Даклад арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на I Кангрэсе каталіцкіх сродкаў сацыяльнай інфармацыі «Католікі — мы тут ёсць» | Друк |

24–26 жніўня 2012 г., Гродна

Каталіцкія сродкі сацыяльнай камунікацыі ў Беларусі: мінулае і будучыня

Вашы Эксцэленцыі, браты ў святарстве, кансэкраваныя асобы, прадстаўнікі дзяржаўнай улады, калегі журналісты, браты і сёстры!

1. Уступ

Праблема выкарыстання мас-медыя ў евангелізацыі, жыцці Касцёла і хрысціянскім выхаванні з кожным днём становіцца ўсё больш актуальнай. Небывалае дасюль развіццё інфатэхналогій і магчымасці, якія яны прадастаўляюць, неабходна як магчыма шырэй выкарыстоўваць, бо сучасны чалавек усё больш і больш імі карыстаецца, а малады — выхаваны на іх і не ўяўляе сабе жыцця без іх.

Нездарма Святы Айцец Бэнэдыкт XVI у Пасланні на Сусветны дзень сацыяльнай камунікацыі 2007 г. заўважае, што складаныя выклікі, з якімі непазбежна сутыкаецца сучаснае выхаванне, часта звязаны з шырокім уплывам, які маюць у нашым свеце сродкі сацыяльнай камунікацыі. Як аспект з’явы глабалізацыі, сродкі сацыяльнай камунікацыі, якім спрыяе таксама хуткае развіццё тэхналогій, маюць вялікі ўплыў на культурнае асяроддзе (пар. Ян Павел ІІ, Апостальскі ліст «Хуткае развіццё», 3). Сапраўды, некаторыя людзі сцвярджаюць, што мас-медыя па сваім выхаваўчым уздзеянні спаборнічаюць са школаю, Касцёлам і, магчыма, нават з сям’ёю. «Многія людзі ўспрымаюць рэчаіснасць так, як яе вызначаюць медыя» (Папская рада па сродках сацыяльнай камунікацыі, Aetatis Novae, 4)1.  

Новая евангелізацыя, як галоўнае заданне Касцёла на сучасным этапе яго развіцця, патрабуе новых сродкаў абвяшчэння Добрай Навіны. Аднымі з іх з’яўляюцца медыя, і іх патэнцыял павінен быць выкарыстаны ў поўнай меры, каб дапамагчы сучаснаму чалавеку накіравацца да Хрыста — адзінага Збаўцы свету. Каталіцкія медыя пакліканы нанова запаліць у ім полымя надзеі, каб ён мог жыць, захоўваючы годнасць чалавечай асобы, створанай паводле вобразу і падабенства Божага (пар. Быц 1, 27), і будаваць шчаслівую будучыню.

Месца сустрэчы чалавека з Богам — гэта Касцёл. Але людзям туды трэба паказаць дарогу. Менавіта касцёльныя медыя павінны дапамагчы гэта ўчыніць. Журналiсты i iншыя супрацоўнiкi сродкаў мас-медыя, дзейнічаючы паводле этычных прынцыпаў, з’яўляюцца як быццам лоцманамі, якiя добра ведаюць, куды i як весцi людзей па ўзбураным акіяне сучаснага секулярызму.

Цi будуць касцёлы напоўненыя і ці будуць нашы вернікі свядомымі, калi гэтыя лоцманы не ўмеюць, не могуць або не хочуць добра выконваць сваё заданне? Гэтае і падобныя пытанні стаяць перад намі, і на іх раней або пазней неабходна адказаць. Найлепей адказаць у час, бо яго ніхто не верне. Перасцярогай і адначасова заахочваннем для нас у гэтым сэнсе з’яўляюцца словы св. апостала Паўла: «Гора мне, калі не абвяшчаю» (1 Кар 9, 16).

2. Кароткая гісторыя ўзаемаадносін Касцёла і мас-медыя2.

Рэлігія і медыя вельмі цесна звязаны паміж сабой. Калі прыняць да ўвагі вусную камунікацыю, мову рытуалаў і літургічных адзенняў, то менавіта камунікацыя з’яўляецца асновай для разумення рэлігійных абрадаў.

За апошнія чатыры стагоддзі можна вылучыць тры этапы адносін Каталіцкага Касцёла з мас-медыя па інтэнсіўнасці іх развіцця.

- перыяд замкнёнасці і самаабароны перад нядобрай прэсай да 20-х гадоў ХХ стагоддзя;
- перыяд адкрытасці і адначасова ўплыву на прэсу з мэтай дастасавання яе ў адпаведнасці з хрысціянскімі каштоўнасцямі: 20-я–60-я гг. ХХ стагоддзя;
- перыяд тэалагічнай рэфлексіі аб ролі сродкаў сацыяльнай камунікацыі ў жыцці Касцёла і грамадстве і выстройвання адносін з імі — з 60-х гадоў ХХ стагоддзя да нашага часу.

Вядома, што адкрыццё нямецкага вынаходніка кнігадрукавання Іагана Гуттэнберга было вельмі добра прынята Каталіцкім Касцёлам, бо яно давала новыя магчымасці для абвяшчэння Божага слова. Менавіта Гуттэнберг у сярэдзіне XV ст. выдаў першае поўнааб’ёмнае друкаванае выданне Бібліі. Касцёл на працягу стагоддзяў падтрымліваў і падтрымлівае друкаванае Божае слова.

Аднак перыяд Французскай рэвалюцыі стаў часам нараджэння антыхрысціянскай прэсы. Пазіцыя Касцёла адносна яе ў той час характарызавалася маралізатарска-абароннымі элементамі. З’явіўся нават тэрмін нядобрая прэса, аб’ектам крытыкі якой быў Касцёл і яго рэлігійна-маральнае вучэнне. Менавіта тады і ўзнікла ідэя добрай прэсы. Благаслаўлёны папа Пій IX (1846–1878) у 1849 г. у энцыкліцы «Nostris et nobiscum» заклікаў супрацьстаяць нядобрай прэсе і замест яе распаўсюджваць праўдзівую дактрыну. У 1861 г. Апостальскі Пасад заснаваў сваю газету, якая выдаецца і цяпер, — «L’Osservatore Romano».

Папа Леў XIII (1878–1903) прадставіў сістэматызаванае вучэнне аб свабодзе прэсы. У энцыкліцы «Libertas Prestantissimum» у 1888 г. ён адкарэкціраваў мінулае асуджэнне моднай свабоды і паказаў, у чым павінна заключацца сапраўдная свабода. Касцёл усё больш усведамляў, што існуюць розныя спосабы пошуку ісціны і журналісты маюць права іх выкарыстоўваць нароўні з іншымі.

Падчас Пантыфікату святога Пія Х (1903–1914) увага Касцёла канцэнтравалася на абароне ад уплыву мадэрнізму. У дакуменце «Fin dal prima» з 1903 г. Пій Х загадаў вернікам чытаць толькі зацверджаныя біскупам публікацыі.

Такім чынам, падчас першага перыяду адносін Касцёла да медыя пераважалі асцярожныя і нават негатыўныя адносіны да свецкай прэсы. Аднак да сярэдзіны ХХ стагоддзя яны істотна змяніліся.

Другі перыяд адносін Касцёла да прэсы адкрываецца Пантыфікатам Пія XI (1922–1939). Касцёл усё больш і больш разумеў тое, што дзякуючы прэсе ён можа ўмацоўваць католікаў у веры. На пачатку ХХ стагоддзя арцыбіскуп Пізы кардынал П’етро Маффі казаў: «Вы абвяшчаеце Евангелле ў нядзелю, у той жа час часопісы чыняць гэта кожны дзень і ў кожную гадзіну. Вы прамаўляеце да вернікаў у касцёле, а часопісы дома. Вы прамаўляеце да іх паўгадзіны, а часопісы не перастаюць гэта чыніць»3.

Таму Касцёл заахвочваў вернікаў да чытання каталіцкай і добрай свецкай прэсы. З гэтай мэтай ён падтрымліваў арганізацыю парафіяльных чытальняў. Пій XII у энцыкліках «Divini ilius magistri» з 1929 г. і «Casti connubii» з 1930 г. вучыў аб неабходнасці касцёльнай апекі над мас-медыя для павышэння іх маральнага ўзроўню. Касцёл таксама заклікаў вернікаў вучыцца журналістыцы і працаваць у рэдакцыях свецкіх выдавецтваў. Каталіцкая прэса заахвочвалася пісаць рэцэнзіі на свецкія выданні, рэкамендаваць добрыя і змагацца з дрэннымі. Вернікам прапанавалася выказвацца на матэрыялы, што публікаваліся ў прэсе.

Бурнае развіццё прэсы выказала неабходнасць аб’яднання. У выніку ў 1926 г. католікі стварылі Міжнароднае бюро журналістаў, а ў 1936 г. паўстаў Міжнародны саюз каталіцкай прэсы (UCIP).

Падчас Пантыфікату Пія XII (1939–1958) назіраўся пастаянны і сістэмны інтарэс Касцёла да мас-медыя. Энцыкліка Пія XII «Miranda prorsus» лічыцца «сумай» каталіцкага вучэння пра мас-медыя перад Другім Ватыканскім Саборам. Яна навучае, што кожны чалавек у дэмакратычным грамадстве мае права адкрыта выражаць сваё меркаванне, якое неабходна для яго нармальнага функцыянавання. Грамадскую думку энцыкліка называе «прыкметай яго здароўя». Пій XII узгадаў, што Касцёл — гэта таксама грамадства, таму яго жыццё не будзе поўным без грамадскай думкі. Напамінаючы аб тым, што прэса можа быць крыніцай пагрозы для чалавека і грамадства, Папа падкрэсліў, што найбольш эфектыўныя меры абароны знаходзяцца не ў асуджэнні і цэнзурным забараненні, але ў правільна рэагуючай грамадскай думцы. У яго вучэнні ўсё больш выразна гучала патрэба салідарнай адказнасці, ствараючай адзінае цэлае з асабістай адказнасцю і грамадскім сумленнем4.

Благаслаўлёны папа Ян XXIII (1959–1963) прапанаваў журналістам пазітыўную праграму, якая заключалася ў тым, каб з любоўю абвяшчаць праўду і прапагандаваць цноты.

Такім чынам, на гэтым этапе Каталіцкі Касцёл быў адкрытым для прэсы і заклікаў журналістаў да адказнага яе выкарыстання, каб яна служыла духоўнай карысці людзей.

Другі Ватыканскі Сабор дэкрэтам «Inter mirifica», прынятым у 1963 г., распачаў трэці этап адносін Касцёла да мас-медыя. Ён упершыню разгледзеў усе сродкі масавай камунікацыі як адзінае цэлае. Навізной саборнага вучэння стала права на інфармацыю і падкрэсліванне ролі грамадскага меркавання ў яго жыцці. Была заснавана Папская рада па сродках сацыяльнай камунікацыі. У 1973 г. яна апублікавала інструкцыю «Communio et progressio», у якой нагадваецца аб уплыве мас-медыя на сучаснае грамадства, аб праве на інфармацыю, а таксама аб умовах таго, каб мас-медыя былі інструментам развіцця чалавечай асобы. Гэты дакумент стаў «Magna charta» — «Вялiкай хартыяй» адносін Касцёла да сродкаў сацыяльнай камунікацыі. З цягам часу Ватыкан рэгулярна выдаваў і надалей  выдае дакументы адносна мас-медыя і новых інфармацыйных тэхналогій, якія актуалізуюць гэтую інструкцыю.

Падчас буйнога развіцця новых інфармацыйных тэхналогій, на якія Касцёл звяртае ўсё большую ўвагу, яго клопат аб якасных медыя не слабне. Пры гэтым трэба прымаць пад ўвагу тое, што калі інфармацыйны паток усё больш і больш адбываецца праз Інтэрнэт, то фармацыйны, звязаны з апалагетыкай, гамілетыкай, аналітыкай і сведчаннем, усё яшчэ больш публікуецца ў прэсе5.

Адносіны да новых мас-медыя вызначаюцца двума наступнымі фактарамі. З аднаго боку, новыя інфармацыйныя тэхналогіі патэнцыяльна небяспечныя ўзмацненнем скажэнняў і гоману ў працэсе камунікацыі. З іншага, яны прадстаўляюць шырокія магчымасці для праверкі зместу. Праблема праўдзівасці і надзейнасці з’яўляецца адной з самых актуальных у адносінах рэлігіі і мас-медыя.

3. Касцёльныя медыя ў Беларусі.

У наш час становіцца ўсё больш зразумелым, што амбона ў касцёле не вырашае праблемы эфектыўнага абвяшчэння Евангелля. Нам неабходна ісці да людзей пры дапамозе іншых сродкаў, якімі з’яўляюцца мас-медыя і дзякуючы якім мы можам «уваходзіць у дамы» не толькі нашых вернікаў, але і іншых, часта няверуючых, каб прадставіць ім нязменныя духоўныя каштоўнасці, якія ўсім нам так патрэбны.

З атрыманнем свабоды веравызнання Каталіцкі Касцёл у Беларусі распачаў таксама і развіццё сваіх медыя, як вельмі важных сродкаў евангелізацыі і рэлігійнай фармацыі людзей. На сённяшні дзень выдаюцца шматлікія газеты і часопісы, існуюць два выдавецтвы і вялікая колькасць сайтаў.

3.1. Газеты

3.1.1. «Каталіцкія навіны». Заснавальнік — Мінска-Магілёўская архідыяцэзія. Штомесячны інфармацыйны бюлетэнь, які выходзіць з 1995 г. у беларуска-польскай версіі і прадстаўляе афіцыйныя дакументы Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, пасланні Святога Айца, пастырскія пасланні біскупаў, інфармацыю з Апостальскай Сталіцы, галоўныя навіны каталіцкага свету. Сайт: media.catholic.by/kn.

3.1.2. «Слова Жыцця» — газета рэлігійна-інфармацыйнага характару Гродзенскай дыяцэзіі, выдаецца ад 1997 г., два разы ў месяц на беларускай і польскай мовах. Яе задачай з’яўляецца катэхізацыя і інфармаванне людзей, якія шукаюць Бога. Сайт: slowozycia.grodnesnis.by.

3.1.3. «Каталіцкі веснік» — газета Віцебскай дыяцэзіі, выходзіць з 2011 г. раз у месяц у беларуска-рускай версіі ў асноўным з мэтай прадставіць вернікам інфармацыю аб дзейнасці дыяцэзіі.

3.2. Часопісы

3.2.1. «Аve Maria». Заснавальнік — Мінска-Магілёўская архідыяцэзія. Выдаецца з 1994 года. Штомесячны рэлігійны часопіс на беларускай мове. У ім прадстаўлены матэрыялы, прысвечаныя жыццю Каталіцкага Касцёла ў свеце і Беларусі, навіны з усіх дыяцэзій і замежжа, артыкулы пра галоўныя каталіцкія святы, разважанні аб пытаннях веры, інтэрв’ю са святарамі, аповеды пра цікавых людзей, моладзевая старонка. Сайт: media.catholic.by/ave.

3.2.2. «Наша Вера». Заснавальнік — Мінска-Магілёўская архідыяцэзія. Выдаецца з 1995 года. Штоквартальны гісторыка-культурна-рэлігійны часопіс на беларускай мове. Прадстаўляе падзеі сучаснага жыцця Касцёла, тэалагічныя артыкулы, даследаванні па гісторыі Каталіцкага Касцёла Беларусі, артыкулы навукоўцаў, мастацтвазнаўцаў, філолагаў, гісторыкаў, вершы і прозу беларускіх і замежных аўтараў і інш. Сайт: media.catholic.by/nv.

3.2.3. «Маленькі рыцар Беззаганнай». Заснавальнік — Мінска-Магілёўская архідыяцэзія. Квартальнік для дзяцей на беларускай мове. Выдаецца з 1996 года. Рыхтуецца рэдакцыяй часопіса «Ave Maria». У ім знаходзяцца рэлігійныя апавяданні для дзяцей, прадстаўленыя ў даступнай форме катэхізацыйныя матэрыялы, цікавая інфармацыя пра святы і малітвы, конкурсы, размалёўкі, крыжаванкі і інш.

3.2.4. «Дыялог» — штомесячны культурна-рэлігійны каталіцкі часопіс у беларуска-рускай версіі. Заснаваны ў 1994 г. парафіяй Мацi Божай Фацiмскай у Баранавiчах. Выдаецца місіянерамі вербістамі. Сайт: svd.catholic.by/dialog.

3.2.5. «Любите друг друга». Дайджэст з польскага выдання «Miłujcie się». Часопіс для моладзі на рускай мове, выдаецца раз у год з 1999 года. Часопіс закліканы адрадзіць хрысціянскія і маральныя каштоўнасці ў нашых сем’ях, асяроддзі і грамадстве. Сайт: media.catholic.by/lubite.

3.2.6. «Дар жизни». Спецвыпуск на рускай мове, закліканы абараняць і захоўваць жыццё ненароджаных дзяцей. Выдаецца з 1997 года.  Распаўсюджваецца па паліклініках, абартарыях, школах.

3.2.7. «Царква» — грэка-каталіцкі квартальнік на беларускай мове. Заснавана грэка-каталіцкай парафіяй святых братоў-апосталаў Пятра і Андрэя ў г. Брэсце ў 1995 годзе. Прадстаўляе гісторыю Грэка-каталіцкай Царквы і жыццё яе супольнасцяў у Беларусі і ў іншых краінах свету, афіцыйныя дакументы Касцёла, праблемы экуменізму і хрысціянскай еднасці і іншую рэлігійна-асветніцкую інфармацыю. Сайт: http://carkva-gazeta.by.

3.2.8. Акрамя гэтага, яшчэ існуе шмат іншых перыядычных выданняў, якія звязаны з рознымі асяроддзямі ці духоўнасцю. Найчасцей гэта выданні розных манаскіх супольнасцяў і парафій. Там можна знайсці не толькі артыкулы і інфармацыю на рэлігійную тэму, але таксама агляд найважнейшых культурных і грамадскіх падзей з хрысціянскага пункту гледжання, што мае вялікае значэнне ў рэлігійнай фармацыі людзей.

3.3. Выдавецтвы

3.3.1. «Pro Christo». Заснавальнік — Мінска-Магілёўская архідыяцэзія. Заснавана па благаслаўленні кардынала Казіміра Свёнтка ў 2000 г. для забеспячэння католікаў Беларусі каталіцкай літаратурай і прэсай. За час свайго існавання выдавецтва выдала каля 220 найменняў кніг на беларускай, польскай і рускай мовах, сярод іх таксама пераклады з польскай, нямецкай, італьянскай, французкай, англійскай і іспанскай моў. Прымаючы ўдзел у розных кніжных конкурсах, выдавецтва «Pro Christo» атрымала шмат розных прызоў і ўзнагарод. Сайт: pro-christo.catholic.by.

3.3.2. «Выдавецтва Гродзенскай дыяцэзіі». Заснавана Гродзенскай дыяцэзіяй у 1995 годзе. Усяго выдадзена каля 150 пазіцый на беларускай, польскай і рускай мовах. Сайт: grodnensis.by.

3.4. Інтэрнэт

У наш час рэлігійная тэматыка знаходзіць усё больш і больш месца ў Інтэрнэце. Такім чынам, у сусветнай інфармацыйнай сетцы, якая нярэдка атаясамліваецца з маральным сметнікам, сучасны чалавек шукае кантакту з Богам. Таму Каталіцкі Касцёл у Беларусі таксама развівае свае сайты. Перш за ўсё з іх неабходна ўзгадаць наступныя:

3.4.1. Партал Сatholic.by — найбуйнейшы і найбольш папулярны рэлігійны сайт у краіне, заснаваны ў 2001 г. Гэта афіцыйная інфармацыйная крыніца Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі на беларускай, рускай, польскай, англійскай і нямецкай мовах. Прадстаўляе афіцыйныя дакументы Ватыкана, навучанне Папы, інфармацыю аб дзейнасці Каталіцкага Касцёла, навіны рэлігійнага жыцця ў Беларусі і свеце. Дзякуючы публіцыстычным старонкам, ажыццяўляецца таксама фармацыя інтэрнаўтаў.

3.4.2. Партал Grodnensis.by — інфармацыйны партал Гродзенскай дыяцэзіі, які быў заснаваны ў 2008 годзе. Інтэрнэт-старонка мае беларускую і польскую моўныя версіі, дзе можна знайсці навіны з жыцця дыяцэзіі, Каталіцкага Касцёла ў Беларусі і ў свеце.

3.4.3. Шмат парафій і манаскіх супольнасцяў таксама маюць свае інтэрнэт-старонкі, на якіх можна пазнаёміцца з іх рэлігійным жыццём і харызмай.

3.4.4. Варта таксама ўзгадаць пра многія блогі і публіцыстычныя старонкі, якія існуюць у інтэрнэт-прасторы ў Беларусі. Дзякуючы ім можна вельмі хутка рэагаваць на тое, што адбываецца менавіта тут і цяпер у жыцці Касцёла.

3.5. Радыё і тэлебачанне

Каталіцкі Касцёл у Беларусі ажыццяўляе наступныя тэле- і радыёпраграмы:

3.5.1. Беларуская секцыя Ватыканскага радыё — гэта адна з секцый радыёстанцыі Апостальскай Сталіцы, якая з’яўляецца прыладай камунікацыі і евангелізацыі на службе наступніку св. Пятра. Галоўнай мэтай Ватыканскага радыё з’яўляецца свабоднае, вернае і эфектыўнае абвяшчэнне хрысціянскага паслання і сувязь цэнтра каталіцтва з рознымі краінамі свету. Беларуская праграма Ватыканскага радыё выходзіць у эфір ужо на працягу больш 60 гадоў.

Важна падкрэсліць, што менавіта Ватыканскае радыё стала першай радыёстанцыяй за межамі Беларусі, якая пачала вяшчанне на беларускай мове. У перыяд аднаўлення і развіцця рэлігійнага жыцця ў Беларусі Ватыканскае радыё выконвае важную ролю ў гэтым працэсе і з’яўляецца «мостам» паміж Апостальскай Сталіцай і Каталіцкім Касцёлам у Беларусі, а таксама беларускамоўнай крыніцай інтэграцыйнай, якаснай і поўнай інфармацыі аб дзейнасці Святога Айца.

Сайт: radiovaticana.org/bie/index.asp.

3.5.2. Каталіцкія радыё- і тэлепраграмы ў Беларусі

а) Мінска-Магілёўская архідыяцэзія:

Трансляцыя св. Імшаў на Божае Нараджэнне і Вялікдзень на Першым нацыянальным тэлеканале.

Трансляцыя св. Імшаў з мінскай архікатэдры ў кожную нядзелю на Першым нацыянальным канале Беларускага радыё на працягу 45 хвілін. Пры гэтым, пачынаючы з мая гэтага года, апошнія 5 хвілін перадаецца скарачэнне навінаў за ўвесь тыдзень, падрыхтаванае беларускай секцыяй Ватыканскага радыё.

З пачатку Адвэнту 2011 г. Каталіцкі Касцёл два-тры разы ў месяц з нагоды значных святаў на Першым канале Беларускага тэлебачання выпускае праграму «Слова пастыра» і кожную нядзелю на Другім канале — праграму «Размовы са святаром» па 10 хвілін кожная. Пачынаючы з чацвёртага квартала гэтага года на першым канале распачынаецца штомесячная праграма «Каталіцкія святыні» працягласцю 26 хвілін.

Кожную суботу на Першым нацыянальным тэлеканале трансліруецца асветніцкая перадача «Існасць» працягласцю 26 хвілін. Аўтары перадачы знаёмяць тэлегледачоў з гісторыяй і філасофіяй хрысціянства, распавядаюць аб рэлігійных святах, падарожнічаюць па храмах і святых месцах Беларусі. Перадача сцвярджае хрысціянскія ідэалы любові да бліжняга, памяркоўнасці, служэння Бацькаўшчыне, дабрадзейнага жыцця.

Два разы ў год па 26 хвілін на Трэцім канале Белтэлерадыёкампаніі трансліруецца тэлеперадача «Таямніца душы», прысвечаная дзейнасці і жыццю Каталіцкага Касцёла, святым месцам і г.д.

Таксама на Трэцім канале Белтэлерадыёкампаніі кожную нядзелю на працягу 26 хвілін адбываецца рэлігійная інфармацыйная праграма «Благовест», у якой абавязкова ёсць адзін сюжэт пра Каталіцкі Касцёл.

Акрамя гэтага рэспубліканскае тэлебачанне ў шэрагу выпадкаў забяспечвае ўключэнне прамой трансляцыі фрагментаў святочных набажэнстваў з Ватыкана, асабліва на Божае Нараджэнне, Новы год і Вялікдзень, а таксама перадае інфармацыю аб галоўных рэлігійных святкаваннях у нашай краіне. 1 сакавіка 2008 г. беларускае тэлебачанне прыняло ўдзел у тэлемосце, які злучыў Ватыкан і 14 іншых гарадоў у розных краінах свету. Тады сабраныя ў мінскай катэдры беларускія студэнты маліліся Ружанец разам з папам Бэнэдыктам XVI і сваімі аднагодкамі за мяжой.   

Цяпер мінскі архікатэдральны касцёл Імя Найсвяцейшай Панны Марыі сумесна з парталам Сatholic.by працуе над ажыццяўленнем на ім трансляцыі online нядзельнай святой Імшы.

в) Віцебская дыяцэзія:

Тэлерадыёкампанія «Віцебск» раз у месяц на працягу 10 хвілін трансліруе тэлеперадачу «Вытокі» пра жыццё Каталіцкага Касцёла на Віцебшчыне. Партал Сatholic.by прапануе сваім карыстальнікам сачыць за рэлігійным жыццём Віцебшчыны ў раздзеле «Відэа».

Гэтая ж самая тэлерадыёкампанія кожную пятніцу на працягу 5 хвілін трансліруе радыёпраграму «Слова да вернікаў», якую таксама можна паслухаць на партале Сatholic.by.

с) Гродзенская дыяцэзія:

На Першым нацыянальным канале Беларускага радыё ў праграме рэгіянальнай інфармацыйнай службы кожную нядзелю выходзіць радыёперадача «Голас Евангелля» на польскай мове, як каментарый да нядзельнага Евангелля, на Гродзенскую вобласць працягласцю да 10 хвілін.

Тэлерадыёкампанія «Гродна» на Другім нацыянальным тэлеканале два разы ў месяц па 10 хвілін трансліруе перадачу «Сімвал веры» на Гродзенскую вобласць. Праграму рыхтуе гродзенская Відэастудыя Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.

d) Варта таксама прыгадаць, што цяпер інтэнсіўна ідзе праца па стварэнні ў Беларусі «Радыё Марыя». Плануецца, што яно будзе вяшчаць 24 гадзіны ў суткі, напачатку толькі ў Інтэрнэце (вэб-вяшчанне).  
е) Дзякуючы прафесійнасці супрацоўнікаў Відэастудыі Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі сёння каталіцкае тэлебачанне прымае ўдзел ва ўсіх вялікіх урачыстасцях Каталіцкага Касцёла ў нашай краіне і трансліруе іх online на партале Сatholic.by. Студыя мае відэакаталог усіх найбольш значных урачыстасцяў за апошнюю чвэрць стагоддзя.

f) Ужо сем гадоў існуе і паспяхова дзейнічае Міжнародны каталіцкі фестываль хрысціянскіх фільмаў і тэлепраграм «Magnificat», які праходзіць у Мінску, а таксама ў Глыбокім, Удзеле і Мосары Віцебскай вобласці. Галоўная мэта фестывалю — гэта евангелізацыя грамадства і падтрымка агульначалавечых і хрысціянскіх каштоўнасцяў праз творы беларускіх і замежных майстроў кіно і тэлебачання, якія створаны ў розных хрысціянскіх традыцыях.

g) Увогуле трэба падкрэсліць, што нацыянальнае тэлебачанне, не ўлічваючы рэгіянальных тэлеперадач, кожны месяц прысвячае каля 3 гадзін эфіру каталіцкім праграмам.

h) Пералічаныя вышэй дасягненні, несумненна, з’яўляюцца вялікім крокам наперад, аднак былі і ўсё яшчэ застаюцца нявырашанымі многія праблемы. Дастаткова ўспомніць толькі некаторыя з іх.

За 20 гадоў адраджэння Касцёла мы так і не змаглі падрыхтаваць кадраў у галіне мас-медыя. Нізкай застаецца актыўнасць парафій і манаскіх супольнасцяў у перадачы інфармацыі і распаўсюджванні як перыядычных выданняў, так і рэлігійных кніг. Свецкія вернікі і журналісты ўсё яшчэ застаюцца вельмі пасіўнымі ў выкарыстанні медыя для распаўсюджвання Добрай Навіны, вучэння Касцёла і інфармацыі аб рэлігійным жыцці і яго праблемах. Далёка не заўсёды ў нашых медыя бачна захаванне «sensus Ecclesiae» — «пачуццё Касцёла», што часам прыносіцца ў ахвяру на карысць пошуку сенсацыі. Трэба памятаць, што медыя пакліканы не толькі інфармаваць чалавека, але і фарміраваць яго. У нас усё яшчэ мала катэхетычных і евангелізацыйных матэрыялаў і г.д. Мала, а можа нават нічога не зроблена ў фармацыі свецкіх журналістаў, якія асвятляюць рэлігійныя тэмы. Мы павінны дапамагчы ім, каб рыхтуемыя імі матэрыялы на рэлігійную тэму былі якаснымі і не вызывалі ў людзях непатрэбных непаразуменняў.

Ужо настаў час зрабіць добры рахунак сумлення ў галіне выкарыстоўвання сродкаў сацыяльнай камунікацыі ў жыцці Касцёла, калі мы хочам, каб ён развіваўся і сапраўды быў сакрамэнтам паўсюднага збаўлення.

4. Стратэгія развіцця каталіцкіх мас-медыя ў Беларусі.

4.1. Мы цешымся даволі буйным развіццём каталіцкіх сродкаў сацыяльнай камунікацыі ў нашай краіне і добрымі адносінамі са свецкімі медыя. Аднак задавольвацца дасягнутым нельга. «Qui non progredit — regredit» («Хто не ўдасканальваецца, той дэградуе»). А мы хочам развівацца. Гэта патрабаванне нашага часу, патрабаванне новай евангелізацыі, у якой медыя павінны адыгрываць важную ролю. Менавіта яны з’яўляюцца новым арэапагам для абвяшчэння Божага слова і новай амбонай, з якой яно абвяшчаецца. Касцёл, каб быць евангелізацыйным, павінен быць медыяльным. А таму павінна быць распрацавана свая стратэгія развіцця сродкаў масавай камунікацыі. Дапамогай у гэтым нам павінна служыць адпаведная Інструкцыя Апостальскага Пасаду «Aetatis novae»6.

4.2. Трэба адразу адзначыць, што канкрэтная сітуацыя ў кожнай краіне розная, таксама як яна розная нават у кожнай дыяцэзіі той жа самай краіны. З гэтага вынікае, што падыход Касцёла да мас-медыя ў кожным канкрэтным культурным асяроддзі павінен распрацоўвацца з улікам мясцовых умоў. План развіцця каталіцкіх медыя таксама павінен браць пад увагу іншыя пастырскія планы Канферэнцыі Біскупаў і дыяцэзій. Такі план павінен канкрэтна акрэсліць яго патрэбы і мэты. Разнастайнасць сродкаў сацыяльнай камунікацыі ў ім павінна быць скаардынавана. Ён таксама павінен быць рэалістычным.

4.3. Пастаральны план для сродкаў масавай камунікацыі павінен уключаць у сябе наступныя элементы:

- апрацаваную візію каталіцкіх медый, якая ідэнтыфікуе іх стратэгію на ўсіх узроўнях служэння ў Касцёле і адказвае на сучасныя пытанні і ўмовы;

- ацэнку медыяльнага асяроддзя ў краіне і дыяцэзіі, уключаючы аўдыторыю карыстальнікаў, свецкіх і камерцыйных медыяльных вытворцаў, фінансавыя рэсурсы, сістэму распаўсюджвання, выхаваўчы і экуменічны напрамак, каталіцкія медыяльныя арганізацыі і іх персанал;

- звязаную з Касцёлам структуру медыя для падтрымкі евангелізацыі, катэхізацыі, выхавання, сацыяльнай працы, экуменічнага супрацоўніцтва, якая, па меры магчымасці, уключае сувязі з грамадскасцю, прэсай, радыё, тэлебачаннем, кіно, касетамі, камп’ютарным сецівам, факсімільным сэрвісам і звязаныя з імі формы тэлекамунікацый;

- медыяльную адукацыю, асабліва ў галіне адносін паміж медыя і хрысціянскімі каштоўнасцямі, а таксама ў галіне інфаэтыкі;

- пастырства для працаўнікоў медыя і дыялог з імі з асаблівай увагай да развіцця веры і духоўнага росту;

- патрэбныя для ажыццяўлення пастырскага плану сродкі.
    
5. Працэс падрыхтоўкі пастырскага плану па сродках масавай камунікацыі ў Касцёле
    
5.1. План павінен прапанаваць напрамкі і спосабы для выпрацоўкі рэалістычных мэтаў і прыярытэтаў у працы касцёльных медыя. Яго падрыхтоўка павінна ўключаць дзве фазы: даследаванне і канкрэтную распрацоўку.

5.1.1. Даследаванне патрабуе ацэнкі, збору інфармацыі і аналізу альтэрнатыўных мадэляў пастырскага плану і павінна ўключаць аналіз касцёльнага медыяльнага асяроддзя.

5.1.2. Тры наступныя тыпы даследаванняў з’яўляюцца дапамогай для збору неабходнай інфармацыі. Гэта неабходнасць ацэнкі, аўдыт медыя і інвентарызацыя рэсурсаў. Першы ідэнтыфікуе сферы служэння, якія патрабуюць асаблівай увагі з боку Канферэнцыі Біскупаў ці дыяцэзіі. Другі засяроджваецца на тым, што цяпер робіцца, каб выявіць моцныя і слабыя бакі медыя. Трэці ідэнтыфікуе медыяльныя рэсурсы, тэхналогіі і персанал.

5.1.2. Этап падрыхтоўкі.

Пасля збору і вывучэння сабранай інфармацыі група планавання павінна акрэсліць мэты і прыярытэты сродкаў масвай камунікацыі. Гэта ўмова паспяховай распрацоўкі плану. Пасля гэтага неабходна выказацца адносна кожнага з наступных пунктаў, згодна з мясцовымі абумоўленасцямі.

а) Адукацыя:

- неабходна прадугледзець медыяльнае выхаванне для семінарыстаў, святароў, кансэкраваных асобаў і свецкіх лідараў;

- заахвоціць іншыя каталіцкія навучальныя ўстановы, такія, як Цэнтр падрыхтоўкі катэхетаў у Мінску, Катэхетычны інстытут у Гродне, Катэхетычны каледж у Баранавічах, мець і развіваць курс па сродках масавай камунікацыі;

- ідэнтыфікаваць новыя стратэгіі для евангелізацыі і катэхізацыі з выкарыстоўваннем мас-медыя.

в) Духоўная фармацыя і пастырская апека:

- прапанаваць духоўныя практыкаванні і рэкалекцыі, семінары і прафесійную падтрымку для асоб, якія працуюць у медыя;

- прапанаваць пастырскую апеку для працаўнікоў медыя.

с) Супрацоўніцтва:

- дзяліцца вопытам паміж Канферэнцыямі Біскупаў і дыяцэзіямі і іншымі інстытуцыямі;

- праводзіць кансультацыі паміж прадстаўнікамі Касцёла і прафесіяналамі сродкаў сацыяльнай камунікацыі;

- падтрымліваць супрацоўніцтва з рознымі Кангрэгацыямі, якія працуюць у медыяпрасторы;

- супрацоўнічаць з экуменічнымі арганізацыямі і іншымі касцёльнымі і рэлігійнымі групамі адносна шляхоў уваходу рэлігіі ў медыяпрастору;

- супрацоўнічаць са свецкімі мас-медыя.

d) Сувязі з грамадскасцю:

- падтрымліваць адносіны са свецкімі і іншымі рэлігійнымі медыямі для развіцця адносін паміж Касцёлам і грамадствам;

- рыхтаваць радыё, теле- і відэаперадачы высокай якасці, каб ясна прадстаўляць пасланне Евангелля і місію Касцёла;

- узнагароджваць заслуджаных працаўнікоў медыя з мэтай заахвочваць іншых;

- адзначаць Дзень сродкаў сацыяльнай камунікацыі.

5.1.3. Сродкі масавай камунікацыі і развіццё народаў:

- з мэтай пашырэння міжнароднай салідарнасці евангельскія каштоўнасці прадстаўляць як мага шырэй у медыяпрасторы;

- бараніць інтарэсы грамадства і абараняць прысутнасць рэлігіі ў медыя;

- дапамагаць журналістам захоўваць этычныя прынцыпы;

- развіваць стратэгіі для большага, прадстаўніцкага і адказнага доступу да медыя;

- практыкаваць прафетычную ролю медыя адносна маральнага вымярэння публічнага жыцця.

6. Будучыня каталіцкіх сродкаў масавай камунікацыі ў Беларусі
    
Для адказу на гэтае пытанне, якое цікавіць усіх нас, можна выкарыстаць такую ж самую матрыцу, якая выкарыстоўваецца для аналізу масава-камунікацыйных працэсаў свецкімі даследчыкамі. Гэта добра вядомая ўніверсальная структурная мадэль камунікацыі, якую прапанаваў знакаміты амерыканскі палітолаг і спецыяліст па тэорыі камунікацый Гаральд Лассуэл: «Who says? What says? What channel by? Whom says? What effect with?»7  — «Хто гаворыць? Што гаворыць? На якім канале? Каму гаворыць? З якім эфектам?»

Гэтая мадэль разам з шырока вядомымі ў журналістыцы прынцыпамі, якія называюцца «Five W’s» – «Пяць дабл ю», паводле якіх будуецца формула інфармацыі: «Who is it about? What happened? Where did it take place? When did it take place? Why did it happen?»8  — «Аб кім мова? Што здарылася? Дзе здарылася? Калі мела месца? Чаму здарылася?» маюць свае карані ў сярэднявечнай хрысціянскай схаластыцы. Для ўпарадкавання індывідуальнай споведзі IV Латэранскі Сабор (1215 г.) у сваіх рашэннях (канон 21) прадпісаў святарам спавядаць грахі з улікам іх абставін па акрэсленай формуле: «Quis, quid, ubi, per quos, quoties, cur, quomodo» — «Хто, што, дзе, з кім, калі, чаму, як»9. Калі прыняць пад увагу, што «формула Лассуэла» была пазней дапоўнена дзвюма наступнымі пытаннямі: «Under what circumstances? With what purpose?» — «Пры якіх абставінах? З якой мэтай?»10, то падабенства гэтай мадэлі камунікацый да сярэднявечнай схаластыкі становіцца яшчэ больш відавочным.

Цяпер паспрабуем прааналізаваць будучыню нашых медыя паводле вышэй прадстаўленых крытэрыяў.

6.1. Хто гаворыць?

Тут мова ідзе аб суб’ектах вяшчання — інстытуцыянальным і індывідуальным. Таму пажадана мець наступныя трэнды:

- заахвочванне здольных свецкіх супрацоўнікаў і іх падрыхтоўка;

- арганізацыя сеціва карэспандэнцкіх пунктаў у парафіях і дэканатах;

- падтрымка аўдыторыі ўдзельнікаў камунікацыі (гарачыя лініі, пытанне-адказ, конкурсы, форумы і г.д.).

6.2. Што гаворыць?

Тут мова ідзе аб прадмеце вяшчання, які павінен адзначацца:

- евангелізатарскім і прапаведніцкім зместам інфармацыі;

- прадстаўленнем праўды, а не толькі плюралізму поглядаў;

- хрысціянскім поглядам на актуальныя падзеі і актуалізацыяй сацыяльнага вучэння Касцёла;

- інкультурацыяй і сведчаннем аб хрысціянскіх каштоўнасцях праз культуру;

- рэлігійна-этнічнымі аспектамі, якія павінны будавацца на вучэнні св. апостала Паўла, што няма ні грэка, ні юдэя, а ўсё і ва ўсім Хрыстус (пар. Кал 3, 11);

- меншасцю афіцыёзу, а большасцю жыцця.

6.3. На якім канале?
    
Відавочна, што лідарам медыйнай прасторы становіцца Інтэрнэт. Гэта, аднак, не супярэчыць неабходнасці падтрымліваць і іншыя сродкі масавай камунікацыі.

Будучыня Касцёла — гэта моладзь, якая знаходзіцца ў глабальным сеціве. Таму неабходна развіваць:

- інтэрнэт-парталы;
- інтэрнэт-версіі прэсы;
- інтэрнэт-радыё;
- інтэрнэт-ТБ.

6.4. Каму гаворыць?

Тут мова ідзе аб мэтавай аўдыторыі сродкаў сацыяльнай камунікацыі, аб іх адрасаце.
 
- Неабходна памятаць, што мы павінны абвяшчаць Евангелле ўсім людзям і таму нам нельга замыкацца ў каталіцкім гета. Гэта было б стратэгічнай памылкай, тым больш, што Касцёл заўсёды моцна падкрэслівае вострую неабходнасць абвяшчаць Евангелле да краёў зямлі (пар. Дз 1, 8).

6.5. З якой мэтай?

Фарміраваць усіх без выключэння людзей на хрысціянскіх каштоўнасцях, з выхадам за касцёльную агароджу.

6.6. Пры якіх абставінах?

6.7. Пры апрацоўцы медыяльных праграм неабходна ўлічваць канкрэтныя асаблівасці і абумоўленасці, у якіх яны рэалізуюцца, заўсёды памятаючы, што галоўным заданнем Касцёла ёсць навучанне Божай праўдзе.

6.8. З якім эфектам?

Гэты пастулат уяўляецца нялёгкім для выканання. Тут неабходны спецыялізаваныя даследаванні. Добрую дапамогу можа аказаць зваротная сувязь з аўдыторыяй, да чаго трэба яе заахвочваць. Гэта будзе вельмі моцна ўплываць на развіццё каталіцкіх медыя.

7. Заключэнне

7.1. Благаслаўлёны папа Ян Павел II, якога называлі медыяльным Папам, казаў: «Не бойцеся новых тэхналогій! Яны знаходзяцца „сярод цудоўных рэчаў“ — „inter mirіfica“, — якія Бог даў у наша распараджэнне, каб адкрываць, выкарыстоўваць, распаўсюджваць праўду, у тым ліку і праўду пра нашу годнасць і пра наша прызначэнне быць Ягонымі сынамі, спадкаемцамі Яго вечнага Валадарства»11.

Час не стаіць на месцы, і за ім трэба паспяваць. Ён нясе новыя выклікі, але таксама дае новыя магчымасці для адказу на іх. Адной з такіх магчымасцяў і з’яўляюцца мас-медыя. Мы ўсе, біскупы, святары, кансэкраваныя асобы, свецкія вернікі і журналісты павінны быць адказнымі за іх развіццё і згоднае з прынцыпамі інфаэтыкі іх выкарыстанне. Гэта новы і вельмі эфектыўны інструмент збаўлення, які Бог дае нам. Гэта дар і адначасова заданне. Ад таго, як мы выкарыстаем гэты дар і выканаем гэтае заданне, будзе залежаць будучыня евангелізацыі і Касцёла.

7.2. Каталіцкія медыя таксама павінны даць магчымасць кожнаму чалавеку, якi мае патрэбу ў якой-небудзь iнфармацыi адносна каталiцкай веры, каб ён:

- мог задаць свае пытаннi;

- ведаў, каму iх адрасаваць;

- атрымаў бы хуткi, поўны i дасканалы адказ.

Найлепей гэтым крытэрыям адпавядае iнтэрактыўны iнтэрнэт-партал, i, як падаецца, партал Сatholic.by наблiжаецца да такога стану.

7.3. Для больш эфектыўнага развіцця каталіцкіх медыя ў нашай краіне неабходна большая зацікаўленасць імі і адказнасць з боку як духоўных, так і свецкіх асоб. У кожнай дыяцэзіі павінна быць інфармацыйная служба або прынамсі прэс-сакратар ці адказны за мас-медыя.

7.4. Прыйшоў час звярнуць большую ўвагу на прафесійную і духоўную фармацыю працаўнікоў мас-медыя, бо ў адваротным выпадку мы будзем падвяргаць сябе і іншых небяспецы, якая выражаецца добра вядомым нам прынцыпам: калі сляпы сляпога вядзе, дык абодва ў яму ўпадуць.

7.5. Словам, нам неабходны такія медыя, якія ў наш час абвяшчаемай светам смерці Бога, наступаючага секулярызму, маральнага рэлятывізму, буйнога развіцця сект і так званай свецкай рэлігіі будуць садзейнічаць паўстанню новай мадэлі быцця Касцёлам сапраўды евангелізацыйным і місіным.

7.6. Кожны год Канферэнцыя Біскупаў прапануе пастырскі план для Касцёла ў Беларусі. Зыходзячы з яго, кожная дыяцэзія рэалізуе свой.

У гэтых планах павінна быць месца і каталіцкім медыя, каб хутка і дзейсна адказаць на вялікую колькасць пытанняў, якія задае сучасны чалавек і ў якіх выказана занепакоенасць чалавечай асобы, якая шукае праўды, што дае сэнс жыццю і надзею. Чалавека не можа задаволіць звычайны абмен інфармацыяй у духу талерантнасці, скептычных меркаванняў і жыццёвага досведу, бо ўсе шукаюць праўду і падзяляюць гэтае жаданне, асабліва ў наш час, калі, абменьваючыся інфармацыяй, людзі таксама кажуць пра сябе, дзеляцца сваім бачаннем свету, надзеямі і ідэаламі12, — як кажа папа Бэнэдыкт XVI у Пасланні на Дзень сродкаў масавай камунікацыі 2012 г.

Відавочна, што прыйшоў час, каб Каталіцкі Касцёл у Беларусі меў сваю пастырскую праграму па сродках сацыяльнай камунікацыі. Яе падрыхтоўкай магла б заняцца спецыяльна створаная з прадстаўнікоў усіх дыяцэзій працоўная група.

7.7. Гэта знакі нашага часу і яго патрабаванне. Мы павінны ўмець іх чытаць і на іх адказваць, каб сродкі масавай камунікацыі ў мітусні сучаснага свету сапраўды дапамагалі чалавеку знайсці Хрыста і выхоўвалі яго на хрысціянскіх каштоўнасцях з мэтай даць яму новую надзею, нават насуперак надзеі (пар. Рым 4, 18).

Дзякую за ўвагу.

________________________________________

Выкарыстаная літаратура:

1. Govanni Paolo II. Letterta Apostolica «Il rapido sviluppo».
2. Хруль В.М. Пресса и Католическая Церковь: эволюция отношений//Четыре века газеты — М.: Ф-т журналистики МГУ 2010.
3. Виктор Хруль. Религия. Масс-медиа и представления о Боге в современной России. Опыт междисциплинарного исследования. Verlag: LAP LAMBERT Academic Publishing GmbH & Co. KG Heinrich-Böcking-Str.6-8, 66121 Saarbrücken, Deutschland.
4. http://www.vatican.va/roman_curia/pontifical_councils/pccs/documents/rc_pc_ pccs_doc_22021992_ aetatis_en.html#Appendice.
5. /2/libr/docs/pope-docs/100782-paslanne.html.
6. http://www.gesuemaria.it/san-massimiliano.html.
7. http://www.vatican.va/holy_father/benedict_xvi/messages/communications/documents/hf_ben-xvi_mes_20120124_46th-world-communications-day_it.html.

  1. /2/libr/docs/pope-docs/100782-paslanne.html.
  2. Пар. Виктор Хруль. Религия. Масс-медиа и представления о Боге в современной Росси. Опыт междисциплинарного исследования. Verlag: LAP LAMBERT Academic Publishing GmbH & Co. KG Heinrich-Böcking-Str.6-8, 66121 Saarbrücken, Deutschland.
  3. http://www.gesuemaria.it/san-massimiliano.html.
  4. Пар. Documenti pontifici sulla stampa 1878-1963. Vatican, 1964, p. 21-55: Виктор Хруль. Религия. Масс-медиа и представления о Боге в современной Росси. Опыт междисциплинарного исследования. Verlag: LAP LAMBERT Academic Publishing GmbH & Co. KG Heinrich-Böcking-Str.6-8, 66121 Saarbrücken, Deutschland, с. 25.
  5. Пар. Хруль В.М. Пресса и Католическая Церковь: эволюция отношений//Четыре века газеты – М.: Ф-т журналистики МГУ 2010. с. 219-254.
  6. Пар.http://www.vatican.va/roman_curia/pontifical_councils/pccs/documents/rc_pc_pccs_doc_22021992_ aetatis_en.html#Appendice.
  7. Lasswell H. Structure and Functions of Communications in Society // Mass Communications / Ed. by W. Shramm. Urbana, 1960: Виктор Хруль. Религия. Масс-медиа и представления о Боге в современной Росси. Опыт междисциплинарного исследования. Verlag: LAP LAMBERT Academic Publishing GmbH & Co. KG Heinrich-Böcking-Str.6-8, 66121 Saarbrücken, Deutschland. с. 3.
  8. Hart, G. The five w’s of online help systems. -  http://www.geoff-hart.com/articles/2002/fivew.htm: Виктор Хруль. Религия. Масс-медиа и представления о Боге в современной Росси. Опыт междисциплинарного исследования. Verlag: LAP LAMBERT Academic Publishing GmbH & Co. KG Heinrich-Böcking-Str.6-8, 66121 Saarbrücken, Deutschland. с. 3.
  9. Robertson, D. W. Jr., "A Note on the Classical Origin of 'Circumstances' in the Medieval Confessional", Studies in Philology 43:1:6-14 (January 1946): Виктор Хруль. Религия. Масс-медиа и представления о Боге в современной Росси. Опыт междисциплинарного исследования. Verlag: LAP LAMBERT Academic Publishing GmbH & Co. KG Heinrich-Böcking-Str.6-8, 66121 Saarbrücken, Deutschland. с. 3.
  10. Пар. Braddock R. An Extension of the "Lasswell Formula". Journal of Communication, 8, 1958, pp.88-93: : Виктор Хруль. Религия. Масс-медиа и представления о Боге в современной Росси. Опыт междисциплинарного исследования. Verlag: LAP LAMBERT Academic Publishing GmbH & Co. KG Heinrich-Böcking-Str.6-8, 66121 Saarbrücken, Deutschland. с. 4.
  11. Govanni Paolo II. Letterta Apostolica “Il rapido sviluppo”, 17.
  12. пар.http://www.vatican.va/holy_father/benedict_xvi/messages/communications/documents/hf_ben-xvi_mes_20120124_46th-world-communications-day_it.html.


Адноўлена 04.05.2015 17:18
 
© 2003-2024 Catholic.by