Гамілія біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB на заканчэнне юбілейнага года св. Тэрэзы ад Езуса. | Друк |

Мінск, парафія Божага Цела, 15 кастрычніка 2015 года

Дарагія браты і сёстры, я паспрабую сёння падзяліцца з вамі  саімі разважаннямі і думкамі пра тую духоўную спадчыну, якую асабіста мне сёння пакідае  св. Тэрэза ад Езуса. Яна пакідае надзею, што кожны з вас для сябе возьме з гэтага дня таксама штосьці добрае.

1. Жыццё св. Тэрэзы ад Езуса было вельмі прыгожым.

Яна нарадзілася ў хрысціянскай сям'і, дзе вера пастаянна практыкавалася. Яна не аднойчы чула ў сваёй сям'і біяграфіі розных святых, таму і  сама вельмі моцна жадала  стаць святой.

Ведаючы, што пакутнікі, якія аддаюць сваё жыццё за веру,  адразу становяцца святымі і могуць бачыць і праслаўляць Бога, яна разам са сваім братам, пайшла ў падарожжа насустрач маўрам, каб змагацца за сваю веру і дасягнуць ласкі неба.

Аднак падарожжа св. Тэрэзы на мучаніцкую смерць хутка скончылася, калі яны разам з братам пераступілі муры горада. Бацькі знайшлі іх і  вярнулі назад.

Гэты выпадак, аднак, сведчыць, наколькі прага быць святой не перашкаджала ні ёй, ні брату.
Святая Тэрэза вельмі любіла Найсвяцейшую Панну Марыю.

Аб гэтым пра яе, дарагія браты і сёстры сведчыць адзін маленькі факт. Калі яе маці адышла ў вечнасць, дванаццацігадовая дзяўчынка пайшла да выявы Найсвяцейшай Панны Марыі і слёзна прасіла, каб Найсвяцейшая Панна Марыя стала яе Маці.
Гэтую любоў да Маці Божай св. Тэрэза ад Езуса захавала да канца свайго жыцця і жадала наследаваць яе, будучы пакорнай і вернай слугой Пана.

2. Я асабіста паразважаў над іменем св. Тэрэзы.

Святая Тэрэза ад Езуса. Са Святога Пісання мы ведаем, як Пан Бог змяняў імёны людзям, якія павінны былі выканаць  выключнае заданне ў жыцці.

Успомнім Абрама і Сару, якіх Бог паклікаў ісці ў іншую зямлю і даў ім іншыя імёны – Абрагам і Саара. Ведаем таксама, якое значэнне мела імя Самсона, а таксама яго доўгія валасы. Успамінаем Майсея, які вывеў народ з Егіпту. Яго імя таксама невыпадковае, або таксама  імя св. Яна Хрысціцеля. А імя нашага Збаўцы Езуса Хрыста?  «Народзіш сына і дасі яму імя Езус, што значыць Бог з вамі» (Лк. 1, 31)

Усе гэтыя прыклады сведчаць, што людзі, якія мелі выключнае значэнне для чалавецтва, мелі таксама і адметнае імя.

3. Чытаючы біяграфію св. Тэрэзы ад Езуса я зразумеў, што і яна таксама дарастала да свайго імя, каб назваць сябе Тэрэза ад Езуса.

Паглядзіце, прайшло дакладна 26 год  з  таго моманту, калі Тэрэза ўступіла у кармэліцкі кляштар 2 лістапада 1536 году і толькі  24 жніўня 1562 г., святая распачала рэформу свайго Ордэну, яна выбрала менавіта гэтае імя – Тэрэза ад Езуса.

Яна ў сваім жыцці перажыла містычны момант спаткання з Езусам і зразумела, што хоча вельмі моцна быць падобнай да Яго, таму і назвала сябе Тэрэза ад Езуса. Першы містычны досвед аддбыўся ў капліцы кляштара, калі Тэрэза глядзела на абраз, дзе Езус быў прадстаўлены «Ecce homo» – вось чалавек, Пан, які стаіць перад усімі, увесь паранены, у цярновай кароне.

Гледзячы на гэты абраз, на раны Хрыста, на  муку на яго абліччы, Тэрэза пачала разумець, што Езус гэта ўсё учыніў з любові не проста да ўсяго чалавецтва, а таксама з любові да яе. Яна вельмі моцна разважала над Яго мукаю, смерцю і ўваскрашэннем, над кожнай ранай, якая знаходзіцца на целе Езуса. Св. Тэрэза ад Езуса разумела, што толькі Езус годны сапраўднай хвалы і любові.

Асабліва св. Тэрэза ад Езуса разважала над тым, як Езус маліўся ў садзе Аліўным і думала аб самоце Езуса.
Толькі Ён размаўляў з Айцом, нават Апосталы, верныя вучні яго спалі і не чувалі разам з ім. Св. Тэрэза ад Езуса вельмі моцна злучаецца з Езусам ў гэтай самоце  і  малітве ў садзе Аліўным.

Наступны момант, калі Тэрэза распазнала, што Езус годны сапраўднай любові, момант, калі інквізіцыя забаніла чытаць кнігі на яе роднай кастылійскай мове.
Св. Тэрэза вельмі любіла чытаць кнігі, і не толькі чытаць, але ўмела прыгожа пісаць. Вядома, што яна вельмі любіла слухаць апавяданні пра рыцыраў і нават  сама напісала рыцарскі раман, які, нажаль,  не захаваўся.

Калі яна даведалася, што інквізіцыя забараняе чытаць кнігі на яе роднай кастылійскай мове, яна вельмі засумавала, што не можа пазнаваць з кніг пра нашага Збаўцу Езуса Хрыста. І вось тады, калі гэты сум панаваў у яе душы, яна бачыць Пана, і Пан ёй сказаў такія словы: «Не бойся, я сам дам табе кнігу, Кнігу жывую.»

Толькі праз некалькі дзён Тэрэза зразумела, што гэтай Жывой кнігай з'яўляецца Ён сам. І што менавіта гледзячы на Яго, паглыбляючыся ў Яго навуку, яна даведалася больш, чым з усіх кніг, прачытаных да гэта дня.

Дарагія браты і сёстры, калі я асабіста ўвайшоў у вашу  капліцу і ўбачыў гэты прыгожы стары крыж, я зразумеў,  што ён да нас можа прамовіць нашмат больш, чым мноства казанняў, якія гучаць з гэтай, ці іншай амбоны. Таму лёгка зразумець, чаму менавіта Езус Хрыстус, той жывы, стаў для Тэрэзы самым лепшым Настаўнікам.

І Пан Езус пажадаў стаць сапраўдным Сужэнкам св. Тэрэзы.

Нагадаем, што калі св. Ян ад Крыжа, які зрэфармаваў мужчынскую галіну кармэліцкай сям'і , аднойчы ўдзяляў св. Тэрэзе Святую Камунію, даў ёй не цэлую кансэкраваную  Гостыю а толькі палову. Тады  св. Тэрэза убачыла яго руку, на якой быў прыбіты цвік .
У гэты момант Пан Езус сказаў, што гэта рука з'яўляецца рукой Яго з заручын са святой. Ён пажадаў, каб св. Тэрэза была Яго «умілаванай абранніцай і каб бараніла гэтае абранне быць Яго сужэнкай».
Св. Тэрэза ад Езуса  ў сваім жыцці сапраўды моцна паглыблялася ў  сябе, каб у яе думках і сэрцы заўсёды быў толькі Езус і Божыя справы.

4. Я задумваюся, дарагія браты і сёстры, што можна ўчыніць, каб бараніць Хрыста?

І зноў жа адказ знаходжу ў св. Тэрэзы. У першую чаргу Яго патрэбна пазнаць.

Калі мы з вамі таксама жадааем бараніць Бога, бараніць Езуса і нашы хрысціянскія каштоўнасці, у першую чаргу мы павінны іх пазнаць.  Патрэбна пазнаць Бога, пазнаць Езуса – Таго, Які ўцелавіўся і  прыняў муку і смерць на крыжы дзеля нашага збаўлення, Таго, які уваскрос, каб мы мелі радасць у жыцці вечным.

Св. Тэрэза ад Езуса вучыць нас сёння, што патрэбна спачатку пазнаць Езуса, як пазнала яна, каб умець яго бараніць.

Мы з вамі ўсе маем одно прыгожае супольнае імя. І гэтае імя хрысціяне. Корань гэтага імя ад слова Хрыстус. Таму, калі я называю сябе хрысціянінам, я павінен быць з Хрыстом вельмі моцна злучаны. Я павінен яго ведаць, я павінен ім жыць, каб быць сапраўдным хрысціянінам.

Імя св. Тэрэзы - Тэрэза ад Езуса, сведчыць аб тым, што яна належыць да Езуса. Яна Яго ведала, яна Яго любіла і сапраўды бараніла.

5. Другая думка, дарагія браты і сёстры,якая прыходзіць да мяне разважаючы над жыццём св. Тэрэзы Авільскай - гэта моман рэформы.

Яна з'яўляецца вялікім рэфарматарам свайго жаночага кармэліцкага ордэна. Св. Тэрэза ад Езуса таксама разам са. св. Янам ад Крыжа зрэфармавала і мужчынскую галіну.
Што прывяло св. Тэрэзу да рэформы?

Ёсць адна вельмі прыгожая яе думка. Св. Тэрэза казала: «Бог мае у свеце так  шмат непрыяцеляў  і вельмі мала прыяцеляў. Мне б хацелася, каб тыя, хто нызывае сябе Яго прыяцелямі, былі сапраўднымі Яго сябрамі.»

Прыгожая думка. Калі паглядзець на нашу сучаснасць, то можна ўбычыць, што і сёння Бог мае вельмі шмат непрыяцеляў і так мала прыяцеляў.

Таму мы павінны сёння зразумець, што не трэба прагнуць рэфармаваць кагосьці другога, рэфармаваць наша грамадства, а пачаць рэфармаваць саміх сябе, каб жадаць быць сапраўдным сябрам, сапраўдным прыяцелем Езуса Хрыста і быць з ім па-сапраўднаму, каб гэта было бачна ў нашых словах, у нашых учынках і ў нашым хрысціянскім жыцці.

6. Рэфармууючы Ордэн, Тэрэза абапіралася на Божае слова, абапіралася на Святое Пісанне. Мы ведаем Эразма з Ратэрдаму. Яго інтэрпрэтаванне Божага Слова прывяло да таго,  што нават было забаронена мець і чытаць Святое Пісанне.
Нягледзячы на тое, што св. Тэрэза да канца не разумела лацінскую мову, і нават калі малілася на брывіярыі, то да канца не разумела тых малітваў, якія чытала на латыні, яна аднак, дзякуючы уважліваму слуханню пропаведзяў, малітоўнікам, у якіх таксама цытавалася Святое Пісанне, глыбока з ім з'ядналася.

Нездарма ў яе творах можна знайсці 550 цытатаў са Святога Пісання.  350 належыць Новаму Запавету а 200 - Старому запавету. Калі б сёння кожны з нас, дарагія браты і сёстры, задумаўся над тым,  колькі ён ведае цытат Святога Пісання, колькі слоў Святога Евангелля чуе кожны дзень, колькі навукі чуе з гаміліі падчас нядзельнага спаткання?

7. Ці застаецца ў нас гэтае Божае слова? Ці мы ведаем яго на памяць, ці імкнемся, каб яно было дзейсным і змяняла наша жыццё?
Нажаль, дарагія браты і сёстры, гэта не заўсёды так. І таму св. Тэрэза вучыць нас смакаваць Божае Слова, смакаваць тое, што гучыць з амбоны, смакаваць тое, чым мы молімся падчас нашых прыватных малітваў.
Слова Божае павінна быць кантэмпляваным. Кантэмпляцыя - гэта вельмі містычнае слова. Гэта значыць разважаць над гэтым словам, сузіраць і ўглыбляцца ў гэтае слова. Задаваць пытанне, што  Бог у гэтым слове кажа менавіта мне? Бо толькі разважаючы над Божым словам можна ўцелавіць яго у нашае жыццё.

Мы заўсёды спачатку думаем, як выйсці з той, або іншай жыццёвай сітуацыі, а пасля дзейнічаем.

Штосьці падобнае штодзённа павінна таксама адбывацца  і ў нашым духоўным жыцці. Мы павінны штодзенна разважаць над Божым Словам, каб уцелавіць Яго ў нашае жыццё. Нашае хрысціянства не можа быць павярхоўным.

Жыццё святой Тэрэзы ад Езуса было вельмі глыбокім - яна  настаўнік духоўнага жыцця. Кожнае слова настаўлення, якое перадае нам св. Тэрэза прадумана і пацверджана ўласным досведам і грунтуецца  на Божым Слове.
Нават калі Тэрэза разважала, чаму менавіта яе Бог кліча да рэформы, пачула просты адказ6: «ты служы мне і не разважай пра гэта. Ты служы мне і здзяйсняй тое, што я табе скажу, не задавай пытанні, чаму ты, а не хтосьці іншы.»

Св. Тэрэза была таксама вялікім настаўнікам малітвы. Магчыма, яна і распачала рэформу, таму, што убачыла, што акрамя супольных малітваў не было больш малітвы ў жыцці манахінь, якія прысвяцілі сваё жыццё сузіранню, малітве, размове з Богам.
Магчыма, убачыла між іншым, вельмі выгоднае жыццё, якое таксама і яна вяла. Яна зразумела, што гэтага не дастаткова, такім чынам нельга наследаваць Пана, таму трэба штосьці змяняць. І яна змяніла.  
І апошняе, аб чым разважаў я, гэта словы, якія св. Тэрэза сказала перад смерцю.

Калі яна памірала, то сказала словы: «Я дачка Касцёла.»

Я лічу, што ў  гэтых словах скрываецца ўся любоў да Касцёла, галавою якога з'яўляецца Езус Хрыстус. Любоў да Касцёла як да Маці, якая навучае і настаўляе, якая чакае, а часамі можа і  пакараць. Але яна гэта заўсёды чыніць для таго каб, злучыць людзей з Богам.

Нават рэформа яе Ордэна была зроблена з любові да Касцёла, каб таксама аднавіць увесь Касцёл. Рэформа св. Тэрэзы ад Езуса, у адрозненне ад рэформаў Марціна Лютэра не прывяла да разладаў, а служыла еднасці і лучнасці з Касцёлам.
Нам сёння з вамі застаецца толькі дзякаваць Пану Богу за дар гэтай вялікай Святой, праз заступніцтва якой мы сёння ўзносім нашы малітвы.

Але таксама варта сёння задумацца наконт нашага з вамі імя – хрысціяне.

Патрэбна, каб так як  св. Тэрэза ад Езуса, мы былі падобныя да Таго, хто з'яўляецца галавой і цэнтрам нажага жыцця – і гэтага зямнога і гэтага вечнага.

Мы павінны зрабіць рэформу нашага асабістага жыцця, не пачынаючы ад кагосьці іншага, а ад саміх сябе, каб пазнаваць Езуса ў Божым Слове, у Святым Пісанні, каб жыць таксама Эўхарыстыяй.  Варта таксама мець жаданне быць дзецьмі Касцёла, любіць яго і бараніць  сваімі учынкамі.

Жадаю і сабе і вам, углядаючыся ў св. Тэрэзу, прагнуць святасці, таму што толькі святыя убачаць Бога. Амэн.

Адноўлена 16.10.2015 15:43
 
© 2003-2024 Catholic.by