Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча падчас Імшы дыяканскага пасвячэння Рамана Страшко і Аўгуста Калясінскага | Друк |

Нясвіж, 31 кастрычніка 2015 г.

Глыбокапаважаныя браты і сёстры!

1. Завяршаецца кастрычнік, месяц, прысвечаны святому Ружанцу. Заўтра ўрачыстасць Усіх Святых, калі пілігрымуючы Касцёл асаблівым чынам  яднаецца з Касцёлам трыўмфуючым, бо ў гэты дзень мы ўспамінаем усіх святых – кананізаваных, афіцыйна прызнаных Касцёлам, і тых, імёны якіх вядомыя толькі самому Богу. Зямное жыццё чалавека накіравана да дасягнення вечнага шчасця. Тут, як кажа святы апостал Павел, мы не маем сталага месца прабывання, наша айчына – гэта неба. З Божай рукі мы выйшлі і да Бога вяртаемся. У гэтай пілігрымцы нам спадарожнічае Касцёл, які корміць нас хлебам Божага слова і Эўхарыстыяй – хлебам вечнага жыцця. Чыніць гэта ён праз спецыяльна пакліканых да гэтага людзей – святароў. Дзякуючы ім Касцёл можа выконваць сваю місію.

2. Сёння вашы сыны, браты і сябры робяць рашучы крок да святарства, да якога іх паклікаў Хрыстус і да якога яны рыхтаваліся доўгі час. Падчас гэтай святой Імшы ў сваёй роднай парафіі ў Нясвіжы яны стануць дыяканамі, каб потым у свой час атрымаць прэзбітэрскае пасвячэнне.

Аднак ужо з сённяшняга дня яны будуць прымаць актыўны ўдзел у збаўчай місіі Касцёла праз абвяшчэнне Евангелля, навучанне праўдам веры, паслугу алтара і выконванне дабрачыннай працы.

Засяродзімся на гэтых узнёслых абавязках, якія ім трэба будзе выконваць, прымаючы ўдзел у збаўчай місіі Хрыста.    

3. Найперш, дарагія кандыдаты ў дыяканскі стан, вам неабходна будзе вучыць людзей шляху збаўлення, які прадстаўлены ў Божым законе. Дзесяць запаведзяў, якія на гары Сінай Майсей атрымаў ад Бога, дадзены для ўсіх людзей. Яны запісаны ў Бібліі і ўпісаны Богам у чалавечую прыроду. І наша задача - жыць паводле іх і аб іх сведчыць у штодзённым жыцці. Пры гэтым трэба памятаць аб тым, што гэты Божы закон адпавядае нашай чалавечай прыродзе, бо ён дадзены Богам для нашага збаўлення. Бог нас стварыў, каб мы дасягнулі нябеснага Ерузалема. А дарога да яго адна – гэта Божы закон. Іншай проста няма.

На гэтай дарозе мы не пакінуты самі сабе, бо з намі заўсёды ёсць Бог, які не загадвае нам немагчымага. Але калі Ён штосьці загадвае, то адначасова дапамагае і вучыць, як выканаць той ці іншы загад. У Кнізе псальмаў чытаем, што закон Пана дасканалы і ён мацуе душу. Ён таксама справядлівы і весяліць сэрца (пар. Пс 18, 8-9).

Вашай, як дыяканаў, задачай будзе вучыць людзей праўдам веры і абвяшчаць вечна жывое і дзейснае Божае слова. Галоўнай місіяй Касцёла на сучасным этапе яго развіцця з’яўляецца новая евангелізацыя. Гэта азначае новае, зразумелае для ўсіх людзей абвяшчэнне Евангелля.

На Сінодзе Біскупаў, які завяршыўся ў мінулую нядзелю ў Ватыкане, гаварылася, што адной з прычын крызісу сям’і з’яўляецца няведанне Божага закону. А яно, як было падкрэслена на тым жа Сінодзе, вынікае таксама з таго, што наша мова не заўсёды зразумелая сучаснаму чалавеку. Таму перад вамі паўстае новае заданне: так абвяшчаць Божае слова, каб яго разумеў кожны чалавек; прамаўляць да сэрца, а не гаварыць паверх галоваў; адносіцца да канкрэтнай сітуацыі чалавека, а не вітаць у нябёсах.

Далей, праз дыяканскае пасвячэнне вы станеце супрацоўнікамі біскупа і святара ў літургічным служэнні. Найперш гэта будзе адбывацца падчас святой Імшы, калі вы будзеце чытаць Божае слова і яго тлумачыць. Вы таксама будзеце прыслугоўваць пры цэлебрацыі Эўхарыстыі. Будзеце раздаваць святую Камунію і заносіць паміраючым віятык, як хлеб на шляху да вечнай Айчыны. Вы атрымліваеце права ўзначальваць шматлікія літургічныя набажэнствы, у тым ліку з выстаўленнем Найсвяцейшага Сакрамэнту і благаслаўленнем ім. Вы становіцеся ардынарнымі служыцелямі сакрамэнту хросту. Таксама, атрымаўшы адпаведны дазвол ад кампетэнтнай касцёльнай улады, вы зможаце благаслаўляць сакрамэнт сужэнства.  

І нарэшце, памятайце аб тым, што, служачы бліжнім, вы будзеце служыць Хрысту. Памятайце, што служыць – азначае валадарыць. Езус гаварыў пра сябе, што прыйшоў не для таго, каб Яму служылі, але каб паслужыць. Сёння, у суботу, мы ўспамінаем Марыю. Яе веліч не толькі ў тым, што Яна згадзілася з Божай воляй, але і ў тым, што стала слугой бліжняга. Найлепшым чынам чалавек вылучыцца праз служэнне бліжняму.

Святы Хасэ Марыя Эскрыва, заснавальнік „Opus Dei”, вучыў сваіх братоў, што яны павінны станавіцца дыванам, па якім спакойна змогуць хадзіць іншыя. Пры гэтым ён казаў, што гэта не толькі прыгожая фраза, але што яна павінна стаць рэальнасцю кожнага хрысціяніна, асабліва пакліканага да служэння ў святарскім стане. Ён таксама вучыў, што дабрачыннасць больш азначае “разуменне”, чым “даванне”. І сапраўды, часам добрае слова можа змяніць лёс чалавека. Таму ў справах дабрачыннасці неабходна памятаць не толькі аб матэрыяльнай, але і аб духоўнай дапамозе.

4. Бачым, да якіх узнёслых заданняў пакліканы новыя дыяканы. Яны яшчэ не прэзбітэры, але ўжо сёння чыняць новы крок да святарства. У Дзеях Апосталаў напісана, што апосталы выбралі сем першых дыяканаў для служэння. Таму як са Святога Пісання, так і з касцёльнай практыкі мы ведаем, што дыяканат перадусім патрэбны для служэння.

Няхай жа ваша служэнне будзе дапамогай усім тым, каго вы спаткаеце на сваім жыццёвым шляху, і няхай спрыяе далейшай фармацыі, каб Бог, які распачаў у вас добрую справу, яе шчасліва завяршыў, каб вы сталі сапраўднымі святарамі Новага Запавету, задача якіх вучыць людзей Божай праўдзе, асвячаць іх, цэлебруючы сакрамэнты, і, з любоўю служачы ім, будаваць хрысціянскую супольнасць. Амэн.

Адноўлена 31.10.2015 12:31
 
© 2003-2021 Catholic.by