Прывітанне Мітрапалітам Тадэвушам Кандрусевічам копіі абраза Маці Божай Чэнстахоўскай падчас Малітоўнай сустрэчы моладзі ў Івянцы | Друк |
27 ліпеня 2012 г., Івянец

«Вітай, Марыя, поўная ласкі!»

Гэтымі словамі св. Арханёла Габрыэля са сцэны Звеставання мы вітаем цябе, Божая Маці, падчас чарговай Малітоўнай сустрэчы моладзі, прысвечанай новай евангелізацыі, дэвіз якой: «Я — рыцар Евангелля».

Перэгрынацыя копіі цудоўнага абраза Маці Божай Чэнстахоўскай па ініцыятыве пралайф-арганізацый Каталіцкага Касцёла і Праваслаўнай Царквы адбываецца ад берагоў Ціхага акіяну да берагоў Атлантычнага. Яе галоўная мэта — прыцягнуць увагу сучаснага чалавека, асабліва моладзі, да Божага дару жыцця, які ў наш час абясцэньваецца.

Сучасны свет перажывае крызіс веры, які звязаны і з тым, што сёння развіваюцца тэндэнцыі маніпулявання жыццём, якое больш не лічыцца самым вялікім Божым дарам. Чалавек не задумваючыся забівае ненароджанае жыццё, распаўсюджвае ідэю і практыку эўтаназіі, амаральна выкарыстоўвае дасягненні генетыкі ў галіне зачацця жыцця і нават імкнецца кланаваць чалавека. Такім чынам, замест таго, каб адчуваць сябе створаным па вобразу і падабенству Божаму, чалавек становіцца таварам, які можна купіць ці прадаць. Тут прыдатны словы св. Льва Вялікага: «Чалавек, памятай пра сваю годнасць», пра якую сучасны свет забыўся і гэтым самым коціцца ў прорву.

Выдатна тое, што як Каталіцкі Касцёл, так і Праваслаўная Царква займаюць вельмі блізкія пазіцыі ў справе абароны Божага дару жыцця і супрацоўнічаюць у гэтай галіне. Яны сумесна займаюцца фармацыяй чалавека да прыняцця жыцця і яго абароны ад зачацця да натуральнай смерці.

Прыкладам сумеснага клопату і намаганняў у галіне абароны жыцця з’яўляецца акцыя «Ад акіяну да акіяну». Яе арганізатары хочуць звярнуць увагу на адну з самых балючых праблем сучаснасці. Такім чынам, гэта экуменічная ініцыятыва, якая супрацьстаіць выклікам сучаснасці, з’яўляецца яшчэ адным крокам да развіцця адносін паміж Каталіцкім Касцёлам і Праваслаўнай Царквой. Марыя, тая ж самая для ўсіх хрысціянаў Божая Маці, усіх нас аб’ядноўвае ў сваім клопаце аб дары жыцця.   

Са сцэнай Звеставання цесна звязана і таямніца жыцця. Марыя прыняла яго, дзякуючы чаму Сын Божы стаўся чалавекам для нас і для нашага збаўлення. Яна з’яўляецца апякункай і захавальніцай Божага дару жыцця.

У гэты крытычны момант гісторыі многіх народаў, якім з-за пагарды дарам жыцця пагражае самазнішчэнне, мы накіроўваем свой позірк да цябе, Марыя. Выпрасі нам у свайго Сына ласку быць сапраўднымі Рыцарамі Евангелля жыцця, яго бараніць і развіваць. Перафразоўваючы словы Вялікага Папы благаслаўлёнага Яна Паўла II, дапамажы нам зразумець, што калі Беларусь хоча быць вялікай, то павінна берагчы жыццё.

«Вітай, Марыя, поўная ласкі!» на гэтым форуме моладзі, якая хоча мець жыццё і мець яго ва ўсёй паўнаце, як кажа Хрыстус, і ім цешыцца, вітай і ахіні нас плашчом сваёй апекі

Адноўлена 27.07.2012 20:21
 
© 2003-2024 Catholic.by