І катэхеза Мітрапаліта Кандрусевіча на XXVI Сусветны дзень моладзі | Друк |
Мадрыд, 17 жніўня 2011 г.

Моцныя ў веры

1. Папа Бэнэдыкт XVI, яшчэ як прэфэкт Кангрэгацыі веравучэння кардынал Ёзаф Ратцынгер, у 1985 г. апублікаваў свой славуты «Рапарт аб стане веры», які на самой справе з’яўляецца інтэрв’ю з вядомым ватыканістам Вітторыё Мессоры і ў якім падкрэслена вялікая трывога адносна веры сучаснага чалавека.

Кардынал Ратцынгер пачынае ад аналізу праблемы аспрэчвання, якая з’яўляецца тыповай асаблівасцю Захаду. У той жа час рэчаіснасць Касцёла, канкрэтнага і пакорнага народу Божага, цалкам адрозніваецца ад таго, аб чым мараць пэўнага тыпу лабараторыі, у якіх дыстылюецца ўтопія… Спрэчнасць з’яўляецца дарогай у нікуды. Веру трэба бараніць праз яе абвяшчэнне, бо Касцёл — гэта не будаўнічы пляц, на якім згубіліся планы і кожны будуе, як яму падабаецца. Касцёл — гэта таксама не калектыў веруючых і не сума членаў, а перадусім прастора рэальнай прысутнасці Пана ў свеце. Мы ж з’яўляемся Яго народам, імплантаваным у Яго Цела, які ўзрастае Яго ўзрастаннем. Касцёл перавышае ўсе межы — нават смерці, бо ён з’яўляецца Касцёлам Хрыста, а не нашым. Нашымі з’яўляюцца толькі грахі. Вельмі моцныя словы кардынала Ратцынгера.

Сярод найважнейшых небяспек Ратцынгер вылучае наступныя: тэалагічная пустыня, дылемы маральнасці (лібералізм, пермісівізм, кансумізм, вызваленне), а таксама сацыялагічныя альтэрнатывы (быць бліжэй да грамадства ці бліжэй да навучання Касцёла).

Сапраўды, калі мы паглядзім на сучаснае хрысціянства, то нас часта проста бярэ жах. Людзі называюць сябе веруючымі, але на самой справе такімі не з’яўляюцца. З Касцёлам іх вельмі часта яднае толькі пасведчанне хросту, можа, час ад часу яны зазірнуць на набажэнства, найчасцей на Вялікдзень ці на Божае Нараджэнне. Асвецяць велікодную ежу ці паставяць у памяшканні ёлку на Божае Нараджэнне, але на самой справе найчасцей — з нагоды Новага году. Носяць крыж, і нярэдка вельмі дарагі, але не вельмі ведаюць, што ён азначае.

Кардынал Ёзаф Ратцынгер аднойчы апавядаў, як у музеі ў Дрэздэне адзін з наведвальнікаў, гледзячы на крыж, сказаў: «Вось і ўкрыжавалі Спартака».

Асабісты досвед з базылікі св. Пятра: у Юбілейным 2000 годзе дзве жанчыны спыталі, дзе ў Рыме знаходзіцца месца ўкрыжавання Езуса.  

2. Праблема веры — гэта вялікая і актуальная праблема сучаснага хрысціянства, якая выражаецца таксама і ў тым, што падчас набажэнства ў касцёле чалавек лічыць сябе хрысціянінам, а па-за яго парогам жыве як язычнік. Хто ў хрысціянскай Еўропе прымае законы, не згодныя з законам Божым, такія, як права на разводы, аборты, эўтаназію, рэпрадуктыўнае здароўе, гомасексуальныя саюзы з правам усынаўлення дзяцей і г. д.? Хто там жа друкуе календары для школьнікаў, дзе ў імя паліткарэктнасці, якая ўжо ўвайшла таксама і ў сферу рэлігіі, каб толькі не абразіць вернікаў нехрысціянскіх веравызнанняў, няма нават успаміну пра Божае Нараджэнне і Пасху? Хто забараняе рэлігію ў школах, як, напрыклад, у Іспаніі, дзе яна заўсёды была? Ніхто іншы, як хрысціяне, якія дэмакратычным спосабам большасцю галасоў прымаюць такія ганебныя законы і адначасова лічаць сябе хрысціянамі.

3. У сучасным свеце існуе яшчэ іншая вельмі небяспечная тэндэнцыя прыватызацыі веры. Гэта азначае, што веру імкнуцца спіхнуць на перыферыю жыцця і жадаюць, каб яна была толькі прыватнай справай чалавека і не праяўлялася ў публічным жыцці. Аднак, напрыклад, рэклама алкаголю, тытуню, эротыкі і рэпрадуктыўнага здароўя, амаральныя кіна- і тэлепраграмы, забруджаны Інтэрнэт, узрастаючая колькасць казіно з іх аднарукімі бандытамі, якія разараюць чалавека, секс-шопы і г. д. — ці гэта таксама прыватная справа?

4. Вялікую небяспеку нясе і тэндэнцыя змяняць Божы закон, паслабляць яго, што на сучаснай мове называецца маральным рэлятывізмам. Цікава і тое, што заклікі Касцёла захоўваць Божы закон у наш час ацэньваюцца як сярэднявечча, адсталасць, адмова ад прагрэсу і нават фундаменталізм.
Гэта трэба прызнаць, асабліва ў моладзевым асяроддзі, у якім нямодна размаўляць пра справы маралі. Моладзь нярэдка кажа: чаго ж узнімаць такія складаныя і не адпавядаючыя сучасным тэндэнцыям праблемы? Лепей жыць так, як усе жывуць. Жыць філасофіяй натоўпу. Плысці не супраць цячэння, а па цячэнні і г. д. Але мы добра ведаем, куды нас занясе плынь вады, калі мы не будзем ёй супраціўляцца. Ва ўзбуранае мора, адкуль мы ўжо не выплывем. Так і ў маральным жыцці.

Спартсмен, каб дасягнуць добрага выніку, павінен шмат трэніравацца і заўсёды ўздымаць планку намаганняў. Таксама і хрысціянін, каб стаць духоўным чэмпіёнам, павінен павышаць патрабаванні да сябе. Ён павінен жыць евангельскім радыкалізмам, а не духоўнай расхлябанасцю, каб прынесці плён свайго жыцця.

5. Наступнай пагрозай у галіне веры з’яўляецца тое, што сучасны чалавек у сваім імкненні да аўтаноміі і абсалютнай свабоды кажа, што Божы закон яе абмяжоўвае і забараняе чыніць усё тое, што ён хоча. Трэба памятаць, што абсалютнай свабоды няма і не можа быць. Нож служыць, каб рэзаць хлеб, але нажом можна забіць чалавека, калі ім карыстацца безадказна. Божы закон — гэта дарожныя знакі на нашым жыццёвым шляху. Як трэба захоўваць правілы дарожнага руху, калі мы вядзём машыну, так трэба захоўваць прынцыпы Евангелля, каб шчасліва дайсці да мэты нашага жыцця — дасягнуць вечнага шчасця ў Валадарстве Нябесным.

6. Гэтыя і іншыя праблемы сучаснасці пацвярджаюць, што наша хрысціянства вельмі часта з’яўляецца не сапраўдным, а штучным. Сучасны хрысціянін, на жаль, вельмі часта жыве вераю ў Бога і Езуса Хрыста ў асаблівым кантэксце «забыцця Бога», у нейкім «зацьменні сэнсу Бога», распаўсюджвання лаіцызму, які выключае веру з публічнага жыцця. З іншага ж боку, трэба памятаць і аб тым, што, паколькі Бог з’яўляецца крыніцай жыцця, то без адносін са сваім Творцам чалавек губляе сваю годнасць і тоеснасць.

Папа Бэнэдыкт XVI навучае, што Бог ёсць крыніцай жыцця. Адмовіцца ад Бога азначае адысці ад гэтай крыніцы і пазбавіцца яго спаўнення і радасці, бо «стварэнне без Стварыцеля марнее» (GS 36). Сучасная культура імкнецца да выключэння Бога або да прызнання веры як прыватнай рэчы без уплыву на грамадскае жыццё. І хоць каштоўнасці, якія з’яўляюцца падмуркам грамадства, паходзяць з Евангелля, заўважны працэс знікнення Бога, некаторай амнезіі або нават абсалютнай адмовы хрысціянства і адмовы скарбу веры з рызыкай страты сваёй тоеснасці (пар. Пасланне на XXVI Сусветны дзень моладзі, 1).

Калі нам нядобра і ў нас праблемы, мы хутка шукаем дапамогі ў людзей. Спяшаемся да лекара, да суседа, да юрыста і г. д. Пішам таксама скаргі, што ў апошнія часы прыняло характар сапраўднай скаргаманіі. У той жа час мы забываем, што калі б распачыналі кожную справу з Богам і ўсё чынілі паводле Яго закону, то не мелі б столькіх праблем. Адыход ад Бога і Яго закону і ёсць прычына ўсіх праблем кожнага грамадства. У такім кантэксце існуе неадкладная патрэба вярнуцца да першынства Бога ў жыцці чалавека, бо ўсё змяняецца і толькі Бог застаецца.

 6. Што азначае верыць у Бога і таго, каго Ён паслаў — Езуса Хрыста? Вера — гэта дар Божы, у якім Бог аб’яўляецца чалавеку і сябе аддае яму. Хрыстус аб’яўляе чалавеку Бога, якого ніхто і ніколі не бачыў. Прычым Ён аб’яўляе Бога з чалавечым тварам і сэрцам, гэта азначае, вельмі блізкага нам. Гэтае аб’яўленне можа наступіць нечакана, і таму нельга праспаць такі момант, нельга не заўважыць аб’яўляючагася і прыходзячага Бога, нельга паступіць так, як паступілі габрэі, якія не распазналі знаку часу прыйсця Збаўцы.
Вера асвятляе жыццё веруючага, перамяняе яго, бо чалавек створаны па вобразу і падабенству Божаму. Толькі дзякуючы веры ў Бога, праз якую чалавек уваходзіць у адзінства з Ім, жыццё набывае сваю паўнату і дае надзею на вечнасць. У сувязі з гэтым які няшчасны няверуючы чалавек! Што яго чакае пасля смерці, якая раней ці пазней наступіць? Ён перастае быць! Ці варта дзеля гэтага столькі цярпець у жыцці? У такой сітуацыі жывёлы знаходзяцца ў лепшай сітуацыі, бо не маюць ніякіх абмежаванняў у сваіх паводзінах.

У Евангеллі Хрыстус часта гаворыць пра веру і заахвочвае сваіх вучняў узрастаць у ёй. Вера ёсць фундаментальным выбарам жыцця: вера ў Божае слова дазваляе будаваць наша жыццё на скале (пар. ККК 153-155).

Пры гэтым трэба заўважыць, што мы павінны верыць у аб’яўленыя Богам праўды найперш таму, што яны аб’яўлены Ім, а не таму, што яны зразумелыя для чалавечага розуму. Сёння толькі лянівы не ведае пра электронны каллайдэр, які знаходзіцца ў Еўрапейскім Цэнтры ядзерных даследаванняў (так званы ЦЭРН). Менавіта там вучоныя спадзяюцца знайсці антыматэрыю і змадэляваць так званы Вялікі выбух, які паводле іх стаў прычынай з’яўлення Сусвету. Нават калі іх намаганні і будуць паспяховымі, то гэта не перакрэслівае аб’яўленай праўды, што Бог стварыў свет, бо хтосьці павінен быў выклікаць гэты выбух. Кожнае следства мае сваю прычыну. Нядаўна славуты англійскі фізік Сцівен Гаўкінг (Stephen Hawking), які, дарэчы, вельмі хворы і зносіцца з асяроддзем толькі дзякуючы стымулятару мовы, заявіў, што Сусвет з’явіўся без Божай інтэрвенцыі і ў выніку спантаннага працэсу на моцы фізічных правілаў і механізмаў. Але тут паўстае пытанне: а што было да Вялікага выбуху? Якія фізічныя законы ім кіравалі? Адкуль узяўся Вялікі выбух? Законы фізікі ўключаюць каўзальнасць, гэта азначае існаванне прычыны. Нічога само з сябе не адбываецца. Гэта відавочна. Ідэя чагосьці, што не мае прычыны, проста нефізічная ў прынцыпе. Таму падаецца, што сваімі заявамі Гаўкінг дае сваё сведчанне веры ў фізіку. Ён верыць, што фізіка з’яўляецца самаіснуючым законам, які кіруе рэчаіснасцю. Гэта яго вера. Яна малая, як гарчычнае зерне, але гораў не перанясе.
 
7. Нагадваючы пра нашу веру, трэба нагадаць і пра тое, што яна павінна выражацца не толькі асабіста, але і супольна. Нездарма можна пачуць такія выразы, як вера народа, гэты ці іншы народ сапраўды з’яўляецца веруючым. Вера Касцёла, якую мы вызнаём у Сімвале веры, заўсёды распачынаецца асабістым актам «я веру» і потым пераходзіць у супольны — «мы верым» (пар. ККК 166).

А як з нашай асабістай верай і верай народу? Ці яна сапраўдная і моцная? А можа, штучная?

Ці мы да канца давяраем Богу? А можа, толькі збоку пазіраем і чакаем, што будзе? На веру і хрысціянства наогул трэба глядзець не збоку, але яно павінна стаць часткай нашага жыцця.

Вера здольная чыніць цуд. Аднойчы жыў-быў шэра-карычневы верабей. Усё яго жыццё было чарадой трывог і запытальных знакаў. Будучы яшчэ ў яйцы, ён з трывогай думаў, ці зможа раскалоць шкарлупіну. Ці не выпадзе з гнязда? Ці бацькі будуць мець, чым яго пракарміць?

Потым гэтыя страхі прайшлі, але з’явіліся іншыя. Ён дрыжаў, седзячы на галінцы, з якой павінен быў першы раз паляцець. Ці вытрымаюць мяне крылы? Ці не разаб’юся я аб зямлю? Хто мяне тады падыме наверх?

Зразумела, што з часам ён навучыўся лятаць, але зноў пачаў ныць. Ці знайду сабе сяброўку? Ці змагу звіць гняздзечка?

Усё ў яго атрымалася, аднак ён і далей мучыў сябе. Ці будуць захаваны яйкі? А можа, у дрэва ўдарыць пярун і ўся сям’я загіне? Ці змагу я пракарміць сям’ю? А калі прыляціць сокал і з’есць маё патомства?

Калі маладыя вераб’і сталі прыгожымі, здаровымі і рухлівымі і пачалі лятаць, верабей ізноў пачаў скардзіцца. Ці знойдуць яны дастаткова ежы? Ці ўратуюцца ад кошак і іншых звяроў?

Але вось аднойчы пад дрэвам праходзіў Хрыстус і, паказваючы пальцам на вераб’я, сказаў сваім вучням: «Паглядзіце на нябесных птушак, яны не сеюць і не жнуць і не збіраюць ураджай, а Мой нябесны Айцец іх корміць».

І тады шэра-карычневы верабей зразумеў, што ў яго было ўсё, толькі ён гэтага не заўважаў.

А ты, малады чалавек, ці заўважаеш, што Бог дае табе ўсё, толькі трэба верыць? Амэн.

Адноўлена 17.08.2011 15:12
 
© 2003-2022 Catholic.by