Гамілія біскупа Пінскай дыяцэзіі Антонія Дзям’янкі падчас літургіі Мукі Пана ў Вялікую пятніцу 2016 г. | Друк |

У Вялікую пятніцу ў цэнтры літургіі стаіць крыж. Касцёл не цэлебруе ў гэты дзень найсвяцейшай ахвяры святой Імшы, каб засяродзіцца над адзінай ахвярай Збаўцы і сканцэнтраваць на ёй увагу хрысціян.

Крыж для веруючых людзей – сімвал Любові. Таямніца Крыжа – гэта школа Міласэрнасці. Якой жа вялікай павінна была быць моц укрыжаванай Любові, каб цалкам перамяніць сэнс крыжа! Да Хрыста гэта была прылада пакарання і смерці. Ад моманту смерці Хрыста крыж стаў знакам жыцця і Адкуплення. І хаця крыж выражае сабою боль і пакуты, яны, аднак, напаўняюцца сэнсам. Цярпенне становіцца не бессэнсоўным, а цярпеннем для і за. Для кагосьці… За штосьці… Гэта ўжо канкрэтнае вымярэнне міласэрнасці.

Як жа патрэбна сучаснаму чалавеку прайсці школу крыжа! Як жа моцна яна дапамагае жыць у сучасным свеце! На многія пытанні крыж дае адказы, а некаторыя пытанні ўвогуле забараняе ставіць. “У жыцці столькі пакутаў, а я не маю права спытацца: “За што?”” – гаворыць тэкст адной сучаснай рэлігійнай песні.

Таямніца крыжа дапамагала і дапамагае перажыць найцяжэйшыя выпрабаванні. У ХІХ стагоддзі жыў езуіт Караль Балоз Антаневіч. Спачатку ён быў шчаслівым мужам і бацькам некалькіх дзяцей. У выніку эпідэміі халеры рухнуў яго прыгожы свет. Памерла жонка і паступова ўсе дзеці. Разважаючы па-чалавечы, падняцца пасля такіх пакутаў было б немагчыма. Што ж такога адбылося, што гэты чалавек уступіў у ордэн езуітаў, стаў знакамітым прапаведнікам і душпастырам, напісаў шмат вядомых і сёння песень? Адна з такіх яго песень дае адказ на пытанне:

Езу, Ты бачыш, крыж Твой не мінаю,
Езу, Ты бачыш, крыжа не баюся.
3 болем на крыж Твой цяжкі пазіраю,
Да трона Бога на зямлі імкнуся.

На крыж кладу я ўсе мае жаданні,
Тут прыбіваю грэшных думак мроі,
Сэнс свой шукаю я ва ўкрыжаванні,
Дзе з-пад кароны кроў цячэ на скроні.

Стаўшы пад крыжам, стомлены сабою,
Прагну я ў сэрцы несці крыж заўсёды,
Каб не глуміўся вораг нада мною,
Каб крочыць шляхам праўды і свабоды.

Сёння з надзеяй пад крыжом шукаю
Тое, што страціў, Пана не спаткаўшы,
Грэх мой з пакорай прад Табой трымаю,
Не адыходжу, міласці спазнаўшы.

Дай мне заўсёды быць з Табою, Збаўца,
Каб крыж мой стаўся мужнасцю і сілай.
Каб у жыцці болып з крыжам не расстаўся,
Каб ён узнёсся над маёй магілай
 
Дарагія браты і сёстры. Нам варта праз крыж пазнаваць веліч міласэрнасці. Нам трэба акунуцца ў гэту таямніцу, бо яна змяняе свет і чалавека. Яна вучыць нас ахвярнай любові, любові ўкрыжаванай. Толькі такая любоў мае сэнс. Толькі такая любоў здольная пераканаць чалавека. Няма хрысціянства без крыжа і няма хрысціянства без любові. А любоў Хрыста – гэта Яго Крыж.

Адноўлена 25.03.2016 15:46
 
© 2003-2024 Catholic.by