Слова біскупа Дзям’янкі на заканчэнне набажэнства ў першую гадавіну смерці кардынала Казіміра Свёнтка | Друк |

21 ліпеня 2012 г., пінская катэдра

Дзякуем Богу за магчымасць супольнай малітвы ў першую гадавіну смерці святой памяці кардынала Казіміра Свёнтка. Выказваю падзяку прысутным: Мітрапаліту Мінска-Магілёўскаму арцыбіскупу Тадэвушу Кандрусевічу за прыбыццё, ўдзел, Божае слова,  біскупу Гродзенскаму Аляксандру Кашкевічу, нашаму суседу з Украіны біскупу Луцкаму Маркіяну Трафімяку, дапаможнаму біскупу Пінскай дыяцэзіі Казіміру Велікасельцу, архімандрыту Сяргею Гаеку. З намі маліўся і пасол Чэхіі — дзякуем яму. Дзякую дзяржаўным уладам за прысутнасць, уладам горада за тое, што выказалі гатоўнасць дапамагчы і ўтрымаць парадак на прыкасцёльнай тэрыторыі. Дзякую вам, дарагія святары з розных дыяцэзій і з нашай Пінскай дыяцэзіі. Некаторыя прыбылі з дэлегацыямі з парафій. Дзякую кансэкраваным асобам, якія з намі маліліся. Дзякую сёстрам, якія ў курыі і ў сакрыстыі дапамагалі нам. Дзякую ксяндзу пробашчу за падрыхтоўку ў катэдры і ксяндзу Андрэю, які выконвае абавязкі адміністратара катэдральнай парафіі за своечасовую і канкрэтную дапамогу. Дзякую рэктару духоўнай семінарыі і ўсім, хто з ім працаваў, за ваш удзел у тым, каб прыбыўшыя маглі памаліцца тут. Выказваю падзяку дыякану і семінарыстам за служэнне. Дзякую пану Віктару Вільку, які доўгія гады дапамагае пінскаму Касцёлу ў рэстаўрацыі сакральных і адміністрацыйных будынкаў і прысутнічае на гэтым набажэнстве. Не змагла быць тут, але моліцца за супакой душы кардынала пані Барбара Шыманская, якая найдаўжэй з усіх тут прысутных, дзесяцігоддзямі дапамагала кардыналу Свёнтку. Дзякую медыкам, якія клапаціліся аб кардыналу і сёння таксама з намі моляцца. Дзякую працаўнікам сродкаў масавай камунікацыі, якія асвятляюць нашу малітоўную сустрэчу. Шчыра дзякую касцёльнаму хору за спевы, падзяку складаю на рукі арганісткі. Дзякую вам, парафіяне Пінска і навакольных мясцовасцей, якія прыбылі на малітву. Ваша прысутнасць сведчыць аб пашане, што мелі да кардынала, які многія дзесяцігоддзі быў для вас таксама і пробашчам. Гэта выраз удзячнасці за яго служэнне вам. Многія ў гэты час сярэдзіны лета не змаглі прысутнічаць тут, але малітоўна злучыліся з намі, а некаторыя даслалі лісты з запэўненнем у малітве. Дзякуем ім за малітоўную сувязь з намі.

Заканчваецца жалобнае набажэнства, якое сабрала нас у гэтым месцы з нагоды першай гадавіны смерці кардынала Казіміра Свёнтка. Ён наведваў розныя парафіі Беларусі як кардынал, Мітрапаліт, арцыпастыр. А сёння мы прыйшлі, каб памаліцца за яго тут, дзе ён пажадаў спачыць. Гэты катэдральны касцёл, горад, дыяцэзія былі яму вельмі дарагія. Дзе б ён ні служыў, пасля скончанай працы заўсёды вяртаўся сюды — у Пінск, у сваю катэдру.

Яе парог ён пераступіў як семінарыст, тут рыхтаваўся да святарства. Тут стаў святаром. Яе першую адведаў пасля 10-гадовага зняволення ў ГУЛАГу, сюды вярнуўся і быў прыняты вернікамі ў адзенні лагерніка. Тут ахвярна служыў жыхарам Палесся падчас ночы атэізму многія дзесяцігоддзі. З драўлянай хаткі Шыманскіх штодзённа прыходзіў сюды, каб цэлебраваць святую Імшу, удзяляць святыя сакрамэнты, абвяшчаць Божае слова.

Прыклад яго самаадданага служэння Богу, Касцёлу, жыхарам Пінска, Палесся, Беларусі і Паўсюднаму Касцёлу няхай нас узмацняе ў веры на шляху, які Божы Провід нам прызначыў у гэтым горадзе, дыяцэзіі, мітраполіі, краіне. Аб кветцы гаворыцца — расцвіла там, дзе Бог вызначыў ёй месца. І прыгожае жыццё св. памяці кардынала прыпамінае нам тую ж праўду.

Няхай разважанне аб руплівым жыцці гэтага Сведкі Веры заахвоціць і нас да жыцця ў святасці — у месцы, дзе Бог прызначыў нам жыць, збіраць і памнажаць плады нашых учынкаў на вечнасць, каб яны былі багатымі.

У гэты час многія маладыя людзі прымаюць рашэнне па выбары жыццёвага шляху. Молімся за іх, асабліва за тых, каго Бог кліча да асаблівага служэння ў Касцёле, каб велікадушна адказалі Богу «так», як калісьці зрабіў Слуга Божы Зыгмунт Лазінскі — першы біскуп Пінскі, вучнем якога называў сябе кардынал Казімір Свёнтэк.                                                                          




Адноўлена 23.07.2012 16:16
 
© 2003-2024 Catholic.by