Слова біскупа Антонія Дзям’янкі на заканчэнне служэння ў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі | Друк |

На заканчэнне служэння ў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі ў якасці дапаможнага біскупа дзякую Богу Усемагутнаму за ласку быць сем з паловай гадоў з вернікамі, маліцца з імі і за іх, абвяшчаць Божае слова і быць адміністратарам Святых Сакрамэнтаў.

Няхай добры Бог дасць вечнае спачыванне святой памяці памерламу кардыналу Казіміру Свёнтку, з якім пэўны перыяд праходзіла маё служэнне. Удзячны арцыбіскупу Тадэвушу Кандрусевічу, Мітрапаліту Мінска-Магілёўскаму, за тое, што больш за чатыры гады мог яму дапамагаць у служэнні вернікам. Словы падзякі кірую да духавенства і кансэкраваных асобаў, з якімі дзяліў клопат у нясенні Добрай Навіны жыхарам архідыяцэзіі. Дзякую вернікам, з якімі сустракаўся пры розных акалічнасцях пастырскай дзейнасці. Шчырыя словы падзякі кірую ў адрас усіх асобаў на розных узроўнях дзяржаўнай улады: прэзідэнцкім, рэспубліканскім, мінскім і магілёўскім абласным, раённым і мясцовым, з якімі даводзілася працаваць пры вырашэнні розных пытанняў, звязаных з дзейнасцю Касцёла. Дзякую прадстаўнікам дыпламатычных місій у нашай краіне, розным грамадскім і неграмадскім ініцыятывам, з якімі супрацоўнічаў у справе ўмацавання даверу, міру, салідарнай дапамогі ў нашым грамадстве. Дзякую прадстаўнікам розных канфесій, асабліва Праваслаўнай Царквы, а таксама прадстаўнікам розных рэлігій у нашай краіне, з якімі супрацоўнічаў з мэтай развіцця нашага грамадства на духоўных і агульначалавечых прынцыпах. Буду памятаць аб вас у малітвах.

Прашу вас маліцца аб маім новым служэнні Богу і людзям у Пінскай дыяцэзіі, куды Божы Провід праз Святога Айца Бэнэдыкта XVI, аб чым абвясціў яго прадстаўнік у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці, накіроўвае мяне, каб узначаліў пастаральную працу ў паўднёвай часцы нашай краіны.

Згодна з дэвізам майго біскупскага служэння: «Ut unum sint» — «Каб усе былі адно» — заклікаю ўсіх: будьма адзіны!

Антоні Дзям’янка
Біскуп Пінскай дыяцэзіі

Адноўлена 14.06.2012 10:09
 
© 2003-2024 Catholic.by