Гамілія Дзяржаўнага Сакратара Папы Францішка кардынала П’етро Параліна на святой Імшы падчас велікапоснага міждыяцэзіяльнага чування моладзі | Друк |

14 сакавіка 2015 г., Мінск, касцёл свв. Сымона і Алены

Дарагія браты ў біскупстве, дарагія святары, законнікі і законніцы, браты і сёстры і вы, шматлікія маладыя сябры, якія прыбылі сюды з розных парафій Беларусі, каб правесці гэтую ноч у таварыстве Пана.

Можаце ўявіць сабе, наколькі я рады быць тут з вамі. Дзякую вашым біскупам, якія прадставілі вас, і тым з вас, хто ў гэты вечар даў сваё сведчанне. Праз мяне Папа хацеў бы абняць кожнага з вас. У нас няма фізічнай магчымасці зрабіць гэта, і таму мы вырашылі пакінуць вам невялікі абразік з подпісам Папы, каб вы мелі яго пры сабе і каб кожны раз, калі зірнеце на яго, маглі адчуць добразычлівасць Папы Францішка, які ўсіх вас благаслаўляе.

Падчас падрыхтоўкі да гэтага візіту я пастараўся пазнаёміцца з пэўнымі аспектамі вашай культуры. Між іншым, мяне моцна ўзрушыў глыбокі рэлігійны змест некаторых вершаў Рыгора Барадуліна. Я ніколі б не падумаў, што ў гэтую ноч мы будзем маліцца ў касцёле святых Сымона і Алены, вядомым як «Чырвоны касцёл», які з’яўляецца адным з сімвалаў горада Мінска, і што менавіта гэтаму касцёлу і яго пробашчу, якога я шчыра вітаю, Барадулін пажадаў прысвяціць свой верш, дзе ёсць такі прыгожы вобраз:

З Чырвоным касцёлам на «ты»
Вятры,
Што лятуць з Бэтлеему.


А цяпер я даведаўся, што некалькі месяцаў таму менавіта ў гэтым касцёле адбылося апошняе развітанне з гэтым паэтам.

Так, дарагія браты і сёстры, сапраўды тут, на гэтую прыгожую плошчу, дзе часта бывае ветрана, далятаюць да касцёла вятры, якія бачылі і лашчылі Дзіцятка Езуса. У Бэтлееме бярэ пачатак паўната нашай гісторыі збаўлення. Сёння ўсім нам хочацца адчуваць сябе падхопленымі гэтымі вятрамі. Уявіце сабе, што і я трапіў сюды, у Чырвоны касцёл, на крылах тых вятроў, якія прыляцелі таксама ад магілы святых апосталаў Пятра і Паўла, з Рыма, біскуп якога, Папа, пакліканы ўмацоўваць у веры ўсіх братоў.

Божае Слова, якое мы сёння пачулі, кажа нам пра Божую лагоднасць, пра Ягонае жаданне збавіць нас, таму што Ён нас любіць. Гэта «вялікая любоў», пра якую кажа апостал Павел. А Евангелле сцвярджае: «Бо не паслаў Бог Сына свайго ў свет, каб судзіць свет, але каб свет быў збаўлены праз Яго» (Ян 3, 17).

Менавіта гэта і ёсць добрая навіна, сэнс Евангелля, сэнс нашай веры: Бог любіць нас бясконца. Нам нельга забыцца пра тое, што мы верым не таму, што баімся Бога і Ягонага пакарання, і не таму, што мы ўжо святыя, і часта нават не таму, што мы лепшыя за іншых людзей, а толькі таму, што мы верым у Божую любоў, якая дзейнічае ў нас таксама тады, калі мы гэтага не заўважаем, і перамяняе нас знутры. Такім чынам, няма месца для смутку і апушчаных вачэй, ёсць месца толькі для радасці: «Калі Бог за нас, хто ж супраць нас?» (Рым 8, 31).

Дарагія юнакі і дзяўчаты, вы чулі пра пакуты, якія перанеслі вернікі таксама ў вашай краіне падчас сапраўднага пераследу, і колькі выцерпелі вашыя дзяды і бабулі, каб захаваць веру. Але нават мучанікі не з’яўляюцца сумным успамінам, таму што ў вялікіх пакутах яны яшчэ мацней адчувалі, што Бог іх любіць. Менавіта ў Барадуліна ёсць такія прыгожыя радкі, у якіх ён піша пра гэтую рэчаіснасць:

Раскрыжаваныя рукі —
Нібы
Разнятыя для палёту крылы.


Укрыжаваны чалавек церпіць велізарныя пакуты. Але ў Бога нават такія распасцёртыя рукі служаць для таго, каб ляцець, каб узняцца над рэальнасцю, каб стаць лёгкім і наблізіцца да сонца. Была б толькі вера, бо ў адваротным выпадку аб каменную сцяну болю можа разбіцца любая надзея.

Тым не менш, мы можам адкінуць гэтую любоў, можам адступіць. Мы можам думаць: «Я ніколі не бачыў гэтай любові. Гэта ўсё байкі, прыдуманыя людзьмі». Таксама ў Беларусі, як і ў многіх іншых краінах свету, часта паўтаралі гэту фразу, калі хацелі выставіць тых, хто верыць у Бога, прастакамі, наіўнымі людьмі, якіх лёгка пераканаць байкамі, таму што яны непісьменныя і некультурныя.

Але чалавек можа адкінуць веру ў Божую любоў таксама з-за таго, што адчувае сябе нявартым, брудным і слабым. І тады хтосьці можа спытацца: «Што мне, беднаму грэшніку, рабіць з Богам, які з’яўляецца дасканалым і неабсяжным?» І адказ прыходзіць ад Бога: гэта не ты збаўляеш сябе, не твае заслугі і не розум; гэта Я цябе збаўляю, абдымаю цябе, выпростваю твае крылы, калі ты адкрыеш для Мяне сваё сэрца. Папа Францішак аднойчы сказаў: «Гэта дзіўна, але вельмі часта мы баімся суцяшэння, каб [Бог] нас суцешыў. Больш за тое, мы больш упэўнена адчуваем сябе ў смутку і роспачы. Ведаеце, чаму? Таму што ў смутку мы адчуваем сябе амаль героямі, галоўнымі дзеючымі асобамі. А ў суцяшэнні галоўнай дзеючай асобай з’яўляецца Святы Дух! Менавіта Ён суцяшае нас, Ён дае нам мужнасць, каб выйсці па-за сябе. Ён прыводзіць нас да крыніцы ўсялякага сапраўднага суцяшэння, гэта значыць да Айца. А гэта і ёсць навяртанне» (Angelus 7 снежня 2014 г.).

У першым чытанні мы чулі пра выгнанне народа Ізраэля са сваёй зямлі і пра перасяленне ў Бабілон. Псальм нагадвае пра тое, як габрэі плакалі там над рэкамі, успамінаючы свой любы горад Ерузалем, дзе Бог заснаваў сваю сялібу. І калі жыхары Бабілона патрабавалі ад іх спяваць іхнія песні, яны адмаўляліся, павесіўшы на дрэвах свае арфы. Іх сапраўды не пакідаў боль ад думкі, што яны знаходзяцца далёка ад сваёй зямлі.

Разам з тым Другая кніга Кронікаў нагадвае пра тое, што гэтае выгнанне мела сваю прычыну. Народ не толькі адкінуў Бога, але замест Яго выбраў сабе ідалаў. Вы ведаеце, што Ізраэль верыць у адзінага Бога, у той час, як суседнія народы спадзяваліся на шматлікіх багоў, а гэта — ідалы, зробленыя рукамі чалавека, якія не могуць збавіць. Вынікам ідалапаклонства з’яўляецца выгнанне, хоць адразу Бог абірае язычніка, персідскага цара Кіра, каб аднавіць святыню ў Ерузалеме і вярнуць свой народ на зямлю ягоных продкаў.

Найбольш балюча раніць Бога менавіта гэтая здрада любові. Не нейкі асобны грэх, не адзін якісьці недахоп. Не, Бог даруе ўсё. Яго абражае, калі адкідаюць Яго верную, шчодрую і непадзельную любоў, каб прадаваць і купляць іншую любоў, якая ператвараецца ў тавар. «Я — Бог раўнівы», — сказаў Пан Бог у кнізе Зыходу (Зых 20, 5). А ў кожнай сапраўднай любові прысутнічае і крыху рэўнасці.

Першае чытанне сёння нагадвае нам, што Пан Бог — гэта добры Айцец, які ніколі на працягу ўсёй гісторыі не перастае пасылаць сваіх вестуноў, каб заклікаць людзей да сапраўднай любові. Але як у гэтым выпадку рэагуюць людзі? Яны кпяць, насміхаюцца з вестуноў. І першы, самы вялікі з гэтых вестуноў — гэта Божы Сын, пасланы на зямлю, каб даць сведчанне Ягонай любові ажно да крыжа. Але нават пад крыжам знаходзяцца тыя, хто насміхаецца з Яго і кажа: «Іншых ратаваў, а сябе не можа ўратаваць. Ён — кароль Ізраэля, няхай сыдзе цяпер з крыжа, і мы паверым у Яго» (Мц 27, 42). Пілат, калі Езус кажа яму, што Ён — кароль, але не такі, як тыя валадары, якія кіруюць народам, апранае Яго як самазванца: дае Яму пурпуровы плашч, кій у руку, як быццам скіпетр, ускладае на галаву цярнёвую карону, а потым выводзіць да народу. Вось яна, кпіна, пагарда.

Дарагія юнакі і дзяўчаты, вы маеце асаблівую моц, уласцівую энтузіязму вашага ўзросту. Я жадаю вам ніколі не ставіцца з кпінамі і пагардай ні да каго. Але перадусім трэба пазбягаць кпінаў з Бога, з Яго бязмежнай любові да кожнага з нас. А гэта можа здарыцца нават без нашага непасрэднага жадання, а проста калі мы пачынаем думаць толькі пра сябе, пра тое, як зарабляць грошы, як здабыць становішча ў грамадстве; калі мы закрываемся ў сабе, тады падразаем крылы, якія дазваляюць лётаць, і становімся сумнымі і несуцешнымі. Часам гэта выглядае так, як быццам бы мы сказалі Богу: «Ты нас больш не цікавіш, мы спяшаемся, ёсць іншыя рэчы, пра якія трэба думаць. Што Ты можаш мне даць? Можа, поўныя кішэні грошай, ці дапаможаш мне зрабіць кар’еру, дазволіш мне жыць задавальненнямі або падорыш мне прыгожую вопратку вядомых брэндаў? Не, Ты абяцаеш мне тое, чаго я не бачу, і тады я кажу, як Тамаш: „Калі не ўбачу ... не паверу“ (пар. Ян 20, 25)».

Гэта — новая спакуса нашага часу. Ваш народ вядомы сваёй дабрынёй і пакорай. Але калі мы дазволім падкупіць сябе ілжывым вобразам, якія часта прыходзяць да нас: мужчыны і жанчыны, якія маюць поспех толькі дзякуючы знешняй прыгажосці, якая прамінае, або папулярнасць, што ў іншых выклікае зайздрасць, людзі, гатовыя на ўсё дзеля грошай, — у такім выпадку ёсць небяспека, што вашыя натуральныя каштоўнасці будуць пашкоджаныя. Тут вы павінны выбраць, як некалі народ Ізраэля, паміж Богам і ідаламі, паміж Тым, хто стварыў і любіць вас, і маленькімі рэчамі, якія могуць зрабіць вас сваімі нявольнікамі. Ад вашага адказу будзе залежаць ваша вера, ваша будучыня і будучыня вашай краіны. Толькі тыя людзі, якія вераць у высокія каштоўнасці і змагаюцца, каб дасягнуць іх, сапраўды з’яўляюцца грамадзянамі, якія дапамагаюць сваёй краіне ісці наперад да стабільнай лепшай будучыні.

Вы любіце вашу прыгожую прыроду: калі вам будзе пагражаць небяспека пакінуць Бога дзеля шуму чалавечага поспеху, выйдзіце на прастору, у вашыя лясы і палі, зірніце на вашы азёры: там ёсць подых Бога, і тады стане лягчэй выбраць тое, што вечнае, што належыць вам спрадвеку і з’яўляецца вашым домам, дзе жыве дух вашых прашчураў і ваш сапраўдны дух.

Сёння Папа просіць вас вытрываць у вашым выбары веры, нават калі гэта цяжка, нават калі многія вас не разумеюць і кпяць з вас. Бог любіць вас, і гэта галоўнае. Сіла, якую Ён вам дасць, дапаможа вам вытрымаць усё астатняе. І тады ваш прыклад пераменіць таксама многіх іншых: у іх з’явяцца пытанні, і яны папросяць вас завесці іх і паказаць ім, дзе жыве гэты ваш Бог. І яны ўбачаць, і павераць.

Радасці і нягоды беларускага народа ўзнясём зараз у малітве, якая льецца з нашых сэрцаў, а таксама ў словах Рыгора Барадуліна:

Дзякую, Ўсявышні, Табе
За кожную лішнюю хвілю,
За кожную зморшчну на ілбе,
За сілу і за бяссілле,
За дзірван і за раллю,
За пустку і за пушчу,
За тую зямлю,
Дзе люблю й не люблю,
І дзе я вочы заплюшчу.
Дзякую за цемру й святло,
За маміны вочы,
За ўсё, што было
І што не было,
Дзякую, Ойча…


Амэн

Адноўлена 15.03.2015 11:38
 
© 2003-2021 Catholic.by