Слова арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на завяршэнне I Кангрэса каталіцкіх сродкаў масавай камунікацыі | Друк |


Гродна, 24-26 жніўня 2012 г.

Ваша Эксцэленцыя, паважаныя святары, кансэкраваныя асобы, калегі журналісты і ўсе ўдзельнікі I Кангрэса каталіцкіх сродкаў масавай камунікацыі!

Вось і завяршаецца першы ў гісторыі Каталіцкага Касцёла ў Беларусі медыяфорум, які сабраў спецыялістаў мас-медыя і зацікаўленых асоб не толькі з нашай краіны, але і з замежжа, не толькі католікаў, але таксама прадстаўнікоў іншых веравызнанняў і свецкіх медыя.

Даклады, майстар-класы, дыскусіі і проста кулуарныя сустрэчы паказалі актуальнасць узнятай тэмы. А менавіта, што католікі на самой справе ёсць у медыяпрасторы нашай краіны. Аднак адной прысутнасці далёка не дастаткова.

Кангрэс, які завяршаецца, з аптымізмам успрыняў дасягненні Каталіцкага Касцёла ў Беларусі ў галіне выкарыстання мас-медыя, таксама і  выявіў многа недахопаў у працы каталіцкіх медыя і далёка не да канца выкарыстаны іх патэнцыял. На гэта нельга закрываць вочы, калі мы хочам, каб медыя сапраўды сталі эфектыўнай прыладай новай евангелізацыі. Каталіцкая прысутнасць у інфапрасторы павінна быць больш бачнай, больш актыўнай і больш эфектыўнай. Гэта знак нашага часу і заданне, якое стаіць перад Касцёлам.

Таму з завяршэннем кангрэса праца па выкарыстанні і развіцці каталіцкіх медыя не павінна спыняцца. Кангрэс, з праведзеным на ім аналізе актуальнага становішча нашых медый, выяўленымі праблемамі, прапанаванымі шляхамі іх вырашэння і планамі на будучае павінен стаць новым зыходным пунктам для іх далейшага развіцця і дасканалення. Асабліва важным і неабходным з’яўляецца распарацоўка стратэгічнага плану развіцця і ўключэнне сродкаў сацыяльнай камунікацыі ў душпастырскія праграмы як Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, так і асобных дыяцэзій. Ад імя ўдзельнікаў І Кангрэса каталіцкіх СМІ я звярнуся да епіскапату Беларусі з просьбай аб стварэнні працоўнай групы па выпрацоўцы канцэпцыі развіцця каталіцкіх сродкаў масавай камунікацыі і прысутнасці Касцёла ў медыяпрасторы краіны.

Сённяшні журналіст-католік павінен адлюстроўваць усе аспекты жыцця чалавека згодна з каталіцкім навучаннем і такім чынам дапамагаць фарміраванню асобы. Надзённай праблемай з’яўляецца неабходнасць каардынацыі дзейнасці ўжо існуючых каталіцкіх СМІ і развіццё супрацоўніцтва з медыя іншых хрысціянскіх канфесій, перш за ўсё Праваслаўнай Царквы, а таксама са свецкімі сродкамі масавай камунікацыі. Тут я хацеў бы звярнуць увагу на ролю журналістаў-католікаў, якія працуюць у апошніх. Менавіта гэтыя асобы могуць адыграць значную ролю ў распаўсюджванні і абароне хрысціянскіх каштоўнасцяў. Трэба ўлічваць, што свецкія медыя маюць вельмі вялікі патэнцыял і могуць спрыяць як абвяшчэнню Божага слова, так і лячэнню грамадства ад сучасных маральных хваробаў. Перад Касцёлам сёння стаіць вельмі вялікі выклік, каб урэшце сур’ёзна звярнуць увагу на адукацыю і падрыхтоўку спецыялістаў у галіне СМІ і іх духоўную і рэлігійную фармацыю. Тут гаворка ідзе як пра журналістаў, якія працуюць у каталіцкіх медыя, так і свецкіх. Касцёл сёння з увагай і разуменнем успрымае актыўнасць свецкіх католікаў у медыя-прасторы, у тым ліку інтэрактыўных СМІ.

На сучасным этапе развіцця Касцёла галоўнай мэтай каталіцкіх СМІ з’яўляецца новая евангелізацыя і адказ на выклікі нашага часу. Сёння не дастаткова толькі хрысціць тых, хто зведаў навяртанне, – трэба навяртаць ахрышчаных. І тут каталіцкія медыя могуць сказаць сваё важкае слова.

Напрыканцы хачу выказаць падзяку Божаму Провіду за дадзеную нам магчымасць і ласку паспяхова правесці гэты кангрэс.

Бог дзейнічае праз людзей. Таму шчыра дзякую Яго Эксцэленцыі біскупу Гродзенскаму Аляксандру Кашкевічу, супрацоўнікам Гродзенскай духоўнай семінарыі, яе рэктару кс. пралату Юзафу Станеўскаму і кс. эканому Аляксандру Сасноўскаму. Дзякую кс. Паўлу Салабудзе і яго супрацоўнікам за непасрэдную падрыхтоўку і правядзенне гэтага медыя-форуму ў Гродне.

Шчырыя словы падзякі хачу выказаць спонсарам, у першую чаргу дабрачыннаму фонду «Рэнавабіс», без падтрымкі якога было б немагчыма ажыццявіць задуманае. З асаблівымі словамі прызнання і глыбокай удзячнасці звяртаюся да дакладчыкаў, мадэратараў круглых сталоў, тых, хто праводзіў майстар-класы, усіх, хто тым ці іншым чынам спрыяў таму, што кангрэс стаў не толькі месцам дакладаў і абмеркаванняў, але і аўдыторыяй, дзе яго ўдзельнікі мелі магчымасць многаму навучыцца. Дзякую ўсім удзельнікам: католікам, прадстаўнікам іншых веравызнанняў, усім, хто сваёй прысутнасцю ўшанаваў гэты форум. Асобная падзяка прадстаўнікам дзяржаўных уладаў за іх увагу да мерапрыемства.

Наш форум завяршаецца, але дзейнасць каталіцкіх медыя на гэтым не можа закончыцца. Наадварот, яны павінны развівацца з новым дынамізмам, каб учыніць Касцёл сапраўды евангелізацыйным, па меры патрабаванняў нашага часу.

З гэтымі пажаданнямі I Кангрэс каталіцкіх сродкаў масавай камунікацыі абвяшчаю закрытым. Яго арганізатарам і ўдзельнікам жадаю поспехаў у працы і жыцці, а таксама Божага благаслаўлення.

Калі памірае кароль, то англічане кажуць: «The King is dead, long live the King!» – «Кароль памёр – няхай жыве кароль!». Кангрэс завяршыўся — няхай жыве кангрэс! Да сустрэчы на новых форумах.

Дзякую за ўвагу!

Адноўлена 26.08.2012 20:07
 
© 2003-2024 Catholic.by