Cлова Апостальскага Нунцыя ў Беларусі арцыбіскупа Марціна Відавіча да ўдзельнікаў святкавання 280-годдзя каранавання Жыровіцкай Іконы | Друк |

Слонім, 19 верасня 2010 г.

Дарагія браты і сёстры ў Хрысце!

1. Сёння мы з радасцю адзначаем 280-годдзе каранавання «ад імя і ўладай Рымскага Архірэя» цудатворнай Іконы Маці Божай Жыровіцкай.

Сабраныя ў імя Гасподняе, мы завяршылі Боскую Літургію паводле візантыйскай або грэчаскай традыцыі, аддаючы падзяку Таму, ад Каго паходзіць кожнае добрае дзеянне і кожны дар дасканалы — Айцу Святла (пар. Як 1, 17).

Мы разам удзельнічалі ў ёй — духавенства і вернікі візантыйскага або грэчаскага абраду, а таксама духавенства і вернікі лацінскага або рымскага абраду, — паказваючы нашу каталіцкасць у тым, каб вызнаваць і жыць паводле веры, перададзенай нам Апосталамі і пацвярджаючы еднасць Царквы, якой так моцна жадаў Хрыстос, і за якую горача прасіў Айца падчас Тайнай Вячэры (пар. Ян 17, 21–26).

2. Ад сэрца вітаю тут кожнага з вас асабіста, пачынаючы ад дарагіх братоў у біскупстве абодвух абрадаў і Апостальскага Візітатара для грэка-католікаў Беларусі Архімандрыта Сяргея (Гаека).

Перадаю вам прывітанне і благаслаўленне Святога Айца — папы Бэнэдыкта XVI, які якраз сёння завяршае свой пастырскі візіт у Вялікабрытанію. Ягонае прывітанне і благаслаўленне звернута таксама да вашых сем’яў, да вашых родных, а таксама да вашых дыяцэзіяльных і парафіяльных супольнасцяў, да якіх вы належыце і якія ўтвараюць адзіную, святую, паўсюдную або каталіцкую і апостальскую Царкву (пар. Нікейска-Канстанцінопальскі Сімвал веры).

Асаблівае прывітанне накіроўваю да мясцовай парафіяльнай супольнасці і да Братоў Меншых Капуцынаў, якія сёння паказалі сваю шчырую гасціннасць — чалавечую і хрысціянскую.

Вітаю з такой жа сардэчнасцю вернікаў Беларускай Праваслаўнай Царквы, а таксама прадстаўнікоў дзяржаўнай улады, якія разам з намі ўдзельнічаюць у адзначэнні гэтага асаблівага свята, свята ўспаміну і ўдзячнасці Каталіцкай Царквы, якая існуе ў Беларусі.

3. Заступніцтву Усячыстай, Найблагаслаўлёнай, Слаўнай, Найсвяцейшай Багародзіцы Марыі, Маці Хрыста і Маці Царквы, заўсёды Дзевы, даручаю Каталіцкую Царкву ў Беларусі — Грэка-каталіцкую і Рыма-каталіцкую Царкву.

Заступніцтву Яе — Уладаркі нашай — даручаю таксама ўсіх вас і ўсіх жыхароў гэтага ўлюбёнага краю.

Няхай Бог усіх вас благаславіць!

Няхай Бог благаславіць улюбёную Беларусь і кожнага жыхара гэтай дарагой краіны.

+Арцыбіскуп Марцін Відавіч
Апостальскі Нунцый у Беларусі

Адноўлена 27.09.2010 17:23
 
© 2003-2024 Catholic.by