Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас аплаткавай св. Імшы для дзяцей | Друк |

Дарагія браты і сёстры, дарагія дзеці!

1. Два тыдні таму мы адзначалі свята Божага Нараджэння. Тады ўспаміналі тую хвіліну, калі на свет прыйшоў доўгачаканы Збаўца і казалі аб тым, што Езус павінен нараджацца сваёй ласкай таксама ў нашых сэрцах.

Сёння святам Хросту Пана завяршаецца перыяд Раства Хрыстовага, аднак мы будзем працягваць спяваць радасныя калядкі і ўсхваляць цуд Нараджэння Збаўцы яшчэ амаль цэлы месяц — да 2 лютага, свята Ахвяравання Пана ў Ерузалемскай святыні.

Таму сёння яшчэ раз засяродзімся на праўдзе Божага Нараджэння і на тым, якое значэнне яна мае для дзяцей.

2. Дзеці вельмі любяць розныя гісторыі. Раскажу вам адну, якая мне вельмі падабаецца. Жыў-быў стары пастух, які вельмі любіў ноччу сузіраць засеянае зоркамі неба і пры гэтым часта паўтараў, што хутка Ён прыйдзе, вельмі хутка! Яго ўнук пытаўся: хто?

«Кароль», — адказваў пастух.
«Як хутка?»
«Ужо не доўга засталося чакаць».
«А ці ён будзе мець залатую карону на галаве?» — пытаўся ўнук.
«Так, будзе».
«Ці будзе мець сярэбраны меч?»
«Так, будзе».
«Ці будзе ехаць на вялікім і прыгожым кані?»
«Так, будзе».

Такі дыялог паміж дзедам і ўнукам адбываўся часта. Унук, які іграў на трубе, быў задаволены такімі адказамі і стараўся іграць лепей, каб потым годна прывітаць караля, які хутка павінен быў прыйсці.

Потым дзядуля пачаў пытаць у свайго ўнука, ці будзе той іграць каралю, які не будзе мець залатой кароны, не будзе мець сярэбранага мяча, не будзе ехаць на прыгожым кані? «Не, — адказаў унук, — такому каралю я не буду іграць. Мой кароль павінен быць самым моцным у свеце, каб мне ўсе зайздросцілі».

Пастух задумаўся. Яму было вельмі прыкра і смутна. Ён адчуў сябе зусім адзінокім. Ён спытаў самога сябе, чаму распавядаў унуку тое, аб чым сам не ведаў? Як гэты кароль прыйдзе на зямлю? Як узнікне з вечнасці і часу? Будзе дзіцём ці старым? Будзе багаты ці бедны? Чаму ж я падманваў свайго любімага ўнука? Вядома, што кароль, якога чакаем, не будзе мець залатой кароны, мяча і каня, але будзе мацнейшы за зямных каралёў. Як гэта ўсё растлумачыць дзіцяці?

І вось аднойчы ўначы над Бэтлеемам з’явілася новая зорка і вялікае святло асвяціла зямлю. Анёл абвясціў пастуху, што нарадзіўся Збаўца. Тады ён разбудзіў унука і сяброў пастухоў. Унук узяў сваю трубу і ўсе разам пабеглі ў Бэтлеем. Калі дабеглі, то ў стайні сярод хатніх жывёлаў убачылі немаўлятка, жанчыну і мужчыну, і сталі на калені.

«Гэта той кароль, якога мы чакалі, — сказаў пастух унуку, — зайграй яму».

«Не, я такому каралю не буду іграць», — адказаў унук і выйшаў з Бэтлеемскай гроты. Раззлаваны, ён бег усё далей. Але ўвесь час чуў усё мацнейшы плач дзіцяці, якое засталося ў стайні. Плач быў настолькі моцны, што хлопчыку стала шкада дзіцяці. Ён вярнуўся і зайграў на трубе. Пасля гэтага ўбачыў, як дзіцятка ўсміхнулася. Хлопчык адчуў вялікую радасць і зразумеў, што ўсмешка гэтага дзіцяці больш вартая, чым золата і срэбра цэлага свету.

5. Дарагія дзеці! Такое шчаслівае заканчэнне гэтага аповеду. Але ён вучыць нас, што трэба з любоўю ставіцца да ўсіх людзей: да мамы і таты, да сяброў у садку і школе, да кожнага чалавека.

Тыдзень таму мы распачалі новы год. Сёння адзначаем свята Хросту Пана, калі св. Ян Хрысціцель хрысціў Езуса ў Ярдане. Праз хрост мы ўсе сталі дзецьмі Божымі і распачалі новае жыццё. Хрост стаў нашым новым духоўным годам.

Таму сёння, успамінаючы Божае Нараджэнне, святкаванне новага году, які нядаўна распачаўся, і наш хрост, папросім Немаўлятка Езуса, каб умацоўваў вас ва ўсе дні гэтага новага года, каб вы з кожным днём станавіліся лепшымі і больш мілымі Богу, каб былі радасцю і надзеяй для вашых бацькоў, Касцёла і Радзімы. Амэн.

Чырвоны касцёл, 8 студзеня 2017 г

Адноўлена 03.01.2017 14:43
 
© 2003-2024 Catholic.by