Быць — значыць вучыцца. Быць — значыць «не спаць». Be or not to be евангелізацыі ў сучасных СМІ | Друк |


Даклад кс. Аляксандра Амяльчэні
на канферэнцыі «Новая евангелізацыя ў сучасным свеце»
Мінск, касцёл св. Сымона і св. Алены, 7–8 лістапада 2009 г.


Вучыцца быць

У нашым постмадэрнісцкім грамадстве з хуткасцю лавіны распаўсюджваецца ідэя пра тое, што кожны чалавек мае права самастойна вызначаць, «што такое добра і што такое дрэнна». Цалкам знікае ўяўленне абсалютнай ісціны, а па сутнасці, увогуле назіраецца адмаўленне яе існавання. Напэўна, кожны з нас чуў словы тыпу «Бог адзін, а шляхі да Яго розныя». Аднак Біблія кажа, што шлях у Божае Валадарства таксама адзін — праз Езуса Хрыста.

Бессэнсоўным валюнтарысцкім высновам чалавека няма межаў: «Ніхто не мае права мне ўказваць, як жыць», «жыццё ў мяне адно, таму трэба паспрабаваць усё», «жанчына мае права сама вырашаць — забіваць або пакінуць жывым ненароджанае дзіця», «кожны мужчына мае права „налева“», «гомасексуалізм — усяго толькі альтэрнатыўная мадэль сексуальных адносінаў», «грамадзянскі шлюб — гэта спосаб прымерыць абутак перад набыццём», «эўтаназія — праява міласэрнасці да невылечна хворага чалавека». Спіс не поўны.

Абвяшчэнне Евангелля ў эпоху постмадэрнізму становіцца асабліва складаным заняткам, бо людзі ставяцца да хрысціянства толькі як да магчымых базісаў для арганізацыі свайго жыцця. А мы сцвярджаем, што хрысціянства — адзіная правільная платформа для жыцця чалавека ў грамадстве. Мы цвёрда ведаем, што існуюць непахісныя і нязменныя маральна-этычныя каштоўнасці. Менавіта яны павінны вызначаць нормы паводзінаў чалавека, соцыума, а таксама заканадаўчую базу дзяржавы.

СМІ з’яўляюцца найлепшым каналам для творчага абвяшчэння Евангелля, папулярызацыі дактрыны хрысціянства і хрысціянскай сістэмы каштоўнасцей. Аб’ект нашай увагі і нашых намаганняў — змены або карэкцыя каштоўнасных установак людзей.

Безумоўна, нас цікавяць, у першую чаргу, не рэлігійныя, а свецкія СМІ. Бо менавіта яны прыцягваюць увагу свецкай аудыторыі. Тут важнаю з’яўляецца роля хрысціян, якія павінны прымаць актыўны ўдзел у нецаркоўных медыя-праектах. Выхаванне ў масавай аудыторыі нормы паводзінаў і спосабу мыслення, якія адпавядаюць духу хрысціянскай этыкі, — гэта наша мэта. Менавіта хрысціянскае прадстаўніцтва ў свецкіх СМІ зможа выкарыстоўваць кожны канкрэтны медыя-рэсурс для гэтых функцый. Безумоўна, прынцыпова важна, каб пры гэтым журналісты-хрысціяне былі прафесіяналамі, паважанымі і аўтарытэтнымі асобамі ў сваіх рэдакцыях.

Існуе інфармацыйная блакада хрысціянства, хрысціянскіх каштоўнасцей. Аднак Езус і Яго этыка дастойныя таго, каб быць шырока прадстаўленымі ў СМІ. Валадарства Божае мае ў сабе каласальны патэнцыял росту. Толькі яму патрэбны мас-медыя, якія павінны стаць важным фактарам гэтага росту. І нашая з вамі адказнасць — кардынальна трансфармаваць сітуацыю ў бліжэйшым часе.

Вучыцца адказваць

Вельмі важна запрасіць сучаснага чалавека, які жыве пад уплывам секулярнай ідэалогіі, адказаць на некалькі нязручных для яго пытанняў. Хто для мяне Бог? Суддзя, Брат, Эталон, Святасць, Валадар, Той, хто жыве ў недаступным свеце? Або слуга, які пакорна схіляецца ў чаканні маіх указанняў, гатовы прынять і неадкладна адказаць на ўсе мае прэтэнзіі і заўвагі?

У залежнасці ад таго, як мы Яго ўспрымаем, складваецца і стыль нашых адносінаў з Ім. Ці дапушчальна панібрацтва ў адносінах да Бога? Наколькі яно ўпісваецца ва ўспрыманне чалавекам Стварыцеля, як любячага Айца, Сябра, які бясконца прабачае? Дзе мяжа паміж блізкімі адносінамі і святатацтвам, непасрэднасцю і блюзнерствам? Пытанні настолькі ж няпростыя, наколькі і сур’ёзныя.

Пытанні тым больш складаныя, бо сучасны чалавек ставіць пад сумненне ўсё і ўся, жадае атрымаць доказы права, хто б гэты ні быў, на першынство, спяшаецца праявіць, прадэманстраваць максімум свабоды, незалежнасці, гордасці.

Бог са сваімі (як лічыць сучасны чалавек) прэтэнзіямі на Абсалютную ўладу ніяк не ўпісваецца ў створаны Ім жа самім вобраз, гэта значыць: «Зашмат месца патрабуе Стварыцель, зашмат мала прапануе ўзамен».

Хто для нас Бог? Ён для многіх стаў цяпер віртуальным, таксама як і свет, у якім людзі дазваляюць сабе пісаць адно аднаму тое, што ніколі не змаглі б сказаць, гледзячы ў вочы. Гэтую практыку прапануецца перанесці на адносіны з Богам. Дзяцей сёння вучаць не маліцца, а пісаць Богу… лісты.

Гэтая ідэя належыць амерыканскаму пісьменніку Сцюарту Хэмплі, які стаў не толькі збіраць лісты дзяцей, але і публікаваць іх. Адзін з падлеткаў так і напісаў: «Настаўніца наказала, каб мы напісалі Табе, Божа, ліст. Хто пра што жадае».

Гэты па сваёй ідэі цудоўны праект стаў пэўнай забавай для дарослых і агаліў многія недахопы духоўнага выхавання дзяцей.

Атрымалася, што дарослыя не толькі справакавалі дзіцячае блюзнерства ў адносінах да Бога, не расказаўшы спачатку, Хто Ён Такі на самой справе, аднак і зрабілі іх наіўнасць, некампетэнтнасць прадметам вяселля і забавы. Іншымі словамі, не зусім высакародна выкарысталі гэту ідэю.

Дзеці пастараліся «на славу» і, побач з больш-менш прыстойнымі зваротамі, напісалі так, як іх папрасіла настаўніца: «Хто пра што жадае». Вось некалькі (не самых горшых) лістоў.

• Прычым тут рабро, калі ствараюць чалавека. Не трэба ля-ля, Божа. Эдзік, 3 кл.

• Паслухай, жыццё нам даюць бацькі, а забіраеш яго Ты. Эрна, 2 кл.

• Не патрабуй, каб усе на Цябе маліліся. Гэта нясціпла. Валя, 4 кл.

• Калі Ты зробіш канец свету, хто ж на Цябе маліцца будзе? Пеця, 4 кл.

• Калі ўвогуле, то я ў Цябе не веру... Юра, 2 кл.

• Хто Цябе навучыў так весці сябе з людзьмі? Насця, 4 кл.

Гэта было б прабачальна, калі б такая мода не пачала набіраць абароты ў асяроддзі так званых «магчымых хрысціян». Яны павінны былі ведаць, як чалавеку трэба звяртацца да Бога. Безумоўна, можна растлумачыць усё дзіцячай наіўнасцю, іх стаўленнем да Бога як да Сябра. Можна.

А можна зрабіць і па Божаму слову. У ізраільскім народзе з ранняга ўзросту дзецям прывівалася глыбокая пашана да Стварыцеля. Чаму б не ўзяць прыклад з Іллі, які навучыў Самуіла, як размаўляць з Богам? «...І калі [Той, які кліча] пакліча цябе, ты скажы: прамаўляй, Пане, бо слухае слуга Твой» (пар. 1 Цар. 3, 9). Не дадумаўся Самуіл запытаць: «Хто Цябе навучыў будзіць мяне па начах?».

Павага да Бога прывівалася з маленства, калі дзіця яшчэ нічога не разумела, аднак ужо прымала ўдзел у пакланенні Жывому Богу. Які цудоўны вобраз апісаны евангелістам Лукой. Сімяон узяў Немаўлятка Езуса на свае рукі і… благаславіў Бога! Урачыстая атмасфера: тут і прымірэнне, і падзяка, і скруха, аднак галоўнае — пераемнасць.

Не лісты і не SMS трэба прапаноўваць пісаць да Бога. І тым больш, не смяяцца над тэкстамі, якія мяжуюць з блюзнерствам. А вучыць дзяей маліцца, пакланняца Богу і схіляцца перад Ім. «...Калі Я — Айцец, то дзе пашана да Мяне? І калі Я — Пан, то дзе глыбокая пашана да Мяне? — кажа Бог Саваоф...» (пар. Мал 1, 6).
 

Вучыцца карыстацца

Рэакцыя царкоўнай супольнасці на развіццё інтэрнэт-тэхналогій з’яўляецца дваякай. З аднаго боку, многія хрысціяне становяцца ў абарону «рэальнасці» і абвінавачваюць камп’ютарныя тэхналогіі ў тым, што яны падмяняюць сапраўднае жыццё віртуальным. З іншага боку, значная частка практыкуючых вернікаў так ці інакш аказваецца «ўцягнутай» у сусветную павуціну і IT-тэхналогіі. Усё ж такі: «за» ці «супраць»?

Чаму ж царкоўнае асяроддзе «заўсёды спазняецца» ў плане выкарыстання высокіх тэхналогій? Другое пытанне ці, калі быць больш дакладным, праблема, якая выцякае з першага пытання: якой павінна быць стратэгія выкарыстання інфармацыйных тэхналогій у царкоўным асяроддзі, калі такое ўвогуле мае права на існаванне.

Наколькі б парадаксальна гэта не выглядала, аднак рэлігійнае асяроддзе, не заўважаючы таго, само стала на шлях сімуляцыі або падробленых навінак інтэрнэт-прасторы, чым пацвердзіла сваю лучнасць з глабальнымі працэсамі.

Ні для каго не сакрэт, што скапіраваць чужую ідэю прасцей, чым ствараць нешта самому. Вельмі яскравыя суадносіны «крэатыву» і «плагіяту» назіраюцца сёння ў прасторы Інтэрнэта. Новыя ідэі ў адзін момант капіруюцца і тыражыруюцца ва ўсіх магчымых варыяцыях, не выключаючы хрысціянскіх.

Западны хрысціянскі вэб-рух спачатку абмяжоўваўся традыцыйнай гаміліяй, абмеркаваннем унутрыцаркоўных праблем або навін. Аднак рост магчымасцяў інтэрнэта ўсё больш спрыяў перамяшчэнню прыярытэтаў у місіянерскай дзейнасці западных хрысціян у бок вэб-фармату.

Першай Царквой, якая прэтэндуе на тое, каб назвацца «i-Царквой», стала Англіканская Царква, якая, зыходзячы з асабістых ліберальных перадумоваў, дзякуючы інтэрнэт-праектам стала падобная да дыскусійнага міру.

Незвычайны і праект «Царквы дурняў» (Church of fools) — эксперыментальнага сайту, якія ўяўляе сабой віртуальную святыню. Выкарыстоўваючы аватары, кожны, хто пажадае, можа блукаць па віртуальнай царкоўнай пабудове ў рэжыме online.

Другім прыкладам вэб-крэатыву стаў праект знятага з сану каталіцкага біскупа Жака Галіота. Пакрыўджаны на Ватыкан, Галіот стварыў у інтэрнэце «дыяцэз без межаў».

Усе вышэй пералічаныя праекты наўрад ці можна назваць прыкладам паспяховай трансляцыі хрысціянскіх перакананняў у інтэрнэт-асяроддзі. Значна цікавей выглядаюць спробы хрысціянскага прымянення такіх папулярных вэб-праектаў, як сацыяльныя сеці, відэахостынгі і інтэрактыўныя энцыклапедыі.

Непераўзыдзеным лідэрам інтэрнэт-відэа застаецца YouТube, штомесячнае наведванне якога складае больш за 700 млн карыстальнікаў. Не дзіўна, што і ў YouТube існуе шмат клонаў, сярод якіх ёсць і хрысціянскія — якія не толькі служаць справе місіі, аднак і прыносяь сваім стваральнікам немалыя грошы.

Хрысціянскі клон YouТube, які атрымаў арыгінальную назву GodTube, быў прызнаны сацыялагічнай кампаніяй comScore лідэрам інтэрнэта па тэмпах росту — на дадзены момант на GodTube ужо зарэгістрыравана больш за 500 тысяч карыстальнікаў, штомесячнае наведванне — 2 млн унікальных наведвальнікаў, якія праглядаюць больш за 12 млн відэаролікаў.

Стваральнік сайта Крыс Уайт, які ў свой час з’яўляўся выканаўчым прадзюсерам тэлекампаніі CBS, прызнаўся, што не чакаў такога поспеху: наведвальнікаў на яго сайце па нядзелях больш, чым на набажэнствах у знакамітага амерыканскага прапаведніка Джоэла Осціна ў Х’юстане.

«Ідэя стварэння сайта спачатку выглядала рызыкоўна, — адзначыў Крыс Уайт. — На пачатку існавання рэсурс падтрымліваўся дзякуючы дапамозе сяброў-бізнесмэнаў. Цяпер жа GodTube нават прыносіць прыбытак. Мы зарабляем за кошт банераў, размешчаных на сайце, а таксама ад продажу відэаматэрыялаў і прадстаўлення інфармацыі сацыялагічным службам».

У асноўным на GodTube размешчаны матэрыялы забаўляльнага хаарктару — гэта музыка, камедыйныя відэасюжэты, а таксама відэазапісы вострых тэалагічных дэбатаў. На лістапад 2007 г. першае месца ў рэйтынгу GodTube займаў ролік пад назвай «Дзіця ўзяла кнігу», дзе 4-гадовая дзяўчынка на памяць чытала 23-і Псальм.

Хаця GodTube адкрыты для свабоднага размяшчэння матэрыялаў і вядзення тэалагічных дыскусій, на ім ўсё ж існуе цэнзура. Усе відэаматэрыялы праглядаюцца рэдакцыяй на прадмет зместу. На дадзены момант на сайте размешчана 25 тысяч відэаролікаў. 300–500 — дасылаюцца ў рэдакцыю штодзённа.

Каб справіцца з такім аб’ёмам інфармацыі, на GodTube працуе амаль круглыя суткі 10 чалавек. Раней гэта былі студэнты, зараз партал карыстаецца паслугамі прафесійных вэб-адміністратараў. Сайт сёння падтрымлівае 5 моў. На сённяшні дзень матэрыяламі GodTube карыстаюцца сотні пратэстанцкіх цэркваў ЗША.

На сайце ёсць «малітоўная сцяна», дзе можна пакінуць своеасаблівую «запіску» Богу з выкладзенай сваёй праблемай; прычым да чужых просьбаў можна пакідаць каментар, калі вы зарэгіструецеся. У іншым выпадку можна толкі чытаць чужыя запісы і запальваць свечкі. Дарэчы, бясплатна…

На сённяшні дзень GodTube вырас у хрысціянскую сацыяльную сетку Tangle, умовай удзелу у якой з’яўляецца вера ў Езуса Хрыста і Біблію.

Калі правобраз GodTube, YouTube імкнецца зарабіць на тым, што за грошы прадстаўляе свае рэсурсы разнастайным кампаніям, прадстаўнікам шоу-бізнэса і іншым, то утрымальнікі GodTube жывуць за кошт фінансавання розных інвестыцыйных кампаній. Згодна з паведамленнямі paidContent.org, GodTube атрымаў 30 млн долараў ЗША ад GLG Partners. Прыбыткам ад гэтага ўкладання дзякуючы аперацыям з трафікам стала сума ў 150 млн долараў.

Іншы прыклад «хрысціянскага кланіравання» — вядомая сацыяльная сетка MySpace, якая таксама набыла свайго хрысціянскага клона пад назвай MyChurch.

MyChurch прапануе карыстальнікам арганізаваць уласную «царкву» ў інтэрнэце або, на крайні выпадак, пашырыць кола зносінаў дзякуючы іншым вэб-хрысціянам. З моманту адкрыцця ў рамках MyChurch было створана больш за 30 000 «цэркваў», у якіх штодзённа здзяйсняюцца вэб-набажэнствы. Колькасць удзельнікаў — больш за 230 тысяч зарэгістраваных карыстальнікаў.

Пастыр Царквы Давід Рэндзі Хоекстра адзначыў: «MyChurch сапраўды змяніла маю царкву. Бог выкарыстаў MyChurch, каб стварыць наша грамадства, і я знаходжуся ў трапятанні ад гэтага. Мае парафіяне атрымліваюць асалоду ад нашай вэб-супольнасці».

«Я люблю MyChurch, таму што яна робіць магчымым для нашых членаў са Шры-Ланкі або Думая ўдзельнічаць у жыцці нашай супольнасці», — сказаў пастар Джым Самэрвіль з Першай баптысцкай царквы Вашынгтона. Самэрвіль цяпер размяшчае свае разважанні на MyChurch-старонцы для тых, хто прапусціў нядзельную Імшу, затым абмяркоўвае змест гаміліі з усімі жадаючымі.

Набор паслуг у MyChurch стандартны для сацыяльнай сеткі: можна абменьвацца фотаздымкамі, весці блог або прапаведаваць, арганізоўваць уласныя суполкі («цэрквы»), планаваць сумесныя мерапрыемствы і заводзіць новых сяброў.

On-line маркетынг і банерныя прапановы на MyChurch спрыяюць эфектыўнаму распаўсюджванню прадукта сярод хрысціянскай аудыторыі.

Аднак рэклама не з’яўляецца адзіным спосабам утрымання рэсурса. Другімі крыніцамі фінансавання з’яўляюцца карыстальнікі сеткі. Справа ў тым, што ёсць бясплатны варыянт сэрвіса, які прапануе абмежаваны набор — 10 МБ пад асабісты кантэнт і 70 МБ трафіка на месяц. Калі гэтага мала (а такі варыянт проста бессэнсоўны), то трэба будзе крыху раскашэліцца — ад $12 да $50 у месяц у залежнасці ад умоў.

Наступны напрамак, які таксама быў паспяхова кланіраваны, — Wikipedia, якім сёння карыстаецца 90% студэнтаў на Захадзе. Пастаяннымі карыстальнікамі Wikipedia у адукацыйных мэтах з’яўляюцца 25% студэнтаў. Асаблівую ўвагу яны надаюць нават не самім артыкулам, а крыніцам, лічучы іх адпраўной кропкай для ўласнага падбору матэрыялаў. Амаль трэцяя частка студэнтаў выкарыстоўвае гэтую on-line-энцыклапедыю як асноўную крыніцу інфармацыі.

Аднак не ўсім вэб-карыстальнікам Wikipedia падаецца няшкоднай: кансерватыўна настроеная частка выкладчыкаў ЗША ацэньваюць матэрыялы інтэрактыўнай энцыклапедыі як выключна ліберальныя і антыхрысціянскія. Алею ў агонь дадаў новы праект Wiki Bible — стварэнне Бібліі для ўсіх сусветных рэлігій, якая будзе напісана і адрэдагавана сусветнай інтэрнэт-супольнасцю.

У якасці аналага была створана Conservapedia — англамоўная, заснаваная на wiki-прынцыпах вэб-энцыклапедыя, якая выражае амерыкацэнтрычны, хрысціянска-кансерватыўны погляд на розныя навуковыя галіны. Першым запаветам Conservapedia з’яўляецца размяшчэнне толькі ісціннай інфармацыі, якая можа быць праверана; рашуча забараняецца капіраванне матэрыялаў з Вікіпедыі. Праект быў распачаты ў 2006 г. адвакатам і выкладчыкам гісторыі Э. Шлефлі, сынам знакамітага кансерватара і заснавальніка аглядальнай праграмы Eagle Forum Філісам Шлефлі.

Многія рэдактарскія метады Conservapedia адрозніваюцца ад тых жа ў Wikipedia — яны з’яўляюцца значна менш ліберальнымі. Напрыклад, толькі зарэгістраваныя карыстальнікі маюць магчымасць уносіць праўкі ў артыкулы. Сам працэс рэдагавання падпарадкоўваецца правілам, вядомым як Запаветы Conservapedia, якія кантралююць этычныя і маральныя бакі зменаў, якія ўносяцца. Апроч таго, некаторыя матэрыялы ўтрымліваюць прамую крытыку Wikipedia як насіцеля ліберальнай ідэалогіі.

Не дзіўна, што такая пазіцыя выклікае негатыўную рэакцыю з боку многіх інтэрнэт-карыстальнікаў.

Многія артыкулы Conservapedia падтрымліваюць крэацыянісцкі пункт погляду на паходжанне Сусвету і жыцця на Зямлі. Матэрыялы рэсурса настолькі кансерватыўныя, што нярэдка Біблія аўтарамі артыкулаў уяўляецца больш навуковый, чым самі навуковыя знаходкі. Напрыклад, у артыкуле «кенгуру» сцвярджаецца, што ўсе кенгуру паходзяць з адной пары жывёл гэтага віду, узятай Ноем на каўчэг. Сам Шэлфі каментуе гэты пункт погляду як карэктную альтэрнатыву тэорыі эвалюцыі.

Існуе Conservapedia выключна на дабрачыннай аснове. Дарэчы, у Рунэце ёсць падобны праект — «Дрэва», які рэалізуецца як адкрытая праваслаўная энцыклапедыя, дзе прадстаўлена больш за 10 тысяч артыкулаў.

Як ставіцца да падобных «клонаў»? З аднаго боку, яны сведчаць пра няздольнасць стварыць нешта больш арыгінальнае, што сапраўды адпавядала б і па форме, і па мэтах, які хрысціяне могуць ставіць перад сабой у прасторы інтэрнэта. З іншага боку, у такой сітуацыі перайманне аказваецца дапушчальным, аднак толькі пры ўмове, што кланіраваны праект усё ж будзе творча нанава ўсвядомлены, а не проста абвешаны рэлігійнымі атрыбутамі.

Сёння віртуальныя сацыяльныя сеткі — гэта дакладная праекцыя сучаснага грамадства і сацыяльных адносінаў, якія існуюць у рэальным свеце. І тое, як пазіцыяніруць сябе католікі, кажа, на жаль, аб адным: мы не толькі страшэнна баімся акаляючага нас свету, мы не менш баімся і адно аднаго. Сёння трэба дакладна зразумець, што імкненне вылучыць нейкі асаблівы «каталіцкі сегмент сеткі» і туды «сагнаць» усіх веруючых — каб іншым жыць не перашкаджалі — звернута супраць Ксцёла. Гэта менавіта тое, чаго і хоча дабіцца секулярызаванае грамадства, не дапускаючы сведчання пра Хрыста ні ў школе, ні ва універсітэце, ні ў сродках масавай інфармацыі. Лягчэй за ўсё «аслупаваць» тэрыторыю каталіцкім дызайнам, каталіцкімі банерамі, каталіцкімі аватарамі, убачыўшы якія чалавек «звонку» адразу зразумее: туды яму лепш не заходзіць — варожая тэрыторыя. Куды больш складана данесці асноўныя хрысціянскія праўды на мове, зразумелай і даступнай для любога наведвальніка. А менавіта сёння гэтая мова — зусім не мова Пушкіна і Дастаеўскага; больш за тое — гэта ўжо і не мова тэкста, бо інтэрнэт даўно ўжо не чытаюць, а глядзяць. І калі ўжо сёння, тут, цяпер, мы не навучымся трансляваць хрысціянскія праўды ў лёгкаўспрымальным для грамадства фармаце — аудыё, відэа, мультымедыя, у тым ліку і камп’ютэрных гульняў — вельмі хутка мы апынёмся выкінутымі за борт сучаснай культуры, або ў лепшым выпадку станем закансерваваным музейным экспанатам, «хрысціянскім запаведнікам».

Мы не можам сёння дазволіць сабе раскошу жыцця выключна ў рэальным свеце. Тым больш, што ён сам па сабе ніколі і не існаваў: любая прастора культуры — гэта прастора віртуальная. У гэтым сэнсе ад наскальнага малюнка пячоры Ласко да трохмерных аватараў у Second Life адлегласць куды меншая, чым ад палкі ў руках малпы да крамянёвага нажа краманьёнца. Аднак калі «добрая віртуальнасць» вяртае чалавека да рэальнасці ужо іншым, з правільнымі або палепшанымі паняццямі і ўяўленнямі, то «дрэнная віртуальнасць» зацягвае і замыкае ў сабе. І вялікай розніцы ў тым, што менавіта «віртуалізавала» чалавека — рытуальны танец, тэатр, кніга, фільм або on-line гульня — па сутнасці няма.

Вучыцца чытаць

Існуе мноства рэчаў, якія губяць чалавека. Сярод іх ёсць месца і для моды. Яна — не вірус і не ядзерны выбух, але яна навязвае чалавеку ўяўленне аб самім сабе. Гэта значыць, ты, напрыклад, маеш уяўленне, што табе да твару, а што не, як трэба выглядаць у той ці іншай сітуацыі. А мода гвалтоўна патрабуе завужваць штаны або рабіць іх клёшам, стрыгчыся нагала або заплятаць сотні касічак і г.д. І вось ты ўжо саромеешся свайго прыроднага выгляду, адчуваеш сябе белай варонай і худа-бедна робіш спробы прыладзіцца да лікуючага густу. Аднак густ недаўгавечны. Як вецер урагану, некалькі разоў на год новыя модныя плыні змятаюць папярэднія і прымушаюць людзей то пераглядаць бабуліны куфары, то «нацягваць» на сябе шчтосьці «ультра». Справа зусім не ў вопратцы, а ў тым, што чалавеку прывіваюць уяўленні аб прыгажосці па тры разы на год, і ў рэшце рэшт можа аказацца, што само слова «прыгажосць» страціць сэнс для чалавека.

Такія эксперыменты раней рабілі рэвалюцыйныя ўрады. Яны мянялі назвы дзён тыдня і месяцаў, перасоўвалі каляндарныя даты, прыдумвалі новыя святы. Усе гэтыя новаўвядзенні мелі мэту «раскачаць» унутраны свет чалавека, які ўжо устаяўся. Сёння ж гэтым займаюцца цалкам іншыя людзі, навязваючы грамадству непрывычныя ідэі, густы. Поўны бязглуздзіцы камунізм вярнуўся ў выглядзе сучаснага лібералізму. Чалавек становіцца бессвядомым, якім могуць кіраваць куклаводы. Ён хутка згаджаецца, што сёння прыгожае тое, што ўчора было брыдкае, а тое, што ўчора было глупствам, сёння не пазбаўлена сэнсу. З такіх людзей — ляпі, што хочаш.

А моды бываюць розныя. Ёсць, напрыклад, мода на чытаніну. Варта з’явіцца якой-небудзь «раскручанай» кніжцы, як яе да дзірак зачытваюць нават тыя, хто акрамя газет ужо нічога не чытаў з таго часу, як скончыў школу. Хто сёння не чуў пра «вялікага пісьменніка сучаснасці» Паоло Коэльё? Запытаемся ў сябе, адкуль вырасла вядомасць гэтага чалавека? Няўжо ўсе яго чытачы спакушаны лацінаамерыканскай літаратурай? Калі б яны чыталі Маркеса або Картасара, то наўрад ці пасля першай кнігі Коэльё прачыталі б другую. А калі яны не чыталі ні Маркеса, ні Картасара, то ў чым веліч Коэльё, які «пераскакаў» усіх лацінаамерыканскіх грандаў?! Мода, спадары і спадарыні.

Літаратура, напісаная пра Гары Потэра, пераўзыходзіць, напэўна, тыражы «Гары Потэра». І што мы бачым? Няўжо гэта сапраўды геніяльна? На маю думку, гэта тая ж мода. Камерцыйны праект. Раскрутка. Чалавеку можа быць сорамна ў адказ на пытанне «а вы чыталі?» выпасці з сацыяльнага кантэксту, пажаць плячыма, прамямліць «не». І гэта не што іншае, як самае цяжкае рабства і брыдкая залежнасць мільёнаў людзей ад кімсьці сфармаванага грамадскага меркавання.

Ці, напрыклад, кніга «Код да Вінчы», якая нарабіла многа шуму. Спачатку захоплівае, затым пачынаеш разумець, што гэта байка, а ў заканчэнні дасягаеш галоўнага. Уся кніга — толькі абрамленне адной главы, у якой вуснамі прафесара агучваецца антыхрысціянскі і антыцаркоўны пасквіль, фармулююцца асновы «рэлігіі будучага». Хрыстус нібы меў жонку і дзяцей, вера ў Яго боскасць нібы была аўтарытарна зацверджана ідэяй, Царква нібы стагоддзямі падманвае, хоць сама ведае нейкую праўду. Больш за тое, гэта не ўпершыню ўзнікае — ідэі старыя, як гэты свет. Кожная эпоха нараджала сваіх адэптаў і прапаведнікаў. І прыслухоўваюцца да іх людзі неглыбокага розуму, няхай нават і з шырокім колам ведаў. Гэта нібы фарміраванне шырокіх слаёў «тых, хто спачувае» будучаму сусветнаму ладу жыцця, стварыць які трэба на руінах хрысціянства. Выданне такіх кніг вялікімі тыражамі — справа зусім не бяскрыўдная. Гэта — зандзіраванне глебы, індыкатар масавай неўладкаванасці. А вы, напэўна, думалі, што праглынуўшы бестселер, апынуліся на грэбні сусветнай цывілізацыі? Будзьце ўпэўненыя: першымі з вас пасмяюцца тыя, хто напісаў бестселер.

Пошласць прыйшла, навалілася. А з проціяддзем праблемы. Мільёны людзей навучыліся чытаць, але не навучыліся выбіраць, што чытаць. Людзі будуць чытаць кнігі і ў друкаваным, і ў электронным выглядзе, будуць паглынаць музычную і відэапрадукцыю ў велізарных памерах. А гэта значыць, што трэба выхоўваць густ чытачоў і гледачоў, трэба рабіць людзям прышчэпліванне ад пошласці рэгулярна і настойліва, як робяць прышчэпліванне ад скарлатыны ў дзіцячых паліклініках.

Акрамя новых кніг і фільмаў, якія з’яўляюцца ў наш час, у свеце ёсць мноства «новых» рэчаў, невядомых спажыўцу. Усялякая кніга, якую вы не чыталі, для вас — новая. Усялякі фільм, які вы не бачылі, — новы.

З усяго таго, што трэба чалавеку, галоўнае тое, што чалавеку патрэбны чалавек. Не «безаблічнае» мы і не дыктатура большасці павінны кіраваць намі. Ва ўсім трэба кіравацца асабістымі поглядамі. Не чытайце ў прэс-рэлізах ці рэкламных анонсах пра тое, што варта прачытаць або паглядзець. У чалавека, які ў вашых вачах разумны, правільны, спытайце, якую апошнюю кнігу ён чытаў. Калі да нечага прыслухоўвацца, то няхай гэта лепш будзе не безаблічны гул, а выразная мова таго, хто лепшы за нас.
 

Заканчэнне

Постмадэрнізм — дастаткова складаная з’ява. Аднак галоўны яго ўплыў — гэта развіццё рэлятывізму, калі няма абсалютнай ісціны, у кожнага яна свая. З аднаго боку гэта талерантна і, здавалася б, па-сяброўску. Аднак з іншага боку, чалавек перастае шукаць Ісціну. Калі яны ўсе аднолькавыя, значыць, і мая, якая б ні была, таксама добрая і мае права на існаванне. Чалавек перастае шукаць, перастае цікавіцца іншым чалавекам. Нездарма папа Бэнэдыкт XVI увесь час кажа, што галоўны вораг хрысціянства — гэта рэлятывізм і адмаўленне ад розуму. Вынікам гэтага становіцца адмаўленне і ад культуры. Уся еўрапейская культура мае хрысціянскія карані. Ва ўсялякім разе, Каталіцкі Касцёл заўсёды ўбіраў культуры ў сябе. Таму не думаю, што праблема хрысціянскай культуры як нечага адасобленага актуальная. Хрысціянскія песні і хрысціянскія тэлеканалы — гэта вобраз жыцця і мыслення, ва ўсялякім разе так гэта праяўляецца ў бачным свеце для іншых людзей. Хрысціянская культура, у тым ліку і медыя-культура, — гэта мы, хрысціяне на працы, у школе або з сябрамі. Адсюль яна пачынаецца. І яе не трэба ствараць «зверху».

Адноўлена 07.11.2009 17:55
 
© 2003-2022 Catholic.by