Біскуп Дзям’янка аб душпастырстве сем’яў у Беларусі | Друк |

Міжнародны кангрэс «Хрысціянская сям’я і евангелізацыя ў сям’і»,
арганізаваны Папскай радай па справах сям’і

Рым, 25–27 лістапада 2010 г.

Душпастырства сем’яў у Беларусі было арганізавана Канферэнцыяй Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі ў 1999 годзе. Адказным за гэтую сферу быў прызначаны біскуп. Непасрэднымі супрацоўнікамі біскупа сталі нацыянальны душпастыр сем’яў і нацыянальны дарадчык сямейнага жыцця. У кожнай дыяцэзіі быў прызначаны святар (дыяцэзіяльны душпастыр сем’яў), які пры падтрымцы адпаведна падрыхтаваных свецкіх асоб (дыяцэзіяльных дарадчыкаў сямейнага жыцця) рэалізуе асноўныя задачы ў гэтай сферы дзейнасці.

11 чэрвеня 2002 г. ККББ утварыла Раду па справах сям’і, у склад якой уваходзяць старшыня, сакратар, нацыянальны душпастыр сем’яў, нацыянальны дарадчык сямейнага жыцця, дыяцэзіяльныя душпастыры сем’яў і іх дарадчыкі. Галоўная мэта рады — каардынацыя працы з сям’ёй у паасобных дыяцэзіях, а таксама фармацыя свецкіх, якія будуць задзейнічаны ў працы на карысць сям’і.

Рада па справах сям’і праводзіць сістэматычныя сустрэчы (раз у квартал), падчас якіх абмяркоўвае актуальныя праблемы беларускіх сем’яў, разглядае дзейнасць, што праводзіцца, і распрацоўвае планы на будучыню.

Абавязкам кожнага дыяцэзіяльнага душпастыра сем’яў з’яўляецца падрыхтоўка на канец года справаздачы за рэалізаваную дзейнасць на карысць сям’і ў адпаведнай дыяцэзіі. Два разы ў год па ініцыятыве рады падрыхтоўваюцца пасланні і паведамленні ККББ на сямейную тэматыку, якія зачытваюцца вернікам у парафіях краіны.

Рада па справах сям’і рэалізуе заданні, акрэсленыя ў статуце ведамства. Арганізуе фармацыю свецкіх, якая асноўваецца на сістэматычных квартальных сустрэчах дарадчыкаў сямейнага жыцця, арганізацыі рэкалекцый. Мэта гэтай дзейнасці заключаецца ў паглыбленні духоўнай фармацыі і ведаў у дадзенай галіне тых, хто супрацоўнічае разам са святарамі на гэтым полі дзейнасці.

У паасобных дыяцэзіях арганізаваны сямейныя кансультацыі (вядзецца праца і з пакутуючымі ад розных залежнасцяў, з сузалежнымі), дзе працуюць спецыялісты рознага профілю. У кансультацыях забяспечваецца сістэматычная і хуткая дапамога.

Іншая форма дзейнасці Рады па справах сям’і — публікацыі матэрыялаў «за сям’ю» ў прэсе і Інтэрнэце, катэхізацыя, выданне кніг на  тэму сям’і і свабодных саюзаў, брашур аб небяспецы антыканцэпцыі.

Беручы пад увагу статыстыку па колькасці разводаў у дзяржаве (напрыклад, Гродзенская вобласць: заключэнне шлюбаў — каля 7600 штогод; разводаў — 3900), рада робіць акцэнт на дасужэнскую катэхізацыю. На сённяшні дзень яна ўключае 10 заняткаў і з’яўляецца абавязковай праграмай падрыхтоўкі да сужэнства.

Рада па справах сям’і арганізуе каталіцкія школы нараджэння. Ужо ў другі раз была арганізавана школа нараджэння ў Баранавічах, якую праводзілі інструктары з Польшчы. У ёй прынялі ўдзел каля 50 асоб з усёй Беларусі. Школа ўяўляе сабой падрыхтоўку (на працягу тыдня) інструктараў, якія будуць працаваць у Беларусі. Таксама адзін раз у год арганізуюцца сімпозіўмы, накіраваныя на ўмацаванне інстытуту сям’і і дзеля палягчэння рэалізацыі яе асноўных мэтаў, вынікаючых з касцёльнага і дзяржаўнага права.

Важную ролю ў фарміраванні і распаўсюджванні так званай прасямейнай палітыкі адыгрываюць пілігрымкі сем’яў у розныя санктуарыі, падчас якіх яны атрымліваюць духоўную і інтэлектуальную фармацыю на сямейную тэматыку. Варта заўважыць, што гэтая форма душпастырства з кожным годам прыцягвае ўсё больш сем’яў.

Вялікае значэнне мае таксама практыка «духоўнага ўсынаўлення», якое заключаецца ў малітве на працягу 9 месяцаў у інтэнцыі ненароджанага дзіцятка. У нашай краіне гэтая акцыя цалкам абгрунтаваная: у дзяржаве створаны вялікія магчымасці для забіцця зачатага жыцця. Цяжарная жанчына мае магчымасць забіць сваё дзіця згодна з законам у наступных выпадках: да 12-тыднёвага тэрміну з медыцынска-сацыяльных прычын, да 22-тыднёвага тэрміну з прычын медыцынска-генетычных і ў іншых сітуацыях. Паводле статыстычных даных, у Гродзенскай вобласці ў апошнія гады штогод нараджаецца каля 10 тысяч дзяцей, а колькасць абортаў складае амаль 8 тысяч штогод.

Аднак варта падкрэсліць, што дзяржаўная сямейная палітыка стварае добрыя ўмовы для нараджэння і выхавання дзяцей:

  • дэкрэтны адпачынак (3 гады);
  • матэрыяльныя выплаты;
  • крэдыты;
  • фінансавая дапамога;
  • падтрымка шматдзетных сем’яў і г.д.

Тым не менш, нягледзячы на ўсё гэта, рэзкага павелічэння нараджальнасці не назіраецца. Звязана гэта са стратай хрысціянскіх сямейных каштоўнасцяў і традыцый, а таксама распаўсюджваннем спажывальніцкіх адносін да жыцця і дзяцей.

Акрамя гэтага, вынікам постсавецкага мінулага з’яўляецца перакладванне выхавальнай функцыі з сям’і на дзяржаву. Гэта прывяло, па-першае, да страты ўсведамлення бацькоўскай адказнасці за выхаванне сваіх дзяцей, перакладвання гэтага абавязку на школу і іншыя выхаваўчыя арганізацыі. Па-другое, прывяло да страты хрысціянскай традыцыі ў сям’і, супольнага святкавання нядзелі і ўрачыстасцяў з глыбокім рэлігійным сэнсам. У сувязі з гэтым адной з задач Касцёла з’яўляецца пастаянны напамін пра тое, што асноўная адказнасць за фармацыю і выхаванне дзяцей ляжыць на бацьках.

Адноўлена 26.11.2010 17:18
 
© 2003-2022 Catholic.by