Гамілія біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі на Вялікую суботу 2016 г. | Друк |

“Узгляньце: вялікая цішыня спавіла зямлю. На зямлі вялікая цішыня і пустка. Вялікая цішыня, таму што наш Валадар спачыў у смерці…” Такімі словамі пачынаецца старажытная гамілія невядомага аўтара, якую святары чытаюць сёння ў гадзіну чытанняў у малітве Літургіі гадзінаў.

Сапраўды, Вялікая субота – гэта час, калі ў цішыні мы прыходзім да Гробу Пана. Гэта час, які можна параўнаць да адведвання могілак і месцаў пахавання блізкіх нам людзей. Сваім зместам, усім сваім вымярэннем ён распавядае нам аб нашым існаванні ў кантэксце смерці, пахавання і магілы. Ужо Вялікая пятніца дазволіла нам засяродзіцца на гэтай думцы.

Аднак зусім іншая перспектыва адкрываецца перад намі, калі мы спрабуем зразумець атмасферу Вялікай суботы ў больш шырокім кантэксце. Мы спяшаемся да Гробу Пана, ведаючы, што заўтра ён будзе пустым. Ведаючы, што заўтра на світанні жанчыны каля гробу пачуюць поўную радасці праўду: “Чаму вы шукаеце жывога сярод мёртвых? Яго тут няма; Ён уваскрос” (Лк 24, 5-6).

Паміж грабавой цішай, хаця і поўнай надзеі, і радасцю світання ляжыць таямніца ночы. Вялікай Ночы. У змест гэтай таямніцы нас прыгожа ўводзіць літургія Пасхальнай вігіліі, у якой мы цяпер бяром удзел. Касцёл называе яе маці ўсіх літургій, бо яна ўказвае на сэнс нашай веры ў кантэксце адной з самых галоўных праўдаў – праўды аб Уваскрасенні Хрыста. Цемра ночы гаворыць аб наяўнасці смерці і магілы. Адначасова яна сведчыць аб існаванні граху і зла. Евангеліст, калі апісвае момант здрады Юды і яго выхад з вячэрніка, падкрэслівае, што была ноч. У рэальнасць зла, граху і смерці мы ўнеслі асвечаны пасхал, як сімвал Таго, хто перамог зло, грэх і смерць. Мы называем пасхал Святлом Хрыстовым. Свае свечкі мы запалілі ад гэтага святла. Святло напоўніла цёмныя навы касцёла.

Прыгожая літургія прыгадвае нам таксама наш хрост. І невыпадкова, бо гэта літургія хросту. Яна паказвае, чым хрост з’яўляецца для нас і да чаго ён заклікае. “Хрысціянін, пазнай сваю годнасць”, – казаў святы Папа Леў Вялікі. Пазнай сапраўднае святло, выйдзі з цемры, пазнай цноты і дабро, пакінь грэх і зло. Як жа моцна сучасны свет патрабуе імпульсу, зададзенага Пасхальным святлом! Патрабуе імпульсу дабра! Як жа моцна мы патрабуем пераканаўчай праўды, што выплывае з таямніцы гэтай ночы! Змрок і цемра, здаецца, надзвычай вялікія ў нашыя дні. Зло нібы трыумфуе. Добрыя людзі пытаюцца: “Што рабіць?”, “А ці варта змагацца?” Сіла сённяшняй ночы дае адказы на пытанні.

Мы адкрываем для сябе гэтыя праўды, трываючы ў Юбілейным Годзе Міласэрнасці. Тое, што на першы погляд здаецца банальным і слабым, па-сапраўднаму з’яўляецца моцным і дзейсным. Узгадаем, напрыклад, як слабы на выгляд Давід змагаўся з уяўна непераможным Галіяфам…

Хрысціянін, пазнай сваю годнасць. Брат і сястра, акуніся ў таямніцу гэтай ночы ці, лепш сказаць, у бляск святла Таго, хто перамог цемру. Зразумей, як моцна Касцёл патрабуе твайго свядомага стаўлення да факту, што ты ахрышчаны. Нават не толькі Касцёл, а ўвесь свет. Усе патрабуюць дабра.

 
© 2003-2024 Catholic.by