Даклад а. Пятра Фраштэнгі OCD падчас сустрэчы, прысвечанай духоўнасці Кармэлю | Друк |
Мінск, 17 студзеня 2011 г.

Малітва св. Тэрэзы ад Дзіцятка Езус

«Вось мая малітва. Прашу Езуса, каб прыцягнуў мяне ў прамяні сваёй любові, каб злучыў мяне з сабою, каб Ён жыў ва мне».

Малітва св. Тэрэзы праходзіла ў свайго роду двух напрамках: прашэнне згодна з натхненнем, а таксама імкненне да праслаўлення і падзякі. Святая акрэслівала малітву як позірк, скіраваны да неба, як вокліч удзячнасці і любові, які сярод выпрабаванняў і радасці перапаўняе душу і злучае з Езусам. Святая Тэрэза не аддзяляла малітву ў асобны акт: на працягу дня, у кожнай справе, у слове яна ядналася з Умілаваным. Малітва была прыманнем любячага позірку Айца, які чувае над сваім дзіцём.

Сутнасцю малітвы быў давер, а не колькасць адчутых містычных ласк. Тэрэза прымала і адкрывала Бога як у цемры, так і сярод суцех. Малітва ў яе жыцці характарызавалася перыядам выпрабаванняў веры. Таму яна з даверам аддавалася любові Бога, каб не шукаць яе ў яго дарах, але Яго самога ў глыбіні свайго існавання. Трывала перад Богам, як дзіця, свядомая, што яе любяць; гэта і ёсць яе сіла.

Узнёсласць, цішыня, супакой — гэта пачуцці, якія характарызуюць яе шлях даверу. Прымае Пана ў сваёй штодзённасці, у ім знаходзіць суцяшэнне, паўнату. Глыбокае сяброўства, якое злучае сэрца Тэрэзы з яе Абраннікам, ззяе руплівасцю ў перажыванні часу медытацыі, хоць часта яна перажывалася ў млявасці. Тэрэза ніколі не звальняла сябе ад святых практыкаванняў. Малітва для яе — гэта час, калі яна аддае сябе Богу, шукае Яго дзеля Яго самога, не дзеля ўласнай карысці. І тады нават млявасць прымае ў якасці неабходнай, бо гэта сведчыць аб тым, што падчас малітвы не шукае задавальнення, ані самой сябе, але прагне наблізіцца да Бога, паводле Яго волі.

Тэрэза, калі была яшчэ малой дзяўчынкай, «заглыблялася ў глыбокіх думках». У яе дзіцячым разважанні зямля здавалася ёй месцам выгнання, таму яна кіравала свае мары да неба. Адпаведная ацэка спраў гэтай зямлі характарызавала яе з дзяцінства. Яна заўсёды ўмела шчыра стаць перад рэчаіснасцю і насыціцца глыбокімі прагненнямі. Гэта было фундаментам малітвы. Яна набліжалася да Бога, каб яшчэ мацней належаць Яму, каб у Ім наталіць усе свае прагненні.

З часу Першай святой Камуніі Тэрэза сузірае Эўхарыстычнага Езуса, разважае аб Ім. Гэты час адзначаецца доўгімі спатканнямі перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам. Развіваецца ў ёй таксама патрэба паглыблення ведаў, каб узбагаціць сваё пазнанне Бога. Першым творам стала кніга «Пра наследаванне Хрыста» Тамаша Кемпійскага. Ніколі з ёй не раставалася і многія фрагменты ведала на памяць. Чытанне падтрымлівала яе ў разважанні і ажыўляла любоў да Бога.

Тэрэза ніколі не пераацэньвала суцехаў у малітве і каштоўнасцей «прыгожых думак». Асабісты вопыт вучыць яе, што ім нельга давяраць. Яна павінна цалкам аддацца Богу, бо гэта вера яе яднае з Ім. Усялякія цяжкасці ў малітве Тэрэза прымае як выклік, каб даказаць Богу сваю любоў праз вернасць духоўным практыкаванням. Санлівасць, няўважлівасць былі для Тэрэзы прыніжальнымі, аднак ніколі не паслабілі яе волі ў трыванні перад Панам. Менавіта тут крышталізуецца яе маленькі шлях дзіцяці, непарушны давер, што Бог прымае яе ў слабасці і прыніжэнні. Такія сітуацыі падчас малітвы могуць спрыяць знеахвочанню. Тэрэза выкарыстоўвае гэтыя сітуацыі, каб даць доказ гераічнай веры і далікатнай любові дзіцяці. Не адмаўляецца ад змагання, сцвярджае, што «гэта не высакародна не ахвяроўваць Богу крыху часу і добрай волі за столькі Яго дабрадзействаў».

Для зразумення вартасці гэтай велікадушнай ахвяры падчас малітвы трэба прыгледзецца да дзіцячай паставы кахання. Тэрэза не падмацоўвалася нейкімі малітоўнымі спосабамі, не прывязвала ўвагі да формы: «я не асмельваюся шукаць у кніжках прыгожыя малітвы, мне гэта прыкра, іх так шмат». Тэрэза малілася сэрцам, казала Богу з глыбіні сябе аб тым, што адчувае і што прагне Яму ў дадзены момант сказаць. Гэта і ёсць сутнасць малітвы, бо гэта час заручынаў, з’яднання ў адно з Умілаваным. Цэліна (сястра Тэрэзы) успамінае: «Яна любіла Пана Бога так, як дзіця любіць свайго бацьку, звяртаючыся да Яго з невымоўнай чуллівасцю».

Святая Тэрэза вучыць нас, што малітва павінна быць простым дыялогам дзіцяці, якое адчувае, што яго Айцец любіць яго. Мы павінны сардэчна размаўляць з Ім, чулліва і проста, казаць Яму пра ўсё тое, што перажываем і адчуваем не адшуканымі словамі, але з глыбіні сябе. Тэрэза казала: «Я паступаю, як дзіця, якое не ўмее чытаць, кажу Добраму Богу тое, што хачу сказаць, не будуючы прыгожых сказаў, і Ён заўсёды мяне разумее». У св. Тэрэзы ўзаемадапаўняюцца медытацыя і вусная малітва, бо ўсёй сабой паддавалася ззянню Божай Міласэрнасці, якая напаўняла яе і перамяняла. Яна не раздзяляла час на «трыванне перад Панам» і на працу — кожная хвіліна дня была для яе нагодай, каб трываць перад Умілаваным і з Ім. Ведала, што не можа аддзяляць думкі ад учынкаў, усё павінна быць насычана любячай Прысутнасцю. Прыняла любоў Бога і так была ёй напоўнена, што не ўяўляла сабе, як гэта, не памятаць пра Ягоную прысутнасць.

Тэрэза як духоўная дачка св. Маці Тэрэзы Авільскай прыняла як сваё яе азначэнне малітвы: «просты позірк сэрца на Таго, пра каго ведаем, што нас любіць…». Такім чынам яна станавілася перад Богам, як дзіця перад бацькам, ні на што не спадзеючыся, а толькі прагнучы прытуліцца да Яго і паддацца перамяняючай гарачыні Ягонай любові.

Адноўлена 19.01.2011 14:15
 
© 2003-2022 Catholic.by