Размова з праекціроўшчыкам самай высокай фігуры Хрыста ў свеце | | Друк | |
Інтэрв'ю |
30.04.2012 13:11 |
Праекціроўшчык праекта польскі скульптар Міраслаў Патэцкі распавёў пра некаторыя нюансы ўзвядзення статуі і падзяліўся планамі свайго ўдзелу ў Берлінскай біенале сучаснага мастацтва. Статуя як сімвал веры «Ідэя ўзвядзення такога помніка належыць нашаму ксяндзу Сільвестру Завадскаму, — удакладняе спадар Патэцкі. — На той час у Свябодзіне ён будаваў касцёл і хацеў, каб фігура Хрыста натхняла парафіянаў у іх веры. Святар выкупіў кавалак зямлі — на перакрыжаванні бальшакоў — і ў сэрцы спадзяваўся, што помнік Хрысту Валадару ўдасца ўзвесці якраз у тым месцы. Мяне ён ведаў найперш як разбяра — да гэтага пэўны час я з ім ужо супрацоўнічаў. Вось так, спаткаўшы мяне аднойчы, ён расказаў пра сваю задумку і пацікавіўся, ці не хацеў бы я ўзначаліць гэтую працу. — Колькі часу прайшло ад моманту стварэння першага эскіза і да асвячэння статуі? — Ідэя з’явілася ў 2002 г. Мы распрацоўвалі першыя мадэлі, затым ішло ўзгадненне асобных элементаў, уносіліся змены. Асвячэнне помніка з удзелам ганаровага арцыбіскупа з Вроцлава Генрыха Гульбіновіча адбылося ў 2010 годзе. Сама ж будова доўжылася цягам трох гадоў: гэта значыць спачатку прапрацоўвалася будучая мадэль статуі, рыхтаваліся яе асобныя элементы, а ўжо пасля — непасрэдны працэс будаўніцтва. — Колькі чалавек было задзейнічана ў будаўніцтве? — Цяжка назваць дакладную лічбу, таму што касцяк каманды — гэта «жменька» людзей. А рабочыя змяняліся за ўвесь перыяд будаўніцтва дастаткова часта. На будоўлі працавала каля 20 чалавек. — Ці вядома, у якую суму абышоўся праект? — На жаль, не магу адказаць, бо па-праўдзе я і сам не ведаю (усміхаецца — Аўт.). Наш ксёндз і да гэтага часу не прызнаўся, колькі гэта ўсё каштавала. А мы асабліва і не распытваем. — Ці ёсць унутры статуі лесвіца або якісьці ліфт для наведвальнікаў? — Не. Там ёсць толькі тэхнічныя ўваходы — мы не ставілі перад сабой мэту заманіць турыстаў. Інтэнцыяй пробашча было імкненне паказаць, што Польшча — веруючы, хрысціянскі край. Сёння статуя Хрыста Валадара па ўзгадненні з гарадскім саветам Свябодзіна лічыцца сімвалам горада і парафіі. Мастацтва ў масы Днямі ў нямецкай сталіцы распачалася выстава сучаснага мастацтва біенале, дзе Міраслаў Патэцкі — адзін з экспанентаў. «На біенале мы прэзентуем зменшаную мадэль арыгіналу статуі, — дзеліцца задумкай скульптар. — Адна з частак статуі — галава — падчас выставы будзе ўзноўлена ў натуральную велічыню — 5 метраў». — Спадар Міраслаў, як Вы лічыце, ці магчыма рэалізацыя падобнага праекта ў Беларусі? — На жаль, я не ведаю, як ідуць справы з верай і каталіцтвам у Беларусі. Але спадзяюся, што веруючых людзей, сапраўды практыкуючых католікаў у Беларусі больш, чым у Польшчы. У нас, на жаль, за апошнія гады назіраецца не зусім радасная тэндэнцыя — людзі трымаюцца ад рэлігіі на адлегласці. У нас з жонкай дзве дачкі, якіх мы гадавалі ў хрысціянскай традыцыі. Сёння адна — практыкуючая каталічка, а другая, на жаль, паціху занядбоўвае духоўныя практыкі, што для нас вельмі прыкра. Пакаленне папы Яны Паўла ІІ у Польшчы яшчэ жыве, але нашчадкі перажываюць веру не так глыбока. Магчыма, гэта статуя Хрыста Валадара і павінна стаць напамінам пра тое, што Бог побач. Адно я магу сказаць дакладна: калі беларусы прыдумаюць нейкі падобны праект — гэта толькі плюс. А каб ідэя спраўдзілася, трэба вельмі моцна гэтага хацець. Калi што — мы з радасцю прэзентуем прывезеную для бiенале паменшаную копiю статуі ў Беларусь. Ілья Лапато
|