Акт прысвячэння моладзі Беззаганнаму Сэрцу Марыі падчас Малітоўнай сустрэчы моладзі ў Івянцы | Друк |


29 ліпеня 2012 г.

Святая Тройца: Бог Айцец, які выбраў Марыю сваёй дачкой; Бог Сын, які адарыў Яе ласкай стаць сваёй Маці; Бог Дух Святы, які ўчыніў Яе сваёй святыняй, мы верым у Цябе, кланяемся Табе, давяраем Табе, на Цябе ўскладаем сваю надзею і любім Цябе.

Беззаганна зачатая Марыя, Маці Збаўцы і наша духоўная Маці, просячы Твайго заступніцтва, сабраныя на Малітоўнай сустрэчы моладзі, якая праходзіць пад апекай Твайго вернага слугі святога Максімільяна Кольбэ, мы прысвячаем і даручаем сябе Твайму Беззаганнаму Сэрцу. Будзь для нас Маці, Заступніцай і прыкладам згоды з Божай воляй і служэння Яму. Выпрасі нам у свайго Сына ласку быць сапраўднымі хрысціянамі і годна насіць гэтае высокае імя. Ты, якая па-матчынаму разумееш цяжкасці і надзеі нашага жыцця, асабліва перад выклікамі сучаснасці, барацьбы дабра са злом і крызісу веры, пачуй наш заклік аб дапамозе і ў руках тваёй матчынай любові ўкрый нас, занепакоеных сваім тленным і вечным лёсам.

О Прачыстая Багародзіца, прадстаў перад тронам Усявышняга нашу ўдзячнасць за багацце дароў, якімі Ты адорваеш нас, наша пакаянне за грахі і ахвяру нашага маладога жыцця. Няхай Ён праз Тваю апеку і далей нястомна клапоціцца аб моладзі, адорвае яе духоўным, інтэлектуальным і фізічным развіццём і захоўвае ад грахоўных спакусаў, а заблукаўшых прывядзе да навяртання.

Маці наша і Валадарка! Мы, маладыя, разам з Табой спяваем гімн «Magnificat» — «Праслаўляе душа мая Пана, бо вялікае ўчыніў Мне Усемагутны», і Твайму Беззаганнаму Сэрцу сябе прысвячаем, каб Твая любоў і заступніцтва паскорылі трыумф Божага Валадарства.

Марыя, апякунка зямлі беларускай, прымі нашае прысвячэнне Табе, якое, паводле слоў благаслаўлёнага Яна Паўла II, азначае прыняцце Тваёй дапамогі ў справе нашага ахвяравання сябе адзінаму Збаўцу — Езусу Хрысту. Будзь з намі на шляху веры, надзеі і любові. Маліся за нас, каб, выконваючы Божую волю, мы былі падобнымі да Цябе і такім чынам сталі будаўнікамі новага, заснаванага на хрысціянскіх каштоўнасцях, гуманізму, надзеяй Касцёла і нашай краіны. Просім праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.

Адноўлена 29.07.2012 12:42
 
© 2003-2024 Catholic.by