Ad Limina Apostolorum 2003 - Прамова Кардынала Казіміра Свёнтка да Святога Айца Яна Паўла ІІ | Друк |

Ваша Святасць, Святы Ойча!

Ад імя партыкулярнага Касцёла Беларусі, як Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі, з нагоды візіту «ad limina Apostolorum» складаю Вашай Святасці належную пашану як Наступніку Святога Пятра — Галаве ўсяго Каталіцкага Касцёла, а таксама шчырую падзяку за бацькоўскую турботу аб Каталіцкім Касцёле на Беларусі. (…)

Візіт «ad limina Apostolorum», ужо другі за перыяд аднаўлення структур і ўстанаўлення касцёльнай іерархіі на Беларусі, дае нам, біскупам, магчымасць паказаць Апостальскай Сталіцы актуальны стан Каталіцкага Касцёла на Беларусі, яго дасягненняў, а таксама праблем, якія існуюць у ягонай дзейнасці.

Вось найважнейшыя статыстычныя дадзеныя, што датычаць партыкулярнага Касцёла на Беларусі на 31 снежня 2001 года:

Колькасць вернікаў  1.200.000
Колькасць парафій  400
Колькасць святароў  360
   у тым ліку мясцовых  160
Колькасць мясцовых новапрэзбітэраў  100
Колькасць законнікаў (з-за мяжы)  160
Колькасць законніц  350
   у тым ліку мясцовых  140
Колькасць клерыкаў  150

Спрыяльны мінулы перыяд пабудовы і адбудовы святыняў і стварэння касцёльных структур дазволіў цяпер накіраваць касцёльную дзейнасць на адбудову і пабудову ўнутранага Касцёла ў чалавечых душах, якія былі прыгнятаныя ў нядаўнім яшчэ атэістычна-матэрыялістычным рэжыме.

Праведзены Сінод у трох дыяцэзіях, устаноўленая 3-гадовая душпастырская праграма павялічылі і паглыбілі працэс адраджэння Каталіцкага Касцёла на Беларусі. Новая евангелізацыя стварае евангелізаваную і евангелізацыйную супольнасць, зместам якой з’яўляецца хрысціянскае сведчанне і касцёльная самасвядомасць.

Ваша Святасць, мы, біскупы з Беларусі, бязмежна Табе, Святы Айцец, адданыя ў выкананні даручаных нам заданняў, пакорліва просім пра Апостальскае Благаславенства для цэлага мясцовага Касцёла, паслядоўнікі якога з вялікаю тугою чакаюць прыезду ўлюбёнага Святога Айца на Беларусь.

Кардынал Казімір Свёнтэк
Прэзідэнт Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі.
Адноўлена 13.07.2009 17:25
 
© 2003-2024 Catholic.by