Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі на ўрачыстасць св. Андрэя Баболі | Друк |

16 мая 2016 г., Іванава

 

Дарагія браты ў святарстве!

Як і кожны год на сваю ўрачыстасць, св. Андрэй Баболя збірае нас сёння разам. Ён жадае нагадаць нам, што з’яўляецца нашым апекуном. Святы Андрэй Баболя хоча не толькі запэўніць нас у сваім заступніцтве перад Богам і заахвоціць далей прасіць яго аб дапамозе, але і прагне нам штосьці сказаць. Даць парады. Навучыць…

А мы адчуваем яго дапамогу і заступніцтва. Колькі ж спраў было здзейснена! Колькі праблем вырашана! Дынамічны характар развіцця нашай дыяцэзіі – у яго святых руках. І мы гэта адчуваем. А колькі яшчэ існуе спраў, якія чакаюць свайго шчаслівага вырашэння! Ёсць шмат праблем, якія патрабуюць звышнатуральнага ўмяшальніцтва св. Андрэя Баболі. Таму мы радуемся сённяшняй сустрэчы, калі Андрэй Баболя, святар, прамаўляе да нас – святароў. Гэта такая своеасаблівая мужчынская размова. Не сядзець і не плакаць, калі цяжка, а ўспрыняць цяжкасці як выклік. Ён, святар і мучанік, прамаўляе да нас, святароў-немучанікаў. Што прамаўляе? Прамаўляе словамі адной з рэлігійных песень: “Ты не мусіш сёння гінуць, а ўкрыжаваць сваё сэрца” (Nie musisz ginąć już dziś, Lecz ukrzyzowac swe serce).

Ты не мусіш гінуць. Аднак трэба памятаць, што пастаянна за Езуса гінуць святары, сёстры і свецкія вернікі. На розных кантынентах. Сёння. Дзякуем Богу, што нас такі лёс не напаткаў. Адзін з вязняў канцлагероў Другой сусветнай вайны казаў, што пра Бога лёгка гаварыць. Нашмат цяжэй для Бога працаваць. Яшчэ цяжэй памерці для Яго, а самае цяжкае – цярпець. Працаваць і цярпець – гэта акурат і азначае ўкрыжаваць сваё сэрца. Што нам аб гэтым кажа св. Андрэй Баболя? Тут і цяпер. У Год Міласэрнасці. У кантэксце новай евангелізацыі. У гэтым месцы. У нашай Пінскай дыяцэзіі. Перадусім ён паўтарае словы Пана Езуса, сказаныя ў такі ж час, як і сёння, гэта значыць блізка Унебаўшэсця і Спаслання Духа Святога: “Ідзіце і абвяшчайце. Я з вамі!” Наша пакліканне – ісці і абвяшчаць. Гэта наша сёння. Наша праца і цярпенне. Даваць людзям Евангелле ў якасці спосабу жыцця падчас пілігрымавання ў дом Айца.

Апосталы ішлі і абвяшчалі. Іх наступнікі і супрацоўнікі на працягу стагоддзяў рабілі тое ж самае. На нашых землях да такіх належаў св. Андрэй. Яны ішлі, абвяшчалі і гінулі. Сёння цярпенне для тых, хто абвяшчае Евангелле, прыносіць яго непрыняцце. Людзі адкладваюць яго на пазней альбо ўвогуле ўспрымаюць як байку. А тым, хто прыняў Яго, дало ўладу стаць Божымі дзецьмі (Ян 1, 12). І з гэтага вынікае радасць абвяшчэння Евангелля. І да гэтага нас заахвочвае наш апякун св. Андрэй Баболя. Прыслухаемся да яго і папросім дапамогі ў гэтай справе.

 
© 2003-2024 Catholic.by