Прывітанне моладзі Святым Айцом Бэнэдыктам XVI (Плошча Сібэлес, чацвер, 18 жніўня 2011 г.) | Друк |

Дарагія маладыя сябры, я вельмі рады, што магу сустрэцца з вамі тут, у цэнтры прыгожага горада Мадрыда, бурмістр якога ветліва перадаў мне ключы. Сёння горад з’яўляецца сталіцай маладых людзей з усяго свету, на якую ўвесь свет скіроўвае свой позірк. Пан сабраў нас, каб у гэтыя дні перажывалі прыгожае сведчанне Сусветнага дня моладзі. Праз вашую прысутнасць і ўдзел ва ўрачыстасцях імя Хрыста будзе гучаць у кожным куточку гэтага слаўнага горада. Молімся, каб Яго пасланне надзеі і любові загучала таксама ў сэрцах тых, хто не верыць альбо аддаліўся ад Касцёла. Вельмі дзякую за падрыхтоўку цудоўнай сустрэчы мяне пры ўездзе ў горад — знак вашай любові і блізкасці з Наступнікам Пятра.

Вітаю кардынала Станіслава Рылку, старшыню Папскай рады па справах свецкіх, і яго супрацоўнікаў, дзякуючы ім за зробленую працу. Дзякую таксама кардыналу Антоніо Марыі Руко Варэла, арцыбіскупу Мадрыда, за яго ветлівыя словы і намаганні ўсёй архідыяцэзіі і іншых дыяцэзій Іспаніі ў падрыхтоўцы да Сусветнага дня моладзі, на карысць якога велікадушна працавалі вернікі ў іншых партыкулярных Касцёлах усяго свету. Дзякую мясцовым уладам за іх прысутнасць і велікадушнае супрацоўніцтва ў справе паспяховага правядзення гэтай вялікай падзеі. Дзякую прысутным тут братам у біскупстве, святарам, семінарыстам, кансэкраваным асобам і вернікам, якія прыбылі сюды, суправаджаючы маладых, каб дапамагчы ім перажываць гэтыя інтэнсіўныя дні пілігрымкі як сустрэчу з Хрыстом. Сардэчна вітаю ўсіх у Пану і паўтараю, што я вельмі шчаслівы прабываць сярод нас. Няхай у вашых сэрцах ніколі не згасне полымя любові Хрыста.

Прывітанне на французскай мове

Дарагая франкамоўная моладзь! Вялікай колькасцю адказалі вы на заклік Пана прыбыць і сустрэцца з Ім у Мадрыдзе! Віншую вас з гэтай нагоды! Вітаю на Сусветным дні моладзі. Прывозіце з сабой пытанні і шукаеце адказы. Заўсёды добра шукаць. Перш за ўсё шукайце Праўду, якая не з’яўляецца ідэяй, ідэалогіяй ці лозунгам, але Асобай, Хрыстом, Богам. Ён сам прыйшоў да людзей! Маеце рацыю, калі хочаце ўкараніць вашую веру ў Ім, жадаючы абаперці сваё жыццё на Хрысце. Ён вас заўсёды любіць і ведае вас лепш за ўсіх. Няхай гэтыя дні, напоўненыя малітвай, навучаннем і сустрэчамі, дапамогуць вам упоўні адкрыць Яго, каб яшчэ больш любіць Яго. Няхай Хрыстус суправаджае вас у гэтым начным перажыванні, калі ўсе молімся да Яго.

Прывітанне на англійскай мове

Сардэчныя віншаванні накіроўваю да англамоўных вернікаў, якія прыбылі ў Мадрыд. Няхай гэтыя дні малітвы, сяброўства і святкавання збліжаюць адно да аднаго і да Хрыста. Даверцеся слову Хрыста, фундаменту вашага жыцця! Укаранёныя і збудаваныя на Ім, моцныя ў веры і адкрытыя на моц Святога Духа, знойдзеце сваё месца ў Божым плане і ўзбагаціце Касцёл сваімі дарамі. Молімся адно за аднаго, каб былі радаснымі сведкамі Хрыста, сёння і заўсёды. Няхай Бог вас усіх благаслаўляе!

Прывітанне па-нямецку

Дарагія сябры! Вельмі сардэчна вітаю ўсіх вас. Радуюся, што вас так шмат прыехала. У гэтыя дні жадаем супольна вызнаваць, паглыбляць і перадаваць нашую веру ў Езуса Хрыста. Пастаянна нанова перажываем гэта: Ён з’яўляецца тым, хто сапраўды надае сэнс жыццю. Адкрыйма ж нашыя сэрцы Хрысту. Няхай Ён усіх нас адорыць тут, у Мадрыдзе, часам радасці і благаслаўлення.

Прывітанне на італьянскай мове

Дарагія маладыя італьянцы! З вялікай любоўю вітаю вас і радуюся, што так шмат вас сюды прыехала. Перажывайце гэты час у духу інтэнсіўнай малітвы і братэрства, сведчачы аб жывучасці Касцёла ў Італіі, парафіях, супольнасцях і рухах. Дзяліцеся з усімі гэтым багаццем. Дзякую.

Прывітанне на партугальскай мове

Дарагія маладыя і суправаджаючыя асобы з розных краін, дзе афіцыйнай мовай з’яўляецца партугальская, вітаю вас у Мадрыдзе! Усіх вас вітаю з вялікай радасцю і заахвочваю вяртацца да спрадвечнай крыніцы маладосці і пазнаваць сапраўднага героя гэтага Сусветнага дня моладзі і, спадзяюся, вашага жыцця — Хрыста Пана. У гэтыя дні будзе гучаць Яго слова. Дазвольце, каб яно пранікала ў вас і ўкаранялася ў вашых сэрцах. На Ім будуйце сваё жыццё. Моцныя ў веры, будзьце ланцугом вернікаў: нельга верыць без дапамогі веры іншых, а праз сваю веру варта дапамагаць узрастаць у веры іншым. Касцёл патрабуе вас, а вы патрабуеце Касцёла.

Прывітанне на польскай мове

Вітаю моладзь з Польшчы, землякоў благаслаўлёнага Яна Паўла ІІ, ініцыятара Сусветных дзён моладзі. Радуюся вашай прысутнасцю ў Мадрыдзе! Жадаю вам прыемных дзён, дзён малітвы і ўмацавання сувязі з Езусам. Няхай Божы Дух вас вядзе.
 

Адноўлена 23.08.2011 12:22
 
© 2003-2024 Catholic.by