Прывітальнае слова Мітрапаліта Кандрусевіча да ўдзельнікаў навукова-практычнага семінару на тэму «Евангелізацыя i новыя сродкі камунікацыі» | Друк |

Баранавічы, 25–26 лютага 2012 г.

Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, студэнты, прадстаўнікі сродкаў масавай камунікацыі, браты і сёстры!

1. Перадусім хачу выказаць падзяку кіраўніцтву Катэхетычнага каледжа імя Слугі Божага Зыгмунта Лазінскага за праяўленую ініцыятыву і арганізацыю навукова-практычнага семінару на тэму «Евангелізацыя i новыя сродкі камунікацыі». Гэта не што іншае, як своечасовы адказ на пастырскія запатрабаванні і выклікі нашага часу. Як вядома, тэма сёлетняга пастырскага года Каталіцкага Касцёла ў Беларусі — «Новая евангелізацыя — шлях да веры».

Евангелізацыя была заўсёды асноўным заданнем Касцёла, бо гэта мандат Езуса Хрыста: «ідзіце, навучайце ўсе народы, хрысцячы іх у імя Айца і Сына і Святога Духа, вучачы іх выконваць усё, што Я запаведаў вам» (Мц 28, 19–20).

На сучасным этапе развіцця Касцёла разам з евангелізацыяй новая евангелізацыя з’яўляецца галоўным заданнем Касцёла, бо так шмат ахрышчаных адыходзіць ад Бога і так шмат краін і народаў з працяглай гісторыяй хрысціянства жывуць так, як быццам Бога зусім няма. Наша краіна — Беларусь — знаходзіцца ў падобных умовах. Яна можа ганарыцца сваёй хрысціянскай гісторыяй і традыцыямі. Аднак гэта не толькі гісторыя росквіту хрысціянства, але таксама і гісторыя яго пераследу. Яна славутая і адначасова трагічная.

2. Беларускі народ перанёс на сабе цяжкасці ганенняў за веру, калі з квітнеючай хрысціянскай верай зямлі хацелі зрабіць духоўную пустыню. Мы ўсе добра ведаем, што такое Чарнобыльская ядзерная катастрофа, і яе вынікі ўсё яшчэ адчуваем пасля чвэрці стагоддзя. Працэс ганенняў на веру — гэта духоўны Чарнобыль, і яго вынікі таксама будуць яшчэ доўга адчувацца. Да іх далучаецца імклівая секулярызацыя, якая з Захаду імкнецца да нас і якой паддаецца ўсё больш людзей. Таму нам таксама неабходна новая евангелізацыя. Яе неабходнасць вынікае як з духоўнай катастрофы, як з наступства атэістычнага рэжыму, так і з выклікаў секулярызму і лібералізму.

Семінар, які распачынаецца, з’яўляецца таксама пацвярджэннем таго, што Каталіцкі Касцёл у Беларусі стараецца ісці ў нагу з Касцёлам сусветным. Найлепшым паказальнікам, такой лакмусавай паперкай жыцця Касцёла з’яўляюцца Сіноды Біскупаў. Успомнім толькі, што апошні Сінод Біскупаў, які адбыўся ў 2008 г., быў прысвечаны слову Божаму ў жыцці і місіі Касцёла. А наступны, які пройдзе ў Ватыкане 7–28 кастрычніка 2012 г., будзе прысвечаны новай евангелізацыі для перадавання веры. Падчас гэтага Сіноду 11 кастрычніка папа Бэнэдыкт XVI распачне Год веры.

Святы апостал Павел кажа, што вера нараджаецца ад слухання (пар. Рым 10, 17). А каб слухаць, неабходна абвяшчаць. Без абвяшчэння немагчыма слухаць, бо няма чаго слухаць. Таму неабходна евангелізацыя — як першасная ad gentes, бо так шмат людзей усё яшчэ не ведаюць Хрыста, і новая евангелізацыя, бо так шмат страцілі веру, без якой няма збаўлення.

3. Касцёл з самага пачатку абвяшчаў Добрую Навіну праз сваіх святароў, якія прамаўлялі да людзей. Каб лепей было чуваць, яны прамаўлялі з амбоны, з высокага месца. Так чыніў і Езус. Прыкладам з’яўляецца Яго славутае казанне на гары. Потым для абвяшчэння слова Божага пачалі выкарыстоўваць кнігі, часопісы і газеты. Далей з’явілася кіно, радыё, тэлебачанне, відэа, слайды і г.д. І нарэшце, самыя сучасныя сродкі масавай камунікацыі, такія, як Інтэрнэт, які з вялікага сусвету зрабіў малую вёску.

Касцёл ужо вельмі даўно пачаў выкарыстоўваць мас-медыя ў пастырскай дзейнасці і асабліва для абвяшчэння Евангелля. Гэты працэс атрымаў новы імпульс паўстагоддзя таму, падчас Другога Ватыканскага Сабору, на якім быў прыняты адмысловы Дэкрэт пра сродкі масавай камунікацыі «Inter mirifica». Узгаданы дакумент навучае, што «сярод незвычайных тэхнічных вынаходніцтваў, якія з Божай волі чалавечы геній асабліва ў наш час чэрпае са створаных рэчаў, Маці-Касцёл прымае i сочыць з асаблівым клопатам за тымі, што датычаць перадусім чалавечага духу і адкрываюць новыя, усё больш даступныя шляхі перадавання разнастайных навін, ідэй i настаўленняў. З гэтых вынаходніцтваў самымі выдатнымі з’яўляюцца сродкі, якія па сваёй сутнасці здольныя дасягнуць i ўзрушыць не толькі адзінкі, але таксама цэлыя супольнасці і ўсё чалавецтва: прэса, кінематаграфія, радыё, тэлебачанне i інш. Таму іх справядліва можна назваць сродкамі масавай камунікацыі. Маці-Касцёл безумоўна прызнае, што гэтыя сродкі пры адпаведным выкарыстанні аказваюць чалавецтву вялікую паслугу, бо ў значнай ступені спрыяюць адпачынку i духоўнаму ўзбагачэнню, а таксама пашырэнню i ўмацаванню Божага Валадарства. Ведае таксама, што людзі могуць іх выкарыстоўваць насуперак намерам Боскага Стварыцеля з крыўдаю для сябе. Матчына сэрца Касцёла сціскае боль ад той шкоды, якую чалавечая супольнасць вельмі часта церпіць з прычыны злоўжывання гэтымі сродкамі» (Inter mirifica, 1–2).

Таму, будучы вялікай сілай, мас-медыя могуць быць выкарыстаны нязгодна з іх прамым прызначэннем, што вельмі лёгка можна заўважыць у наш час, калі ўсё больш праяўляецца дыктатура сродкаў масавай камунікацыі, гэта азначае меркаванне аб тым, што ўсе могуць казаць усё, што думаюць і хочуць. Аб гэтым нагадаў папа Бэнэдыкт XVI падчас сустрэчы са святарамі Рымскай дыяцэзіі 23 лютага 2012 г. Пры гэтым Пантыфік заклікаў да вызвалення з гэтай дыктатуры, бо саступка такім тэндэнцыям — гэта падпарадкаванне  дыктатуры вятроў і хвалям свету. Сапраўдная свабода заключаецца ў вызваленні ад гэтай дыктатуры (пар. http://www.radiovaticana.org/it1/Articolo.asp?c=565588; http://ekai.pl/wydarzenia/temat_dnia/x51653/benedykt-xvi-wzywa-kaplanow-do-wzrastania-w-pokorze-lagodnosci-i-wielkodusznosci/).

Усё гэта нагадвае аб неабходнасці прынцыпаў этыкі ў мас-медыя, а таксама аб тым, што сродкі масавай камунікацыі павінны не толькі інфармаваць людзей, але і іх фармаваць. У сувязі з гэтым Сабор навучае, што «Каталіцкі Касцёл быў устаноўлены Хрыстом Панам, каб усім людзям несці збаўленне. Таму, усведамляючы неабходнасць прапаведавання Евангелля, ён лічыць сваім абавязкам абвяшчаць збаўчую навіну таксама пры дапамозе сродкаў масавай камунікацыі і вучыць людзей правільна імі карыстацца. Таму Касцёл мае прыроджанае права карыстацца i валодаць рознымі гэтымі сродкамі настолькі, наколькі яны неабходны або могуць дапамагчы ў хрысціянскай фармацыі i ў кожнай справе дзеля збаўлення душ» (Inter mirifica, 3).

4. Сучасны чалавек, асабліва малады, выхаваны на мас-медыя. І менавіта сродкі масавай камунікацыі з’яўляюцца найбольш даступным спосабам камунікацыі. Яны вельмі паспяхова могуць выкарыстоўвацца ў абвяшчэнні Евангелля, катэхізацыі, рэлігійным навучанні і г.д. Таму вялікім занядбаннем было б іх невыкарыстанне. Нездарма благаслаўлёны папа Ян Павел II у Апостальскім пасланні да адказных за сродкі масавай камунікацыі «Il rapido sviluppo» («Хуткае развіццё») вучыць, што ў іх «Касцёл знаходзіць каштоўную падтрымку для распаўсюджвання Евангелля і рэлігійных каштоўнасцяў, для ўстанаўлення дыялога, а таксама для экуменічнага і міжрэлігійнага супрацоўніцтва. Гэтыя сродкі таксама неабходны для абароны тых моцных прынцыпаў, на якіх павінна засноўвацца стварэнне грамадства, якое паважае годнасць чалавечай асобы і ўважліва адносіцца да супольнага дабра» (Il rapido sviluppo, 7).

Падчас ужо ўзгаданай сустрэчы Бэнэдыкта XVI з рымскімі святарамі Папа звярнуў увагу на рэлігійную неадукаванасць у сучасным свеце. Ён заахвоціў так паказваць змест веры, каб яна стала заклікам, а не толькі наборам догмаў, і ўчыніць усё, каб аднавіцца і зрабіць Хрыста больш вядомым людзям, бо так мы зможам адказаць на выклікі часу (пар. http://www.radiovaticana.org/bie/Articolo.asp?c=565601). У сувязі з гэтым сродкі масавай камунікацыі могуць стаць эфектыўным інструментам як евангелізацыі, так і катэхізацыі.

5. Каталіцкі Касцёл у Беларусі, які адраджаецца, імкнецца ісці ў нагу з часам. Мы бачым, што мас-медыя ў ім выкарыстоўваюцца ўсё часцей. Гэта вельмі пахвальна. Аднак нельга спыняцца на дасягнутым. Неабходна ісці наперад, бо, як кажа лацінская прыказка, «qui non progredit — regredit» («Хто не ўдасканальваецца, той адступае назад»).

З вялікай радасць хачу паведаміць, што на пачатку верасня 2012 г. у Гродне плануецца арганізаваць I Усебеларускі з’езд каталіцкіх мас-медыя. Спадзяёмся, што ён прынясе новыя ідэі і рашэнні у іх працы. Плануецца запрасіць журналістаў, працаўнікоў сродкаў масавай камунікацыі, радыё і тэлебачання, інтэрнэту, канфесійных і свецкіх мас-медыя. У нашых планах таксама заснаванне Таварыства каталіцкіх журналістаў.

6. Асабіста я перакананы, што калі сучасны Касцёл хоча быць Касцёлам евангелізацыйным, Касцёлам, які перадае веру і яе ўмацоўвае, то ён павінен быць Касцёлам медыйным. Сродкі масавай камунікацыі — гэта новы сучасны арэапаг, новае месца абвяшчэння Добрай Навіны і перадачы веры. Прыказка кажа: «Святое месца пустым не бывае». Калі мы яго не зоймем, то яго зоймуць іншыя, а мы застанемся на пероне, вачыма праводзячы цягнік, які ад’язджае без нас. А ў гэтым цягніку знаходзяцца людзі, якія чакаюць вечна жывога і дзейснага слова Божага (пар. Габр 4, 12).  

Выказваю надзею, што семінар, які распачынаецца, дасць новы імпульс для далейшага адмысловага выкарыстання сродкаў масавай камунікацыі ў абвяшчэнні Евангелля для перадачы і ўмацавання веры.

Давяраючы яго працу Марыі, якая прыняла Божае слова і захоўвала яго ў сваім сэрцы, а таксама нябесным апекунам мас-медыя, асабліва св. Францішку Сальскаму, заклікаю для ўсіх Божае благаслаўленне і жадаю поспехаў у працы.

Дзякую за ўвагу.

Адноўлена 25.02.2012 11:11
 
© 2003-2024 Catholic.by