Прамова арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча падчас экуменічнай сустрэчы ў межах Тыдня малітваў аб адзінстве хрысціянаў | Друк |


22 студзеня 2011 г., мінская архікатэдра

Трываць разам у ламанні хлеба

Глыбокапаважаныя прадстаўнікі розных хрысціянскіх веравызнанняў, браты і сёстры!

1. Чарговы Тыдзень малітваў аб адзінстве хрысціянаў праходзіць на тэму «Яны заставаліся вернымі вучэнню Апосталаў і супольнасці, ламанню хлеба і малітвам» (пар. Дз 2, 42).

Гэтая тэма абрана хрысціянамі Іерусаліма, дзе ўсе хрысціянскія Цэрквы і супольнасці ў наш час перажываюць вялікія цяжкасці з-за парушэння свабоды веравызнання і відавочнага пераследу. Свабода веравызнання з’яўляецца адным з галоўных варункаў захавання міру, якога ўжо так даўно няма на Святой Зямлі.

Больш за 2 тысячы гадоў таму дзякуючы спасланню Святога Духа хрысціяне Ерузалема сталіся адным Целам Хрыста. Гэта быў пачатак супольнасці веруючых у Хрыста, каб усім разам абвяшчаць Яго як нашага адзінага Пана і Збаўцу. Менавіта таму Ерузалем з’яўляецца Касцёлам-Маці ўсіх хрысціянскіх Цэркваў і супольнасцяў. І хоць лёс першых хрысціян быў нялёгкі, яны верна і мужна трывалі ў навучанні апостала і супольнасці, у ламанні хлеба і малітве. Гэта быў шлях да вытрывання і захавання сваёй хрысціянскай адметнасці, а таксама шлях да нябеснага Ерузалема.

У наш час для рэалізацыі ўзнёслага задання і так жаданага Хрыстом адзінства хрысціянаў патрэбны рэалістычны позірк на нас саміх, бо мы, як ніхто іншы, найбольш адказныя за працяг раздзялення хрысціянаў — гэтую крывавую рану на Містычным Целе Хрыста. Таму нам трэба маліцца і дзейнічаць, каб Бог учыніў нас здольнымі імкнуцца да адзінства.

2. Дэвіз сёлетняга Тыдня малітваў аб адзінстве хрысціянаў — «Яны заставаліся вернымі вучэнню Апосталаў і супольнасці, ламанню хлеба і малітвам» (пар. Дз 2, 42) — з’яўляецца заклікам да натхнення, аднаўлення і вяртання да падмурку веры пачатковага і непадзельнага Касцёла ў Ерузалеме. У гэтым дэвізе знаходзяцца чатыры галоўныя элементы, якія вядуць да адзінства і да якіх трэба імкнуцца ў наш час. Гэта Божае слова, жыццё ў супольнасці (koinonia), ламанне хлеба, ці Эўхарыстыя, і малітва.

Таму і сёння пачатковы і непадзельны Касцёл Ерузалема з’яўляецца маяком надзеі ў бурлівым моры нашага часу з яго небяспечнымі выклікамі на шляху да бачнага адзінства хрысціянаў.

3. Сённяшні, ужо пяты дзень сёлетняга Тыдня малітваў аб адзінстве хрысціянаў, прысвечаны разважанням на тэму ламання хлеба — знаку, які яднае ўсіх нас у новай надзеі.

Першыя хрысціянскія супольнасці трывалі ў адзінстве на ламанні хлеба. На Блізкім Усходзе традыцыйнае дзяленне хлебам з’яўляецца знакам сяброўства, прабачэння і ўзаемнай павагі. Яно заклікае нас да пошуку адзінства, якое магло б прамаўляць прароча і з надзеяй да сучаснага, поўнага падзелаў свету.

Пры кожнай цэлебрацыі Эўхарыстыі — гэтым ламанні хлеба — адчуваем балючую рэчаіснасць раздзялення. Таму сённяшняя наша сустрэча — гэта як быццам новая сустрэча ў Вячэрніку, каб ламацца хлебам надзеі, якая вядзе да адзінства.

4. У Старым Запавеце ёсць шмат прароцтваў пра Езуса Хрыста. Адно з іх — гэта манна з неба, якую яўрэі збіралі кожную раніцу і якой хапала толькі на адзін дзень. Езус, аднак, вучыць, што Ён таксама з’яўляецца хлебам з неба, але не матэрыяльным, а духоўным, і Ён дае не матэрыяльнае, а духоўнае жыццё.

Езус шмат разоў ламаў хлеб і карміў ім галодных. Падчас Апошняй Вячэры, на якую Ён запрасіў сваіх вучняў, Ён таксама ламаўся з імі хлебам і піў з келіха віно, якія перад гэтым Ім самім былі пераменены ў Яго Цела і Кроў.

Ламанне хлеба пры Стале Панскім заўсёды яднала і цяпер яднае вернікаў не толькі з Хрыстом, але і паміж сабой.

У той жа час святы апостал Павел у першым Пасланні да Карынцянаў кажа, што ламанне хлеба азначае не толькі Эўхарыстыю. Справа ў тым, што мы ўсе павінны быць эўхарыстычным народам. Гэта значыць, што мы павінны станавіцца Хрыстовым Целам у свеце. Хрысціянская супольнасць павінна жыць у лучнасці з Хрыстом, што вядзе да адпаведнага этычнага сведчання ў поўным трывожных выклікаў свеце, бо на самой справе мы жывём памяццю аб Ім (пар. 1 Кар 10, 16–17) і чакаем Яго прыйсця ў славе. Таму, як народ, які ламае хлеб, мы з’яўляемся людзьмі надзеі.

5. Хлеб — усяму галава, — кажа прыказка. Калі ёсць хлеб, то не будзе голаду. Хлеб дае надзею. Аднак, каб спячы хлеб, трэба мець муку. А каб мець муку, трэба змалоць вялікую колькасць зерняў. І хоць усе яны розныя, у хлебе яны становяцца адным. Таксама і мы, ломячыся хлебам, ядучы ад аднаго бохана, становімся адзінымі і злучанымі паміж сабой. І тады ўжо няма падзелу, бо нішто так не аб’ядноўвае людзей, як супольны стол, за якім мы ядзім.

Справа адзінства асабліва важная ў наш час, калі ізноў хрысціянства становіцца адной з найбольш пераследаваных рэлігій. У некаторых краінах свету на самой справе трэба праліваць кроў і плаціць сваім жыццём за вернасць Хрысту. У іншых, і нават з багатай хрысціянскай гісторыяй, як, напрыклад, у многіх краінах Еўропы, свецкае заканадаўства і практыка секулярнага жыцця забараняюць хрысціянскія сімвалы, спіхваюць веру на перыферыю жыцця і, прапагандуючы ідэю аб веры як выключна прыватнай справе чалавека, выцясняюць яе з публічнага жыцця. Гэта не што іншае, як дыскрымінацыя хрысціянаў і новы пераслед хрысціянства.

У такіх складаных абставінах супольнае сведчанне, а таксама абарона хрысціянскіх каштоўнасцяў і правоў хрысціян, з’яўляюцца адным з галоўных прынцыпаў, на якіх павінен будавацца шлях да адзінства.

Няхай жа наша сённяшняя сустрэча, умацаваная прыкладам першых хрысціянаў, трываючых ў навучанні апосталаў, супольнасці, ламанні хлеба і малітвах (пар. Дз 2, 42), збліжае нас паміж сабой і ўмацоўвае надзею на так патрэбнае адзінства, каб разам сведчыць евангельскія каштоўнасці,  бараніць іх і на іх аснове будаваць шчасце ў гэтым жыцці і дасягнуць вечнага. Амэн.

 
© 2003-2022 Catholic.by