Зварот біскупа Антонія Дзям’янкі, старшыні Рады па справах дабрачыннасці, міру і справядлівасці, да ўдзельнікаў сустрэчы партнёраў «Caritas Belarus» | Друк |

26 студзеня 2012 г., Мінскі міжнародны адукацыйны цэнтр імя Ё. Раў

Шчыра дзякую ўсім, хто арганізаваў і фінансаваў сустрэчу, і тым, хто быў на працягу двух дзён у гэтым месцы, каб паразважаць на пачатку новага 2012 года аб працы «Карытас», абмяняцца вопытам, узгадніць накірункі дзейнасці ў бягучым годзе, прапанаваць дапамогу і супольна памаліцца, каб «Карытас» узорна выконваў тое заданне, якое Касцёл у дадзеным месцы і ў дадзены час даверыў гэтай сусветна вядомай каталіцкай арганізацыі.

«Бедных заўсёды будзеце мець» — гэтыя словы Хрыста, сказаныя вучням, актуальныя і сёння ў нашай рэчаіснасці. Бедныя і патрабуючыя, якія з’яўляюцца асаблівай мэтай дзейнасці «Карытас» сапраўды ёсць і ў нас, як і ў многіх іншых краінах свету. Якія гэта катэгорыі патрабуючых — напэўна, добра ведаюць кожны дырэктар і супрацоўнікі «Карытас», як і іншых дабрачынных арганізацый. Але паспрабуем вылучыць пэўныя групы, каб такім чынам неяк сістэматызаваць той абшар, які мы павінны імкнуцца ахінуць сваёй дзейнасцю. Гэта хворыя, інваліды, сем’і з рознымі праблемамі (няпоўныя, з прыёмнымі дзецьмі), патрабуючыя з дамоў-інтэрнатаў і дамоў састарэлых, хворыя ў  шпіталях, беспрацоўныя, эмігранты, алка- і нарказалежныя, вязні і іх сем’і.

Важна ўсвядоміць і тое, што дапамогу патрабуючым мы нясём як праз цэнтральныя структуры (дыяцэзіяльны «Карытас»), так і праз парафіяльныя. З розным вынікам атрымліваецца працаваць на месцы праз арганізацыю парафіяльных «Карытас».

Бесперапынная дзейнасць «Карытас» дае ўпэўненасць, што арганізацыя будзе ўсё больш вядомай як у краіне, так і за яе межамі. Таксама, калі ёсць пастаянныя працаўнікі, якія прафесійна працуюць у «Карытас», і група валанцёраў, якіх становіцца ўсё больш па меры пашырэння дзейнасці арганізацыі, гэта дадае ўпэўненасці ў тым, што арганізацыя і надалей будзе зладжана, стабільна працаваць і прыносіць жаданы плён, гэта значыць, што лёс многіх, хто аказаўся ў патрэбе, будзе менш жорсткі і сумны.

Існаванне дабрачыннай арганізацыі выключна на сродкі вернікаў нашай краіны, а таксама дзякуючы салідарнай дапамозе партнёрскіх дыяцэзій замежжа і льготам, якія яна атрымлівае ад дзяржавы, сведчаць аб патрэбе ў грамадстве такога роду арганізацыі для больш эфектыўнага нясення дапамогі патрабуючым.

У сучасным плюралістычным свеце, дзе ёсць месца розным формам выказвання сваёй актыўнасці праз дабрачынную дзейнасць, мы пацвярджаем, што Еўропа і надалей мае хрысціянскія карані — калі не пануе ў адносінах паміж людзьмі права мацнейшага, права джунгляў, але з дабрыні сэрца хрысціяне бескарысна дапамагаюць патрабуючым. Такім чынам яны даказваюць жыццёвасць, актуальнасць Евангелля і ў сённяшнім свеце, дзе ўчынкам любові веруючага чалавека адносна патрабуючага адводзіцца асабліва важнае месца. Працаўнікі «Карытас» і валанцёры дабрачынных арганізацый паўтараюць такім чынам у сучасным свеце і ў акрэсленым месцы ўчынак самараніна, наследуюць тых, хто на працягу мінулых стагоддзяў прыняў глыбока да сэрца і выканаў загад Хрыста адносна патрабуючага, якога сустрэў на сваім жыццёвым шляху: «Ідзі і ты чыні падобна таму, што ўчыніў самаранін».

Мы разумеем, што «Карытас» не адзіная структура сярод тых, хто дапамагае патрабуючым у грамадстве. Ёсць яшчэ і іншыя арганізацыі і паасобныя ініцыятыўныя групы, якія таксама дапамагаюць людзям у нашай краіне. Але таму няхай наша зладжаная і бесперапынная праца, якая зможа ахапіць усё большыя слаі патрабуючых, будзе для іншых прыкладам больш руплівай рэалізацыі місіі, якую ўзялі на сябе людзі, неабыякавыя да чалавечай бяды. І такім чынам у свеце, у нашым грамадстве і асяроддзі будзе больш людзей, якія з надзеяй будуць крочыць па жыцці, бо спаткалі міласэрнага самараніна ў сучасным свеце.

Тэма валанцёраў «Карытас», над якой мы разважалі падчас сустрэчы, вельмі актуальная для нас. Таксама гэта заклік да вернікаў і людзей добрай волі, каб у асобы ад малых гадоў належным чынам фарміравалася адказнасць і гатоўнасць да бескарыслівага валанцёрскага служэння.

Жадаю ўсім поспехаў. Тыя намеры, якія мелі арганізатары і ўдзельнікі, няхай будуць рэалізаваны. Жадаю радасці ўсім тым, хто працуе на карысць патрабуючых. Няхай Бог вам благаславіць.

Адноўлена 26.01.2012 17:12
 
© 2003-2024 Catholic.by