Слова Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча да святароў на Вялікі чацвер 2016 г. | Друк |

Міласэрная місія святара ў сакрамэнце пакаяння

Глыбокапаважаныя святары, дарагія вернікі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі!

1. Уся гісторыя стварэння і збаўлення прасякнута ідэяй Божай любові і міласэрнасці, кульмінацыйным пунктам якой з’яўляецца пасхальная таямніца Езуса Хрыста, дзякуючы якой чалавек быў выбаўлены з палону злога духа і нанова стаўся дзіцём Божым. Святы Айцец Бэнэдыкт XVI у энцыкліцы “Deus caritas est” (“Бог ёсць любоў”) кажа, што смерць Езуса на крыжы – гэта кульмінацыя дзейнасці Бога супраць самога сябе, у якой Ён складае сябе ў ахвяру, каб узнесці і ўратаваць чалавека – гэта любоў у сваёй найвышэйшай форме (пар. DCE 12).

Міласэрнасць з’яўляецца найважнейшай прыкметай Бога і рэальным праяўленнем Яго любові да чалавека. Папа Францішак нават кажа, што Міласэрнасць – гэта імя Бога (пар. NGM).  Божая міласэрнасць найпаўней праявілася ў пасхальнай таямніцы Хрыста – Яго смерці і ўваскрасенні.

2. Праходзячая чырвонай лініяй па старонках Святога Пісання і ўсёй гісторыі збаўлення ідэя Божай міласэрнасці з новай моцай праявілася ў 30-я гады мінулага стагоддзя ў аб’яўленнях Міласэрнага Езуса святой Фаўстыне Кавальскай. “Дачка Мая, гавары святарам пра гэтую Маю непасцігальную міласэрнасць. Мяне спальвае полымя міласэрнасці, Я хачу выліваць яе на душы” (Дз 177), – казаў ёй Езус.

Гэты заклік Езус скіраваў праз яе да святароў, каб уключаліся ў абвяшчэнне Божай міласэрнасці. Пасланне Езуса было скіравана да ўсіх людзей, але найперш да святароў, як распарадчыкаў Божай міласэрнасці ў сакрамэнце пакаяння і Эўхарыстыі і таксама як да прапаведнікаў Божага слова.

3. Асаблівым месцам прысутнасці Божай міласэрнасці з’яўляецца сакрамэнт пакаяння. У ім адбываецца цуд Божай міласэрнасці, які ўваскрашае чалавека да новага жыцця і вяртае яму годнасць Божага дзіцяці. Езус кажа святой Фаўстыне Кавальскай: “Скажы душам, дзе яны павінны шукаць суцяшэння, – у судзе міласэрнасці; там – найвялікшыя цуды, якія пастаянна паўтараюцца. Каб заслужыць гэты цуд, не трэба здзяйсняць ні далёкай пілігрымкі, ні якіхсьці знешніх абрадаў – дастаткова з вераю прыступіць да падножжа Майго намесніка і сказаць яму пра сваю бяду, і цуд Божай міласэрнасці з’явіцца ва ўсёй паўнаце” (Дз 1448).

Падчас споведзі галеча душы сустракаецца з Божай міласэрнасцю. Езус кажа, што чакае ў канфесіянале кожнага чалавека, гатовы яму прабачыць і адарыць адпаведнымі ласкамі (пар. Дз 699), – чытаем у Дзённіку душы св. Фаўстыны Кавальскай.

4. Такім чынам, з аб’яўленняў Езуса Міласэрнага святой Фаўстыне Кавальскай можна зрабіць выснову, што праўда аб Божай міласэрнасці як найважнейшай прыкмеце Бога становіцца даступнай найперш у сакрамэнце пакаяння, у якім для кожнага чалавека адкрываецца крыніца міласэрнасці. Святары, як спаведнікі, з’яўляюцца асаблівымі пасрэднікамі ў перадачы Божай міласэрнасці і спасланні яе на душы людзей. Таму іх місія ў сакрамэнце паяднання незаменная, і яны павінны з радасцю яе выконваць.

Дзякуючы ўладзе адпушчэння грахоў святары адыгрываюць вялікую ролю ў набліжэнні людзям таямніцы Божай міласэрнасці. Іх місіяй, вынікаючай з сакрамэнту святарства, з’яўляецца адкрыццё неспазнанай міласэрнасці ў сакрамэнце паяднання. Моц святара ў гэтым сакрамэнце з’яўляецца бязмежнай, як бязмежная сама Божая міласэрнасць.   

5. Апостал Божай міласэрнасці святы Ян Павел II унёс вялікі ўклад як у яе разуменне, так і ў ролю святара ў яе канкрэтным прымяненні. У энцыкліцы “Dives in misericordia” (“Вялікі ў міласэрнасці Бог”) ён вучыць, што праўда аб Божай міласэрнасці пралівае новае святло на таямніцу Бога і сучаснага чалавека. Аб’яўленая ў Старым і Новым Запаветах і ажыццёўленая ва ўсёй паўнаце ў жыцці і пасхальнай таямніцы Хрыста праўда аб Божай міласэрнасці адкрывае сапраўднае аблічча Бога, прысутнага ў сучасным, напоўненым супярэчнасцямі, свеце. Адкрывае яна таксама і новае аблічча чалавека, які патрабуе міласэрнасці і сам гатовы яе чыніць (пар. DM 8).

Сакрамэнтальна злучаны з Хрыстом, святар ажыццяўляе давераную яму місію пасрэдніка Божай міласэрнасці, калі сваім жыццём і служэннем паказвае свету міласэрнага Бога і вядзе да сустрэчы з Ім. Дарогу да гэтай сустрэчы пракладае сакрамэнт пакаяння (пар. DM 13). Таму гатоўнасць служэння ў канфесіянале з’яўляецца знакам таго, што спаведнік імкнецца дапамагчы грэшніку сустрэцца з  Божай міласэрнасцю.

6. Асаблівую ўвагу на значэнне і неабходнасць Божай міласэрнасці для сучаснага чалавека звяртае Папа Францішак. У яго вучэнні і служэнні Божая міласэрнасць з’яўляецца як быццам духоўным цунамі, якім ён заваёўвае свет. Пры гэтым ён асабліва падкрэслівае незаменную ролю святара ў сустрэчы чалавека з Божай міласэрнасцю ў сакрамэнце пакаяння.  

У буле “Misericordiae vultus” (“Аблічча міласэрнасці”), якой Святы Айцец Францішак абвясціў Надзвычайны Юбілейны Год Божай Міласэрнасці, ён асаблівую ўвагу звяртае як на значэнне сакрамэнту паяднання, які дапамагае пераканацца ў велічы Божай міласэрнасці і становіцца крыніцай унутранага спакою чалавека, так і на ролю святара ў ім.

Пры гэтым Пантыфік падкрэслівае, што спаведнікі маюць удзел у місіі Хрыста і таму павінны быць сапраўднымі знакамі міласэрнасці Нябеснага Айца і нязменнай Божай любові, якая прабачае і збаўляе. Мы атрымалі ад Духа Святога дар прабачэння і адказныя за яго належнае выкарыстанне, з чаго вынікае абавязак быць вернымі слугамі прабачэння. Таму спаведнікі з радасцю павінны прымаць пенітэнтаў, як айцец прыняў марнатраўнага сына; яны пакліканы заўсёды і ўсюды, у кожнай сітуацыі і нягледзячы на ўсё, быць знакам перавагі міласэрнасці (пар. MV 17).

7. Папа Францішак звярнуў асаблівую ўвагу на ролю і заданні спаведніка падчас сустрэчы з Місіянерамі міласэрнасці, якая адбылася 9 лютага гг. Пантыфік падкрэсліў, што неабходна браць грэшнікаў у свае абдымкі, ахінаць іх плашчом міласэрнасці і быць сведкамі блізкасці Бога і Яго нічым не абмежаванага спосабу любові да чалавека, якім і ёсць міласэрнасць.

Святы Айцец указаў на дзве дапаўняючыя адна адну характарыстыкі спаведніка, а менавіта на тое, што ў іх павінна праяўляцца мацярынства Касцёла і сапраўднае айцоўства. Папа заклікаў святароў быць у першую чаргу сведкамі мацярынства Касцёла, асабліва ў кантэксце сакрамэнту пакаяння. У канфесіянале неабходна заўсёды памятаць аб тым, што гэта Хрыстус нас прымае, выслухоўвае, прабачае і адорвае спакоем, а мы толькі Яго слугі і таму першыя маем патрэбу ў Яго прабачэнні.

Таму, з якім бы грахом чалавек ні прыйшоў на споведзь, мы павінны памятаць, што самі з’яўляемся грэшнікамі, каб пакорна станавіцца каналамі Божай міласэрнасці, – падкрэсліў Пантыфік. У той жа час мы павінны быць сапраўднымі айцамі – пастырамі, а не суддзямі. Таму праз служэнне спаведніка павінна выказвацца матчынае вымярэнне Касцёла і любоў Нябеснага Айца.

Падчас сустрэчы з Місіянерамі міласэрнасці Папа таксама закрануў вельмі далікатную тэму сораму, які часам перашкаджае чалавеку скарыстацца з сакрамэнту паяднання і які ён адчувае падчас споведзі. Святы Айцец нагадаў, што першай рэакцыяй сораму Адама і Евы было жаданне схавацца ад Бога. Замест таго, каб стаць перад Ім з пакорай і просьбай аб прабачэнні, яны схаваліся ў дрэвах, бо адчувалі сваю галізну. Пантыфік прыгадаў і гісторыю Ноя, слабасць якога Святое Пісанне таксама прадстаўляе праз вобраз аголенасці, якая аб’явілася, калі ён заснуў, будучы п’яным.

Папа падкрэсліў, што ў канфесіянале перад спаведнікамі людзі таксама прадстаюць аголенымі, адкрываючы свае слабасці і абмежаванні, з сорамам ад таго, што з’яўляюцца грэшнікамі. Аднак у такой сітуацыі неабходна памятаць, што перад намі знаходзіцца грэшнік, які каецца, але не грэх. Таму спаведнік сваёй добразычлівасцю павінен заахвоціць і падбадзёрыць пэнітэнта, каб дапамагчы яму пераадолець стыд і страх з мэтай скарыстаць з крыніцы Божай міласэрнасці. Мы пакліканы асуджаць грэх, а не грэшніка, бо перад намі асоба, якая жадае навяртання.

Менавіта таму Папа заклікаў спаведнікоў браць прыклад з сыноў Ноя, якія накрылі свайго бацьку заслонай, каб вярнуць яму страчаную годнасць. Таму быць спаведніком паводле сэрца Хрыста азначае накрываць грэшніка заслонай міласэрнасці, каб не саромеўся і мог аднавіць у сабе радасць сваёй сыноўскай годнасці (пар.  http://w2.vatican.va/content/francesco/it/speeches/2016/ february/ documents/papa-francesco_20160209_missionari-misericordia.html).

На наступны дзень, 10 лютага, падчас літургіі Папяльцовай серады Папа Францішак у базыліцы св. Пятра заклікаў Місіянераў міласэрнасці дапамагчы пэнітэнтам адкрыць дзверы сваіх сэрцаў, каб яны перамаглі сорам і не ўцякалі ад святла. Пры гэтым Папа звярнуў увагу на існуючую спакусу замыкання дзвярэй нашых сэрцаў перад прабачаючым Богам, каб жыць са сваім грахом, мінімалізаваць яго, апраўдваць сябе, кажучы, што мы не горшыя за іншых. Усё гэта вядзе да таго, што мы замыкаемся ў саміх сябе і становімся вязнямі зла, – кажа Папа (пар. http://w2.vatican.va/content/francesco/it/homilies/2016/documents/papa-francesco_ 20160210_giubileo-omelia-invio-missionari-misericordia. html).

Вельмі часта мы думаем, што пакідаем свае грахі ў канфесіянале. Але гэта становіцца праўдай толькі тады, калі мы іх найперш туды прынясём. Грэх сам па сабе не можа знаходзіцца перад Богам. На самой справе грэшнік, які навяртаецца, прыходзіць да Хрыста ў асобе святара, задачай якога з’яўляецца дапамагчы чалавеку гэта ўчыніць. Калі гэтага не ўчынім, то пакінем грэшніка ў палоне зла.

8. А чалавек пакліканы да свабоды. Сапраўдную свабоду ён атрымлівае, калі становіцца перад Богам у праўдзе, якой бы складанай, балючай і невыгоднай яна ні была. Нашай задачай як спаведнікоў з’яўляецца дапамагчы чалавеку стаць перад Ім, каб яны ва ўсёй паўнаце спазналі Яго міласэрнасць.

Давяраю ўсіх святароў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі апецы Марыі – Маці святароў і Маці міласэрнасці! Няхай яны выпрасіць усім нам у свайго Сына Езуса Хрыста ласку у сакрамэнце паяднання быць не столькі суддзямі, колькі міласэрнымі айцамі, каб мы ад Яго імя з радасцю прымалі грэшнікаў, якія каюцца, і каб дзякуючы нашай паслузе яны спазналі бязмежнасць Божай міласэрнасці і вярнулі сабе годнасць Божага дзіцяці.

На гэты шлях ад усяго сэрца благаслаўляю: у імя Айца, + і Сына, і Духа Святога. Амэн.   

Выкарыстаная літаратура і прынятыя скарачэнні:

1. Ян Павел II. Энцыкліка “Dives in misericordiae” (DM).
2. Бэнэдыкт XVI. Энцыкліка “Deus caritas est” (DCE).
3. Францішак. Була “Misericordiae vultus” (MV).
4. Pope Francis. The name of God is mercy. London 2016 (NGM).
5. Святая сястра Фаўстына Кавальская ZMBM. “Дзённік. Божая Міласэрнасць у маёй душы” (Дз).
6. http://w2.vatican.va/content/francesco/it/homilies/2016/documents/papa-francesco_20160210_giubileo-omelia-invio-missionari-misericordia.html.
7. http://w2.vatican.va/content/francesco/it/speeches/2016/february/ documents/papa-francesco_20160209_missionari-misericordia.html.

 
© 2003-2024 Catholic.by