Прамова Святога Айца Бэнэдыкта XVI падчас начнога чування з моладдзю на XXVI Сусветны дзень моладзі ў Мадрыдзе | Друк |

20 жніўня 2011 г.
 
Дарагая моладзь,

я вітаю ўсіх вас, асабліва тых маладых людзей, якія задавалі мне пытанні, і дзякую ім за шчырасць, з якой яны выказалі свае праблемы, якія адлюстроўваюць тое, чаго патрабуе кожны з вас для дасягнення чагосьці вялікага ў жыцці, нечага, што можа прынесці вам задавальненне і шчасце.

Як можа малады чалавек быць верным сваёй веры і адначасова працягваць імкнуцца да высокіх ідэалаў у сённяшнім грамадстве? У Евангеллі, якое мы толькі што пачулі, Езус дае нам адказ на гэтае актуальнае пытанне: «Як палюбіў Мяне Айцец, так і я палюбіў вас; заставайцеся ў любові Маёй» (Ян 15, 9).

Так, дарагія сябры, Бог любіць нас. Гэта вялікая праўда нашага жыцця, гэта тое, што надае сэнс усяму астатняму. Мы не з’яўляемся прадуктам сляпога выпадку або абсурду; наадварот — наша жыццё мае пачатак як частка плану любячага Бога. Каб застацца ў Яго любові, патрэбна жыць жыццём укаранёным у веры, паколькі вера з’яўляецца нечым большым, чым проста прыняцце пэўных абстрактных ісцін: гэта інтымныя адносіны з Хрыстом, які дазваляе нам адкрыць нашыя сэрцы гэтай таямніцы любові і жыць як мужчыны і жанчыны,якія ўпэўнены у Божай любові.

Калі вы будзеце прытрымлівацца любові Хрыстовай, укаранёныя ў веры, вы сустрэнецеся, нават сярод няўдач і пакут, з крыніцай праўдзівага шчасця і радасці. Вера не супярэчыць вашым самым высокім ідэалам, а, наадварот, узвышае і ўдасканальвае гэтыя ідэалы. Дарагія юнакі і дзяўчаты, не задавальняйцеся нічым іншым, апрача Веры, Любові і Хрыста.

У цяперашні час, нягледзячы на дамінуючую культуру рэлятывізму, усё вакол нас шукае праўды, нават калі гэта высокае імкненне чалавечага духу, мы павінны гаварыць з мужнасцю і пакорай аб усеагульным значэнні Хрыста як Збаўцы чалавецтва і крыніцы надзеі для нашага жыцця. Той, хто ўзяў на сябе нашы пакуты, добра знаёмы з таямніцай чалавечай пакуты і выяўляе сваю прысутнасць у тых, хто пакутуе. Яны, у сваю чаргу, аб’яднаныя з мукамі Хрыста, раздзяляюць Яго справу адкуплення. Акрамя гэтага, нашы неабыякавыя адносіны да хворых і пакінутых заўсёды будуць сціплым і цёплым сведчаннем дачынення да Бога.

Дарагія сябры, няхай ніякія нягоды не паралізуюць вас. Не бойцеся ні свету, ні будучыні, ні вашай слабасці. Пан дазволіў вам жыць у гэты момант, і вашай верай Яго імя будзе па-ранейшаму гучаць ва ўсім свеце.

Падчас гэтай малітвы чування я заклікаю вас прасіць Бога, каб Ён дапамог вам знайсці сваё пакліканне ў грамадстве і ў Касцёле, і займацца гэтай справай з радасцю і адданасцю. Гэта добрая справа — адкрываць нашыя сэрцы на заклік Хрыста і з мужнасцю і шчодрасцю прытрымлівацца шляху, які Ён вызначае для нас.

Многіх людзей Пан заклікае да шлюбу, у якім мужчына і жанчына становяцца адным целам (пар. Быц 2:24), рэалізуюць сябе ў жыцці глыбокіх зносін. Гэтая перспектыва  з’яўляецца адначасова яркай і патрабавальнай. Гэта праект для сапраўднай любові, якая штодня абнаўляецца і паглыбляецца ў дзяленні радасцямі і журботамі. Гэта поўная самаадданасць. Па гэтай прычыне, каб зразумець прыгажосць шлюбу, патрэбна ўсвядоміць, што толькі вернасць і непарыўнасць, а таксама адкрытасць да Божага дару жыцця з’яўляюцца веліччу і годнасцю сямейнага кахання.

Хрыстус заклікае іншых ісці за Ім ў святарстве або ў кансэкраваным жыцці. Цяжка перадаць словамі радасць,я кую вы адчуваеце, калі ведаеце, што Езус шукае цябе, давярае табе і сваім беспамылковым голасам кажа табе: «Ідзі за мной!» (пар. Мк 2, 14).

Дарагія юнакі і дзяўчаты, калі вы хочаце адкрыць для сябе, да чаго заклікае Пан кожнага з вас, і жыць сумленна, вы павінны заставацца сябрамі Яго любові. І як нам захаваць сяброўства, як не праз частыя кантакты, гутаркі, прабыванне разам, калі нам добра або дрэнна? Святая Тэрэза ад Езуса казала, што малітва з’яўляецца менавіта такім «сяброўскім кантактам, частым правядзеннем часу сам-насам з Тым, хто, мы ведаем, любіць нас» (пар. Аўтабіяграфія, 8).

І таму я цяпер прашу вас перажыць адарацыю Хрыста, сапраўды прысутнага ў Эўхарыстыі. Прашу вас уступіць у размову з Ім, каб задаць Яму вашыя пытанні і пачуць Яго голас. Дарагія сябры, я малюся за вас усім сэрцам. І я прашу вас маліцца за мяне. Сёння ўвечары будзем прасіць Пана, каб, прыцягнутыя прыгажосцю Яго любові, мы заўсёды змаглі жыць сумленна, як Яго вучні. Амэн.

Дарагія сябры, я дзякую вам за вашу радасць і вашу ўстойлівасць. Ваша сіла большая за дождж. Дзякуй. З дажджом Пан паслаў нам шмат благаславення. І вы прыклад гэтаму.

Па-французску: дарагія маладыя французы, ганарыцеся дарам веры, які вы атрымалі, бо яна будзе асвятляць ваша жыццё ў кожны момант. Бярыце сілу ад веры сваіх суседзяў, ад веры Касцёла! Праз веру мы засноўваемся на Хрысце. Збірайцеся з іншымі, каб паглыбляць яе, быць вернымі Эўхарыстыі, галоўнай таямніцы веры. Толькі Хрыстус можа адказаць на вашы памкненні. Дазвольце сабе быць захопленымі Богам, каб ваша прысутнасць у Касцёле дала яму новае жыццё!

Па-англійску: дарагія юнакі і дзяўчаты, у гэтыя хвіліны маўчання перад Святым Сакрамэнтам давайце узнясем наш розум і сэрцы да Езуса Хрыста, Пана нашага жыцця і  будучыні. Хай Ён спашле свой Дух на нас і на увесь Касцёл, каб мы маглі быць маяком свабоды, прымірэння і міру для ўсяго свету.

Па-нямецку: дарагія маладыя хрысціяне з нямецкамоўных краін! Глыбока ў нашых сэрцах мы імкнёмся да вялікага і прыгожага ў жыцці. Не дазваляйце сваім жаданням і імкненням рассейвацца, але засноўвайце іх у Езусе Хрысце. Ён ёсць надзейная аснова, пачатак для будовы жыцця.

Па-італьянску: цяпер я звяртаюся да італьянамоўнай моладзі. Дарагія сябры, гэтае чуванне пакіне незабыўныя ўражанні ў вашым жыцці. Нясіце полымя, якое Бог запаліў у вашых сэрцах сёння ўвечары. Ніколі не дазваляйце яму пакінуць вас, абнаўляйце яго кожны дзень, дзяліцеся ім са сваімі сучаснікамі, якія жывуць у цемры, і тымі, хто шукае святло ў жыцці. Дзякуй! Да заўтрашняй раніцы!

Па-партугальску: мае дарагія сябры, я заклікаю кожнага з вас увайсці ў асабісты дыялог з Хрыстом, дзелячыся з Ім вашымі сумненнямі і, перш за ўсё, слухаючы Яго голас. Пан тут і кліча цябе! Маладыя сябры, прыемна чуць словы Езуса паміж намі і рухацца па Яго слядах. Прасіце Пана, каб Ён дапамог вам адкрыць для сябе сваё пакліканне ў жыцці і ў Касцёле і працягваць яго з радасцю і вернасцю, ведаючы, што Ён ніколі не пакіне і не здрадзіць табе! Ён застаецца з намі да канца свету.

Па-польску: дарагія юныя сябры з Польшчы! Гэтая малітва чування запоўнена прысутнасцю Хрыста. Засноўваючыся на Яго любові, набліжайцеся да Яго з полымем вашай веры. Ён напоўніць вашыя сэрцы Яго жыццём. Будуйце сваё жыццё на Хрысце і на Яго Евангеллі. Я благаслаўляю ўсіх вас.

Дарагія юнакі і дзяўчаты,

мы перажылі разам гэтую падзею. Умацаваныя вашай верай у Хрыста, вы вытрымалі дождж. Перад адыходам я жадаю вам усім добрай ночы. Добра адпачніце. Я дзякую вам за тую ахвяру, якую вы робіце, і не сумняюся, што вы шчодра прапануеце яе Пану. Мы ўбачымся заўтра, дасць Бог, у Эўхарыстыі. Я чакаю вас усіх. Я дзякую вам за цудоўны прыклад, які вы далі. Як сёння, так і заўсёды вы можаце з Хрыстом вытрымаць выпрабаванні жыцця. Не забывайце аб гэтым. Я дзякую вам усім.

Адноўлена 26.08.2011 11:42
 
© 2003-2022 Catholic.by