Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча ва ўспамін усіх памерлых вернікаў | Друк |

Імша на Кальварыйскіх могілках у Мінску, 2 лістапада 2015 г.

Глыбокапаважаныя браты і сёстры!

1. Сёння, ва ўспамін усіх памерлых вернікаў, традыцыйна мы збіраемся на Кальварыйскіх могілках, каб маліцца ў інтэнцыі нашых памерлых. Мы прыходзім сюды з удзячнасці нашым продкам. Без іх не было б нас. Без іх не было б прыгожых мінскіх касцёлаў. Без іх не было б нашай хрысціянскай культуры і спадчыны.

Сваімі думкамі мы пераносімся на месцы пахавання нашых бацькоў, братоў, сясцёр, блізкіх, сяброў, мучанікаў за веру, ахвяраў Курапатаў, Трасцянца і многіх іншых месцаў злачынстваў супраць чалавецтва. Сваімі малітвамі мы ахінаем тых, якія адышлі ў іншы свет.    

2. Чалавек створаны Богам і мае перад сабой тры апошнія рэчы: неба, чысцец або пекла. Выбар залежыць ад яго самога. Каб трапіць на неба, неабходна гэтага жадаць і моцна пастарацца. Цяжка сабе ўявіць, каб хтосьці трапіў на неба, не хочучы гэтага. Бог шануе свабоду кожнага чалавека і ні да чаго яго не змушае. Ён нікога насілу не чыніць шчаслівым, хаця прагне збаўлення ўсіх і ўсім дае для гэтага адпаведныя ласкі і сілы. Чалавек толькі павінен іх адпаведным чынам выкарыстаць.

3. Штодзённае жыццё сведчыць аб тым, што гэта нялёгкая справа - дасягнуць неба, бо ўвесь час неабходна змагацца са спакусамі, з нядобрымі схільнасцямі і слабасцямі. Мы ведаем, што такое дабро, але адначасова чынім зло, а кожны грэх цягне за сабой пакаранне. Рознымі спосабамі на зямлі мы можам перапрасіць Бога за яго. Гэта малітва, пост, ахвяра, добрыя ўчынкі і г.д.

Бог таксама дапускае розныя выпрабаванні. Калі яны ўспрымаюцца з пакорай і згодна з Божай воляй, то служаць у якасці кампенсацыі кары за грахі. Таму ў хвіліну смерці ёсць такія, якія становяцца перад Богам ачышчанымі і адразу ўваходзяць у Божае Валадарства. Аднак большасць з нас не з’яўляецца ачышчанай ад часовых караў і таму павінна прайсці праз чысцец.

4. Чысцец, як месца ачышчэння, можа нас навучыць многаму. Душы, якія знаходзяцца там, церпяць, але ў той жа час яны маюць тое, што іх радуе, а менавіта ўпэўненасць у сваім збаўленні. Яны ведаюць, што раней ці пазней для іх адкрыецца неба. Гэтыя душы ўжо выйгралі свой лёс і пекла ім не пагражае. Таму, у пэўным сэнсе, можна нават зайздросціць душам чысцовым. Яны ўпэўнены ў сваім збаўленні, чаго мы не можам сказаць аб сабе саміх, бо не ведаем, ці будзем у хвіліну смерці знаходзіцца ў стане Божай ласкі. Таму, молячыся аб нашых памерлых, мы павінны маліцца і аб добрай смерці.

5. Калі чысцовыя душы знаходзяцца ў лепшым, чым мы, стане, то ці трэба ім дапамагаць? Так. Аб гэтым ведалі нават язычнікі, якія малілся за сваіх памерлых і прыносілі ім ежу. Святыя Тамаш Аквінскі і Аўгустын кажуць, што цярпенні душаў чысцовых настолькі вялікія, што мы нават не можам сабе іх уявіць. Таму неабходна ім дапамагаць, каб іх скараціць.

Ёсць адзін вельмі прыгожы аповед пра маленькую французскую дзяўчынку па імені Эўгенія. Аднойчы яна спыталася ў сваіх сябровак, што яны зрабілі б, калі б ім было сказана, што адным сваім словам яны маглі б вывесці з агню адну з іх, якая там апынулася. Дзяўчынкі не разумелі пытання. Але Эўгенія ім патлумачыла, што гэты агонь з’яўляецца чысцом, дзе знаходзяцца душы, якія ачышчаюцца перад тым, як увойдуць у неба, і Божая справядлівасць чакае нашай малітву, каб гэта здарылася як мага хутчэй. З часам малая дзяўчынка вырасла і заўсёды разважала аб душах чысцовых і дапамозе ім. Аднойчы на Новы год, калі людзі радаваліся і віншавалі адзін аднаго, яна задала сабе пытанне: “А як з душамі чысцовымі? Хто іх віншуе? Хто радуецца з імі?” Потым па парадзе св. Яна Віянэя яна заснавала Таварыства Дапамогі чысцовым душам.

Нам таксама неабходна ўключыцца ў яго. Чысцовыя душы патрабуюць нашай дапамогі і, як вучыць Касцёл, за малітву ў іх інтэнцыях яны адудзячваюць нам.

6. Сёння на магілах нашых памерлых мы ўскладваем кветкі, запальваем знічы. Але там не павінна не быць кветак нашай малітвы ў іх інтэнцыях і агню знічу нашай любові да іх. Касцёл у гэты тыдзень малітваў за памерлых дае нам магчымасць штодзённа атрымаць поўны адпуст у іх інтэнцыях. Вялікай несправядлівасцю адносна іх была б адсутнасць малітвы і адмаўленне ахвяраваць адпуст у іх інтэнцыях. Гэты адпуст – не што іншае, як ключ, які мы ўкладаем у іх рукі, каб яны маглі адчыніць дзверы неба.

Напэўна, не адзін з нас можа задаць пытанне: а чаму я павінен маліцца за іх? Адказ просты: іх час, калі яны маглі мець заслугі перад Богам, завяршыўся ў хвіліну смерці і яны не могуць дапамагчы сабе. Толькі мы можам гэта ўчыніць. Гэта можна параўнаць да сітуацыі чалавека, які прыйшоў на прыём да караля ў лахманах. З сораму ён сам з яго выходзіць, бо адчувае сябе некамфортна сярод святочна апранутых гасцей. Ён выходзіць, каб змяніць адзенне і толькі тады вярнуцца.

Таксама і чысцовыя душа, забруджаныя грахамі, не могуць прабываць у небе, пакуль не ачысцяцца, каб добра сябе адчуваць сярод святых. Таму чысцец не з’яўляецца карай Бога, але выразам Яго міласэрнасці. Мы, у сваю чаргу, можам далучыцца да яе праз дар малітвы за памерлых і асабліва праз дар поўнага адпусту.

Бог выбраў нас быць інструментамі ў справе збаўлення іншых людзей. Гэта адносіцца як да жывых, так і памерлых. Амерыканская марская пяхота ганарыцца тым, што ніколі на полі боя не пакідае цел сваіх забітых сяброў, каб яны не трапілі ў рукі ворагаў. Бог Айцец даў падобнае заданне свайму Сыну Езусу Хрысту. Калі марскія пехацінцы рызыкуюць сваім жыццём, каб толькі вынесці з поля бою цела забітага сябра, то, напэўна, не адзін спытаецца: “А ці варта рызыкаваць?” Хрыстус аддаў сваё жыццё за нас, духоўна памерлых. Таму можна задаць падобнае пытанне: “Ці варта было?” Адказ Хрыста быў абсалютна ясны: “Так, варта”. З гэтага адказу вынікае выснова, што Бог быў больш зацікаўлены нашым збаўленнем, чым мы самі. І сёння Бог зацікаўлены тым, каб душы чысцовыя як мага хутчэй перайшлі ў неба. Іх лёс у нашых руках.

7. Мы знаходзімся на старажытных Кальварыйскіх могілках Мінска. Тут пахаваны людзі розных нацыянальнасцяў, найперш католікі, а ў апошнія часы таксама прадстаўнікі іншых веравызнанняў і нават няверуючыя. Усе яны займалі розныя пасады ў грамадстве, часамі вельмі важныя. Сярод іх духоўныя асобы, свецкія, людзі, якія займалі кіраўнічыя пасады, мастакі і г.д. Але сёння ўсе яны пад адной зямлёй, якая ўсіх іх зраўняла. Сярод іх ужо няма ні начальніка, ні падуладнага. Усе апынуліся перад Богам, які іх рассудзіў і вызначыў месца, якое яны заслужылі падчас зямнога жыцця. Няхай наша малітва дапаможа ім заняць месца ў Божым Валадарстве, бо яны выйшлі з Божай рукі і прызначаны дасягнуць вечнае шчасце. Амэн.

 
© 2003-2024 Catholic.by