Гамiлiя Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча падчас Iмшы на распачацце беатыфiкацыйнага працэсу Эдварда Вайнiловiча | Друк |

Мінск, касцёл свв. Сымона і Алены, 10 красавiка 2016 г.

Слуга Божы Эдвард Вайнiловiч – узор для наследавання

Дарагiя браты i сёстры!

1. У велікодны перыяд Касцёл нас заахвочвае да новага перажывання праўды аб Уваскрасеннi Езуса Хрыста, якая з самага пачатку выклікала шмат супярэчнасцяў. Не ўсе хацелi паверыць сведкам, якiмi былi жанчыны-мiраносiцы, апосталы i многiя сотнi людзей, якiя бачылi Яго жывым. Многiя з гэтых сведкаў за вернасць праўдзе аб Уваскрасеннi заплацiлi жыццём.

Гэтая гiсторыя не завяршылася i працягваецца, аб чым сведчаць яшчэ нядаўнiя часы ганенняў на веру. Працягваецца яна i сёння, калі ў многіх краінах свету відавочны пераслед хрысцiян, асаблiва ў паўночнай Афрыцы. Хрысцiяне-мучанiкi i сёння з’яўляюцца сведкамi Уваскрослага Хрыста. Так было заўсёды, так ёсць i сёння.

Першае сённяшняе чытанне, узятае з Дзеяў Апосталаў, распавядае аб тым, як вайсковая варта прывяла апосталаў у Сінэдрыён, дзе Першасвятар спытаўся ў iх: “Мы вам забаранiлі навучаць у iмя Езуса, дык чаму ж вы гэта чыніце?” Але Пётр яму адказаў: “Трэба больш слухаць Бога, чым людзей”. Гэтым самым Пётр пацвердзіў сваё сведчанне аб Уваскрослым Хрысце.

2. У сучасным свеце нямала прыкладаў, калi веру стараюцца спiхнуць на перыферыю жыцця, аб’явiць яе выключна прыватнай справай чалавека і г.д. Словы апостала Пятра аб тым, што яны з’яўляюцца сведкамi Уваскрасення Хрыста, адносяцца да кожнага з нас.

Мы таксама вучнi Езуса. Што Езус казаў апосталам, тое ж самае кажа i нам у сваiм Евангеллi. Ва ўсiх абставiнах нашага жыцця мы павiнны заставацца сведкамi Езуса. Наша сведчанне як быццам аднаўляе евангельскія падзеi i робiць iх прысутнымi сярод нас. Такiм павiнна быць наша жыццё.

3. У краiнах, дзе ёсць канфесiйныя школы, вучнi кожнай з iх носяць адпаведную школьную форму, па якой можна распазнаць іх веравызнанне і таксама ведаць, у якую школу яны ходзяць. Такім чынам яны прэзентуюць не толькi сябе самiх, але і сваю школу i веру.

Таксама і кожны з нас павiнен быць не толькi Iвановым, Пятровым ці Сабалёўскiм, але перадусiм хрысцiянiнам і прадстаўнiком Касцёла.

4. Сённяшняе Евангелле распавядае, як Пётр з iншымi апосталамi вярнуўся да сваёй звычайнай працы. Яны пайшлі лавіць рыбу. Усю ноч працавалі i нiчога не злавiлі. Але калi Пётр паслухаў Езуса і адплыў на глыбiню, то ўлоў быў вельмi багаты.

Падобна адбываецца i ў нашым жыцці. Мы можам працаваць шмат i цяжка, але вынікаў няма. Няма, бо трэба з дапамогай звярнуцца да Бога i засведчыць веру ў Яго. Пётр кажа ясна: “Пане, мы ўсю ноч лавiлi i нічога не злавiлi, але на тваё слова закiну сецi”. I стаўся цуд.

5. Гэтая гiсторыя нагадвае пра сведчанне Пятра. Ён не ўвязаўся ў дыскусiю з Езусам, але проста даверыўся Яму і гэтым самым стаў Яго сведкам.

Найбольш эфектыўны спосаб хрысціянскага сведчання – гэта наша згоднае з духам Евангелля жыццё, калі мы служым Богу і любім сваіх бліжніх, як сябе саміх.

Прыкладам такога сведчання з'яўляецца Эдвард Вайніловіч. Сёння ў касцёле свв. Сымона і Алены, фундатарам якога ён з'яўляецца, пачынаецца яго беатыфікацыйны працэс.

6. Ён паходзіў сa шляхецкага роду, нарадзіўся ў 1847 г. у маёнтку Сляпянка пад Мінскам, памёр у 1928 г. у Быдгашчы ў Польшчы.

Жывучы ў складаных сацыяльна-палітычных умовах царскай Расіі, Эдвард Вайніловіч застаўся верным свайму хрысціянскаму пакліканню. Мы яго ведаем як добрага сем'яніна, які выхаваў дваіх дзяцей Сымона і Алену. Калі яны памерлі, то ў іх гонар ён выбудаваў гэты ўсім вядомы Чырвоны касцёл, які знаходзіцца ў самым цэнтры Мінска, як быццам мінскую Эйфелеву вежу.

Эдвард Вайніловіч запісаўся ў гісторыю таксама як дзяржаўны і грамадскі дзеяч. Аб гэтым вельмі добра нагадвае тое, што ён тройчы абіраўся ў Расійскую Дзяржаўную Думу, быў членам Дзяржаўнага Савету Расіі ад Мінскай губерні і віцэ-старшынёй Мінскага Таварыства сельскай гаспадаркі.

Сёння цяжка сабе ўявіць сучасны свет без міжканфесійнага і міжрэлігійнага дыялогу, які асабліва развіўся падчас і пасля Другога Ватыканскага Сабору (1963-65 гг.). Аднак Эдвард Вайніловіч ужо сто гадоў таму прадбачыў яго неабходнасць і актуальнасць на нашых землях. Кіруючыся любоўю да бліжніх і людзей іншых веравызнанняў, ён будаваў не толькі каталіцкія касцёлы, але таксама праваслаўную царкву, габрэйскую сінагогу і мусульманскую мячэць.

7. Сваім прыкладным хрысціянскім жыццём, а таксама пабудаваным касцёлам свв. Сымона і Алены Эдвард Вайніловіч пакінуў сведчанне аб Уваскрослым Хрысце. Велічны Божы дом заклікае нас адарваць свой позірк ад зямлі і накіраваць яго да ўзнёслых духоўных спраў.

Нават калі ў часы ганенняў ён выкарыстоўваўся для свецкіх мэтаў, то сваім выглядам заклікаў чалавека задумацца аб духоўным. Калі было забаронена абвяшчаць Евангелле, гэта рабіў Чырвоны касцёл. На яго прыкладзе спраўдзіліся словы Хрыста: “Калі вы будзеце маўчаць, то будуць прамаўляць камяні”.

Сведчанне Эдварда Вайніловіча настолькі значнае, што не толькі жыве памяць аб ім, але таксама развіваецца яго культ. Вельмі часта каля яго магілы можна бачыць людзей, якія моляцца.

Усё гэта стала падставай, каб прасіць Апостальскі Пасад аб дазволе на распачацце працэсу яго беатыфікацыі, які быў атрыманы. Сёння з вялікай радасцю мы пачынаем гэты працэс, з надзеяй на тое, што ў будучыні будзем мець свайго заступніка ў небе, таго, які жыў сярод нашых людзей, тут працаваў, хадзіў па вуліцах нашага горада і пакінуў нам велічны Чырвоны касцёл, як месца сустрэчы чалавека з Богам і помнік сакральнай архітэктуры.

8. Знамянальна, што працэс беатыфікацыі Эдварда Вайніловіча  пачынаецца ў Год Надзвычайнага Юбілею Божай Міласэрнасці, што з'яўляецца знакам Божай міласэрнасці для Касцёла ў Беларусі. Знамянальна, што ён пачынаецца ў 25-ю гадавіну адраджэння структур Каталіцкага Касцёла ў Беларусі. Знамянальна, што гэта першы беатыфікацыйны працэс, які пачынаецца ў нашай краіне. Знамянальна таксама і тое, што гэта працэс беатыфікацыі свецкага чалавека і бацькі сям'і, што асабліва важна ў наш час, калі гэты інстытут перажывае вялікі крызіс.

У апошнія гады адбылося некалькі беатыфікацый мучанікаў нашай зямлі. Аднак усе яны праводзіліся за мяжой. Тое, што працэс беатыфікацыі Эдварда Вайніловіча будзе праводзіцца ў Беларусі, з'яўляецца знакам таго, што Каталіцкі Касцёл тут за апошнія 25 гадоў так умацаваўся, што можа ўзяцца за такую складаную справу, якой з'яўляецца працэс беатыфікацыі.

З сённяшняга дня Эдварду Вайніловічу належыць тытул «Слуга Божы» і праз яго заступніцтва можна маліцца да Бога. Хто з нас мог аб гэтым падумаць яшчэ некалькі гадоў таму?! Усвядомім, якой вялікай ласкай Бог адорвае нас і нашу Бацькаўшчыну!

Усемагутны і міласэрны Божа, благаславі працэс беатыфікацыі Эдварда Вайніловіча, які пачынаецца сёння, каб Касцёл у Беларусі меў яшчэ аднаго заступніка, а мы, наследуючы яго, жылі праўдай Уваскрасення Хрыста і былі яе сведкамі. Амэн.

Адноўлена 09.04.2016 18:03
 
© 2003-2021 Catholic.by