Канферэнцыя а. Пятра Фраштэнгі OCD, прысвечаная св. Яну ад Крыжа | Друк |

9 лютага 2012 г., Мінск, парафія Божага Цела

Перад тым, як пазнаеш жыццё св. Яна ад Крыжа

«А там, дзе няма любові, пакладзі любоў і атрымаеш любоў» (Św. Jan od Krzyża, List 26)

Сённяшняй нашай сустрэчай распачынаем цыкл канферэнцый, прысвечаных святому Яну ад Крыжа. Дзякуючы гэтым сустрэчам мы будзем мець магчымасць больш уважліва прыгледзецца да асобы святога, а таксама паразважаць, наколькі яго спосаб мыслення, яго асабовасць, яго адносіны да іншага чалавека блізкія кожнаму з нас. Нашыя канферэнцыі з’яўляюцца ў пэўным сэнсе спатканнем са святым Янам ад Крыжа, таму з гэтай нагоды не распачынаю яго з біяграфіі святога, як гэта звычайна ёсць, але сённяшнюю канферэнцыю хачу распачаць, прадстаўляючы нашага святога Яна ад Крыжа як чалавека спаткання.

Калі мы прыгледзімся да яго асобы, чалавека, які адзначаўся вялікай пашанай да іншых людзей, то гэта дапаможа кожнаму з нас больш свядома спадарожнічаць яго жыццёвым падзеям. Сакрэтам выдатнага падыходу да спаткання, якое было ўласціва асобе Яна ад Крыжа, ёсць сам Бог. У «Жывым полымі любові» ён піша: «гэта вялікае шчасце стану абуджэння: пазнаваць стварэнні праз Бога, а не Бога праз стварэнні» (ZPM 4,5). Наш святы, маючы такі погляд на чалавека, бачыў вялікую каштоўнасць, якую кожны мае ў Божых вачах. У вачах Бога кожны чалавек выбраны Богам, кожны чалавек узлюблены і пакліканы да святасці, і дзеля гэтага Хрыстус памёр на крыжы. Гэта не толькі вялікая тэалогія, але і штодзённасць жыцця святога Яна ад Крыжа. Пашану і любоў да іншага чалавека можна знайсці ў нашага святога кожны дзень: пачынаючы ад дапамогі хворым братам і заканчваючы тым, як належыць выконваць абавязкі, звязаныя з пэўнымі пасадамі.

Павага да кожнага чалавека дазваляла Яну ад Крыжа заўсёды быць верным тым сяброўствам, якія ён знаходзіў. У сваіх уласных спатканнях з сябрамі ён ствараў атмасферу шчырасці, адкрытасці і ўзаемнага даверу. Такі падыход да асобы чалавека дазваляў яму плённа праводзіць духоўнае кіраўніцтва, праз якое, па словах іншых, ён і знаходзіў, і ўзмацняў сапраўднае сяброўства, якое грунтавалася на Хрысце. Каб не быць галаслоўным, прывяду некалькі імён людзей, з якімі Ян ад Крыжа быў звязаны глыбокім сяброўствам: яго сабрат айцец Ян Евангеліст, сёстры кармэліткі: святая Тэрэза ад Езуса, сястра Ганна ад Езуса, а таксама свецкія асобы, такія, як Ганна дэ Пэналоза, якой, зрэшты, ён і прысвяціў свой містычны твор «Жывое полымя любові».

Пашану і вернасць сяброўству святога Яна ад Крыжа можам таксама знайсці ў яго лістах. У адным з гэтых лістоў да сваёй пэнітэнткі (асобы, якая спавядалася ў Яна ад Крыжа), простай вясковай жанчыны, якая яму пісала, што хіба забыўся пра яе, Ян піша: «З майго боку было б няўдзячнасцю забываць пра цябе менавіта зараз, пасля столькіх доказаў зычлівасці з твайго боку, якіх я наогул не заслугоўваю. Падумай, як можна пра кагосьці забыцца, хто так глыбока ў сэрцы, як ты для мяне» (List 19). Такая ж вернасць характарызавала яго таксама ў адносінах да сваіх братоў і сясцёр у кармэліцкім ордэне. Будучы законнікам, а перадусім чалавекам, святы Ян быў моцнай апорай для многіх людзей, праз што сам неаднойчы пакутваў. Падчас капітулы ў Мадрыдзе ў 1591 годзе Ян ад Крыжа стаў абараняць айца Гераніма Грацыяна і сясцёр кармэлітак, пры гэтым беручы агонь на сябе. Але дзякуючы такой паставе ён паказаў сябе як чалавек, верны сваім ідэалам, сваім намерам і таму, у чым ён бачыў ідэал законнага жыцця.

Смеласць і адвага ў выражэнні сваёй думкі незалежна ад месца і акалічнасцяў спрыяла таму, што ў Яна ад Крыжа ўзрастала колькасць ворагаў, нават да той ступені, што хацелі яго выдаліць з Ордэну, але нарэшце папрасілі толькі аб тым, каб перайшоў у пустэльню ў Пэнуэлі. На вядомай капітуле ў Мадрыдзе, калі ён абараняў пэўныя законныя каштоўнасці, яго пазбавілі ўсіх абавязкаў і законных пасадаў, якія займаў, і намагаліся выдаліць з закону. Шмат хто з яго сяброў, законных асобаў, праз лісты імкнуліся падтрымаць святога духоўна, адначасова востра выказваючыся ў бок тых, хто яго абвінавачваў.

Аднак святы Ян ад Крыжа, будучы чалавекам памяркоўным і разважлівым, адказваў на гэта з вялікім спакоем, ахвяруючы ўсё Богу. У адным з лістоў маці Марыя ад Уцелаўлення, кармэлітка, жадала дадаць яму адвагі. Святы Ян адпісаў ёй наступным чынам: «Тое, што зараз я адчуваю, дачка, няхай цябе не палохае, не перажывай, бо я не адчуваю ніякай крыўды. Ва ўсім гэтым адчуў бы вялікую крыўду, калі б абвінавачвалі таго, хто насамрэч нявінны. Гэтыя рэчы робяць не людзі, а Бог, які ведае добра, што нам патрэбна, і ўсё стварае для нашага дабра. Не імкніся бачыць нейкіх іншых прычынаў, але думай толькі, што ўсё гэта чыніць Бог. А там, дзе няма любові, пакладзі любоў і атрымаеш любоў» (List 26).

Як бачым, той досвед, які сустрэў святы Ян ад Крыжа на сваёй дарозе, вучыць яго вялікай пакоры. Дзякуючы гэтаму, пакора дапамагае яму зірнуць на справы, якія яго датычаць —  калі казаць па-чалавечы, цяжкія і балючыя справы, — у святле веры, гэта значыць так, каб убачыць у гэтых справах волю самога Бога. А такое разуменне цяжкіх падзеяў, якія яго спатыкаюць, дазваляе Яну ад Крыжа больш адкрыцца асобам, з волі якіх ён апынуўся ў цяжкай сітуацыі.

Я мэтанакіравана распачаў першую канферэнцыю аб святым Яне ад Крыжа, паказваючы яго чалавечае аблічча, адкрытае на іншага, аблічча, у якім можна ўбачыць адлюстраванне вернасці як уласнаму сумленню, так і іншаму чалавеку. Мэта гэтай канферэнцыі заключаецца ў тым, каб наблізіць да вас асобу нашага святога, каб кожны з нас лягчэй мог успрымаць яго навучанне, у якім можам убачыць не толькі спіс суровых забаронаў і напамінаў, але перадусім запрашэнне для кожнага з нас, запрашэнне на шлях, які вядзе да дасягнення дабра, якім ёсць сам Бог.

Таму шчыра запрашаю ўсіх вас у наступнае падарожжа. Гэтым разам ужо не толькі са святой Тэрэзай ад Дзіцятка Езус, але і са святым Янам ад Крыжа. Будзе гэтае падарожжа не зусім лёгкім і простым. Аднак запэўніваю: той, хто пакаштуе мудрасці гэтага святога, не зверне з аднойчы абранай дарогі, якая вядзе да Найвышэйшага Дабра.


Адноўлена 10.02.2012 14:56
 
© 2003-2024 Catholic.by