Зварот Пасла РБ у Ізраіле падчас асвячэння дошкі з малітвай «Ойча наш» на беларускай мове ў Іерусаліме | Друк |


Шаноўныя святары,
Шаноўныя пілігрымы з Беларусі,

Усе колеры вясёлкі, калі яны зліваюцца, даюць чысты белы колер.

І, напэўна, калі б адзін з колераў вясёлкі адсутнічаў, белы колер ужо не быў бы такім чыстым.

Гавораць, не важна, на якой мове чалавек звяртаецца да Бога: галоўнае, каб гэты зварот быў шчырым і каб у душы была любоў.

Але ж, напэўна, як і чысціня белага колеру згасне без аднаго з колераў вясёлкі, так і імкненне вернікаў да Стварыцеля не будзе поўным, калі яно не гучыць на ўсіх мовах.

«Ойча наш» — гэта асаблівая, галоўная малітва хрысціянства. Адна з тых малітваў, тэкст якой праз сваіх вучняў-апосталаў нам даў сам Збавіцель.

У гэтай сувязі адкрыццё тут, на месцы, якое звязана з падзеямі зямнога жыцця Езуса Хрыста, табліцы з тэкстам малітвы «Ойча наш» на беларускай мове з’яўляецца выключна важнай рэлігійнай падзеяй не толькі для католікаў, але і для ўсіх беларусаў.

І, безумоўна, сённяшняя падзея — знакавая для беларускай культуры.

Для тысячаў пілігрымаў, якія звяртаюцца да Бога ў гэтым касцёле, адной з магчымасцей такога звароту будзе малітва «Ойча наш» і на беларускай мове, прызнанай экспертамі-лінгвістамі адной з найбольш меладычных і мілагучных моваў свету.

Дазвольце, шаноўныя сябры, яшчэ раз павіншаваць вас усіх з сённяшнім святам веры і культуры.

Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол
Рэспублікі Беларусь у Дзяржаве Ізраіль
Ігар Ляшчэня

Адноўлена 26.10.2011 11:57
 
© 2003-2024 Catholic.by