Каментарый арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча да Паслання папы Бэнэдыкта XVI на XLV Сусветны дзень міру | Друк |

1 студзеня 2012 г.

Выхаванне моладзі да справядлівасці і міру

Глыбокапаважаныя браты і сёстры!

1. Ад усяго сэрца вітаю вас і віншую з Новым годам. Давяраючы ўсіх вас Багародзіцы Марыі, якую Касцёл ушаноўвае ў першы дзень Новага года, жадаю, каб распачаты новы час у вашым жыцці быў напоўнены Божай ласкай, добрымі ўчынкамі і супакоем.

2. Як звычайна, Святы Айцец на Новы год звяртаецца да вернікаў і людзей добрай волі з Пасланнем з нагоды Сусветнага дня міру. Традыцыя ў першы дзень Новага года маліцца ў інтэнцыі міру ў свеце паходзіць ад папы Паўла VI. Сёлетні Дзень міру ўжо 45-ы. Яго тэмай Святы Айцец Бэнэдыкт XVI выбраў «Выхаванне моладзі да справядлівасці і міру».

З гэтага Паслання відавочна, што Папа не пакінуў без увагі глабальны крызіс, які ахапіў увесь свет. Карані гэтага крызісу культурныя і антрапалагічныя. У сувязі з гэтым Папа адзначае, што саван цемры агарнуў увесь свет і не дазваляе ўбачыць ззянне дзённага святла. Гэтым крызісам асабліва занепакоена моладзь. Аднак, нягледзячы на ўсё гэта, Папа заахвочвае моладзь у 2012 г. мець давер і не быць схільнай да дэпрэсіі перад абліччам нягод. Таксама Святы Айцец бачыць неабходнасць адмысловага выхавання моладзі, для чаго патрэбны не толькі добрыя настаўнікі, але і сведкі.

У сваім Пасланні Папа закранае пытанні адказнасці за выхаванне, праўду і свабоду, салідарнасць і мір.

3. Адказныя за выхаванне.

Разважаючы аб адказнасці за выхаванне моладзі, Папа найперш звяртаецца да выхавацеляў і бацькоў, каб прывівалі маладым людзям перакананне ў пазітыўнай каштоўнасці жыцця і абуджалі ў іх жаданне прысвяціць сябе служэнню дабру. Маршы незадаволеных, якія адбыліся ў розных частках свету, з’яўляюцца выклікам нашага часу, калі людзі, асабліва моладзь, жадаюць глядзець у будучыню з надзеяй. Іх непакояць многія жыццёвыя пытанні, такія, як імкненне атрымаць добрую адукацыю, цяжкасці з заснаваннем сям’і і атрыманнем працы, магчымасць уплываць на свет палітыкі, культуры і гаспадаркі з мэтай будаваць больш чалавечае і салідарнае грамадства.

Далей Пантыфік указвае на сям’ю як месца сапраўднага выхавання да міру і салідарнасці. У сям’і дзеці вучацца чалавечым і хрысціянскім каштоўнасцям, якія дазваляюць канструктыўнае і мірнае сужыццё, а таксама салідарнасць паміж рознымі пакаленнямі, пашану прынцыпаў, прабачэнне іншым і адкрытасць на іх. Пантыфік таксама заклікае гарантаваць дзецям адзін з найбольш каштоўных дароў, якім ёсць бацькі. Менавіта яны прыкладам свайго жыцця заахвочваюць дзяцей, каб мелі надзею ў Богу, бо толькі Ён з’яўляецца крыніцай аўтэнтычнай справядлівасці і міру.

Адказных за выхаваўчыя інстытуты Святы Айцец просіць гарантаваць сем’ям магчымасць, каб іх дзеці маглі атрымаць адукацыю, якая не супярэчыць іх сумленню і рэлігійным прынцыпам. Кожнае выхаваўчае асяроддзе павінна адкрываць на трансцэндэнцыю і на людзей; павінна стаць месцам дыялога, інтэграцыі, слухання іншага; месцам, у якім малады чалавек адчуе, што яго магчымасці і ўнутранае багацце з’яўляюцца адпаведна ацэненымі, а таксама навучыцца шанаваць іншых. Яно таксама павінна вучыць радасці, якая выплывае са штодзённага жыцця любоўю, дапамогі бліжнім і будаўніцтва больш гуманнага і братэрскага грамадства.

Папа таксама заклікае палітычных лідэраў, каб падтрымлівалі мацярынства і айцоўства і гарантавалі свабоду выбару выхаваўчых структур. Пры гэтым ён звяртаецца да іх, каб давалі празрысты вобраз палітыкі, як сапраўднага служэння дзеля дабра ўсіх людзей.

Пантыфік асабліва звяртаецца да сродкаў масавай камунікацыі, якія павінны не толькі інфармаваць, але і фармаваць, каб памяталі аб тым, што іх пераказ уплывае пазітыўна або негатыўна на фармацыю чалавечай асобы.

4. Выхаванне да праўды і свабоды.

Каб выхоўваць да праўды, неабходна ведаць, кім з’яўляецца чалавечая асоба, і ведаць яе прыроду. Чалавек у сваім сэрцы мае прагненне бясконцасці і праўды, якая здольная вытлумачыць сэнс жыцця, бо чалавек створаны паводле вобразу і падабенства Божага. Таму выхаванне ў першай сваёй фазе павінна быць накіравана на навучэнне бачыць у чалавеку вобраз Стварыцеля і выплываючую з гэтага пашану кожнага чалавека, а таксама дапамогу іншым жыць у адпаведнасці з гэтай найвышэйшай годнасцю.

Адносіны з Богам з’яўляюцца ключом у выхаванні да аўтэнтычнай свабоды, якая не з’яўляецца недахопам сувязяў ці вобласцю свабоднай волі, таксама як не з’яўляецца яна і абсалютызацыяй уласнага «я». Чалавек, які лічыць сябе абсалютам і думае, што ён не залежыць ні ад чаго і ні ад каго і можа чыніць усё, што хоча, на самой справе супярэчыць праўдзе сваёй сутнасці і губляе свабоду. Чалавек не жыве на бязлюдным востраве, але мае адносіны з іншымі, а перадусім з Богам. Таму аўтэнтычнай свабоды нельга дасягнуць, аддаляючыся ад Бога.

Менавіта таму ў сваім Пасланні Бэнэдыкт XVI так моцна падкрэслівае праблему адносін з Богам, адначасова крытыкуючы сучасны рэлятывізм, які яўляе сабой небяспеку для добрага разумення і ўжывання свабоды.

Рэлятывізм не прызнае нічога за канчатковае і не прымае натуральнага маральнага закону, які з’яўляецца падмуркам кожнага справядлівага і мірнага суіснавання. Адзіным яго крытэрыем ёсць уласнае «я» чалавека з яго капрызамі. Рэлятывізм, нягледзячы на, здавалася б, прадстаўляючую ім свабоду, на самой справе становіцца вязніцай, бо аддзяляе людзей ад саміх сябе і спрыяе таму, што кожны замыкаецца ва ўласным «я». Каб карыстацца сваёй свабодай, чалавек павінен выйсці за межы рэлятывістычнай перспектывы і пазнаць праўду пра сябе і праўду пра дабро і зло. У сваім сумленні чалавек адкрывае закон, які не выбірае сам, але якому павінен быць паслухмяны і голас якога кліча да любові, чынення дабра і пазбягання зла, а таксама да адказнасці за свае ўчынкі. Таму карыстанне свабодай цесна злучана з натуральным маральным законам, які з’яўляецца падмуркам галоўных правоў і абавязкаў і таму справядлівых і мірных зносін паміж людзьмі.

5. Выхаванне да справядлівасці і міру.

Разважаючы над гэтым аспектам выхавання, Бэнэдыкт XVI заклікае не аддзяляць паняцця справядлівасці ад яе трансцэндэнтных каранёў. Справядлівасць не з’яўляецца звычайнай чалавечай дамоўленасцю, бо аб тым, што справядліва, вырашае не першы пазітыўны закон, але глыбокая тоеснасць чалавечай асобы. Менавіта цэласнае бачанне чалавека сцеражэ ад умоўнага разумення справядлівасці і дазваляе яе бачыць у оптыцы салідарнасці і любові.

Пры гэтым Папа заўважае, што каштоўнасць асобы, яе годнасць і правы знаходзяцца пад пагрозай тэндэнцый выкарыстоўвання крытэрыяў прыдатнасці, прыбытку і валодання. Акрамя гэтага, некаторыя накірункі сучаснай культуры, якія падтрымліваюцца рацыяналістычнымі і індывідуалістычнымі прынцыпамі эканомікі, адарвалі канцэпцыю справядлівасці ад яе трансцэндэнтных каранёў, аддзяляючы ад любові і салідарнасці. У той жа час, менавіта любоў у чалавечых адносінах аб’яўляе любоў Бога, даючы збаўчую каштоўнасць намаганням у справе справядлівасці ў свеце.

Плёнам справядлівасці і вынікам любові ёсць мір, які не з’яўляецца выключна адсутнасцю вайны і не абмяжоўваецца гарантаваннем раўнавагі сілаў. Сапраўднага міру нельга дасягнуць без абароны дабра чалавечай асобы, свабоднага абмену думкамі, ушанавання годнасці людзей і народаў, трывалага імкнення да братэрства. Гэта Божы дар, бо праз крыжовую смерць Хрыста Бог паяднаў свет з сабой і зруйнаваў бар’еры, якія нас дзялілі. Таму ў Богу існуе адна, аб’яднаная ў любові, сям’я.

Адначасова мір з’яўляецца справай, якую трэба будаваць. Каб умацоўваць мір, нам трэба навучыцца спачуванню, салідарнасці, супрацоўніцтву, братэрству. Нам неабходна абуджаць сумленні на нацыянальныя і міжнародныя справы, а таксама на пошук спосабаў справядлівага падзелу натуральных багаццяў, супрацоўніцтва ў развіцці і вырашэнні канфліктаў. Асаблівую ролю ў гэтым павінна адыграць моладзь, якая імкнецца да ідэалу. Яна павінна цярпліва і пастаянна шукаць справядлівасці і міру, праяўляць любоў да таго, што справядліва і праўдзіва, нават тады, калі неабходна несці ахвяры і ісці супраць цячэння.

6. Звяртацца да Бога.

Перад абліччам цяжкасцяў выхавання да справядлівасці і міру Бэнэдыкт XVI прыпамінае, што не ідэалогіі збаўляюць свет, але жывы Бог — наш Творца, які сцеражэ свабоду і ўсё тое, што добрае і аўтэнтычнае. Гэта азначае, што намі павінен кіраваць не пошук розных бажкоў, якіх шмат у сучасным грамадстве, ці захапленне магіяй і акультызмам, але зварот да Бога Стварыцеля, які прамаўляў да Майсея і аб’явіўся нам у Езусе Хрысце.

Папа заклікае моладзь не расчароўвацца цяжкасцямі і не баяцца ісці шляхам, які патрабуе вернасці і сталасці, пакоры і аддання; не замыкацца ў сабе, але ўмела працаваць для дасягнення светлай будучыні для ўсіх. Мір не з’яўляецца дабром, якое ўжо дасягнута, але мэтай, да якой усе павінны імкнуцца.

Сваё Пасланне Пантыфік завяршае зваротам: аб’яднаць духоўныя, маральныя і матэрыяльныя сілы, каб выхоўваць моладзь да справядлівасці і міру.

7. Дарагія браты і сёстры, моладзь!

Прымем у свае сэрцы навучанне Пятра нашага часу Бэнэдыкта XVI, каб новы 2012 год праз наш зварот да Бога — Творцы супакою — сапраўды стаў годам міру, узаемнага разумення, пашаны адно да аднаго, прабачэння; каб мы ўсе будавалі цывілізацыю любові і жыцця, справядлівасці і міру.

Няхай на гэтым шляху дапамагае нам Багародзіца Марыя і благаславіць усемагутны Бог Айцец, + і Сын, і + Дух Святы. Амэн.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Апостальскі Адміністратар Пінскай дыяцэзіі

Глыбокапаважаныя святары няхай прачытаюць гэты Каментар вернікам на Новы год 1 студзеня 2012 г.

Адноўлена 29.12.2011 13:49
 
© 2003-2024 Catholic.by