Віншаванне Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на 15-годдзе рэкансэкрацыі мінскай архікатэдры Імя Найсвяцейшай Панны Марыі | Друк |
Кс. Антоні Клімантовіч
Пробашч архікатэдры
Імя Найсвяцейшай
Панны Марыі ў Мінску


Глыбокапаважаныя ксёндз пробашч, святары, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры!

15 гадоў таму — 21 кастрычніка 1997 г. — у Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і ва ўсім Касцёле ў Беларусі адбылася знакавая падзея — рэкансэкрацыя архікатэдры Імя Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мінску, якую здейсніў легат благаслаўлёнага папы Яна Паўла II кардынал Казімір Шока. Адрэстаўраваная і нанова кансэкраваная катэдра — гэта плён малітвы, старанняў і ахвярнай працы многіх людзей, якім сёння з далёкага Рыма, дзе знаходжуся на Сінодзе Біскупаў, хачу выказаць шчырую падзяку і ў інтэнцыі якіх малюся і прашу вас маліцца. Найперш за кардынала Казіміра Свёнтка — першага Мінска-Магілёўскага Мітрапаліта, якога Бог у мінулым годзе паклікаў да сябе. Як шмат старанняў ён паклаў і як радаваўся, што нарэшце ў Мінску ёсць катэдра. Добра памятаю, як свяціліся яго вочы, калі ён перадаваў папу Яну Паўлу II альбом з выявамі адрэстаўраванай катэдры. Выказваю словы ўдзячнасці ксяндзу Уладзіславу Завальнюку, які маліўся на прыступках катэдры ў снег і дождж, у мароз і спякоту. Нізкі паклон вернікам, якія верылі, маліліся і дапамагалі, як толькі маглі. Дзякую дзяржаўным уладам, якія ўжо ў тыя далёкія часы зразумелі патрэбы вернікаў і пайшлі ім насустрач. Шчыра дзякую спонсарам і рэстаўратарам.    

Збудаваны тры стагоддзі таму Дом Божы перажыў часы росквіту Касцёла і часы яго пераследу, асабліва жорсткага ў ХХ стагоддзі. Аднак яго гісторыя яшчэ раз паказала, што Бог з’яўляецца яе Панам і што Ён ставіць апошнюю кропку над «і».

Яшчэ не так даўно, на нашай памяці, у мінскай архікатэдры знаходзілася спартыўная зала. Сёння гэта зноў дом малітвы і месца сустрэчы чалавека з Богам. Гэта таксама цэнтр духоўнай культуры, дзе адбываюцца розныя канферэнцыі, сіпозіумы і канцэрты духоўнай музыкі. Гэта сапраўды духоўная спартыўная зала.

15-годдзе рэкансэкрацыі мінскай архікатэдры мы адзначаем падчас прысвечанага новай евангелізацыі для перадачы веры Сіноду Біскупаў, у Год веры, які распачаўся нядаўна і мэтай якога ёсць нанова адкрыць праўду веры і яе прыгажосць, каб, жывучы ёю, будаваць шчаслівае жыццё на зямлі і дасягнуць вечнага шчасця. Айцы Сіноду падкрэсліваюць, што парафія з’яўляецца галоўным месцам новай евангелізацыі. У гэты асаблівы дзень жадаю, каб мінская архікатэдра — маці ўсіх касцёлаў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі — і архікатэдральная парафія сапраўды была месцам новай евангелізацыі, дзякуючы якой людзі аднойдуць і ўмацуюць сваю веру.

Давяраючы ўсіх вас і  катэдральную парафію апецы Марыі — зорцы новай евангелізацыі — ад усяго сэрца благаслаўляю ў імя Айца, + і Сына, і Святога Духа. Амэн.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі

Рым–Мінск, 21 кастрычніка 2012 г.

Адноўлена 20.10.2012 23:43
 
© 2003-2024 Catholic.by