Выступленне Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча падчас завяршэння II Міжнароднай сустрэчы партнёраў «Caritas Belarus», прысвечанай служэнню валанцёраў | Друк |

26 студзеня 2012 г., Мінскі міжнародны адукацыйны цэнтр імя Ё. Раў

Глыбокапаважаныя браты і сёстры!

1. Вось і завяршаецца II Міжнародная сустрэча партнёраў «Caritas Belarus», прысвечаная служэнню валанцёраў. Яшчэ раз дзякую арганізатарам, дакладчыкам і гасцям гэтага форуму.

Час разважанняў аб місіі дабравольцаў у галіне дабрачыннасці паказаў яе важнасць і неабходнасць для ўдасканалення працы «Карытас»; сведчання Евангелля і міласэрнай любові; міжчалавечай салідарнасці; будавання новага гуманізму, які абапіраецца на евангельскія каштоўнасці, і цывілізацыі любові; новага абвяшчэння Добрай Навіны, што з’яўляецца прыярытэтам у сучаснай дзейнасці Касцёла; а таксама для ўдасканалення грамадства. Мы яшчэ раз засведчылі тую праўду, што Касцёл без дабрачыннасці не з’яўляецца Касцёлам ва ўсёй сваёй паўнаце, а «Карытас» без дабравольцаў, замест таго, каб быць дынамічным і несці надзею нават насуперак надзеі (пар. Рым 4, 18), становіцца аморфным.

2. Дадзены форум дазволіў пачуць пра вопыт іншых краін, асабліва былога Савецкага Саюза, у галіне валанцёрскага служэння, з мэтай прыняць і адаптаваць да беларускіх умоваў усе найлепшае. Ён таксама выявіў шмат недахопаў і праблем, якія ёсць у галіне паклікання і служэння валанцёраў. Адна з найважнейшых — гэта іх недастатковая прафесійная і духоўная фармацыя. Менавіта тое, што іх служэнне з’яўляецца працягам місіі служачага Хрыста, любоў якога да ўсіх людзей, і асабліва да тых, хто знаходзіцца ў патрэбе, павінна быць мадэллю для кожнага валанцёра.

Гэтая сустрэча паглыбіла адносіны «Карытас» як каталіцкай дабрачыннай арганізацыі з падобнымі праваслаўнымі і грамадскімі структурамі і арганізацыямі. Упэўнены, што ўсё гэта дасць магчымасць пераняць іх вопыт і паспрыяць развіццю міжканфесійнага дыялога і адносін з грамадствам.

3. Адным з найбольш важных плёнаў гэтай сустрэчы з’яўляюцца выпрацаваныя прапановы ў справе валанцёрства ў галіне дабрачыннасці. Гэта тыя напрамкі, якімі яны павінны кіравацца.

У сувязі з гэтым прапаную па выніках працы форуму падрыхтаваць праграму паклікання, прафесійнай і духоўнай фармацыі, а таксама валанцёрскай дзейнасці — нейкі свайго роду прафесійны і маральны кодэкс валанцёра.

Падобна таму, як дзесяць Божых запаведзяў ці восем благаслаўленняў Хрыста з Яго Нагорнага казання з’яўляюцца акрэсленым Богам шляхам жыцця чалавека, таксама і гэтыя галоўныя тэзісы і нормы адносна паклікання і служэння валанцёраў маглі б стаць асновай для іх служэння, іх «настольнай кнігай».

4. Мы лепей зразумелі, што дабравольцы павінны быць слугамі чалавечай годнасці. Кожны чалавек створаны на вобраз і падабенства Божае, і кожны мае права на сваю годнасць. Праз служэнне міласэрнасці чалавеку вяртаецца яго патаптаная, а можа, нават і страчаная годнасць. Наш спосаб жыцця і служэння ў свеце з аднаго боку і наша прыналежнасць да Касцёла з іншага не павінны супрацьстаяць адно аднаму. Чым больш мы будзем укаранёныя ў Хрысце і ў нашай хрысціянскай ідэнтычнасці, тым з большай адказнасцю, праніклівасцю і духам служэння зможам адказваць на выклікі сучаснасці. Сведчанне хрысціянскай любові свае карані мае ў Хрысце, які першы служыў чалавеку.

5. Валанцёры павінны быць сведкамі Божай любові. Ніхто не мае большай любові за тую, калі аддае сваё жыццё за сяброў (пар. Ян 15, 13). Гэтыя словы Хрыста нагадваюць нам аб Яго бязмежнай любові да чалавека, любові аж да смерці крыжовай. Таксама і дабравольцы пакліканы сведчыць Яго любоў, прысвячаючы сваё служэнне патрабуючым. Сучасны секулярызаваны, эгаістычны і геданістычны свет патрабуе такога бескарыслівага сведчання міласэрнай любові, дзякуючы якой мы сведчым таксама і нашу веру.

Гісторыя хрысціянства пазначана дабрачыннай дзейнасцю. Хрысціяне на працягу дваццаці стагоддзяў уключаліся і далей уключаюцца ў любоў да бліжняга праз учынкі матэрыяльнай і духоўнай міласэрнасці. Дзякуючы ім Касцёл ахвяруе пасланне надзеі, у якой маюць патрэбу ўсе пакаленні, якая не можа быць прыглушана, але павінна быць абвешчана таксама валанцёрамі.

Папа Бэнэдыкт XVI у сваёй першай энцыкліцы «Deus caritas est» падкрэслівае важнасць сведчання любові для Касцёла нашага часу. Дзякуючы гэтаму сведчанню, людзі, якім мы служым, могуць пазнаць Божую любоў (пар. DCE 17. 20–24). Для нас, хрысціянаў, Бог з’яўляецца крыніцай гэтай любові, якая не ёсць філантропія, але дар самога сябе, аж да ахвяры свайго жыцця ў служэнні патрабуючым па прыкладу Хрыста.

Гэтае заданне мы зможам выканаць эфектыўна толькі тады, калі самі будзем аб’яднаны з Хрыстом, як галінкі з дрэвам, каб маглі прыносіць плён (пар. Ян 15, 3). Усё гэта нагадвае пра неабходнасць і моц малітвы для тых і за тых, хто займаецца справамі дабрачыннасці, у тым ліку і дабравольцаў. Благаслаўлёны Ян Павел II у Апостальскай Адгартацыі аб місіі свецкіх у Касцёле «Christifideles laici» сцвярджае, што пакліканне дабравольцаў становіцца жывой іконай Хрыста і Касцёла ў любові да хворых і патрабуючых (пар. 53). Таму нам неабходна быць заўсёды злучанымі з Хрыстом у малітве і асабліва ў Эўхарыстыі. Малітва — гэта тое месца, дзе Езус падштурхоўвае нас да большага дару з сябе. Гэта тое месца, дзе Ён звальняе нас ад любой формы ідэалогіі, эгаізму, нацыянальнай і расавай прыналежнасці і нават адчаю перад патрэбамі іншых. Гэта тое месца, дзе Ён адкрывае нашы вочы веры, каб засведчыць сваю прысутнасць сярод іх.

6. Такім чынам Божая ласка дапамагае нам адкрыць у сабе чалавечае жаданне салідарнасці і пакліканне да любові. Яна ўдасканальвае, узмацняе і робіць высакародным гэтае пакліканне, дазваляе нам служыць іншым у якасці валанцёраў. У гэтым бачна веліч нашага паклікання служыць іншым з такой жа свабодай і шчодрасцю, якія характарызуюць самога Бога. Мы становімся прыладамі Ягонай любові ў свеце, які яе жадае ў моры сучаснай беднасці, адзіноцтва, маргіналізацыі і ігнаравання, — як кажа папа Бэнэдыкт XVI.

7. Дарагія супрацоўнікі «Карытас», валанцёры!

Заклікаю вас да адкрыцця ў вашым служэнні і асабліва ў валантарыяце новага спосабу ўзрастання ў ахвярнай любові, якая надае жыццю новае, поўнае Божай праўды, значэнне. Не бойцеся гэтага радыкальнага закліку Хрыста і Касцёла, які змяняе жыццё і дапамагае зразумець, што нашы сэрцы створаны, каб любіць і быць любімымі. У дары саміх сябе мы зможам перажываць жыццё ва ўсёй яго паўнаце.

Дарагія партнёры! Дзякуючы за ваш уклад і дапамогу ў фарміраванні і развіцці дабрачыннасці ў Беларусі, заклікаю вас і далей памятаць пра нас. Нам дваццаць гадоў. У прафесійнай галіне дзейнасці гэта няшмат, мы яшчэ як студэнты, і таму нам яшчэ трэба вучыцца і вучыцца. Ад каго? Ад вас, каб з часам стаць самастойнымі і нават дапамагаць іншым, як гэта чыніце вы.

Са свайго боку мы можам ахвяраваць вам прыклад хрысціянскага сведчання, калі на працягу трох пакаленняў ганенняў нашы вернікі не адмовіліся ад веры і нават перадалі яе новым пакаленням. У той час, калі было вельмі мала святароў і іх дзейнасць была моцна абмежавана, яны, як сапраўдныя дабравольцы, баранілі касцёлы, рамантавалі іх і плацілі падаткі. Мы таксама можам перадаць досвед экуменічнага супрацоўніцтва ў галіне дабрачыннасці.

Усё гэта вельмі важна ў наш секулярны час, калі ізноў стаіць пытанне «to be or not to be» — быць ці не быць хрысціянству, і калі неабходна сумесна абвяшчаць і бараніць хрысціянскія каштоўнасці, бо толькі ў Богу ёсць будучыня.

Спадзяюся на далейшае плённае супрацоўніцтва, каб «Caritas Belarus», як новая кроў, уліўся ў жывы арганізм «Caritas Europa» з мэтай дапамогі патрабуючым, новай евангелізацыі і хвалы Бога, якой з’яўляецца жывы чалавек.

Няхай у гэтым благаславіць усім нам Бог.

Дзякую за ўвагу.

Адноўлена 26.01.2012 17:10
 
© 2003-2024 Catholic.by