Прывітальнае слова першага Сакратара Апостальскай Нунцыятуры кс. прэлата Крыспіна Дубеля на ўрачыстасць першай гадавіны каранацыі цудоўнага абраза Маці Божай Валадаркі Азёраў | Друк |
Браслаў, 22 жніўня 2010 г.

Эксцэленцыі, шаноўныя святары, сёстры законныя, браты і сёстры ў Хрысце!

Дазвольце прывітаць Вас ад імя арцыбіскупа Марціна Відавіча. Апостальскага Нунцыя ў Беларусі, і падзякаваць за запрашэнне на ўрачыстасць.

Сённяшняя ўрачыстасць з’яўляецца чарговай магчымасцю для ўсіх веруючых, каб сустрэцца ў доме нашай Маці. Санктуарый, дзе знаходзіцца яе цудоўны абраз, гэта месца асаблівае, выбранае Марыяй, каб падкрэсліць яе прысутнасць сярод пілігрымуючага Божага люду. Яна нагадвае нам пра сваю прысутнасць і пра сваё магутнае заступніцтва.

Але наша сустрэча з Маці — гэта момант незвычайны, вельмі важны. Кожны з нас ведае, што сэрца Маці адчувае настрой сваіх дзетак: нельга глядзець у твар Маці і казаць няпраўду.

Таму гэтае месца, гэтая хвіліна малітвы з’яўляюцца магчымасцю да выпраўлення, да навяртання і вытрымкі ў добрым.

Няхай малітва да Марыі, Маці Хрыста і нашай Маці, суправаджае нас у штодзённым вандраванні па дарогах Евангелля яе Сына Езуса Хрыста. Святы Людвіг Марыя Грыніён дэ Манфорт упэўніваў ушанавальнікаў Марыі, што гэта яна выхоўвае нас у Хрысце і Хрыста ў нас.

Няхай Марыя, якая валадарыць з гэтага месца, падтрымліввае кожнага з нас, каб мы былі верныя пакліканню да святасці, якое распачалося ў час святога Хросту. Няхай Бог дапамагае!

Адноўлена 08.09.2010 13:34
 
© 2003-2024 Catholic.by