Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча падчас святой Імшы Першай Камуніі | Друк |

Мінскі архікатэдральны касцёл, 24 мая 2015 г.

Глыбокапаважаныя першакамунійныя дзеці, іх бацькі, блізкія, браты і сёстры!

1. Чарговы раз мінская катэдра перажывае надзвычайнае свята – Першую Камунію. Мы ўжо прызвычаіліся да таго, што ў такой святочнай атмасферы Езус упершыню прыходзіць у сэрцы дзяцей. Але яшчэ не так даўно ўсё было інакш. У часы ганенняў на Касцёл найчасцей Першую Камунію прымалі патаемна, ехалі ў іншыя парафіі, нярэдка ў Літву, бо баяліся пераследу. Дзякуй Богу, сёння мы жывем у іншыя часы і падобныя ўрачыстасці адбываюцца паўсюдна ва ўсіх парафіях.

Пры гэтым падрыхтоўка да першай споведзі і Камуніі адбываецца на працягу двух гадоў. Гэта азначае, што яна носіць не выпадковы, але рэгулярны характар, што павінна пазітыўна ўплываць на якасць падрыхтоўкі і хрысціянскую фармацыю дзяцей.  

2. Сёння Каталіцкі Касцёл адзначае ўрачыстасць Спаслання Духа Святога. Мы ўспамінаем, як на апосталаў, якія разам з Марыяй знаходзіліся ў Вячэрніку, у вобразе віхру і вогненных языкоў сышоў Святы Дух. Ён умацаваў іх веру ў Езуса ўкрыжаванага і ўваскрослага, так што яны адважна выйшлі на вуліцы Ерузалема абвяшчаць Евангелле. Яны і іх наступнікі абвяшчалі яго і далей абвяшчаюць, каб як мага больш людзей пазнала Божую праўду і ёю жыло, перамяняючы свет на лепшы.  

Святы Дух ужо 2 тысячы гадоў ажыўляе Касцёл і вядзе яго Божым шляхам. І на гэтым шляху сёння дзеці катэдральнай парафіі першы раз у сваім жыцці прымаюць у свае сэрцы Езуса ў святой Эўхарыстыі.

3. Дарагія дзеці, сёння вы прыйшлі ў касцёл у святочных адзеннях і выглядаеце як прынцы і прынцэсы. Чаму? Бо вы прымаеце ў свае сэрцы найбольш жаданага госця, якім ёсць Езус.

Але значна больш важным, чым адзенні, у якія вы апрануты, з’яўляюцца духоўныя адзенні вашых сэрцаў на сённяшняе спатканне з Езусам. Для гэтага ўчора вы былі ў першай споведзі, каб Божаю ласкаю іх упрыгожыць.

4. Пасля святой Імшы вас будуць віншаваць вашы бацькі, бабулі, дзядулі, блізкія і знаёмыя. Яны будуць фатаграфавацца з вамі. Ксёндз пробашч пачастуе вас слодычамі. Словам, свята з касцёла выльецца таксама і за яго сцены.

Але трэба памятаць і аб тым, што Езус – гэта самы вялікі і найбольш каштоўны падарунак, які вы атрымліваеце сёння. Даражыце ім і ніколі не згубіце. А калі здарыцца няшчасце зграшыць, то памятайце аб тым, што міласэрны Езус чакае вас у споведзі, каб ізноў вярнуць боскую прыгажосць вашым душам і каб вы маглі прымаць Хрыста ў свае сэрцы.

Святы Айцец Францішак напісаў пісьмо дзецям адной італьянскай парафіі, якія 11 мая гг. прынялі Першую Камунію. У ім Пантыфік заклікаў дзяцей з глыбокай удзячнасцю прыняць у свае сэрцы Езуса, каб Ён спадарожнічаў ім у іх жыцці і каб яны прымалі актыўны ўдзел у нядзельнай Эўхарыстыі.

5. Дарагія бацькі! Сённяшні дзень вельмі важны і для вас. Сёння Езус упершыню насыціць вашых дзяцей хлебам вечнага жыцця. Падчас іх хросту святар прыгадаў вам абавязак па-хрысціянску іх выхоўваць, бо бацькі з’яўляюцца першымі настаўнікамі веры для сваіх дзяцей.

Сёння завяршаецца першы этап гэтага працэсу, які павінен працягвацца ўсё жыццё. Вялікай памылкай было б думаць, што з падрыхтоўкай да Першай Камуніі завяршаецца працэс хрысціянскай фармацыі дзяцей. Трэба памятаць, што па меры іх росту на іх усё больш і больш уплывае свет. І гэты ўплыў не заўсёды добры і пазітыўны. Вельмі часта ён супярэчыць маральным нормам і духу Евангелля.

У такіх абставінах вельмі важным з’яўляецца далейшая іх духоўная фармацыя. Катэхеза не можа завяршыцца Першай Камуніяй, але павінна перайсці ў наступную фазу. Для гэтага Касцёл працягвае катэхізацыю пасля Першай Камуніі.

Аднак у гэтым працэсе вельмі важным і незаменным з’яўляецца прыклад бацькоў. Іх штодзённая малітва, удзел у нядзельнай святой Імшы, частая споведзь і святая Камунія, добрыя ўчынкі і г.д. дапамогуць дзецям у працэсе іх духоўнай фармацыі. Лацінская прыказка кажа, што словы пхаюць, а прыклады прыцягваюць, а яблык не падае далёка ад яблыні. Таму практыка рэлігійнага жыцця, якую вы перадасце вашым дзецям, будзе ўплываць на іх вельмі моцна. Ад гэтага будзе залежаць іх духоўнае жыццё. А яно будзе такім, якой будзе іх вера. Вы ж з’яўляецеся першымі пераказчыкамі веры для сваіх дзяцей.

6. Сённяшняе свята – гэта таксама свята блізкіх гэтых першакамунійных дзяцей і ўсёй парафіі, якая такім чынам умацоўвае сваю еднасць з Богам. Гэты дзень трэба памятаць і як мага часцей яго актуалізаваць, не толькі пераглядаючы фатаграфіі, але і прымаючы Езуса ў Эўхарыстыі. Тады сённяшняе свята будзе мець свой працяг, каб вы, дарагія дзеці, дзяўчынкі і хлопчыкі, былі сапраўднымі духоўнымі прынцэсамі і прынцамі, чаго ад усяго сэрца вам жадаю. Амэн.

Адноўлена 24.05.2015 14:59
 
© 2003-2024 Catholic.by