Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на асвячэнне касцёла ў Брэсце | Друк |

13 верасня 2016 г.

Вашы Эксцэленцыі, паважаныя святары, прадстаўнікі дзяржаўнай улады, браты і сёстры!

1. Сёння, 13 верасня, у фацімскі дзень, супольнасць парафіі Св. Юрыя ў Брэсце перажывае незвычайную ўрачыстасць – асвячэнне новага, так доўга чаканага касцёла ў маляўнічым раёне горада на заходніх рубяжах нашай краіны. Парафіяльная радасць – гэта радасць таксама Пінскай дыяцэзіі і ўсяго Касцёла ў Беларусі, бо на яе карце з’яўляецца яшчэ адно месца, дзе будзе абвяшчацца Божае слова, будуць цэлебравацца сакрамэнты і будзе будавацца хрысціянская супольнасць, дзякуючы чаму чалавек будзе сустракацца з Богам.

Віншую з гэтай знакавай падзеяй у жыцці католікаў Брэста пробашча кс. прэлата Антонія Гэя і ўсю парафіяльную супольнасць. Віншую ардынарыя Пінскай дыяцэзіі біскупа Антонія Дзям’янку і дапаможнага біскупа Казіміра Велікасельца, які прадоўжыў распачатае кс. прэлатам Збігневам Каролякам будаўніцтва гэтага касцёла.

Усім ім мы ўдзячныя за іх ахвярную працу, таксама як і спонсарам і парафіянам за іх ахвяры на будаўніцтва Божага дома, дзяржаўным уладам за дазвол, архітэктарам – за праект і будаўнікам – за пабудову.

2. Божы Провід дае нам магчымасць стаць сведкамі нараджэння, калі так можна выказацца, новага касцёла. Не дастаткова толькі пабудаваць святыню, але яе трэба яшчэ асвяціць спецыяльным літургічным актам.

Што гэта на самой справе азначае? Адказаць на гэтае пытанне могуць нам дапамагчы сённяшнія літургічныя чытанні. Першае чытанне з Кнігі Нээміі распавядае, як габрэі пасля вяртання з егіпецкай няволі распачалі адбудову Ерузалемскай святыні. Пабудаваная ў часы вялікіх ізраэльскіх каралёў, яна перажыла часы росквіту і падзення Выбранага народа. Была сведкай зняволення габрэяў, пасля чаго была знішчана і цяпер ізноў адбудоўваецца. Выбраны народ глыбока перажывае гэтую падзею, з плачам распачынае вялікую справу адбудовы, і яго смутак ператвараецца ў радасць (пар. Нм 8, 2-11).

На фоне гэтых слоў прарока Нэміі лепей можам зразумець словы Евангелля аб абяцанні прымату ў Касцёле апосталу Пятру. На пытанне Езуса, кім Яго ўспрымаюць апосталы, апостал Сымон адказаў, што Ён Сын Бога жывога. На што Езус назваў Сымона Пятром, што азначае скалой, на якой Ён будзе будаваць свой Касцёл. Гэтая скала такая моцная, што брамы пекла не змогуць яе перамагчы (пар. Мц 16, 17-18).

Касцёл – гэта не толькі і не столькі будынак, нават сакральны. Хрыстус падкрэслівае, што ён збудаваны на скале. Гэтай скалой з’яўляецца вера Пятра. Таму Касцёл павінен быць супольнасцю веруючых, якія, падобна Пятру, вызнаюць, што Хрыстус – гэта Сын Божы, Збаўца свету.

3. Вернікі з’яўляюцца часткай гэтай збудаванай на Пятры супольнасці. Яны вызнаюць і абвяшчаюць веру ў Сына Божага. На ёй будуюць сваё асабістае, сямейнае, прафесійнае і грамадскае жыццё. Такім чынам яны з’яўляюцца ўдзельнікамі Божага Валадарства. Нездарма Езус сказаў Пятру, што менавіта яму дасць ключы ад яго (пар. Мц 16, 19).

Гэты новапабудаваны касцёл будзе служыць людзям, сэрцы якіх з’яўляюцца жывымі камянямі, з якіх будуецца Касцёл як Божы народ, вуглавым каменем якога з’яўляецца сам Хрыстус (пар. 1 Птр 2, 9).

Пабудаваная святыня будзе служыць касцёльнай супольнасці і таму павінна быць асвечана, гэта азначае аддадзена Богу як прастора, у якой збіраецца і моліцца Божы народ, як прастора, дзе ў сваім слове да нас звяртаецца сам Бог, дзе ў слове Божым, Эўхарыстыі, іншых сакрамэнтах і справах міласэрнасці прабывае Збаўца, прабывае ў гадзіны радасці і смутку, прабывае, каб быць разам з намі ў нашай штодзённасці.

Касцёл з’яўляецца месцам нашага хросту, як нараджэння да духоўнага жыцця. Гэта месца цэлебрацыі іншых сакрамэнтаў, у якіх Божая ласка абагачае нас і якія патрэбны для збаўлення. Тут асабліва трэба звярнуць увагу на сакрамэнт паяднання, як сакрамэнт бязмежнай Божай міласэрнасці, у якім мы, грэшныя, нараджаемся да новага жыцця ў Божай ласцы.

У касцёле мы вызнаём нашу веру ў адпушчэнне грахоў, уваскрашэнне цела і жыццё вечнае.

Тут жывём у таямніцы еднасці святых, бо кожны касцёл мае свайго нябеснага апекуна, як гэты касцёл – святога Юзафа, апекуна Найсвяцейшай Панны Марыі.

Касцёл – гэта таксама месца святкавання асаблівых урачыстасцяў, такіх, як Божае Нараджэнне, Вялікдзень, Спасланне Духа Святога, урачыстасць Цела і Крыві Хрыста, марыйныя святы і іншыя. Тут вернікі збіраюцца на майскія, чэрвеньскія і ружанцовыя набажэнствы.

З касцёла памерлыя адпраўляюцца на месца вечнага спачынку аж да дня ўваскрашэння. Касцёл таксама з’яўляецца тым спецыяльным месцам, у якім захоўваецца памяць аб нашых памерлых праз малітву ў іх інтэнцыях.

Як бачым, усё жыццё чалавека ад нараджэння да самай смерці звязана з касцёлам.

4. Сімвалічна, што касцёл, які сёння асвячаецца, сваім апекуном мае святога Юзафа. Вядома, якую важную ролю адыграў святы Юзаф у гісторыя збаўлення. Толькі Марыі і яму Бог аб’явіў таямніцу Богаўцелаўлення. Якую глыбокую веру павінен быў ён мець, каб прыняць пасланне Бога, каб шукаць месца, дзе народзіцца Збаўца, каб разам з Ім уцякаць у Егіпет і бараніць Немаўлятка Езуса ад забойчай рукі Ірада і г.д.!  Вядома таксама, што святы Юзаф з’яўляецца апекуном Касцёла, і таму сёння яго апецы давяраем гэты сакральны будынак.
 
5. Сімвалічна і тое, што асвячэнне касцёла адбываецца ў фацімскі дзень. Фацімскае пасланне складаецца з закліку да навяртання і малітвы, асабліва ружанцовай, і таксама да выпраўлення крыўды за свае грахі і грахі  чалавецтва. Яно вырастае з Евангелля, бо на пачатку сваёй дзейнасці Езус заклікаў да навяртання і веры ў Евангелле (пар. Мк 1, 15). Яго мэта – гэта духоўная перамена чалавека. Перамога над грахом і ўмацаванне дабра, а таксама дапамога на шляху святасці. Яно заўсёды актуальна і скіравана да людзей нашага часу, які пазначаны чалавечымі цярпеннямі, зневажаннем правоў чалавека і барацьбой з Богам. Яно таксама прасякнута любоўю Марыі да чалавецтва.

Любоў Беззаганнага Сэрца Марыі адкрылася нам на Кальварыі, калі Езус даў нам Яе як нашу духоўную Маці. З таго моманту Яе найвялікшым клопатам з’яўляецца клопат аб збаўленні чалавека. Добра сталася, што гэты касцёл у Брэсце асвячаецца перад святкаваннем юбілею 100-годдзя фацімскіх аб’яўленняў у наступным годзе, як знак іх ажыццяўлення. На выпаленай духоўным Чарнобылем зямлі вера адраджаецца, знакам чаго з’яўляюцца новыя касцёлы, у тым ліку гэты касцёл св. Юзафа.

6. Сімвалічна і тое, што новы касцёл асвячаецца ў аўторак, калі традыцыйна мы молімся да святога Антонія, апекуна ў пошуку згубленых рэчаў. Калі мы нешта згубім, то нам шкада і мы шукаем згубленую рэч. Мы таксама просім іншых дапамагчы яе знайсці. Хрысціянская традыцыя кажа нам звяртацца ў такіх выпадках да св. Антонія, і, напэўна, многія могуць пацвердзіць, што ён сапраўды дапамагае.

Трагедыя сучаснага чалавека – тое, што ён згубіў веру. Таму неабходна маліцца да св. Антонія, каб ён дапамог яе знайсці. Гэта азначае, што ў пастырскай праграме парафіі новая евангелізацыя, якая з’яўляецца галоўным заданнем Касцёла ў наш час, павінна займаць асноўнае месца, каб з дапамогаю св. Антонія людзі адшукалі веру, бо прычына ўсіх крызісаў – гэта крызіс веры.

7. Дарагія браты і сёстры!

Брэст знаходзіцца на заходніх рубяжах нашай краіны. Ён вядомы многімі гістарычнымі падзеямі, якія тут адбываліся, у тым ліку і ў жыцці Касцёла. Вядомы ён і славутай Брэсцкай крэпасцю, якая першая прыняла на сябе ўдар фашысцкіх войскаў і мужна змагалася з імі.

Няхай праз заступніцтва Маці Божай Фацімскай, святых Юзафа і Антонія і святых нашай зямлі Брэст стане фарпостам хрысціянскай веры і няхай гэтаму служыць святыня, якая асвячаецца сёння. Амэн.

Адноўлена 13.09.2016 14:19
 
© 2003-2024 Catholic.by