Слова Мітрапаліта Кандрусевіча да кансэкраваных асобаў у межах святкавання Дня малітваў аб святасці кансэкраванага жыцця | Друк |

4 лютага 2012 г., зала Слугі Божага Зыгмунта Лазінскага ў Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі імя св. Тамаша Аквінскага ў Пінску

Кансэкраванае жыццё — знак прысутнасці Бога ў сучасным свеце

1. Глыбокапаважаныя кансэкраваныя асобы, члены Інстытутаў апостальскага жыцця!

Устаноўленая благаслаўлёным Янам Паўлам II традыцыя маліцца аб святасці кансэкраванага жыцця працягваецца і падтрымліваецца Бэнэдыктам XVI і лакальнымі Касцёламі. Верныя гэтай традыцыі, кансэкраваныя асобы пінскага Касцёла сёння дзякуюць Богу за дар паклікання і служэння на гэтай зямлі, а таксама просяць благаслаўлення на будучыню.

Благаслаўлёны Ян Павел II казаў, што святарства — гэта дар і пакліканне. Тыя ж самыя словы можна сказаць пра пакліканне да кансэкраванага жыцця. Найперш гэта таямніца, бо чаму таго ці іншага чалавека Бог паклікаў? Гэта таксама дар, бо дзякуючы служэнню кансэкраваных асоб Касцёл можа развівацца больш дынамічна.

Вялікая колькасць харызмаў — гэта не што іншае, як узбагачэнне Касцёла. Прыгожым з’яўляецца поле з ружаў ці цюльпанаў, але яно прыгажэйшае, калі на ім ёсць яшчэ і іншыя кветкі. Так жа і з рознымі харызмамі ў Касцёле.

2. Пакліканне з’яўляецца таямніцай. Не вы Мяне паклікалі, але Я вас, — кажа Хрыстус. Ён паклікаў кожнага з нас яшчэ ва ўлонні нашых маці. Нам трэба было толькі адказаць на Ягоны голас. Усё гэта азначае, што пакліканне не з’яўляецца выключна нашай заслугай. Мы сталі святарамі, законнікамі і законніцамі не таму, што лепшыя за іншых, мудрэйшыя, больш актыўныя, лепей адукаваныя і г.д. Не! Так хацеў Бог! Гэта адзіны сапраўдны адказ. Бог не выбірае дасканалых, але выбраных накіроўвае на шлях дасканаласці.

3. Пакліканне — гэта Божы дар. І кожны з нас, хто хацеў стаць святаром, законнікам ці законніцай, павінен ведаць, што гэта жаданне было ўзбуджана Богам.

Аднак калі б мы спрабавалі прааналізаваць гісторыю нашага паклікання, то найперш натрапілі б на любоў. Бог ёсць Любоў і, кіруючыся любоўю, хацеў кожнага з нас учыніць сваёй прыладай, таму паклікаў і адарыў гэтым дарам.

Сёння трэба нанова ўсвядоміць пакліканне, якім Бог нас адарыў. Дзякуючы дару паклікання Бог хоча трываць у нас; трываць у гадзіны захаплення духоўным жыццём і ў гадзіны духоўнай цемры і сумненняў, калі асаблівым чынам трэба памятаць аб словах Хрыста: Я з вамі аж да сканчэння свету. Калі Хрыстус паклікаў, то Ён і дасць дастаткова сіл вытрываць у пакліканні.

Нават не ўсе прарокі былі задаволены сваім пакліканнем. Так, напрыклад, прарок Ерамія праклінаў свой лёс, бо павінен быў ісці да людзей і гаварыць ім праўду, якую яму даручыў абвяшчаць Бог. Гэтая праўда найчасцей датычыла грахоў Выбранага народу, і таму яго пасланне не было папулярным. Таму прарок Ерамія нават хацеў вызваліцца з гэтага ярма «функцыі» прароцтва. Аднак усё было дарма. Атрыманае пакліканне мела харызматычны характар. Ён не мог замкнуць яго ў сабе самім. Яно было дарам для іншых, і Ерамія годна выканаў сваё заданне.

Ваша, дарагія кансэкраваныя асобы, пакліканне таксама мае харызматычны характар. Яно не толькі для вас, але і для іншых. Моцаю паклікання яно прызначана для Касцёла. Таму кожны з вас праз пакліканне стаўся ці сталася дарам Касцёлу.

Падобна як Ерамія, многія з вас могуць адчуваць цяжар быць дарам іншым. Сучасны свет не заўсёды разумее і прымае дар кансэкраванага жыцця, нават, можа, яго высмейвае. Гэта нялёгкае выпрабаванне, аднак і ў ім нельга забывацца, што з’яўляецеся дарам іншым людзям, і ім трэба заставацца.

4. Будучы дарам, кансэкраваныя асобы таксама з’яўляюцца знакам для сучаснага свету. Калі свет усё больш і больш адыходзіць ад Бога, вы застаяцеся знакам, які ўказвае на Бога. Сваім сведчаннем, малітвай, прысутнасцю ў жыцці, на вуліцы, у магазіне і г.д. вы наводзіце сучаснага чалавека на думку аб чымсьці транцэндэнтным, аб тым, што Бог існуе. І калі нехта хоча забыцца пра Бога або адмовіцца ад Яго, менавіта вы з’яўляецеся для яго крыкам: «Хто ж, як не Бог!»

У сучасным свеце голым вокам бачна пагарда маральнымі і этычнымі нормамі. Усё больш праяўляецца лібералізм і маральны рэлятывізм. У імя паліткарэктнасці, якая дабралася і да духоўных спраў, Божая праўда замоўчваецца. Усё часцей можна пачуць, што Божы закон абмяжоўвае свабоду чалавека. У такім кантэксце менавіта вы прыпамінаеце людзям устаноўлены Богам этычна-маральны парадак, які трэба захоўваць.

Сваім жыццём вы паказваеце актуальнасць евангельскіх парадаў паслухмянасці, беднасці і чысціні. Свет іх не прымае, але вы імі жывяце. Радыкалізм вашага жыцця можа быць шокам для сучаснага чалавека. Аднак добра вядома, што ўрачы часта выкарыстоўваюць электрашок, каб нанова запусціць сэрца, якое перастала біцца. Духоўнае сэрца сучаснага свету, калі яшчэ не зусім перастала біцца, то б’ецца не рытмічна і ўсё радзей. Таму яму патрэбны гэты шок. І вы ім павінны быць.

Трагедыяй сучаснага свету з’яўляецца яго абыякавасць адносна граху. Усё часцей праяўляюцца тэндэнцыі, якія сцвярджаюць, што чалавек не можа зграшыць. Такім чынам, грэх — як незахаванне Божага ці касцёльнага закону — становіцца чымсьці звычайным і нармальным. У многіх краінах свету прыняты законы, якія легалізуюць грэх. У гэтым нават бачыцца знак прагрэсу і свабоды, бо нямала ёсць галасоў, якія кажуць, што цяпер не сярэднявечча і таму можна чыніць усё, што хочацца.

Людзі грашаць і як быццам не здаюць сабе справы ў тым, што яны павінны будуць адказаць перад Богам за свае ўчынкі. Таму патрэбны нехта, хто няспынна будзе маліцца і нават пакутаваць за грэшнікаў. Вы, кансэкраваныя асобы, у межах сваёй харызмы таксама пакліканы да гэтага.

5. Адным з галоўных заданняў Касцёла на сучасным этапе яго развіцця з’яўляецца новая евангелізацыя. Кансэкраваныя асобы пакліканы прымаць у гэтым працэсе самы актыўны ўдзел. Тут акурат павінны праявіцца вашы розныя харызмы, дзякуючы якім вы можаце дайсці да розных катэгорый людзей, скалечаных эпідэміяй сучаснага лібералізму і кансумізму, калі ўсё больш праяўляецца матэрыялістычны атэізм і калі людзі ўсё часцей жывуць так, як быццам Бога зусім няма. Вы павінны стаць новай евангельскай закваскай на нашай зямлі, якая больш за тысячу гадоў прыняла хрысціянства і якая перажыла тры пакаленні ганенняў на веру, калі яе вырывалі з каранямі, і якая цяпер паволі адраджаецца, змагаючыся з новымі выклікамі часу — часу бязвер’я.

6. Дарагія кансэкраваныя асобы і члены Інстытутаў апостальскага жыцця!

Сёння вы адновіце свае законныя абяцанні. Менавіта яны, будучы дабравольным дарам вашых сэрцаў, у той жа час з’яўляюцца вартаўнікамі вашага жыцця і служэння. Няхай яны не будуць для вас цяжкасцю, але служаць шляхам да духоўнай дасканаласці. Няхай прымуць меру любові Сэрца Езуса. Няма нічога большага і больш узнёслага, чым любоў, найвышэйшым праяўленнем якой ёсць прабітае на крыжы Сэрца Езуса. Вашым пакліканнем ёсць любоў, любоў да Бога і чалавека, асабліва таго, хто знаходзіцца ў матэрыяльнай ці духоўнай патрэбе, любоў да жыцця паводле харызмы заснавальнікаў і ў згоднасці з законнымі шлюбамі. Любоў знаходзіцца ў сэрцы Касцёла. Без яе не было б прарокаў, апосталаў, мучанікаў, вызнаўцаў, не было б і сапраўдных кансэкраваных асобаў.

У наш час эгаізму і геданізму так патрэбна гэтая любоў, якая служыць і прабачае, якая заступаецца перад Богам за іншых, каб тыя, якія забыліся аб Ім, маглі б дасягнуць збаўлення.

Таму будзьце дарам любові для іншых і для ўсяго свету!

Як жыццё Езуса ў паслухмянасці і адданасці свайму нябеснаму Айцу, а таксама служэнні людзям, з’яўляецца знакам «Эмануэля» — «Бога з намі», таксама і кансэкраванае жыццё праз сваю адданасць Богу і служэнне іншым з’яўляюцца бачным знакам прысутнасці Божага Валадарства ў сучасным свеце і абвяшчэння новага жыцця ў Хрысце. Вымоўная працэсія з запаленымі свечкамі на пачатку набажэнства — гэта знак прысутнасці Хрыста і Яго Евангелля ў духоўнай цемры сучаснага свету. Гэтая прысутнасць рэалізуецца таксама дзякуючы кансэкраванаму жыццю, у якім вы ахвяравалі сваё жыццё Богу, падобна як Марыя ахвяравала Яму свайго Сына.

Дзякуючы ўсім вам за ахвярнае служэнне ў Пінскай дыяцэзіі, давяраю вас апецы Маці Божай і ад усяго сэрца благаслаўляю ў імя Айца, + і Сына, і Духа Святога. Амэн.

Адноўлена 03.02.2012 16:21
 
© 2003-2024 Catholic.by