Даклад кс. Віктара Гайдукевіча SDB ў межах Тыдня малітваў аб адзінстве хрысціянаў | Друк |


20 студзеня 2011 г., Мінск

Больш двух тысяч гадоў таму першыя паслядоўнікі Хрыста ў дзень Пяцідзесятніцы сабраліся на малітву. Яны чакалі і атрымалі дары Духа Святога і такім чынам былі прыведзены да адзінства ў адным Целе Хрыстовым. У гэты дзень адбываецца першае жніво Духа праз Яго Спасланне, калі робіцца бачным першы і галоўны плён Яго служэння на Зямлі. Гэта падзея стала здзяйсненнем у гісторыі чалавецтва Новага Запавету. Ён быў заключаны Хрыстом на Крыжы і ў Змёртвыхпаўстанні, а ў Пяцідзесятніцу пачаў дзейнічаць Дарам Святога Духа ў людзях. Супольнасць веруючых у Хрыста ўжо пачала складаць пэўнае духоўнае адзінства.

Разам верыць, святкаваць, маліцца. Менавіта гэтая ідэя крыецца ў тэме сёлетняга Тыдня малітваў за адзінства хрысціянаў: «Яны заставаліся вернымі вучэнню Апосталаў і супольнасці, ламанню хлеба і малітвам» (пар. Дз 2, 42). У гэтым годзе тэма была абрана іерусалімскімі хрысціянамі. Яна з’яўляецца своеасаблівым заклікам да дзейнасці і аднаўлення; гэта зварот да незаменных і нязменных элементаў веры; гэта заклік узгадаць часы, калі Касцёл Хрыстовы быў адзіны.

«Еднасць, да якой мы імкнемся, — піша пастар Олаф Фюксе Твэйт, генеральны сакратар экуменічнай рады Цэркваў, — не з’яўляецца толькі абстракцыяй». «Хрысціяне ў Іерусаліме шукаюць адзінства ў малітве, разважаннях, у адчаі і пакутах. Разам з імі мы спадзяемся і верым, что Пан Бог выслухае нашы малітвы аб міры і справядлівасці для ўсіх жыхароў Святой Зямлі».

Тыдзень малітваў аб адзінстве хрысціянаў скіроўвае наш позірк на экуменічны рух. Рух, мэтай якога з’яўляецца еднасць усіх хрысціян. Само слова «экуменізм» паходзіць ад грэчаскага слова «оікос», што азначае «дом», а больш дакладна, ад слова «ойкумэнэ», што выкарыстоўвалася грэкамі біблейскіх часоў. Такім чынам, назва руху выбрана вельмі ўдала, бо адлюстроўвае ў сабе жаданне, каб усе хрысціяне вярнуліся да былога адзінства, каб сталі жыхарамі аднаго дому.

Фрагмент з Дзеяў Апосталаў, які стаў падмуркам для тэмы Тыдня, нагадвае тыя часы, калі Касцёл яшчэ быў непадзелены. Гэты вобраз, перададзены ў Святым Пісанні, паказвае нам узор Касцёла ўсіх часоў. Чатыры элементы, характэрныя для першай хрысціянскай супольнасці, з’яўляюцца таксама актуальнымі для хрысціянскіх супольнасцей ХХІ стагоддзя — ва ўсіх яе праяўленнях і постацях.

Па-першае, Божае слова перадавалася апосталамі. Па-другое, супольнасць (коінонія) была вельмі важным знакам першых вызнаўцаў Хрыста. Трэцім знакам першай хрысціянскай супольнасці была цэлебрацыя Эўхарыстыі (ламанне хлеба) — на ўспамін Новага Запавету, які Езус устанавіў праз сваю муку, смерць і змёртвыхпаўстанне. Чацвёрты элемент — гэта заклік да пастаяннай малітвы. Таямніца Касцёла як камуніі — koinonii — найлепшым чынам адлюстроўвае сутнасць той рэчаіснасці, якою з’яўляецца Касцёл: «Яны заставаліся вернымі вучэнню Апосталаў і супольнасці, ламанню хлеба і малітвам» (пар. Дз 2, 42).

Асаблівым чынам гучыць словазлучэнне «заставаліся вернымі», выкарыстанае ў грэчаскім тэксце. Відавочна, першыя хрысціяне вельмі моцна трымаліся навучання апосталаў, супольнасці, з пашанай падыходзілі да «ламання хлеба», гэта значыць да Эўхарыстыі, і да малітвы.

Слова «proskarterountes» не адзін раз сустракаецца ў Дзеях Апосталаў: «Усе яны сумесна трывалі ў малітве разам з жанчынамі і Марыяй, Маці Езуса, і з братамі Ягонымі» (Дз 1, 14); «Штодня былі разам у святыні, і ламаючы дома хлеб, яны спажывалі ежу ў радасці і прастаце сэрца” (пар. Дз 2, 46).

Чытаючы Дзеі Апосталаў далей, мы ўбачым, што менавіта «трыванне ў малітве» першых хрысціянаў прывяло да пераследаў і першай мучаніцкай крыві, «бо яны не маглі маўчаць пра тое, што бачылі і чулі» (пар. Дз 4, 20). Таму сведчанне хрысціянскай вернасці Езусу Хрысту і навучанню апосталаў было для першых вернікаў вынікам нязломнага трывання ў еднасці.

Навучанне апосталаў з’яўляецца канкрэтным спосабам пастаяннай прысутнасці ў Касцёле. Дзякуючы гэтаму і іншыя пакаленні, ужо пасля смерці апосталаў, знаходзяцца з імі ў еднасці, ствараючы такім чынам адзіны і апостальскі Касцёл.

«Трывалі ў малітве», якая знаходзіцца ў цэнтры «ламання хлеба». Эўхарыстыя — гэта сэрца ўсяго эклезіяльнага жыцця. Яна з’яўляецца найважнейшым элементам для далейшага існавання Касцёла. Ключавое значэнне для эклезіялогіі мае koinonia. Па-першае, яно азначае адносіны чалавека да Бога, а таксама паміж людзьмі. У гэтым кантэксце яно можа таксама азначаць як «Эўхарыстыю» («ламанне хлеба»), так і «супольнасць» або «Касцел», камунію як сакрамэнт і communio ў значэнні грамадскім і інстытуцыянальным.

Характарыстыка жыцця хрысціянскай супольнасці падкрэслівае яе прыярытэты, падмуркі эклезіяльнага жыцця. Гэтая супольнасць была сілай і падтрымкай для вызнаўцаў гэтага шляху (пар. Дз 9, 2). Асабліва патрэбнай і важнай яна стала падчас пераследаў. Аднак ці толькі перспектыва вязніцы і пагроза смерці сталі галоўнай прычынай таго, што яны трымаліся разам?

Можа, гэта хутчэй быў плён апостальскай керыгмы, што атрымала сваю форму пад уздзеяннем Духа Святога: Езуса ўваскрасіў Бог і ўсе мы сведкі гэтага (пар. Дз 2, 32). Божае слова, якое прапаведавалася і прымалася з моцнай верай, учыніла, што яны ўвесь час «заставаліся вернымі вучэнню Апосталаў і супольнасці, ламанню хлеба і малітвам» (пар. Дз 2, 42). Вера ва Уваскрослага Хрыста працягвала штодзённасць хрысціянаў і фарміравала стыль іх жыцця. Таму першыя хрысціяне не раз маглі чуць пытанні: адкуль у іх такая вялікая любоў адзін да аднаго? Чаму гэтыя людзі, гэты новы стыль жыцця не з’явіўся раней, а толькі цяпер?

Вера для першых хрысціянаў была вельмі важнай. Святы апостал Павел, кажучы пра збаўленне, указвае на неабходную ўмову — моцную веру: калі толькі вы цвёрдыя і непахісныя ў веры і не адхіляецеся ад надзеі Добрай Навіны. Трыванне ў веры — гэта, паводле св. Паўла, захаванне таго першаснага пераканання, нягледзячы на спакусы, страх ці расчараванні! Пастава вернасці гарантуе непахіснасць веры, а праз гэта — збаўленне, якое чалавек дасягае праз веру ў Езуса Хрыста.

Апостал Пётр запрашае веруючых трываць у Слове, з вераю ставячыся да Святога Пісання, што прадвяшчае Месію, а адначасова пераконвае слухачоў свайго паслання: «Да таго ж у нас ёсць мацнейшае, прароцкае слова. І вы добра зробіце, калі будзеце трываць пры ім, як пры лямпе, што свеціць у цёмным месцы, пакуль не пачне світаць дзень і зараніца не ўзыдзе ў сэрцах вашых» (пар. 2 П 1, 19). Гэты заклік мае ў сабе пэўны дынамізм, рух у адпаведным кірунку, які ўказвае на падмурак веры: «добра зробіце, калі будзеце трываць пры ім, як пры лямпе». Трыванне ў навучанні апосталаў азначала для першых хрысціянаў будаванне веры на падмурку Божага слова і ўпэўненасць, што будуюць сваё жыццё, сваё сведчанне ў Пану — трываючы ў Ім! Таму маглі з вялікай моцай сведчыць пра змёртвыхпаўстанне Езуса Хрыста і атрымаць вялікую ласку (пар. Дз 4, 33).

Ігнацый з Антыёхіі так пісаў да Палікарпа, біскупа ў Смірне: «Трываў непахісна, як кувалда пад ударамі малатка. Усе мы дзеля Бога павінны трываць, каб Ён захацеў праявіць цярплівасць да нас». Вернікам у Смірне Ігнацый наказваў трываць пры біскупу, каб Бог быў разам з імі: «Разам працуйце, змагайцеся, цярпіце, разам спявайце як супрацоўнікі Бога і Яго слугі». Вернае трыванне, як відаць, не азначае пасіўнай паставы, але патрабуе цалкавітага прысвячэння ўсяго жыцця, ва ўсіх яго аспектах. Вера, якая не будзе развівацца, насычацца Словам Божым, катэхезай і ласкамі святых сакрамэнтаў, з цягам часу … памрэ.

У кантэксце малітваў аб адзінстве хрысціянаў, аб бачным адзінстве Касцёла, паўстае пытанне: як павінны трываць у Касцёле веручыя сёння? Што азначае для веруючага хрысціяніна трываць у навучанні апосталаў? Сучасны рэлятывізм, які існуе паўсюдна ў грамадскім і індывідуальным жыцці, не спрыяе фарміраванню паставы вытрываласці перад цяжкасцямі і цярпеннямі.

Садзейнічанне аднаўленню адзінства ўсіх хрысціянаў з’яўляецца адной з асноўных мэтаў Другога Ватыканскага Сабору. Бо Хрыстус Пан заснаваў адзін і адзіны Касцёл, хоць многія хрысціянскія супольнасці прадстаўляюць сябе сапраўднымі спадкаемцамі Езуса Хрыста. Усе яны вызнаюць сябе вучнямі Пана, аднак маюць розныя перакананні і ідуць рознымі шляхамі, быццам сам Хрыстус быў падзелены. Аднак адсутнасць адзінства выразна супярэчыць волі Хрыста, з’яўляецца спакусай для свету і пры гэтым прычыняе шкоду найсвяцейшай справе абвяшчэння Евангелля ўсялякаму стварэнню.

Імкнучыся да бачнага адзінства Касцёла, Другі Ватыканскі Сабор у дагматычнай канстытуцыі аб Касцёле «Lumen Gentium» прадставіў статус існуючага Касцёла ад пачатку, а таксама статус і характар хрысціянскіх супольнасцей. Пры гэтым быў ужыты лацінскі тэрмін «subsistit in» — «гэты Касцёл, заснаваны і ўладкаваны на гэтым свеце як супольнасць, трывае ў Каталіцкім Касцёле, якім кіруе наступнік Пятра і біскупы, якія застаюцца з ім у супольнасці» (LG 8). Выкарыстаны тэрмін «subsistit in»  («трывае») нельга трактаваць нароўні з тэрмінам «ёсць» (які выключае усялякі ўдзел іншых у справе збаўлення), паколькі subsistit in выражае субстанцыяльную ідэнтычнасць паміж Касцёлам Езуса Хрыста і Каталіцкім Касцёлам, але адначасова дае магчымасць удзелу іншым у існаванні праўдзівага Касцёла Хрыста. Таму існуе іншая, хоць і не поўная магчымасць рэалізацыі Хрыстовага Касцёла ў свеце. Аб Касцёлах і некаталіцкіх супольнасцях Сабор сцвярджае, што ў іх таксама знаходзіцца шмат элементаў асвячэння і праўды, якія, як уласцівыя дары Хрыстовага Касцёла, схіляюць да каталіцкага (паўсюднага) адзінства.

Іншыя дакументы Каталіцкага Касцёла па-рознаму дапаўняюць значэнне тэрміна «subsistit in». Дэкларацыя «Dominus Iesus» гаворыць аб супольнасцях, якія паўсталі пасля Рэфармацыі, што яны не з’яўляюцца Касцёламі ў поўным значэнні. Аднак Слуга Божы Ян Павел ІІ у энцыкліцы «Ut unum sint» («Каб усе былі адно», 1995) адзначыў, што па-за межамі каталіцкай супольнасці няма эклезіяльнай пусткі, але існуюць шматлікія элементы аўтэнтычнага Касцёла Хрыста ў іншых хрысціянскіх супольнасцях. Дэкрэт аб экуменізме «Unitatis redintegratio» гаворыць пра элементы, якія знаходзяцца па-за бачнай структурай Каталіцкага Касцёла, і пералічвае іх: напісанае слова Божае, жыццё ў ласцы, вера, надзея і любоў, а таксама іншыя дары Святога Духа, усе, якія паходзяць ад Хрыста і вядуць да Яго.

Як сцвярджаў Слуга Божы Ян Павел ІІ, у якой меры гэтыя элементы прысутнічаюць у іншых хрысціянскіх супольнасцях, у такой меры там рэалізуецца Хрыстовы Касцёл. Разважаючы далей у гэтым кантэксце, трэба сказать, што Касцёл Хрыстовы (не ў поўнай меры, а толькі ў сваіх некаторых элементах) прысутны ва ўсіх некаталіцкіх Касцёлах і касцёльных супольнасцях, і не толькі праваслаўных. Адзін з дакументаў Кангрэгацыі Веравучэння (2008) падцвяржае, што ўжыванне тэрміну «subsistit in» служыць для таго, каб выразіць поўную ідэнтычнасць Хрыстовага Касцёла з Каталіцкім Касцёлам. Гэта вельмі важна, каб не думаць, што Хрыстовы Касцёл — гэта збор Касцёлаў і эклезіяльных супольнасцей. Калі б так было, то намаганні дасягнуць бачнага адзінства не мелі б сэнсу. Касцёл Хрыстовы — гэта адна і адзіная постаць у гістарычнай рэчаіснасці. Каталіцкі Касцёл патрабуе бачнага адзінства з усімі хрысціянамі і святасці сваіх уласных членаў. Таму, усведамляючы сваю недастатковасць, ён працуе дзеля дасягнення адзінства сярод хрысціянаў.

Разважанні на тэму адзінства хрысціянаў адлюстроўваюць клопат Каталіцкага Касцёла аб добрым самаразуменні, а таксама аб разуменні адносін паміж іншымі супольнасцямі і Касцёламі. Каталіцкі Касцёл разумее сваю рэчаіснасць як mistreium communii, якая анталагічна і ў часе папярэджвае ўсе іншыя лакальныя Касцёлы. Паўсюдны Касцёл не можа разумецца як сума лакальных Касцёлаў альбо іх федэрацыя. Аб гэтым павінен памятаць кожны, хто бярэ ўдзел у малітвах аб адзінстве хрысціянаў. Езус Хрыстус перад пакутніцкай смерцю маліўся за будучы Касцёл: «Каб усе былі адно, як Ты, Ойча, ува Мне, і Я ў Табе, каб і яны былі ў Нас, каб паверыў свет, што Ты паслаў Мяне» (Ян 17, 21). Ён прасіў аб еднасці веруючых паміж сабою, аб іх паяднанні, якое стане сведчаннем пасланніцтва Хрыста. Звернем увагу на тое, што «адно», якім з’яўляецца Айцец і Сын, — гэта не прыклад для вучняў, а толькі мэта, да якой яны павінны крочыць. Выкарыстанне тэрміну «яны ў Нас» указвае на тое, што дзеля веруючых, якія на свеце, Езус Хрыстус будзе пастаянна выходзіць з ініцыятывай умацавання і паглыблення сувязі, якая яднае. Менавіта сувязь паміж Айцом і Сынам павінна быць для вучняў чымсьці адкрытым, адносінамі, у якіх яны бяруць непасрэдны ўдзел.

Таму дасканалае адзінства хрысціянаў праяўляецца і ў іх бачным адзінстве. Гэта не толькі заданне і выклік на будучыню, але, што найважнейшае, — гэта рэалізацыя Касцёла будучыні, Касцёла самога Езуса Хрыста, аб якім Ён прасіў перад Мукай.

Каталіцкі Касцёл моцна верыць, што ў момант спаслання Духа Святога Бог аб’явіў Касцёл Хрыстовы ў яго будучай постаці. Элементы Касцёла існуюць у сваёй паўнаце і адзінстве паміж сабою толькі ў Каталіцкім Касцёле, а без гэтай паўнаты часткова ў іншых супольнасцях. Экуменізм стараецца, каб менавіта гэтая частковая камунія, якая існуе паміж хрысціянамі, узрастала да поўнай камуніі ў праўдзе і любові.

Таму, каб паміж хрысціянамі ўзрастала камунія ў праўдзе і любові, можна паспрыяць рознымі шляхамі: як у штодзённым жыцці, так і ў тэалагічных разважаннях, у якіх прадстаўнікі розных Касцёлаў і супольнасцей сёння дасягнулі шырокага кансенсусу. Плён гэтай працы вядомы не многім веруючым, аднак ён можа стаць пачаткам фармацыі ў гэтым напрамку.

Бэнэдыкт XVI у сваёй прамове падчас адной з аўдыенцый звярнуў увагу на прагрэс у працэсе экуменізму, адзначыўшы, што сучасны экуменічны рух стаў важным элементам у жыцці Касцёла. Менавіта ён у адказ на запаведзь любові дапамагае ўстанавіць братэрскія адносіны з Касцёламі і супольнасцямі і стымулюе тэалагічныя даследаванні. Агульны абавязак падтрымліваць адносіны і дыялог — гэта добры знак, які адлюстроўвае вялікае жаданне адзінства, нягледзячы на шматлікія цяжкасці. Такім чынам, мы адказныя за тое, каб учыніць усё дзеля рэальнай еднасці, памятаючы пры гэтым, што ва ўсім гэтым ёсць Божае дзеянне, бо толькі сам Бог можа адарыць свой Касцёл адзінствам. «Самаробнае» адзінства было б толькі людскім і нетрывалым.

Тым не менш, нягледзячы на поспехі ў экуменізме сёння, напрошваецца пытанне: ці ўбачым мы гэтую поўную камунію праўды і любові ў нашыя часы? Аўтар паслання да Габрэяў астуджвае нашыя надзеі перад абліччам інтэнсіўных экуменічных намаганняў, якія вельмі часта з’яўляюцца толькі людскім пошукам. Пошукам, які накіраваны на хуткія поспехі і падобны да штучнага стварэння раю на зямлі: «Не маем тут сталага месца, але шукаем будучага» (пар. Габ 13, 14). Таму паўната Касцёла аб’явіцца, калі прыйдзе Хрыстус, калі наступіць «новае неба і новая зямля» (пар. Ап 21, 1).

Аднак гэта не азначае адмаўлення ад намаганняў, каб тут і цяпер учыніць усё, каб мы былі адно. Слуга Божы Ян Павел ІІ пісаў, што калі не ведаем, як дзейнічаць у духу экуменізму, што яшчэ зрабіць, якіх мадэляў еднасці шукаць, трэба вяртацца да пачаткаў. Адказ на гэтыя пытанні існуе адзін і ён ужо быў дадзены Касцёлу: «Яны заставаліся вернымі вучэнню Апосталаў і супольнасці, ламанню хлеба і малітвам» (Дз 2,42).

 
© 2003-2022 Catholic.by