Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас Імшы ў пятую гадавіну смерці кардынала Казіміра Свёнтка | Друк |

Пінскі катэдральны касцёл, 21 ліпеня 2016 г.

Дарагія святары — прэлаты, канонікі, дэканы, вікарыі; дарагія кансэкраваныя асобы, Ваша Магніфіцэнцыя, паважаны рэктар духоўнай семінарыі ў Пінску, выкладчыкі, выхавацелі, семінарысты, дарагія браты і сёстры ў Хрысце Пану, якія сабраліся на Эўхарыстыю ў гэтым катэдральным касцёле.

Дух Святы прысутнічае ў Касцёле. Ён умацоўвае таксама наш пінскі Касцёл. Зышоўшы на апосталаў у вячэрніку ў Ерузалеме, Ён стаў жыццядайным пачаткам Касцёла. Ён быў пасланы, каб асвячаць Касцёл і каб мы праз Яго, тыя і другія, мелі доступ да Айца (пар. Эф 2, 18; LG 4). Гэты самы Дух збірае нас сёння ў святыні Пана.

Умілаваныя! Сёння пятая гадавіна адыходу кардынала Казіміра Свёнтка да Пана. Нам добра запомніўся той дзень у ліпені 2011 года. Смяротна хворы кардынал Казімір прайшоў шляхам цярпення. Нас узрушыла катэхеза пра пераход з гэтага жыцця да вечнага, якую даў нам пакутуючы кардынал. Мы дзякуем за яго прыгожае і высакароднае жыццё, праведзенае ў духу служэння Богу, Касцёлу і кожнаму чалавеку. Мы памятаем, як у гэтай катэдры стаяла труна з целам кардынала. Тут, у катэдры, у маладым узросце ён адчуў пакліканне да святарства, молячыся пры труне першага Пінскага біскупа Слугі Божага Зыгмунта Лазінскага. У Пінску праходзіла падрыхтоўка Казіміра Свёнтка да святарства. Тут ён прыняў сакрамэнт пасвячэння, а пасля дзесяці гадоў ГУЛАГу доўгі час працаваў як адзін з нямногіх святароў на Палессі. Ужо будучы арцыпастырам, Казімір Свёнтэк удзяліў біскупскую сакру Яго Эксцэленцыі Казіміру Велікасельцу і многім з вас удзяліў прэзбітэрскае пасвячэнне. Гэтая палеская зямля прыняла яго цела на вечны адпачынак. Кардынал Казімір спачывае ў крыпце пінскай катэдры, святыні, якую ён сам на пачатку 1980-х гг. аднавіў. У 1990-я гады ён таксама займаўся яе вонкавым рамонтам з дапамогай спачылага ўжо светлай памяці пана Віктара Вілька, які пахаваны ў Польшчы ў Замосці. Пінская катэдра — гэта крыніца духоўнай сілы для ўсёй Піншчыны.

«Сведка веры» — такім тытулам прынята характарызаваць кардынала Казіміра Свёнтка. Гэта чалавек, які быў дадзены нам Божым Провідам. Дадзены Святым Духам Касцёлу ў складаны перыяд яго гісторыі. Хрысціянская надзея, цесна звязаная з Хрыстом, вучыць нас глядзець на пакуты і смерць кардынала ў святле праўды пра вечнае жыццё. У гэтай Эўхарыстыі мы дзякуем за прыгажосць чалавечнасці, якую Бог даў кардыналу, каб ён усім нам служыў.

Мы належым да таго пакалення святароў, якое шмат у чым удзячнае кардыналу. Некаторыя з вас маюць дэкрэты аб прызначэнні на парафіі, падпісаныя яшчэ кардыналам Свёнткам. Гледзячы з вышыні пражытых гадоў, мы, як ніколі, адзначаем яго веліч і вялікі ўплыў на нашу фармацыю. Кардынал стаў для нас Вялікім Пастырам, настаўнікам веры і любові, слугою Касцёла, абаронцам веры на гэтай зямлі, клапатлівым Айцом і чалавекам, які пераўзышоў свой час. Сваімі ўспамінамі аб ім перад святой Імшой падзяліліся некаторыя святары. Дзякую ім за гэта. Для нас важна ўзгадваць і трымаць у памяці моманты жыцця кардынала.

Кардынал Казімір Свёнтэк адразу распазнаў вераломства і крывадушнасць той атэістычнай сістэмы, якая была навязана жыхарам нашай краіны. Ён не згадзіўся з ёю, але і не паддаўся духоўнай капітуляцыі. Казімір Свёнтэк прыняў выклік і бараніў Касцёл ва ўмовах атэізацыі, нянавісці і ўпадку веры.

Як самаадданы святар, Казімір Свёнтэк распальваў агонь веры ў людзей, мабілізаваў парафіяльную супольнасць, якая, трываючы на фундаменце каталіцкай веры і традыцыі, аказвала супраціў бязбожным дактрынам, прапагандзе атэізму і яго ілжывасці.

У гісторыі Касцёла Пінскай дыяцэзіі важнае месца занялі духоўныя здзяйсненні, якія ажывілі каталіцкую супольнасць, паказалі яе жыццяздольнасць, моц духу і жывую веру. Так, кардынал Казімір Свёнтэк каранаваў папскімі каронамі цудатворыя абразы ў нашай дыяцэзіі — Маці Божай у Брэсце і ў Лагішыне, а таксама па-за межамі Пінскай дыяцэзіі: абраз Маці Божай Кангрэгацкай у Гродне, абразы Маці Божай у Тракелях, Будславе, Гудагаі.

Дарагія! Мы задумваемся над ахвярным, поўным працы і прыгажосці жыццём кардынала. На працягу пяці гадоў, што мінулі з дня яго адыходу да Айца, апублікавана шмат успамінаў і розных тэкстаў, якія набліжаюць нам рысы духоўнасці, інтэлекту і характару гэтага вялікага чалавека. Кардынал ва ўспамінах прадстаўляецца на фоне касцёльных, палітычных і грамадскіх справаў. Ён быў удзельнікам Сінода ў Рыме, шматлікіх сустрэч на ўзроўні Еўропы і свету. Казімір Свёнтэк быў уганараваны высокімі ўзнагародамі Польшчы і Францыі. З ім сустракаліся лідары многіх краін. У свеце ведаюць пра Беларусь, між іншым, дзякуючы гэтаму сведку веры. Усё жыццё, праца і пастава святой памяці кардынала былі даслоўна каталіцкімі, г. зн. паўсюднымі. Ён прагнуў цалкам прысвяціць сябе Богу, патрэбам Касцёла і бліжнім, а таму імкнуўся стаць усім для усіх. Кардынал Казімір Свёнтэк не шкадаваў ні сіл, ні сродкаў, каб несці дапамогу патрабуючым, асабліва пацярпелым у выніку тэхнагеннай катастрофы ў Чарнобылі. Дзеля гэтага ён заснаваў у Пінскай дыяцэзіі «Карытас», дом міласэрнасці ў Лагішыне, вёску для 70 сірот-інвалідаў у Гомелі і зрабіў шмат іншых спраў міласэрнасці. Кардыналам была арганізавана будаўніцтва ў дыяцэзіі новых касцёлаў і капліц, плябаній і катэхетычных класаў у парафіях. Пачала функцыянаваць курыя ў Пінску. Сам жа арцыпастыр сціпла жыў у Пінску па вуліцы Шаўчэнкі, 12. Яго словы і ўчынкі стваралі гісторыю і традыцыю. Касцёл сёння захоўвае гэтую спадчыну, развівае яе і на кожным кроку карыстаецца багатым досведам веры і розуму.

Ззяе постаць ксяндза Свёнтка, пазней кардынала і Старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі. Мы ведаем, якую цану яму давялося заплаціць за тое, каб князь гэтага свету не знішчыў алтар Пана. Ён мужна перанёс турму, расстанне з тымі, каму служыў, знявагі і абмовы, якіх ворагі Касцёла для яго не шкадавалі. Казімір Свёнтэк быў героем духу, свядомым сваёй ролі святара і біскупа, адказнага за дзяцей Касцёла. З вялікай чуласцю ён ставіўся да тых, каму абвяшчаў Божае слова і ўдзяляў святыя сакрамэнты.

Кардынал працягваў традыцыі продкаў, апекаваўся семінарыяй у Пінску, арганізаваў катэхетычны каледж у Баранавічах. Дзякуючы яму адрадзілася наша семінарыя. Яго Эмінэнцыя нёс святло, заахвочваў людзей да распальвання ў сэрцах Божага Духа і да памяці аб вялікіх Божых справах, якімі напоўнена наша зямля.

Святло, якое выпраменьвалася з жыцця і служэння кардынала, не рассеялася. Яго навучанне абуджае захапленне сваім евангельскім радыкалізмам, глыбінёю думкі і аб’ектыўнасцю ацэнкі сітуацыі.

У часы, калі ў многіх сферах жыцця прадпрымаліся спробы стварыць сітуацыю непарадку, разбурыць грамадскі лад і хрысціянскія прынцыпы, кардынал вучыў аб парадку любові (ordocaritatis). Вучыў, што чалавек павінен перадусім любіць Бога, крыніцу ўсялякай любові і найвышэйшага дабра. Вучыў, што сям’я — гэта аснова маральнага ладу, школа веры і выхавання ў народных традыцыях.

Мінае вобраз гэтага свету. Але Касцёл трывае, бо гэта надпрыродная рэчаіснасць, укаранёная ў чалавечыя сэрцы, у свет, у родную зямлю. Касцёл — гэта супольнасць у дарозе, агорнутая подыхам Святога Духа. І на пэўным этапе, складаным этапе, пінскі пастыр кардынал Свёнтэк вёў яго да вечнасці тут, на Палессі.

Просячы сёння вечнага збаўлення для кардынала Казіміра Свёнтка і дзякуючы Божаму Провіду за гэтага сведку веры, мы таксама просім аб патрэбных ласках для пінскага Касцёла. Просім, каб адчыненыя, асвечаныя і нанова збудаваныя святыні дыяцэзіі былі штодня адчыненымі для вернікаў і напоўненымі Божым людам. Просім, каб духоўныя і кансэкраваныя асобы адзначаліся пабожнасцю і руплівасцю ў службе Богу. Просім, каб люд Божы любіў Касцёл, нашу Маці, каб католікаў Піншчыны характарызавала марыйная і эўхарыстычная пабожнасць. Каб сем’і нашай дыяцэзіі былі моцныя Богам. Каб тыя, хто праз грэх аддаліўся ад Бога і Касцёла, вярнуліся да сваіх каранёў. Каб наша семінарыя развівалася так, як хацеў кардынал Свёнтэк. Амэн.

Адноўлена 21.07.2016 17:04
 
© 2003-2024 Catholic.by