Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас літургіі ва ўспамін усіх памерлых на мінскай Кальварыі | Друк |

2 лістапада 2016 г.

Глыбокапаважаныя браты і сёстры!

1. Учора Каталіцкі Касцёл адзначаў урачыстасць Усіх Святых. Сёння адзначаем дзень успаміну ўсіх памерлых вернікаў. Учора колер літургічных адзенняў урачысты — белы альбо залаты. Сёння жалобны — чорны або фіялетавы. Учора радаснае «Хвала на вышынях Богу...», сёння — «Вечны адпачынак дай ім, Пане».

Чаму так ёсць? Чаму Касцёл пасля ўрачыстасці Усіх Святых адзначае ўспамін усіх памерлых? Што злучае адных з другімі?

2. У гэтай літургічнай практыцы ёсць вялікая і збаўчая думка. Аднойчы катэхетка спытала ў дзяцей: што трэба ўчыніць, каб стаць святым? Адзін хлопчык адказаў, што найперш трэба памерці. Можна пасмяяцца з гэтага адказу, але праўда такая, што толькі пасля смерці Касцёл можа аб’явіць таго ці іншага чалавека святым. І нават калі ён такім і не быў аб’яўлены, бо не праводзіўся яго беатыфікацыйны працэс, то толькі пасля смерці наступае Божы суд, які вырашае — вечнае шчасце ці вечнае цярпенне.

Пакуль чалавек жыве, ёсць час выправіцца, нават самаму вялікаму грэшніку. Божая міласэрнасць бязмежная, яна нікога не адкідвае. Як бацька з прыпавесці Хрыста, які чакае марнатраўнага сына, з надзей, што ён вернецца ў айчынны дом, гэтаксама і Бог чакае навяртання грэшніка.

Толькі Бог з’яўляецца суддзёю, мы ж не маем права нікога судзіць, не маем права казаць, што той ці іншы чалавек трапіць у неба або пекла. Касцёл нават не выказваецца адносна лёсу здрадніка Юды, бо мы не ведаем, можа, у апошнюю хвіліну свайго жыцця ён папрасіў у Бога прабачэння.

У адной гісторыі распавядаецца пра тое, што найбольшае здзіўленне будзе нас чакаць у вечнасці. Найперш мы будзем вельмі здзіўлены тым, што ў небе не ўбачым тых, каго лічылі святымі. Мы будзем здзіўлены і тым, што там апынуцца тыя, пра каго мы нават не маглі падумаць, што яны будуць збаўлены. І нарэшце, больш за ўсё мы будзем здзіўлены тым, што самі апынуліся ў краіне вечнай радасці.

3. Сярод памерлых, напэўна, ёсць многа тых, хто збаўлены, але яшчэ не можа зведаць радасці збаўлення, бо не адпакутавалі часовую кару. Душа такога чалавека знаходзіцца ў чыстцы. Слова «чысцец» паходзіць ад слова «чысціць, ачышчаць». У чыстцы душы памерлых ачышчаюцца ад наступстваў грахоў, бо нішто нячыстае, як кажа Хрыстус, не ўвойдзе ў Божае Валадарства.

У чыстцы чалавек вельмі моцна церпіць з-за таго, што, ведаючы пра сваё збаўленне, не можа з яго скарыстаць і павінен чакаць, калі скончыцца час поўнага ачышчэння. Гэта можна параўнаць з сітуацыяй, калі здаровы чалавек вымушаны чакаць у ізалятры з-за каранціну, які аб’яўлены ў выніку нейкай заразнай хваробы. Чалавек здаровы і мог бы спакойна радавацца жыццю, быць са сваёй сям’ёй і сябрамі, працаваць, адпачываць і г.д., але яго не выпускаюць на волю і не выпусцяць, пакуль не міне час каранціну.

Падобна і душы ў чыстцы: самі не могуць перайсці з чыстца да неба. Яны павінны чакаць і цярпець, пакуль не ачысцяцца. Аднак Касцёл, які кіруецца ідэяй бязмежнай Божай міласэрнасці, укладае ў нашы рукі ключ, якім мы можам адчыніць нашым памерлым брамы неба. Гэтым ключом з’яўляюцца адпусты, якія на працягу ўсёй актавы за памерлых мы можам кожны дзень атрымаць і ахвяраваць за іх.

Гэта ні што іншае, як праяўленне міласэрнасці да іх і знак салідарнасці з імі. Яны чакаюць яго. Чакаюць нашы бацькі, браты, сёстры, блізкія, знаёмыя. Чакаюць і ў гэтыя дні ўглядаюцца ў нас — што мы зробім? А мы павінны прыйсці да іх з дапамогай. Благаслаўлёныя міласэрныя, бо яны міласэрнасць спазнаюць, кажа Хрыстус. Таму, аказваючы міласэрнасць нашым памерлым, мы заслугоўваем міласэрнасць для нас саміх у будучыні.

4. Нашы памерлыя — гэта наша гісторыя. Калі б не было іх, не было б і нас. Не было б не толькі з біялагічнага пункту гледжання, але не было б таксама і з гістарычнага, культурнага і рэлігійнага. Яны пакінулі пасля сябе багатую спадчыну, якой мы карыстаемся.

Мы знаходзімся на самых старых у Мінску могілках — Кальварыйскіх. Паходзім па іх. Пачытаем імёны памерлых, напісаныя на помніках, услухаемся таксама ў іх галасы: «Я быў такім, як ты, а ты будзеш такім, як я. Прашу аб малітве». Гэта крык душы памерлага аб дапамозе.

Імёны нашах памерлых — гэта наша гісторыя. Яны будавалі наш горад. Будавалі святыні. Распаўсюджвалі і баранілі веру. Сёння з іншага свету яны чакаюць нашай дапамогі.

Няўдзячным мы называем дзіця, якое не дапамагае сваім бацькам. Як жа нашы продкі, бацькі і блізкія сёння чакаюць нашай дапамогі! Праз тоўшчу зямлі мы бачым іх твары, чуем іх голас, адчуваем іх клопат пра нас, калі мы былі малымі, калі патрабавалі дапамогі і добрай рады. Сёння мы з удзячнасцю ўспамінаем іх. Але, каб гэтая ўдзячнасць была поўнай, прымем святую Камунію і памолімся ў інтэнцыях Святога Айца, каб атрымаць поўны адпуст, а праз яго, нібы ключом, адчыніць для іх брамы раю. Амэн.

 
© 2003-2024 Catholic.by