Прамова арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча падчас экуменічнай сустрэчы ў мінскай архікатэдры | Друк |

23 студзеня 2010 г.

Быць сведкамі Святога Пісання
(Іс 55, 10–11; 2 Цім 3, 14–17; Лк 24, 28–35)

Глыбокапаважаныя браты і сёстры, прадстаўнікі розных хрысціянскіх веравызнанняў!

1. Тэма сённяшняй экуменічнай сустрэчы — «Даваць сведчанне Уваскросламу Пану праз вернасць Святому Пісанню». У першым чытанні прарок Ісая кажа, што як дождж не вяртаецца на хмару і арашае зямлю, каб быў добры ўраджай, так і Божае слова прыносіць плён. У другім чытанні св. апостал Павел нагадвае пра тое, што Святое Пісанне навучае мудрасці, якая вядзе да збаўлення. У Евангеллі вучні з Эмауса, пазнаўшы па ламанні хлеба, што іх спадарожнік — гэта Уваскрослы Езус Хрыстус, запыталіся ў сябе, ці не білі іх сэрцы мацней, калі Ён тлумачыў ім Святое Пісанне?

Такім чынам, сённяшнія чытанні дапамагаюць нам зразумець, што азначае даваць сведчанне Богу праз вернасць яго навучанню. Божае слова сённяшняй літургіі паказвае веліч Божых дароў і сцвярджае, што трэба не толькі трываць пры іх, але яшчэ і паказваць іншым.

2. Вернасць паводле Бібліі — гэта асаблівая характэрная рыса Бога. Гісторыя збаўлення пацвярджае, што Бог заўсёды заставаўся верны сваім абяцанням. Таму і чалавек на вернасць Бога павінен адказаць сваёю вернасцю Божаму закону і згодаю з Яго воляй. Усё гэта азначае, што хрысціянін павінен быць сведкам Божых спраў.

Вернасць — гэта трыванне ў нашым выбары. Каб сапраўды быць верным, трэба ведаць, каму і дзеля чаго мы павінны быць вернымі. У нашым выпадку — быць вернымі праўдзе, абвешчанай Богам. Не дастаткова толькі верыць у яе, бо вера — гэта не толькі пазнанне і прыняцце нейкай праўды, але таксама захапленне ёю. Таму аб’яўленая ў Божым слове праўда павінна выхоўваць вернікаў дасканалымі людзьмі.

У сувязі з гэтым характэрным з’яўляецца сённяшняе Евангелле. Яно паказвае розніцу ў разуменні адных і тых жа спраў Езусам і чалавекам. Уваскрослы Езус, якога вучні з Эмаўса не пазналі, тлумачыць ім Святое Пісанне, а вучні ў той жа час распавядаюць пра свой боль, пра тое, што іх Настаўнік, які паводле іх разумення павінен быў адрадзіць палітычную моц Ізраэля, сам быў укрыжаваны і пахаваны, як і кожны іншы чалавек. Аднак, у той жа час, Бог у Евангеллі раіць, што неабходна зрабіць: запрасіць Езуса да сябе, як гэта ўчынілі вучні. Трэба Яго запрасіць, каб распазнаць у Ім Бога, які не памёр, не захварэў і не пайшоў на адпачынак, а заўсёды жыве і дзейнічае, каб потым сведчыць Яго іншым людзям.

3. У сучасным жа секулярызаваным, маральна паміраючым свеце ёсць што і каму сведчыць, і гэты свет патрабуе нашага супольнага хрысціянскага сведчання. Кожны час мае свае выклікі. І хрысціянства павінна на іх адказваць. Так было заўсёды, так ёсць і цяпер, можа, толькі з той розніцай, што сучасны свет сам адракаецца ад веры, якая дае сапраўднае духоўнае жыццё. На шчасце, у большасці краін свету няма пераследу веры. Мы таксама цешымся свабодай веравызнання. Аднак ці мы ўмеем карыстацца гэтай свабодай? Такое пытанне ўсё часцей узнікае ў наш час.

У сучасным свеце ўсё больш укараняецца філасофія абсалютнай свабоды, якая не дапускае існавання абсалютнай праўды, акрамя той праўды, што ўсё адносна. Такая тэндэнцыя вядзе да разумення, што калі ў свеце ўсё змяняецца, то могуць змяняцца і маральныя нормы. Больш за тое, у эпоху барацьбы за правы чалавека у многіх краінах нормы, паводле якіх чалавек арганізуе сваё жыццё і адносіны з іншымі людзьмі, рэгулююцца дэмакратычным прыняццем законаў без прыняцця пад увагу нормаў Божага закону. У выніку гэтага нярэдка дзяржаўныя законы супярэчаць Божаму праву.

Прыкладам з’яўляюцца законы, што дазваляюць разводы, у выніку якіх дзеці пры жывых бацьках застаюцца нібы сіротамі; дазваляюць аборты, якія на самой справе з’яўляюцца забойствам ненароджанага жыцця; спрыяюць распаўсюджванню легалізацыі эўтаназіі. Пры гэтым чалавек не задумваецца, што жыццё — гэта самы вялікі Божы дар. Бог дае жыццё, і толькі Ён можа яго забраць. Спробы тлумачэння таго, што эўтаназія — гэта годны спосаб завяршэння жыцця, не могуць задавальняць чалавека рэлігійнага. Бо пры нарастаючым дэмаграфічным крызісе ўсё больш людзей павінна працаваць на пенсіянераў і хворых. Такім чынам, сапраўдная прычына эўтаназіі — эканамічная. Усё больш распаўсюджваецца практыка штучнага апладнення, якая не адпавядае Божаму плану, калі новае жыццё паўстае ў выніку акту любові паміж мужчынам і жанчынай.

Новым бедствам і прыкладам маральнага загнівання сучаснага свету з’яўляюцца дазволы на гомасексуальныя саюзы з правам усынаўлення дзяцей. Дзіця павінна мець і бацьку і маці, а не двух татаў ці мамаў, якія толькі сябе так называюць, а на самой справе імі не з’яўляюцца.

Да чаго вядзе разбэшчанасць сучаных людзей, асабліва моладзі, практыка сужэнскай нявернасці, якая набывае ўсё большую папулярнасць, і так званы свабодны секс, вынікам якога можа стаць невылечная на сённяшні дзень пандэмія СНІДу! Якім няшчасцем з’яўляецца ўцёк ад рэчаіснасці ці пошук шчасця ў наркотыках і алкаголі. Якім жудасным прыкладам для дзяцей з’яўляецца здзек над жывёламі або іх жудаснае забіццё.

Бічом сучаснага свету стаў тэрарызм. Пашыраецца карупцыя. Глабалізацыя без захавання маральных прынцыпаў вядзе да абагачэння адных коштам іншых. Свет ўсё больш і больш адчувае негатыўныя наступствы экалагічнага крызісу.

Усіх нас абурыла рашэнне Страсбургскага суда па правах чалавека забараніць крыжы ў грамадскіх школах Італіі. Як можна ўявіць сабе Італію без сімвалу хрысціянства? Як Італія, так і ўся Еўропа вырасла з хрысціянства. А цяпер яна дабраахвотна адракаецца ад сваіх каранёў.

Жыццё паказвае, што сярод тых, хто называе сябе хрысціянамі, мноства такіх, якія толькі носяць гэтае імя, а ў сапраўднасці жывуць так, як быццам Бога няма. Многа ёсць і так званых нядзельных або святочных хрысціянаў, штодзённае жыццё якіх нічым не адрозніваецца ад жыцця няверуючых, а часам, можа, нават яшчэ горшае.

Гэты пералік бедаў і выклікаў сучаснасці можна весці яшчэ доўга. Яны нагадваюць нам пра тое, што сучасны свет хворы на цяжкую хваробу амаральнай анеміі. Свет, жывучы нязгодна з Божай воляй, выбірае жыццё у ценю смерці, не імкнучыся да ўваскрашэння з дапамогай Божай ласкі.

У барацьбе з гэтымі выклікамі ўсе хрысціяне павінны быць аб’яднаныя ў адно. Мы павінны ва ўнісон сведчыць адзіную для ўсіх хрысціянаў праўду пра Езуса ўкрыжаванага і ўваскрослага, праўду Евангелля і бараніць яе. Ужо прайшоў час раскідваць камяні. Іх трэба збіраць. Добрую надзею ў гэтай справе дае вопыт апошніх часоў. Асабліва блізкія пазіцыі ў абароне і абвяшчэнні хрысціянскіх каштоўнасцяў займаюць Каталіцкі Касцёл і Праваслаўная Царква. Вернасць апостальскай традыцыі і патрыстычная спадчына могуць стаць падмуркам супрацоўніцтва паміж нашымі Цэрквамі ў галіне сведчання евангельскіх каштоўнасцяў. Гэта патрабаванне нашага часу, бо культура маральнага рэлятывізму, спажывецтва, нездаровыя тэндэнцыі да абагачэння любым коштам і імкненне да прыемнасцяў, што ўрываюцца ў наша грамадства з вялікай моцай, імкнуцца задаволіць голад і смагу духоўнасці, якія заўсёды прысутнічаюць у чалавеку.

Няхай жа наша сённяшняя малітва ў інтэнцыі супольнага сведчання Божага слова, а перш за ўсё праўды пра Уваскрашэнне Хрыста, якое ёсць падмуркам хрысціянскай веры, памножыць нашыя высілкі, каб мы сапраўды былі адно (пар. Ян 17, 11) і дзякуючы гэтаму адзінству дапамаглі сучаснаму свету адказаць на небяспечныя выклікі нашага часу на хвалу Бога і дзеля збаўлення людзей. Амэн.

Адноўлена 23.01.2010 22:53
 
© 2003-2024 Catholic.by