Канферэнцыя а. Пятра Фраштэнгі OCD ва ўрачыстасць св. Юзафа | Друк |
Святы Юзаф у творах св. Тэрэзы ад Езуса

«Я выбрала сабе за апекуна і заступніка хвалебнага св. Юзафа, асаблівым чынам яму давяраючы. І тады я ясна зразумела, што, як у патрэбе, так і ў іншых яшчэ больш пільных справах, калі справа датычыла маёй годнасці і страты душы, гэты Бацька мой і Апякун выбавіў мяне і ўчыніў мне больш дабра, чым я сама ўмела папрасіць».

Мае дарагія, так св. Тэрэза ад Езуса, маці рэфармаванай галіны ордэна кармэлітаў, у сваёй «Кнізе Жыцця» распачынае гісторыю спаткання са св. Юзафам. Святы Юзаф — маўклівая постаць, а яго заступніцтва вельмі дзейснае. Праўдай з’яўляецца тое, што мы не ведаем ніводнага слова, якое ён мог бы выказаць і пакінуць пакаленням, але адначасова нас захапляе неверагодная, гераічная пастава паслухмянасці, якую ён выявіў перад Богам — сваім Стварыцелем. Дзякуючы ўсяму гэтаму, ён выслужыў сабе непаўторную ласку заступніцтва за ўсіх дзяцей Касцёла.

Святая Тэрэза акрэсліць гэта так: «Не памятаю, каб я калі-небудзь, ажно да гэтай хвіліны, прасіла яго аб нейкай рэчы, якую б ён не здзейсніў. Гэта неверагодна, якія вялікія рэчы ўчыніў мне Бог праз заступніцтва гэтага хвалебнага святога, з колькіх небяспекаў цела і душы мяне выбавіў. Іншым святым, можна сказаць, Бог даў ласку дапамагаць нам у той ці іншай патрэбе, гэтаму ж хвалебнаму святому, пра што ведаю з уласнага вопыту, даў уладу дапамагаць нам ва ўсім. Праз гэта Езус хацеў нас заверыць, што, як быў паслухмяны яму на зямлі, як апекуну і свайму айцу, які меў права Яму наказваць, — так і ў небе робіць усё, аб чым Яго просіць святы Юзаф. Пераканаліся ў гэтым і іншыя, каму я параіла, каб яму даверыліся, і ўжо штораз болей тых, хто яго ўшаноўвае і заклікае, адчуваючы на сабе гэтую праўду».

Сёння нам, якія шукаюць аўтарытэтаў, памочнікаў, заступнікаў, неабходна ўзгадаць аб тым, што Бог хацеў, каб чалавек дапамагаў чалавеку на шляху да Яго. Такую замену прапануе нам св. Тэрэза, указваючы на постаць св. Юзафа, мужа паслухмянага і справядлівага. Глядзець на яго і прыпадабняцца яму. Умець падняцца ўначы і мігрыраваць у невядомае, з болем шукаць Езуса і знайсці Яго, нічога не разумець, але верыць, верыць у тое, што Бог ведае, што робіць, куды вядзе і якім будзе фінал гэтага шляху.

Святая Тэрэза піша: «Я хацела б усіх прыцягнуць да пабожнай пашаны гэтага хвалебнага святога, ведаючы са шматгадовага вопыту, якія вялікія ласкі ён мае моц выпрасіць нам у Бога».

Заахвочаны сваёй рэфарматаркай, Кармэль пераказвае гэтую праўду да сённяшняга дня, прамаўляючы словамі св. Тэрэзы: «Я ніколі яшчэ не сустрэла нікога, хто б сапраўды меў да яго набажэнства і аддаваў яму асаблівую пашану і не дасягнуў большай карысці ў цнотах, бо ён надзвычай цудоўным чынам дапамагае кожнай душы, якая яму давяраецца».

Мае дарагія, мы не можам забыцца пра тое, што наша сённяшняя прысутнасць абавязвае нас не толькі да ўшанавання св. Юзафа, але і да прашэння аб тым, што неабходнае для свету, для Касцёла і для чалавека. Мне застаецца толькі заахвоціць вас словамі св. Тэрэзы: «Прашу дзеля любові Божай кожнага, хто б мне не верыў: няхай паспрабуе, тады з уласнага вопыту пераканаецца, якая гэта добрая і карысная рэч — давярацца гэтаму хвалебнаму Патрыярху і шанаваць яго».

Наколькі ж поўныя заахвочання гэтыя словы св. Тэрэзы ад Езуса! Думаю, што, калі нехта з нас зведаў заступніцтва св. Юзафа ў сваім асабістым жыцці, то можа гэта з упэўненасцю пацвердзіць. Нашым вялікім прагненнем павінна быць тое, каб св. Юзаф атрымліваў усё большую пашану ў нашай святыні, апекуном якой з’яўляецца. Заахвочваю ўсіх вас звярнуцца да Юзафа па прыкладзе св. Тэрэзы: няхай ён стане ахоўнікам і заступнікам на нашых зямных шляхах, няхай стане сябрам для кожнага з нас на шляху да Бога. Няхай навучыць нас паставе даверу Богу, якую сам выявіў, няхай навучыць нас адвазе ў крочанні цёмнымі шляхамі веры.

Адзначаем урачыстасць у гонар св. Юзафа, таму дазвольце, каб апошняе слова гэтага разважання належала нашай маці-рэфарматарцы. Няхай яно стане заахвочаннем не толькі на сёння, але і на ўсё нашае жыццё. Святая Тэрэза напісала: «Ужо шмат гадоў, наколькі памятаю, штогод, у дзень ягонага свята прашу аб нейкай ласцы і заўсёды яе атрымліваю».

Адноўлена 21.03.2011 15:18
 
© 2003-2024 Catholic.by