Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча падчас пастырскай сустрэчы святароў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі | Друк |

Мінск, касцёл свв. Сымона і Алены, 28 красавіка 2016 г.

Дарагія браты і сёстры!

1. Першыя чытанні, якія Касцёл прапануе нашай увазе ў апошнія два дні, закранаюць праблему падзелаў, якія былі ў Касцёле ад самага пачатку яго існавання. Мы добра ведаем Святарскую малітву Езуса, у якой Ён заклікаў да еднасці. Ён прадбачыў падзел хрысціян, што з’яўляецца скандалам, і мы павінны імкнуцца да еднасці ў Хрыстовым Касцёле.

Але Езус таксама прадбачыў падзелы ў адной і той жа супольнасці. Мы добра ведаем, што такія падзелы існуюць і ў Каталіцкім Касцёле, у нашых  сем’ях і супольнасцях. Напэўна, не адзін скажа, што заўсёды існуе розніца поглядаў. Але розніца поглядаў павінна весці не да падзелаў, а да ўдасканалення.

2. Першыя хрысціянскія супольнасці падзяліліся з-за ўзніклай праблемы абразання язычнікаў, якія навярнуліся. Некаторыя апосталы лічылі, што яны павінны падпарадкавацца габрэйскаму праву абразання.

Апосталы не пакінулі гэтага пытанне на самацёк і пастанавілі вырашыць яго на супольным сходзе, які ўвайшоў у гісторыю як Ерузалемскі сабор – першы сабор у Хрыстовым Касцёле. Шлях, якім апосталы вырашалі гэтае пытанне, і сёння застаецца нам прыкладам і вучыць, як паступаць у падобных выпадках.

3. Вельмі важным з’яўляецца тое, што апосталы, вырашаючы гэтае пытанне, канцэнтраваліся на самой праблеме, а не на той ці іншай асобе, на тым ці іншым апостале. Яны ніколі не атакавалі асобаў, калі так можна выказацца, не былі супраць чалавека, які меў іншы погляд, але шляхам дыялогу і абмеркавання вырашалі саму праблему.

Вельмі часта праблемы ў нашых супольнасцях і сем’ях узнікаюць і ўскладняюцца менавіта з-за таго, што яны закранаюць тую ці іншую асобу. Тады забываецца аб самой праблеме і атакуецца асоба. Праблема пераносіцца на асобу: ты, маўляў, такі-сякі, і твой погляд зусім не варты нічога.

4. Іншым было стаўленне апосталаў да ўзніклай праблемы. Падчас Ерузалемскага сабору апостал Пётр ніколі не супярэчыў Паўлу, што той не быў адным з дванаццаці, якіх выбраў Хрыстус, і таму не прайшоў Ягонай школы. Таксама і Павел ніколі не ўзгадваў Пятру, што той ажно тры разы адрокся ад Езуса. Ён таксама не дакараў апосталаў, што яны разбегліся, калі Езус быў арыштаваны. А напэўна, яны маглі б сказаць нямала прыкрых слоў адзін аднаму. Аднак для духоўнага дабра людзей і асабліва язычнікаў, якія навярнуліся, яны перамаглі саміх сябе, каб прыйсці да супольнага рашэння.

5. У кожнай супольнасці канфлікты найчасцей узнікаюць з-за разнастайнасці поглядаў і натхненняў розных людзей. Нашы інтарэсы не заўсёды такія ж самыя, і нашы эмацыйныя характарыстыкі таксама адрозніваюцца. Аднак, вырашаючы праблемы, неабходна найперш кіравацца супольным дабром і пазбягаць таго, каб іх вырашэнне перайшло ў сферу персанальных адносін. Мы павінны пазбягаць асуджэння, прыніжэння, абразы і г.д.

Заўсёды неабходна памятаць, што лагодны адказ лагодзіць гнеў, а абразлівае слова будзіць лютасць, як кажа кніга Прыпавесцяў Саламона (пар. Прып 15, 1).

6. У сённяшнім Евангеллі Езус кажа, што як Айцец любіць Яго, так і Ён любіць нас. Заставайцеся ў Маёй любові. Калі вы будзеце захоўваць Мае запаведзі, то вы будзеце прабываць у Маёй любові.

Калі Езус кажа, што, захоўваючы Яго запаведзі, мы прабываем у Ягонай любові, то Ён кажа не толькі пра дзесяць Божых запаведзяў, але і пра Касцёл, які з’яўляецца працягам Хрыста ў часе і прасторы. Таму мы не можам казаць: “Так” Хрысту і “не” Касцёлу. Не можам казаць, што верым у Бога, а ў Касцёл не. Касцёл праз сваё вучэнне, сакрамэнты і служэнне робіць Хрыста прысутным сярод нас.

7. Робіць гэта Касцёл праз сваіх слуг, святароў. Дзякуючы ім Эўхарыстыя і іншыя сакрамэнты цэлебруюцца ў нашых касцёлах. Дзякуючы ім абвяшчаецца Божае слова. Дзякуючы ім Хрыстус становіцца прысутным сярод нас.

Святары вучаць людзей прабачэнню і лагоднасці ў вырашэнні розных праблем. Але святары таксама маюць патрэбу ў духоўнай дапамозе вернікаў. Няхай жа паміж намі, святарамі, і вернікамі пануе цесная сувязь, каб мы разам маглі вырашаць існуючыя праблемы нашага Касцёла і разам ісці шляхам збаўлення, каб людзі пра нас казалі: глядзіце, як яны любяць адзін аднаго. Амэн.

Адноўлена 28.04.2016 14:32
 
© 2003-2024 Catholic.by