Гамілія біскупа Аляксандра Кашкевіча ў Пальмовую нядзелю | Друк |

Гродна, 20 сакавіка 2016 г.

Шаноўныя браты ў святарстве і законныя айцы,
Дарагія дыяканы і семінарысты,
Шаноўныя сёстры законныя,
Дарагая моладзь,
Умілаваныя ў Хрысце Пану браты і сёстры!

Літургія Пальмовай нядзелі ўводзіць нас у атмасферу Вялікага тыдня, падчас якога мы будзем цэлебраваць найважнейшую таямніцу нашай веры: пасхальную таямніцу мукі, смерці і ўваскрасення Езуса Хрыста.

Сёння ў літургіі мы ўзгадваем ўезд Езуса ў Ерузалем. Гэта там, у святым месцы, такім дарагім Езусу, разыгрываецца найвялікшая драма ў гісторыі чалавецтва: чалавек адкідвае Бога. Гэтая крывавая драма, жудасная ў сваёй жорсткасці, будзе адначасова найвялікшым дабром, найцудоўнейшым дарам Бога для чалавека, бо скончыцца не крыжам і смерцю, а ўваскрасеннем і жыццём.

Пакуль нічога не прадказвае ўжо блізкай смерці Езуса. Яго ўезд у Ерузалем падобны да трыумфальных каралеўскіх уездаў. Хрыста акружае натоўп Яго вызнаўцаў, вітаюць воклічы радасці і спеў «Гасанна» на вуснах народу. Ужо нядоўга, усяго некалькі дзён – і радаснае «Гасанна» саступіць месца поўнаму гневу і пагарды крыку: «Укрыжуй Яго!»

Пан Езус цалкам усведамляе ўсё гэта. Невыпадкова сённяшні дзень называецца ў літургіі Нядзеляй Мукі Пана. Для Пана Езуса Яго мука ўжо пачалася. Ён дасканала ведае, што Яго чакае ў Ерузалеме падчас свята Пасхі, якое Ён узначаліць.

Аб збаўчай Муцы Месіі спрадвеку казалі прарокі, натхнёныя Духам Святым, так, як Ісая, які паказваў Збаўцу як Слугу Пана. Гэты Слуга Пана цалкам паслухмяны волі Нябеснага Айца, таму не адмаўляецца перад цярпеннем, крыўдамі і знявагамі. Месія – Слуга Пана – ведае, што Яго цярпенні маюць сэнс. Праз Муку Слугі здзяйсняецца адкупленне ўсяго чалавецтва.

Калі мы ўслухаемся ў евангельскае апісанне Мукі Езуса Хрыста, убачым, што ў Асобе Божага Сына дакладна споўнілася даўняе прароцтва. Менавіта Езус з’яўляецца гэтым Слугой Пана, які «прынізіў сябе, будучы паслухмяным ажно да смерці, смерці крыжовай» (Флп 2, 8).

Дарагія браты і сёстры!

Пальмовая нядзеля Мукі Пана і наступныя дні Вялікага тыдня – запрашэнне, каб мы нанова адкрывалі для сябе таямніцу любові Бога да чалавека, значыць да кожнага з нас. Гэтая любоў Бога з’яўляецца любоўю міласэрнай, бо слабы і грэшны чалавек мае патрэбу менавіта ў такой любові. Пана Бога мы называем Айцом Міласэрнасці, бо Ён так моцна нас палюбіў, што не пашкадаваў уласнага Сына, каб мы мелі жыццё дзякуючы Яму. Як часта падкрэслівае Святы Айцец Францішак, Божая міласэрнасць не ведае межаў, і няма такога чалавечага граху, які быў бы здольны стрымаць гэтую Божую міласэрнасць. Бог заўсёды гатовы прабачаць і ніколі не стамляецца прабачэннем.

Сёння мы ўглядаемся ў крыж Хрыста Збаўцы. Не будзем забываць пры гэтым, што Крыжовы шлях Пана Езуса вядзе да хвалы ўваскрасення. Без уваскрасення мука Хрыста не мела б сэнсу, а крыж быў бы і далей знакам ганьбы, прыладай катаванняў, сімвалам смерці. У святле пасхальнай таямніцы крыж Хрыста з’яўляецца прыладай надзеі, сімвалам любові, знакам перамогі.

Крыжовы шлях, якім ішоў Езус Хрыстус, мае свой працяг у жыцці кожнага Яго вучня. Кожны з нас знаходзіцца на гэтым шляху. Нашы ўласныя крыжы, якія мы нясём, ідучы за Хрыстом – больш цяжкія або больш лёгкія – павінны наблізіць нас да Яго, дапамагчы лепш зразумець Яго любоў, скіраваць наш позірк да мэты нашай зямной пілігрымкі, якой з’яўляецца радасць уваскрасення.

Спытаемся сёння ў сябе: як мы адказваем Хрысту на Яго любоў? Можа, часам мы больш падобныя да Пятра, які запэўніваў Езуса, што застанецца Яму верны назаўсёды, а праз нядоўгі час адмовіўся ад Яго. Можа, часам мы, падобна Пілату, выносім няправільныя, несправядлівыя прысуды на нашых бліжніх, асуджаем іх у словах або ў думках, забываючы, што ў кожным чалавеку трэба бачыць Хрыста. Можа, часам мы падобныя да натоўпу, які патрабаваў укрыжавання Езуса – тады, калі паводзім сябе так, быццам бы Езуса ў нашым жыцці не было, і ў шумным хаосе штодзённасці робім выгляд – перад іншымі і перад самімі сабой – што не чуем Яго далікатнага голасу.

Сёння Пан Езус запрашае кожнага з нас пайсці за Ім дарогай Яго крыжа – а гэта дарога міласэрнай любові. Дарога быць міласэрнымі, як Айцец. Гэтыя словы спадарожнічаюць нам як дэвіз Юбілейнага Года Міласэрнасці, які трывае зараз ва ўсім Касцёле. Папа Францішак заахвочвае нас, каб мы засяродзілі позірк на Божай міласэрнасці і станавіліся сапраўдным знакам дзеяння Айца. Няхай Езус Хрыстус адкрые нашы сэрцы на бліжніх, няхай навучыць заўважаць іх беды, клопаты, цярпенні і спяшацца да іх з дапамогай.

Дарагія маладыя сябры!

Святы Ян Павел ІІ некалькі гадоў таму устанавіў Пальмовую нядзелю Днём моладзі. Сёння ваша свята. Вельмі цешуся тым, што вас так шмат прыйшло на Бэрнардынскі ўзгорак і сюды, ў катэдру, каб даць сведчанне вашай веры і прыналежнасці да Касцёла. Дзякую вам за гэта! Ідучы ў працэсіі праз горад, вы прызнаяцеся, што належыце Езусу Хрысту, нашаму Збаўцу. Будзьце заўсёды Яму верныя, праз усё ваша жыццё.

Жадаю кожнаму з вас, каб Вялікі тыдзень, які распачынаецца, быў часам асабістай сустрэчы з Езусам, які ёсць любоў і міласэрнасць. Дазвольце на заканчэнне прыгадаць словы, якія Папа Францішак у сёлетнім Пасланні скіроўвае да моладзі ўсяго свету, значыць, і да вас: «Дарагая моладзь, Езус Міласэрны […] мае так шмат чаго сказаць кожнаму і кожнай з вас… Не бойцеся паглядзець Яму ў вочы, поўныя бясконцай любові, і дазвольце, каб Ён агарнуў вас сваім міласэрным позіркам […] Прыйдзіце да Яго і не бойцеся! Прыйдзіце, каб сказаць Яму з глыбіні вашых сэрцаў: "Езу, давяраю Табе!" Дазвольце, каб да вас дакранулася Яго бязмежная Міласэрнасць, каб вы праз учынкі, словы і малітву сталі апосталамі міласэрнасці ў нашым свеце, параненым эгаізмам, нянавісцю і роспаччу».

Амэн.

Адноўлена 19.03.2016 23:42
 
© 2003-2024 Catholic.by