Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча падчас Імшы ў 400-годдзе смерці Радзівіла Сіроткі, фундатара касцёла Божага Цела ў Нясвіжы | Друк |

Нясвіж, 26 лютага 2016 г.

“Памятайце пра цуды, якія ўчыніў Пан”

Глыбокапаважаныя браты і сёстры!

1. Гэты рэфрэн сённяшняй святой Імшы вельмі добра адпавядае падзеі, якую мы сёння адзначаем. Гэта 400-годдзе смерці Мікалая Крыштафа Радзівіла, якога называлі  Сіроткай, фундатара нясвіжскага касцёла Божага Цела. Мянушка “Сіротка” з’явілася ад таго, што падчас аднаго прыёмаў, калі ўсе бавіліся, малы Мікалай заставаўся адзін у пакоі, як быццам сірата, і моцна плакаў.

Дзякуючы гэтаму чалавеку ў Нясвіжы з’явіўся каталіцкі касцёл у часы, калі ў Еўропе пачаў буйна развівацца пратэстантызм. Бог міласэрны і чыніць цуды. Але для гэтага Ён выкарыстоўвае людзей. На гэты раз ён выкарыстаў Радзівіла Сіротку.

Пратаганіст сённяшняга дня нарадзіўся ў 1549 г. у Чмелюве ў Польшчы ў кальвінісцкай сям’і. Атрымаўшы добрую адукацыю ў нясвіжскай пратэстанцкай школе, ён увайшоў у кола вядомых у той час мастакоў і філолагаў, якія стварылі сапраўдны нясвіжскі культ філалагічных ведаў. Потым доўга вучыўся за мяжой. Заходняя культура, асабліва казанні славутага прапаведніка Пятра Скаргі, так паўплывала на яго, што ў 1566 г. ён прыняў каталіцкую веру. Легенда распавядае, што калі ў Вялікую пятніцу яму падалі есці птушак, то яны ажылі. Паводле прызнання самога Радзівіла Сіроткі, ён у гэтым знаку ўбачыў цуд, бо Вялікая пятніца ў Каталіцкім Касцёле –строгі пост.

Прыняўшы каталіцкую веру, ён стаўся вельмі пабожным католікам, падтрымліваў Папу і адчыняў раней зачыненыя яго бацькам касцёлы. Ён таксама прымаў удзел у Брэсцкім царкоўным саборы 1596 г., дзе падтрымаў ідэю стварэння касцёльнай уніі. Будаваў кляштары, у тым ліку грэка-каталіцкі недалёка ад Нясвіжа. Будаваў дарогі і шпіталі, развіў філантрапічную дзейнасць, апекаваўся беднымі студэнтамі. Нясвіжскую друкарню падарыў Віленскаму ўніверсітэту. Па яго ініцыятыве была створана першая мапа Вялікага княства Літоўскага.

2. Радзівіл Сіротка таксама адыграў вялікую ролю ў грамадскім і палітычным жыцці таго часу. Ён падпісаў Люблінскую унію і прымаў удзел у выбарах польскага караля на Віленскім сейме. Удзельнічаў у баявых паходах караля Стэфана. Здзейсніў пілігрымку ў Святую Зямлю да Гробу Пана.

У апошнія гады свайго жыцця Радзівіл Сіротка адышоў ад вялікай палітыкі, шмат увагі аддаваў выхаванню сваіх дзяцей, якія засталіся без маці, бо ягоная жонка Альжбета Яўфімія з Вішнявецкіх памерла на 27-м годзе жыцця. За розум і прывабнасць яе называлі “нясвіжскай царыцай Саўскай”. Да сваіх дзяцей ён далучыў чацвёра пляменнікаў-сірот. Часта можна было бачыць яго акружаным дзецьмі. Сваім нашчадкам ён завяшчаў клапаціцца аб родавай “сталіцы”, “каб вольнасці месту Нясвіжскаму, дадзеныя каралямі і Радзівіламі, не парушалі” і каб яны спрыялі квітненню роднага краю.

Ён увайшоў у гісторыю як ваеначальнік, палітык, гаспадар, дзяржаўны дзеяч і будаўнік Нясвіжа. З яго іменем звязана будаўніцтва Нясвіжскага замка, гарадской ратушы, кляштара бэнэдыктынак, велічнага помніка сакральнай архітэктуры – касцёла Божага Цела і плябаніі, Слуцкай брамы і іншых. Нясвіж – гэта не што іншае, як помнік князю-будаўніку.

3. 28 лютага 1616 года з замка да касцёла ішла жалобная маўклівая працэсія. У сваё апошняе падарожжа накіраваўся князь Мікалай Крыштаф Радзівіл Сіротка. Труну неслі і ішлі за ёю жабракі, сабраныя з усёй акругі. Так пажадаў князь, якога хавалі ў простым адзенні пілігрыма.

Ён спачыў у крыпце, якую падрыхтаваў сабе і свайму роду ў падзямеллях касцёла. Сярод мноства пахвал, якія яму пры жыцці і пасля смерці пісалі вершамі і прозай паэты і пісьменнікі, прывядзём адно чатырохрадкоўе: “Узнёс святыні Богу, крэпасці Айчыне, калегію для навук, прыстанак для гаротных і ўцекачоў ад свету, быў славаю ў баю, святлом у радзе, адведаў і пазнаў зямлю. Калі б мы мелі двух такіх мужоў, без цяжкасці перагналі б Італію”.

4. У сённяшнім Евангеллі з пятніцы II нядзелі Вялікага посту Езус нагадвае прыпавесць пра гаспадара вінаградніка і вінаградараў, якім ён аддаў у арэнду вінаграднік. Вінаградары былі несумленнымі і забілі слуг гаспадара і нават ягонага сына. Езус спытаў сваіх слухачоў: што зробіць гаспадар з несумленнымі вінаградарамі? Яны адказалі, што вінаградараў пакарае смерцю, а вінаграднік аддасць іншым вінаградарам, якія будуць аддаваць яму плады ў адпаведны час. На што Езус ім сказаў, што адкінуты будаўнікамі камень стане вуглавым.

Усім нам вядома значэнне вуглавога каменя пры будове. Ён павінен быць моцным, каб будынак не разваліўся. Нагадваючы аб вуглавым камені і яго значэнні, Езус прадказваў сваё Уваскрасенне. Яго не прынялі, нават укрыжавалі. Ён – гэта адкінуты камень. Але дзякуючы пасхальнай таямніцы сваёй смерці і Уваскрасення Ён стаўся вуглавым каменем Касцёла.

Так часта ёсць і ў нашым жыцці. Тое, чаго мы не прымаем, становіцца вельмі важным, бо праз яго можа прамаўляць і дзейнічаць Бог. Такія справы могуць стаць каналам, праз які Бог прыходзіць да нас. Бо Бог ніколі нікога не адкідвае. Мы можам адкінуць іншага чалавека, можам яго асудзіць, але Бог ніколі не зробіць так. Аб гэтым мы павінны памятаць асабліва ў гэты Год Божай Міласэрнасці, калі Касцёл заахвочвае нас кінуцца ў абдымкі міласэрнага Езуса, спазнаць Яго міласэрнасць і несці яе іншым людзям.

5. Сённяшняе Евангелле таксама нясе з сабой сваё пасланне нам, людзям ужо XXI стагоддзя. Яно нагадвае нам пра важнасць праўды пра Бога і Яго адносіны з людзьмі. Гаспадар, які даў у арэнду свой вінаграднік, - гэта сімвал Бога, які дае нам свабоду выбару.

Вядома, што Божыя планы – не нашы планы. Аднак мы павінны станавіцца Божымі ў нашым жыцці, у тым ліку ў справах міласэрнасці адносна цела і душы іншых людзей.

Такім быў пратаганіст сённяшняга дня – святой памяці фундатар шэдэўра сакральнага мастацтва – касцёла Божага Цела ў Нясвіжы – Мікалай Крыштаф Радзівіл Сіротка. У пэўным сэнсе ён стаўся адкінутым ад Каталіцкага Касцёла каменем, бо нарадзіўся ў кальвінісцкай сям’і і выхоўваўся ў духу пратэстантызму. Цяжка ўявіць, што, належачы да багатай сям’і пратэстантаў Радзівілаў, ён можа змяніць сваю веру. Аднак гэта сталася.

Гэта быў той цуд, які ўчыніў Пан. І адкінуты камень стаўся вуглавым, аб чым сведчыць гісторыя Нясвіжа з яго славутым замкам і сакральнымі будынкамі, якія ён фундаваў, у тым ліку і касцёл Божага Цела. Менавіта гэты касцёл адыграў вялікую ролю ў захаванні і распаўсюджванні веры ў часы ганенняў. Ён увесь час дзейнічаў. У ім паўстагоддзя ахвярна працаваў кс. Гжэгаж Каласоўскі. Цяпер, у новыя часы, касцёл на нясвіжскай зямлі стаў духоўным цэнтрам дзякуючы не толькі душпастырству, якое развіваецца, але і многім пілігрымкам і таксама турыстам, якія яго наведваюць, бо многія з іх праз гэта дакранаюцца да вечнага.

Аднак не было б гэтага ўсяго, каб не было Радзівіла Сіроткі.

Прыкметна, што 400-ю гадавіну яго смерці мы адзначаем у Юбілейны Год Божай Міласэрнасці. Сіротка адзначаўся дабрачыннасцю, і на апошнім зямным шляху яму спадарожнічалі бедныя. Ён пайшоў у гэты шлях не апрануты ў адзенне князя, але ў вопратцы пілігрыма. Усе мы з’яўляемся пілігрымамі і таму павінны браць прыклад з яго. Ён быў багатым чалавекам, але не прывязаў увагі да багацця. Яно не было мэтай яго жыцця, але служыла ў імкненні да вышэйшых духоўных рэчаў.

Няхай жа добры Бог аддзячыць яму вечным шчасцем у Божым Валадарстве, а нам дасць ласку па яго прыкладу імкнуцца да святасці і ў гэты Год Божай Міласэрнасці самім яе спазнаць і быць яе носьбітамі ў сучасным свеце, асабліва праз учынкі міласэрнасці адносна душы і цела. Амэн.    


 
© 2003-2021 Catholic.by