецца наша цывілізацыя. Адыход ад ідэі традыцыйнай сям’і, непашана да Божага дару жыцця і прапаганда разбэшчанасці не служаць дабру грамадства і вядуць у тупік. Таму праблема сям’і і захавання жыцця заўсёды будзе ў сэрцы Касцёла, бо сям’я з’яўляецца не толькі галоўнай клеткай кожнага грамадства, але таксама, паводле Божай волі, крыніцай жыцця.

Для нас, хрысціян, жыццё, пытанне захавання жыцця і яго абарона з’яўляецца пытаннем фундаментальным. З яго вынікае, што зачатае дзіця валодае правам на жыццё і іншымі правамі.

Прыхільнікі абортаў часта выкарыстоўваюць аргумент права дэмакратыі, паводле якога большасць становіцца правам. Але калі гэта прымальна для грамадскага жыцця, то не значыць, што можа быць прымальным для маральнага, для фундаментальных правоў чалавека, натуральнага права, нават мастацтва, бо кожны мастак мае сваю ідэю.

Прыкладам можа служыць нахіленая вежа ў горадзе Піза ў Італіі. Уявім сабе, што большая частка групы турыстаў кажа: “Вежу неабходна разбурыць і збудаваць новую, каб была простай”. Іншыя ж супярэчаць гэтаму: “Нельга разбураць, неабходна пакінуць так, як ёсць”. Праўда, аднак, у тым, што выпростванне пахіленасці вежы ў Пізе нельга нават абмяркоўваць, бо тады яна не будзе той вежай, якой ёсць, і там не будзе столькі турыстаў, колькі ёсць цяпер. Падобна маецца і з маральным правам: найперш мы павінны слухаць Бога, а не людзей (пар. Дз 4, 19). Евангелле нам дадзена не для таго, каб мы яго змянялі, але яно павінна нас змяняць. На жаль, многія забываюцца аб гэтым.

6. На пачатку нашых сённяшніх разважанняў мы звярнуліся да евангельскага аповеду аб Звеставанні, дзякуючы якому пад сэрцам Марыі пачало біцца сэрца Збаўцы. Сцэна Звеставання – гэта сцэна жыцця, якое сёння знаходзіцца ў вялікай небяспецы і якое трэба бараніць усімі сіламі.

Палявая птушка робіць гняздо, складае там яйкі, з якіх вылупліваюцца маладыя птушаняты. Калі набліжаецца ястраб, каб іх схапіць, птушка бароніць гняздо і птушанятаў.

Марыя, наша Маці духоўная, дала жыццё Збаўцы і яго бараніла перад забойчай рукой Ірада. Сёння мы, занепакоеныя колькасцю абортаў, якая ўсё павялічваецца, што вядзе да генацыду нашага народа, звяртаемся да Цябе, Марыя, наша духоўная Маці: “Ахіні сваім плашчом нашу Бацькаўшчыну, асабліва маці, якія ў сваім улонні носяць новае жыццё, і абарані іх ад рукі сучасных Ірадаў, каб споўніліся словы Твайго Сына: “Я прыйшоў дзеля таго, каб мелі жыццё і мелі ўдосталь” (Ян 10, 10). Амэн.  

Выкарыстаная літаратура:

1. Ян Павел II. Энцыкліка “Evangelium vitae” (EV).

 
© 2003-2024 Catholic.by