Даклад а. Пятра Фраштэнгі OCD пра асобу св. Яна ад Крыжа | Друк |

Святы Ян ад Крыжа як чалавек

Жыццё св. Яна ад Крыжа змяшчалася ў даволі невялікіх гістарычных рамках. Ён пражыў толькі 49 гадоў. Кім быў св. Ян ад Крыжа?

Да нашых дзён дайшлі два тэксты, якія малююць вобраз гэтага святога. Першы вобраз прадстаўляе нам айцец Елісей ад Мучанікаў, які сцвярджае, што ведаў асабіста св. Яна ад Крыжа, прабываў і сустракаўся з ім неаднаразова. Кажа пра яго знешнасць так: быў сярэдняга росту, меў дастойны паважны выраз твару і прыстойны выгляд.

Другі вобраз належыць аўтарству айца Гераніма ад святога Юзафа (кампетэнтнага біёграфа святога). «Паважаны айцец Ян ад Крыжа быў ростам паміж сярэднім і малым, меў дастаткова прапарцыянальны целасклад, выглядаў крыху хударлява. Колер яго твару быў светлы, злёгку бледны, больш круглаватай формы. Высокі і шырокі лоб, цёмна-карыя вочы з вельмі прыемным позіркам, выразныя бровы, трошкі арліны нос, словам, рысы твару св. Яна былі вельмі прыгожымі».  

Святы насіў даўгаватую бараду, якая на фоне хабіту рабіла яго выгляд больш паважным і дастойным. Ян выглядаў вельмі сціпла, таму сама яго прысутнасць  пазітыўна ўражвала іншых, хто быў побач з ім. Рысы яго твару выражалі пэўную гармонію і адлюстроўвалі вобраз высока духоўнага чалавека. Гэта выклікала павагу да яго асобы.

У вобразе Яна ад Крыжа вельмі цікава заўважыць менавіта яго чалавечы і  духоўны аспект, яго асобу цалкам, а не толькі фізічны выгляд. У асобе св. Яна ад Крыжа нас могуць вельмі ўразіць яго чалавечыя якасці і містычны дар. Імкнуцца зразумець цалкам асобу святога — гэта амаль нерэальна, ён не пакінуў нам амаль ніякай «зачэпкі» адносна сябе, а пранікнуць у яго душу немагчыма.

Сведкі, якія ўдзельнічалі ў Працэсах, пацвярджаюць выразна, што св. Ян ад Крыжа быў чалавекам маламоўным, крыху скрытым, як сцвярджаў брат Ян Евангеліст; Ян ад Крыжа скрываў дары, ласкі і харызматы, якія яму даваў Бог. Вобраз нашага святога — гэта вобраз маўклівага чалавека, задуменнага. Ён казаў вельмі мала, за выключэннем нейкіх шчырых размоваў наконт унутранага духоўнага досведу, — так узгадвае аб ім айцец Елісей ад Мучанікаў у папярэдніх цытаваных Dictámenes.

Калі ўзяць пад увагу вобраз Яна ад Крыжа больш распаўсюджаны і стэрэатыпны — крыніцы якога можна было б адкрыць у пэўных кнігах, — то ў гэтым вобразе дамінавала суровасць, сухасць, нячуласць да чалавечых аспектаў жыцця ў супольнасці, жорсткасць, а таксама няўступлівасць у выкананні функцый духоўнага кіраўніка і настаяцеля…

Аднак у сапраўднасці вобраз Яна быў іншым. Сведкі, якія бачылі яго штодня, якія жылі з ім, якія спавядаліся ў яго або ў якіх ён быў настаяцелем, сцвярджаюць іншае, яны малююць зусім іншы вобраз св. Яна ад Крыжа. Паводле іх ён быў чалавекам, які да сябе прыцягвае, прамянеючым чалавечай асобаю, цеплынёй, шчырасцю і сяброўскай прыязнасцю. Яго асоба вельмі шчырая і багатая, і ў сваіх словах Ян сваю багатую чалавечую натуру крыху хавае перад слухачамі. Не таму, што не хоча ёю дзяліцца, але каб не парушыць той далікатнай гармоніі, якая ўсталявалася ў яго сэрцы і да якой ён можа заахвоціць іншых.

Каб пацвердзіць гэты вобраз, можна прывесці некалькі прыкладаў тых людзей, хто дастаткова добра яго ведаў: Яна называюць прыхільнікам маламоўнасці, эканомным у словах, нават тады, калі выказваў камусьці ўдзячнасць за аказаны клопат. Ян быў вельмі спакойны і радасны адносна іншых людзей. Яго сціпласць нельга было не заўважыць.

Звычайна Яна ад Крыжа можна было сустрэць са шчырай усмешкай, затое ніколі ён не смяяўся здзекліва, але з лагоднасцю, якая паказвала праўдзівую радасць. Хтосьці іншы казаў, што не бачыў, як ён смяецца, але яго аблічча і рысы твару прамянелі сапраўдным бляскам радасці.

Святы Ян быў вельмі сціплым у размовах, асабліва калі казаў пра Бога. Яго словы слухалі заўсёды з захапленнем. Ён не быў занудным, але спакойным, сціплым і ўдзячным. Бо атрымаў цудоўны дар ад Бога, і, калі пра Яго казаў, то св. Яна было вельмі прыемна слухаць.

У абліччы нашага святога можна было заўважыць рысы разважлівасці і супакою, ніколі не чулася з яго боку вострых словаў або гневу. Ян не быў флегматычным ці меланхалічным або з незадаволеным гатычным тварам.

У рысах характару св. Яна прысутнічаў мужны дух і адвага: яго не выводзілі з раўнавагі падзеі штодзённасці, якімі б цяжкімі яны ні здаваліся, заўсёды з пакораю іх прымаў і перажываў. У тым, што ён рабіў, быў заўсёды трывалы. У яго не было ніколі празмернага непакою, але ён меў вялікае сэрца і моцны дух. Хоць знешне Ян і выглядаў вельмі сціпла, проста, можа, крыху баязліва, аднак быў чалавекам вялікай адвагі і мужнасці.

Рысай св. Яна была таксама памяркоўнасць, а яшчэ ён ставіў вялікія патрабаванні перадусім да сябе. Нягледзячы на гэта, Ян шанаваў і выдатна разумеў іншых людзей. Таму яго паважалі і любілі людзі свецкія, духавенства і яго падуладныя. Большасць людзей, з якімі ён сустракаўся, ставіліся да яго як да роднага айца. А калі вяртаўся дадому, то браты з радасцю падыходзілі да яго атрымаць благаслаўленне, а ён прымаў усіх і суцяшаў сэрцам святога чалавека.

Ян меў асаблівую прывязанасць і жаль да людзей хворых, заўсёды спяшаўся да іх з сэрцам чулым, як у маці, заставаўся з імі і даглядаў іх, дапамагаў хворым, апекаваўся імі. Сам сцяліў ім ложак і чысціў прыбіральню. Вельмі часта карміў іх уласнымі рукамі, клапаціўся аб тым, каб хворыя маглі пачуць музыку, калі яна  магла ім дапамагчы, аблегчыць цярпенні. Святы Ян часта казаў, што хворыя не павінны адчуваць празмернай беднасці.

Звяртаючы ўвагу на іншых і заўсёды гатовы да паслугаў, св. Ян з замілаваннем імкнуўся разважаць і размаўляць аб духоўным развіцці чалавека, аб імкненні да дасканаласці — сярод вялікіх і заможных, сярод бедных і ўбогіх, сярод вучоных  і звычайных вяскоўцаў, заўсёды мова аб Богу была для Яна вельмі актуальнай і патрэбнай для кожнага чалавека без погляду на статус і стан. Тое, што ў ім бачылі іншыя, была святасць простая і шчырая, без падману. Ян быў чалавекам лагодным, паводле Божай задумы.

Да гэтай багатай сімфоніі галасоў адносна вобразу святога нельга не дадаць яго ўласных словаў і выказванняў, што зусім не памяншае іх асвятляючага бляску, які дазваляе нам убачыць яго чалавечую асобу, вельмі багатую, глыбокую і трывалую ў сяброўстве. Ён паказвае нам сваю чалавечую стомленасць, знеахвочанасць, што ўплывае на раптоўнае заканчэнне ліста: «перастаю пісаць не закончыўшы… І не хачу больш казаць табе аб цяперашніх справах, бо не маю на гэта ахвоты».

«Таму моцна мяне непакоіць, — піша ён, — тое, што я забыў пра цябе». Ян ад Крыжа спрабуе адкрыць сваё сэрца: «гэтага толькі не хапала, каб я забыў пра цябе, звярні ўвагу, ці гэта магчыма, каб кагосьці можна было б насіць у сваёй душы так, як я цябе». Калі хвароба св. Яна развівалася і ўрэшце завяршыла яго зямное прабыванне, ён, выказваючы сваю ўдзячнасць, так піша да Anny del Mercado: «Я вельмі цаню твой клопат». Далей абяцае ёй маліцца за яе брата, які нядаўна прыняў святарскае пасвячэнне. Ян кажа, што заўсёды знойдзе час для сваёй сястры, хоць бы нават быў заняты шматлікімі працамі. І заканчвае свой ліст тым, што хацеў бы больш напісаць, але ў выніку хваробы і недамагання вымушаны скончыць.

Ян заўсёды гатовы да шчырай паслугі іншым людзям, бо сяброўства заўсёды «можа», у сяброўстве заўсёды ёсць «так», калі мова ідзе аб дапамозе. Ян піша: «я хутка вырушаю ў дарогу, паколькі табе гэта патрэбна. Я удзячны табе, што ты паведаміла мяне рашуча і ясна… і прыеду да цябе заўтра, нават калі не будзе надвор’я або я не зусім добра буду сябе адчуваць...» У гэтых словах выражаецца вялікая адказнасць, якая вынікае з сяброўства. У сяброўстве св. Ян заўсёды нязменны, дынамічны, верны: «Прычына таго, што я не пісаў табе пэўны час, заключаецца не ў тым, што ў мяне не было на гэта ахвоты, але таму, што я знаходзіўся вельмі далёка…»

У цяжкія хвіліны для айца Грацыяна св. Тэрэза ад Езуса спяшалася, каб суцешыць яго, кажучы аб вернасці св. Яна ад Крыжа. Тэрэза казала, што Ян «аддаў бы жыццё сваё за вас, калі б гэта было патрэбна». Як бачым, быў ён вельмі ўражлівы да іншых, асабліва да тых, хто аб ім клапаціўся. Ён так калісьці пісаў: «Я вельмі табе ўдзячны, што ты напісала мне, і адчуваю сябе больш адказным, чым дагэтуль…» Ян піша тады, калі, паводле звестак першага біёграфа святога, сам факт быцця яго сябрам быў у пэуным сэнсе злачынствам.

Цяжкі досвед ніколі не закрыў і не ахаладзіў сэрца св. Яна ад Крыжа. Ён заўсёды меў у сабе асаблівы дар ператвараць рэчы з непрыемных у прыемныя. Ён быў чалавекам ўнутранай гармоніі  і глыбокага духу, адначасова яго асабовасць была простай і даступнай для тых людзей, хто яго акружаў. Адзін з найбольш верагодных сведкаў, Магдалена ад Святога Духа, успамінае: «тое, што мне найбольш захапляла ў асобе св. Яна ад Крыжа, — гэта яго пакора, злучаная з вялікай адвагай і мужнасцю. А яшчэ ў ім захапляла адрачэнне ад зямных прывязанасцяў, ад усяго таго, што не з’яўляецца Богам, і ўменне адносіцца да іншых людзей з разуменнем, далікатнасцю і вялікай лагоднасцю».

Адноўлена 24.09.2012 16:18
 
© 2003-2021 Catholic.by