Слова кардынала Казіміра Свёнтка падчас сустрэчы з Прэзідэнтам Беларусі | Друк |
Паважаны Спадар Прэзідэнт!

Ад імя ўсіх каталіцкіх біскупаў Беларусі вітаю Вас у рэзідэнцыі Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага і прагну выказаць шчырую ўдзячнасць за першы візіт Главы Рэспублікі Беларусь у каталіцкі Епіскапат нашай краіны.

Мы ўспрымаем гэты візіт як знак прызнання з боку Спадара Прэзідэнта ролі Каталіцкага Касцёла ў духоўным і маральным адраджэнні беларускага народа.

Пасля доўгіх і цяжкіх гадоў атэізму Каталіцкі Касцёл на Беларусі, атрымаўшы свабоду веравызнання, адраджаецца: імкнучыся папоўніць кадравыя страты, рыхтуе ў духоўных семінарыях маладых святароў, аднаўляе разбураныя і ўзводзіць новыя культавыя пабудовы, а перадусім добрасумленна выконвае сваю евангельскую місію, прапаведуе любоў Бога і бліжняга.

На працягу апошняга дзесяцігоддзя наш Касцёл прыкладае максімум намаганняў дзеля адраджэння і развіцця лепшых хрысціянскіх традыцый, заснаваных перадусім на маральных асновах сям’і, на міласэрнасці, любові і павазе ў адносінах да кожнага чалавека. Крызіс сям’і, які цяпер перажывае ўвесь свет, датычыць, на жаль, і Беларусі. Таму ўвага Касцёла, як і намаганні дзяржавы, скіраваны ў першую чаргу на дапамогу дзецям, неўпарадкаваным сем’ям, самотным старым людзям і інвалідам.

Тут асабліва хочацца адзначыць працу дабрачыннага таварыства «Карытас», якое аказвае значную гуманітарную падтрымку людзям, якія жывуць у нястачы.

Нельга не ўзгадаць таксама і працу Касцёла з моладдзю. У многіх парафіях аказваецца дапамога праблемнай моладзі, створаны рэабілітацыйныя групы для тых маладых людзей, якія церпяць ад алкагольнай залежнасці. Вельмі важным напрамкам душпастырскай дзейнасці мы лічым падрыхтоўку маладых пар да сямейнага жыцця, што садзейнічае стварэнню моцнай хрысціянскай сям’і, а, значыць, здаровага будучага пакалення, і пераадоленню дэмаграфічнага крызісу.

Паўсюдным Каталіцкім Касцёлам назапашаны вялікі вопыт ў вырашэнні найбольш вострых духоўна-маральных праблем сучаснага грамадства. Мы былі б рады, калі б гэты вопыт быў у поўнай меры запатрабаваны і нашай дзяржавай.

Вырашаць праблемы духоўна-маральнага выхавання пакліканы перадусім сродкі масавай інфармацыі. На жаль, дзейнасць некаторых з іх аказвае адмоўны ўплыў на фармаванне падрастаючага пакалення. Таму Каталіцкі Касцёл ва ўсім свеце вялікую ўвагу надае развіццю хрысціянскіх мас-медыя і выданню духоўнай літаратуры. І тут наша дзяржава можа дапамагчы ў адраджэнні менавіта хрысціянскіх мас-медыя — газет, часопісаў, радыё, тэлебачання.

Трэба адзначыць, што паміж дзяржавай і нашым Касцёлам узрастае ўзаемаразуменне. Прыкладам гэтага можа служыць здзейсненая ўжо перарэгістрацыя ўсіх рэлігійных арганізацый Каталіцкага Касцёла ў Беларусі. Мы спадзяёмся, што гэтая сустрэча пасадзейнічае развіццю між намі больш плённага супрацоўніцтва. Дзяржава нам дапамагае вырашаць многія праблемы, але ў нас ёсць некаторыя пытанні, якія, карыстаючыся магчымасцю, мы б жадалі сёння абмеркаваць.

Спадар Прэзідэнт!

Мы, каталіцкія біскупы, спадзяёмся на Вашы далейшыя добразычлівыя адносіны да Каталіцкага Касцёла.

Са свайго боку мы і надалей будзем рабіць усё магчымае для духоўна-маральнага адраджэння нашага народа і яго хрысціянскіх традыцый.

Няхай Вам, Спадар Прэзідэнт, Бог дапаможа несці служэнне на карысць нашай краіны і яе росквіту.

Адноўлена 18.07.2009 15:26
 
© 2003-2024 Catholic.by