Канферэнцыя а. Пятра Фраштэнгі OCD «Езус — настаўнік малітвы» | Друк |

1. Малітва Езуса

Перад тым як увайсці ў таямніцу малітвы, на самым пачатку трэба адзначыць, што няма наогул хрысціянскай малітвы без Хрыста. Ён знаходзіцца ў цэнтры кожнай малітвы і сам дае нам прыклад адносінаў да Айца праз малітву. У Езусе чалавек адкрывае сапраўднае аблічча Бога. Убачыць гэта можам між іншым у адным евангельскім эпізодзе: хросту Езуса ў Ярдане, калі з неба чутны быў голас Айца: «Гэта мой Сын умілаваны, якога Я ўпадабаў» (Мц 17, 5).

У іншым месцы, на просьбу Піліпа паказаць усім Айца, Езус адказвае: «Піліп, Я так доўга з вамі, а ты яшчэ Мяне не спазнаў? Хто Мяне бачыў, бачыў таксама і Айца» (Ян 14, 9).

Толькі Езус можа навучыць нас сапраўднай малітве, толькі спатканне з Ім дае нам магчымасць сапраўднага і поўнага спаткання з Богам, бо Ён сам з’яўляецца Божым Сынам. Езус заўсёды знаходзіцца ў цэнтры кожнай чалавечай малітвы. Гэта належыць падкрэсліць, бо на Езусе грунтуецца сапраўдная хрысціянская малітва.

Асноўным прынцыпам малітвы Езуса з’яўляецца прастата яе формы. Малітва Езуса выразна адрозніваецца ад малітвы Ізраэля. Хрыстус звяртаецца да Бога непасрэдна і сам вучыць нас, як гэта рабіць: «А ты, калі будзеш маліцца, увайдзі ў свой пакой і, зачыніўшы дзверы, маліся да Айца свайго ў скрытасці, а Айцец твой, які бачыць скрытае, узнагародзіць цябе» (Мц 6, 6).

ІІ. Наша малітва

Для нас, якія прагнем увайсці ў медытацыйную малітву Кармэлю, трэба звярнуцца да істотнага элементу гэтай малітвы, гэтай духоўнай спадчыны. У гэтым нам выдатна можа дапамагчы св. Тэрэза з Авільё, Тэрэза ад Езуса. Ва ўсёй традыцыі Касцёла яна з’яўляецца несумнеўным аўтарытэтам у галіне малітвы. Яна як доктар Касцёла, рэфарматар манаскага ордэна, вучыць нас малітве, якая па сваёй сутнасці з’яўляецца сяброўскімі адносінамі да Хрыста.

Такім чынам яна акрэслівае дэфініцыю малітвы: «Унутраная малітва, на маю думку, з’яўляецца нічым іншым як сяброўскай размовай з Богам, з тым, аб якім ведаем, што нас любіць» (Кніга жыцця 8, 5).

Гэтая дэфініцыя выразна ўказвае сяброўства як форму малітоўнага кантакту з Богам. У духоўнай школе Кармэлю менавіта гэты выраз з’яўляецца ў пэўным сэнсе дэвізам разумення ўнутранай малітвы паводле св. Тэрэзы ад Езуса. Хрыстус з’яўляецца Сябрам чалавека, і ў сувязі з гэтым узнікае сужэнскі вобраз любові Хрыста. Хрыстус як жаніх выходзіць насустрач сваёй нявесце: кожнаму чалавеку.

Таксама Езуса прадстаўляюць аўтары Евангелля. Для вучняў Езус быў Сябрам. І тут бачна, якой павінна быць нашая малітва. Калі яна разумеецца намі як сяброўства, то істотным элементам яе з’яўляюцца адносіны міжасабовага сяброўства. Асноўнай умовай гэтага сяброўства з’яўляецца падпарадкаванне нашага жыцця Хрысту. Бачым, што малітва і нашае жыццё як хрысціянаў павінны ісці разам у пары. Калі скарочана прадставіць умовы сяброўства, належыць падкрэсліць, што імі з’яўляюцца: узаемнае ўпадабанне, частая размова між сабою, узаемнае пазнаванне, неабходнасць любові і згода волі.

Малітва павінна ўплываць на ўсё жыццё чалавека, і наадварот, усё жыццё павінна быць падпарадкавана малітве.

2.Месца малітвы Езуса

1)  Езус звязаны з габрэйскім асяроддзем і культурай.

Езус як сын выбранага народу ўдзельнічае ў малітве ва ўсіх месцах, якія ўжываліся ізраэлітамі для малітвы. Езус, напрыклад, моліцца ў Ерузалемскай святыні, якая з’яўлялася на той час цэнтрам культу Старога Запавету (Лк 2, 49; Ян 2, 13; Ян 5, 1; Ян 10, 22). Аднак Езус сам выразна падкрэслівае, што Ён будзе «новай святыняй» — «казаў Ён гэта аб святыні свайго цела» (Ян 2, 21), як аб месцы асаблівай прысутнасці Бога. Езус Хрыстус, Бог-Чалавек, будзе цэнтрам культу ў Духу і праўдзе.

Езус рэгулярна ўдзельнічаў у габрэйскіх малітвах: «…у суботу ўвайшоў у сінагогу і падняўся чытаць» (Лк 4, 16). Вельмі часта Евангелле паведамляе, што Езус адыходзіў на малітву асобна і маліўся ў самоце. Тады Яго малітва не была звязана са святыняй ці сінагогай, як малітва, напрыклад, іншых габрэяў. Гэта ёсць новым элементам у малітве Езуса, якая неаднаразова здзіўляла і захапляла Яго вучняў. Езус адыходзіць у наступныя месцы сваёй малітвы:

 -  на пустыннае месца

«І досвіткам, вельмі рана ўстаўшы, выйшаў і падаўся ў пустыннае месца і там маліўся» (Мк 1, 35).

 - на гару

«І адпусціўшы іх (вучняў), сам пайшоў на гару маліцца» (Мк 6, 46).

 - у адзіноце

«І сталася, калі Ён адзін маліўся…» (Лк 9, 18).

 - у Аліўным садзе
«І прыходзяць у сяло, якое завецца Гэтсэмань (Аліўны сад), і гаворыць Ён вучням сваім: пабудзьце тут, пакуль Я памалюся..» (Мк 14, 32).

Найбольш часта Езус адыходзіць маліцца ў самотнасці, у Ім бачна прагненне гэтай самотнасці і цішыні. Такія ж месцы малітвы Настаўнік з Назарэта рэкамендуе сваім вучням, каб свабодна з прыязнасцю размаўляць з Айцом:

«А ты, калі будзеш маліцца, увайдзі ў свой пакой і, зачыніўшы дзверы, маліся да Айца свайго ў скрытасці, а Айцец твой, які бачыць скрытае, узнагародзіць цябе». (Mц 6, 6). Падкрэсліваючы гэтую параду, Езус хоча паказаць крывадушнасць тых, хто выбіраў публічныя месцы малітвы, але маліўся напаказ.

Характарызуючы новы змест малітвы Хрыста, можна сказаць, што ў малітве Ён звяртае ўвагу на іншы аспект, больш унутраны, не прывязваючы малітвы да нейкага канкрэтнага месца. Такім чынам мы можам прадставіць той унутраны матыў малітвы, які робіць Езус:  

 - новы культ (тып малітвы) па-за сінагогай ці святыняй;
 - новы выраз пашаны для Бога, які праяўляецца «ў Духу і праўдзе» (Ян 4, 23);
 - наданне моцнага духоўнага зместу рэлігійнасці, асабліва малітве.

3) Месца хрысціяніна, які моліцца

Чалавек, які моліцца з’яўляецца перадусім асобай, і ўсе фактары малітвы і месцы малітвы маюць выразны ўплыў на меру таго, як асоба, якая моліцца, далучыць іх да дынамізму хрысціянскага жыцця. Інтэнсіўнае рэлігійнае жыццё, моцнае перажыванне кантакту з Богам уплывае на тое што чалавек становіцца залежным ад месца малітвы. Мы заўсёды прысутнічаем перад абліччам Бога жывога. Бог проста ёсць. А гэта сведчыць аб тым, што кожнае месца добрае для малітвы. Кожнае месца, якое чалавек сабе абірае для малітвы, з’яўляецца святым месцам спаткання чалавека з Богам.

Калі мы кажам пра месца малітвы, то маем на ўвазе прастору малітвы, у якой мы становімся перад Богам, які ўсюды прысутны. А малітва, як ведаем, з’яўляецца ласкаю Бога.

Бог дае ласку малітвы. Ён сам абірае месца для малітвы, а чалавек з’яўляецца тым, хто прымае Яго ўмовы (Езус на крыжы). Божая ласка дасягае чалавека, дзе б ён ні быў. Аднак існуюць асаблівыя месцы малітвы, як бы спецыяльна вызначаныя для падобнай духоўнай дзейнасці. Датычыць гэта перадусім месцаў штодзённай малітвы, або месцаў, у якіх Бог звычайна дае сваю ласку, або існуе пэўнасць таго, што Ён там прысутны асабліва.

Прысутнасць у такіх месцах заўсёды належыць да выбару чалавека. Але месцы непрыстасаваныя да малітвы выбірае сам Бог.

a) Сталыя месцы малітвы:

 - касцёл з Табэрнакулюмам, дзе прысутны Найсвяцейшы Сакрамэнт;
 - дом: месца, дзе ёсць крыж, абразы, хатні алтар;
 - уласны пакой;
 - прыгажосць прыроды, справа «рук» Бога-Творцы, след Яго мудрасці і велічы;
 - адзінота і цішыня свайго ўнутранага свету;
 - санктуарыі, Бог абірае месца на ўдзяленне ласкаў;
 - месцы, дзе можна атрымаць Божыя ласкі: для ажыўлення духа ці дзеля падзякі Богу.

b) Асаблівыя месцы малітвы

Бог сам іх абірае і яны рэдка звязаныя са сталымі месцамі малітвы:

 - Абрагам (Роду 13, 14-18)
 - Якуб (Роду 28,  10-15)
 - св. Павел пад Дамаскам
 - св. Тэрэза з Авільё — спатканне Бога на калідоры (Кніга Жыцця 9, 1).
 
4. Час малітвы Езуса

1)    Час, у якім моліцца Езус

З евангельскага аповеду можам даведацца, што Езус маліўся ў акрэслены час. Напэўна, як кожны звычайны ізраэліт, адгаворваў раніцай і вечарам «Ш’ма Ізраэль». Гэтая малітва была ў пэўным сэнсе як бы вызнаннем веры. Езус таксама ўдзельнічаў у малітвах, якія адбываліся ў сінагозе ці ў Ерузалемскай святыні, падчас урачыстасцяў. Такога роду рытуальную малітву — гімн — Езус прамаўляе ў час Апошняй Вячэры.

Аднак у Евангеллі больш месца прысвечана асабістай малітве Езуса. Такую форму малітвы Езус выкарыстоўвае ў асабліва важныя моманты. Пасля здзяйснення цудаў вельмі часта аддаляўся на малітву. Напрыклад, пасля цуду памнажэння хлеба вечарам шмат часу правёў, молячыся Айцу. Асабліва маліўся вечарамі і ноччу.

2) Час нашай малітвы

У жыцці чалавека павінны быць хвіліны, вызначаныя выключна на малітву. Перадусім важна, каб наша малітва стала чымсьці сталым у нашым жыцці. Недастаткова маліцца ў нейкія выключныя моманты свайго жыцця, або чакаючы адпаведнага малітоўнага настрою. Малітва для хрысціяніна з’яўляецца пастаянным рытмам, як рытм сэрца і дыханне. Калі мы плануем вызначыць сабе час на малітву, важна, каб гэты час не замяняў нейкіх нашых важных абавязкаў.

Кожны чалавек павінен спачатку выканаць абавязкі, якія яму належаць, пасля чаго вызначыць час на малітву. Час, у які мы молімся, павінен гарманічна пераплятацца з нашымі абавязкамі. Па-іншаму гэты час выглядае ў нас — манахаў, іншы — у студэнтаў, бацькоў, для якіх безупынная апека над сям’ёй з’яўляецца найважнейшай формай малітвы.

3) Час на малітву

Найлепш вызначыць сабе на працягу дня адпаведны час і працягласць медытацыі, якая патрабуе сістэматычнасці. Апрача пастаяннага часу на малітву, варта выкарыстоўваць невялікія адрэзкі часу, такія, як чаканне на прыпынку аўтобуса, у трамваі, метро, у розных сітуацыях, калі час можна спакойна прысвяціць на плённую малітву. Варта не забываць пра нядзельны час на малітву перад або пасля Эўхарыстыі. Магчыма, добра было б удзельнічаць у нейкіх духоўных сустрэчах, канферэнцыях, духоўных разважаннях і г.д. у перыяд Адвэнту, Вялікага посту або нават сістэматычна раз у месяц.

Вяртаючыся да адпаведнага часу на малітву, трэба памятаць важную параду св. Тэрэзы ад Езуса, а менавіта: малітва асаблівым чынам патрабуе пастаянства і навыкаў. Сталы час на малітву развівае наш навык, мы прывыкаем да малітвы, дзякуючы такому яе практыкаванню. А паколькі мы з вамі жывем у свеце вельмі актыўным і дынамічным, нельга забываць пра час малітвы, а нават трэба змагацца за гэты неабходны для нашай душы час.

Варта памятаць словы Яна ад Крыжа:

«Няхай задумаюцца тыя, каго паглынае неўмеркаваная дзейнасць, тыя, хто мае намер напоўніць свет навукамі і знешнімі ўчынкамі, больш карысці яны прынясуць Касцёлу і больш мілымі будуць Богу, калі хоць палову свайго часу прысвецяць малітве і сяброўству з Богам».

Напрыканцы хачу ўзгадаць словы св. Тэрэзы ад Езуса, настаўніцы малітвы: «Штодзённа прысвячай на малітву разважання хоць бы пятнаццаць хвілін, а я табе абяцаю неба».

5. Спосаб малітвы Езуса

1.    Малітоўныя формы ў Ізраэлі

Разглядаючы Стары Запавет, можна сказаць, што знешняя пастава малітвы мела істотнае значэнне для веруючага чалавека ў Ізраэлі. Уплывала на гэта:

a) спантаннасць ізраэльцаў у выражэнні сваіх рэлігійных пачуццяў
b)выдатна выпрацаваны рытуал аддання хвалы Богу.

У Старым Запавеце, асабліва ў псальмах, узгадваюцца розныя малітоўныя паставы: паклоны, кленчанне (Пс 96, 9), ляжанне на зямлі (prostratio), хлопанне ў далоні падчас набажэнства (пар. Пс 47, 2), уздыманне рук угору або ў накірунку святыні. Такія і падобныя жэсты надаюць вялікую моц знешнім пачуццям і заўсёды маюць багатае сімвалічнае значэнне. Значэнне жэстаў падчас малітвы грунтуецца на знешнім выражэнні таго, што адчувае сэрца: «Пра Цябе кажа сэрца маё, шукай Яго Аблічча» (пар. Пс 27, 8).

2. Езус на малітве

Спосаб малітвы Езуса мае свае карані ў шматвяковай габрэйскай традыцыі, сярод якой Ён жыў. Евангеллі няшмат апавядаюць на тэму знешняй паставы і жэстаў малітвы Езуса, а яшчэ менш пра спосаб Яго малітвы. Перадусім гэта тлумачыцца тым, што Езус вельмі часта маліўся ў адзіноце. Аднак аўтары Евангелля пакінулі два асаблівыя моманты малітвы Езуса.

- апісанне малітвы Езуса падчас Яго агоніі ў Аліўным садзе, з пэўнымі розніцамі знешняй формы:

Лука «ўпаў на калені»
Марк «упаў на зямлю»
Мацвей «упаў на твар».

Такім чынам Езус звяртаўся з малітвай да Айца. Гэтыя жэсты былі ўласцівымі для молячагася ізраэльца, якія ў дадатак у гэтым драматычным моманце асабліва выражаюць унутраную паставу Езуса.

Y розных месцах Евангелля шматразова паўтараецца тое, што Езус прамовіў благаслаўленне і ўсклаў свае рукі на дзяцей, падчас малітвы вельмі часта ўзносіў свае вочы да неба, да свайго Айца, які ў нябёсах. Зрок, які Езус кіраваў уверх, асаблівым чынам указвае, як Ён у сваім сэрцы і  духу застаецца моцна з’яднаны з Айцом.

Пастава цела  і жэсты падчас малітвы Езуса выражалі прагненне Яго сэрца (пар. Малітва мытніка і фарысея). Падобным чынам было і з хворымі людзьмі, і з грэшнікамі, якія да Яго прыходзілі; просьбы іх былі пачутымі і выслуханымі з-за іх жывой веры, жадання выправіцца і адпакутваць за грахі, але перадусім з-за іх вялікай любові (пар. Жанчына, церпячая на крывацечу Мк 5,33-34; Начальнік Сінагогі Яір Лк 8, 41-50).

Сваім уласным прыкладам і сваёй навукаю Езус надаў кірунак малітве сваіх вучняў, і на той час гэта было чымсьці новым:

 - у Духу і ў праўдзе (Ян 23-24)
 - без шматслоўя (Mц 6, 7), ці знешніх практык (Mк 7, 6)
 - малітва да Айца ў скрытасці (Mц 6, 6)
 - узнясенне сэрца да Бога і слуханне Яго слова (Лк 10, 39-42).

3. Спосаб малітвы для нас

Пэўны аўтар так піша: «Вельмі важна, каб ты знайшоў сваю ўласную дарогу малітвы. Але не думай ніколі, што раз назаўсёды ты знайшоў свой спосаб малітвы і будзе ён для цябе заўсёды такім, які ты будзеш практыкаваць у сваім жыцці. Не, так не будзе, бо малітва з’яўляецца працэсам, своеасаблівай вандроўкай».

Метад, спосаб малітвы, разважанне — гэта ў пэўным сэнсе «кій падарожніка», на які можам смела абапірацца, толькі дзеля таго, каб узмоцніць нашыя крокі, а калі яны будуць узмоцненыя то гэты «кій» адкінуць, бо нашыя крокі патрабаваць яго ўжо не будуць.

4. Ключ да малітвы  і разважання

Прысутнасць перад абліччам Таго, хто з’яўляецца нашым Богам і Панам, сістэматычнае і моцнае трыванне ў малітве.

5) Адносіны да Айца ў малітве

У папярэдніх тэмах мы больш разважалі над знешнімі формамі малітвы Езуса. Зараз я прапаную прыгледзецца да ўнутраных адносінаў, якія існуюць паміж Езусам і Богам.

a. Езус у адносінах да Айца

Езус пастаянна звяртаўся да Айца. Ва ўсіх прамовах Езуса можна заўважыць Яго памяць аб Айцу. Гэтыя адносіны грунтуюцца на вельмі блізкай сувязі між Айцом і Езусам.

Падчас сваёй малітвы Езус звяртаецца да Айца. Звяртаецца да Бога, хоць сам з’яўляецца Яго вобразам: «Хто бачыць Мяне, бачыў таксама і Айца». Пасля Вячэры Езус звяртаўся да Бога: «Ойча, надышла гадзіна! Ахіні свайго Сына хвалою, каб Сын Цябе ёю ахінуў» (пар. Ян 17,1). Як бачым, да Бога Езус звяртаецца «Ойча», сябе ж называе «Сынам».

b. Чалавек у адносінах да Айца

Аб’яўленне Божага айцоўства яднае ўсіх. Бог, пераказваючы сваё імя ў Езусе Хрысце, жадае нас паставіць на шлях еднасці на ўзор адносінаў Езуса і Бога. Гэтыя адносіны маюць форму ўнутранай еднасці і супольнасці, якая існуе ў Святой Тройцы. Чалавек як вучань Хрыста пакліканы да ўдзелу ў наймацнейшай еднасці — Адзінага Бога ў Святой Тройцы.

Аналізуючы гэтыя адносіны да Айца ў малітве, хачу звярнуць увагу на адзін пункт кармеліцкай дактрыны — навуку св. Тэрэзы ад Дзіцятка Езус. Гэтым пунктам з’яўляецца адкрыццё нанова Бога як Айца. Тэрэза падкрэслівае, што людзі вельмі мала часу прысвячаюць Богу Айцу, а менавіта Любові да Яго, а больш канцэнтруюцца на Яго справядлівасці.

Тэрэза стварае дарогу Духоўнага Дзяцінства, не столькі стварае, колькі адкрывае. Гэтая дарога абапіраецца на абсалютным даверы чалавека, так, як дзіця давярае свайму Айцу, так чалавек давярае Богу, які ёсць Любоўю. У наш час гэта вельмі актуальна, таму што наша эпоха мела намер забіць Бога як Айца. У сувязі з гэтым з’явілася нямала розных плыняў, мэтай якіх было забіць Бога, ліквідаваць Яго існаванне ці прадставіць Яго як таго, хто нішчыць і абмяжоўвае чалавечую свабоду.

Тэрэза адкрывае іншае бачанне Бога, бачанне Яго вокам дзіцяці. Быць як дзіця перад Богам Айцом. Гэтая пастава ў Тэрэзы нараджаецца з яе асабістай малітвы і сузірання і бачання Езуса, які ёсць вобразам Айца, Добрым Настаўнікам, які прабачае і аздараўляе ўсіх.

Характарэрным словам, якім Езус звяртаецца да Айца, ёсць слова «Абба». Гэта арамейскае слова, якім звычайна малое дзіця звярталася да свайго таты. Даслоўна яно і азначае «тата». Паколькі аўтары Евангелля захавалі гэтае слова ў  арыгінале, можна меркаваць, што было яно нейкім асаблівым зваротам да Бога.

6. Святое Пісанне як змест малітвы Езуса

Святое Пісанне цалкам прасякнута містычнай інтэрпрэтацыяй, таямніцаю Езуса Хрыста Месіі. Кожная справа Божага Сына была цесна пераплецена з малітвай, бо між Езусам і Айцом існавала вельмі цесная сувязь, істотай якой з’яўлялася выкананне волі Айца.

Бог на старонках Бібліі прадстаўляецца як той, хто пакідае чалавеку поўную свабоду і дае магчымасць асабістай сустрэчы, досведу, а нават адкрыцця таямніцы. Слова Бога і Яго чын у Бібліі становяцца цэнтральнымі атрыбутамі ўцелаўлёнай асобы, Яго «Ты», якое аб’яўляецца ўсім людзям. Уся Біблія з’яўляецца апісаннем гэтай Божай тэафанні (Божага аб’яўлення). У жыцці Езуса, у Яго дзейнасці мы можам убачыць прысутнасць Святога Пісання і важных біблейскіх тэмаў, якія Езус вельмі часта інтэрпрэтуе.

a. Галоўныя ідэі Старога Запавету, прысутныя ў навучанні Езуса:

 - Эпіфанія (Аб’яўленне): «Я ёсць» (Wj 3, 14). Аб’яўленне таямніцы Уцелаўлення дапаўняе скарбніцу досведу з’яднання з Богам праз веру. Хрыстус абвяшчае гэтую таямніцу падчас сустрэчы з Нікадэмам і самаранкай, вельмі часта кажучы: «Я ёсць — Эго Эймі» (Ян 4, 26; 8, 24; 28, 58).
 
Тэафанія Бога «Я ЁСЦЬ» падчас сустрэчы Бога з Майсеем (Wj 3,14) прысутнічае таксама і ў Езусе праз тое, што Ён названы «Новым Майсеем», «Новым шатром Божай прысутнасці». Езус таксама памнажае хлеб, як Майсей манну.

 - Ідэя Пастыра. У Старым Запавеце Бог прадстаўляецца як пастыр свайго народу (Ez 34, 23nn). Гэтую ідэю Езус падкрэслівае, кажучы: «Я — добры пастыр» (Ян 10, 11). Езус, кажучы, што Ён з’яўляецца пастырам, аб’яўляе сваю месіянскую годнасць.

 - Езус: Дарога, Праўда і Жыццё. Стары Запавет вельмі часта кажа аб дарозе і Праве. Езус Хрыстус ёсць Правам.

 - Ідэя вінаграднай лазы (Ян 15, 1). Біблійны вобраз вінаградніка ў «Песні аб вінаградніку» (Iz 5, 1-7). Тэма Божага вінаградніку як сімвал няўдзячнага і вераломнага Ізраэля.

У Езуса таксама прысутнічае вобраз вінаградніка, але з мэтай ахарактарызавання таямнічай сувязі між Ім і Касцёлам.

- Пазнанне Хрыста як Пана і Караля, а таксама таямніцы Валадарства блізкія Старому Запавету, у якім было схавана у сімвале літары, вобразу і прыпавесці. Езус указвае на сябе як на Пана і Караля «Kyrios».

 - Жаніх і нявеста з «Песні Песняў», вобраз гэты прысутны ў адносінах Хрыста і хрысціяніна, Езуса і Касцёла. Гэты сімвал бачны таксама ў прыпавесці пра разважлівых жанчын.

 - Езус як церпячы Слуга Ягвэ (Iz 52,13 - 53,12).

Тагачасны габрэйскі культ, у якім удзельнічаў Езус, з’яўляўся абрадавай рэканструкцыяй гісторыі выбранага народу, дзе цэнтральнай падзеяй была Пасха. Апрача культу святыні, габрэі збіраліся на малітву тройчы на працягу дня: раніцай, апоўдні і вечарам. Хрыстус рабіў тое ж: Езус, што вельмі важна ў апісанні Яго малітвы, адмаўляў старазапаветныя псальмы. Асабліва псальм 22, які прамаўляў з крыжа: «Божа Мой, Божа Мой, чаму Мяне пакінуў?» (Мц 27, 46)

Мука Езуса ў апісанні Евангелістаў звязана з формай малітвы сінагогі:

 - малітва  трэцяй гадзіны (світанне — пайманне Езуса ў Аліўным садзе)
 - малітва шостай гадзіны (поўдзень — укрыжаванне)
 - малітва дзявятай гадзіны (пасля поўдня — смерць).

Заслона ў святыні разадралася, калі быў час складання ахвяры вячэрняй малітвы (пар. Лк 23, 45). Гэтай падзеяй скончылася аб’яўленне старой эпохі, эпохі Старога Запавету, і распачаўся Новы Запавет.

b. Парады Касцёла адносна выкарыстання Святога Пісання на малітве

Даставаць са скарбніцы Касцёла «старое і новае» датычыць аспектаў малітвы, напрыклад: псальмы ў літургіі гадзінаў, гімны і песні са Старога Запавету, у якіх змяшчаецца голас праслаўлення ўсяго Касцёла.

«Гэта сапраўды голас нявесты, якая прамаўляе да свайго жаніха. Больш таго, гэта малітва Хрыста і Яго Цела, звернутая да Айца» (Канстытуцыя аб літургіі, нум. 84).

7.  Малітва «Ойча наш»

a. Спосаб малітвы, пераказаны Езусам

Падчас свайго зямнога жыцця Езус Хрыстус шмат разоў маліўся, а Яго апосталы і вучні, бачачы гэта, пачыналі ўсведамляць годнасць і вартасць малітвы. Бо неаднаразова бачылі, як іх Настаўнік адыходзіў асобна і часамі ноч напралёт праводзіў на малітве да Айца. Назіраючы за малітоўнай дзейнасцю Езуса, апосталы звяртаюцца да Яго: «Пане, навучы нас маліцца»(Лк 11, 1-4). Адказваючы на гэтае пытанне, Езус прадстаўляе кароткую малітву «Ойча наш». У ёй змяшчаецца ўсе істотныя просьбы, якія мы можам накіроўваць да Бога, а таксама ў гэтай малітве паказана сапраўдная пастава і адносіны чалавека да Бога.

b. Пераказ Добрай Навіны змешчаны ў малітве «Ойча наш»

Чалавек, хрысціянін, заўсёды бачыў у гэтай малітве ўзор малітвы Хрыста. Малітва «Ойча наш» змяшчае ў сабе разуменне Божага айцоўства. Бог з’яўляецца нашым Айцом, які нам удзяляе сваё Божае  жыццё, уваходзіць у нас і робіць з нашай душы сваё памяшканне, як сам кажа: «Калі хто Мяне любіць…то Айцец Мой яго палюбіць, і прыйдзем да яго і будзем у ім прабываць» (пар. Ян 14, 23).

У малітве Пана Езус адначасова нас вучыць, што малітва з’яўляецца пакорным, поўным даверу зваротам да Бога ва ўсіх справах нашага жыцця. Як дзіця звяртаецца да свайго роднага бацькі ва ўсіх сваіх патрэбах, так хрысціянін звяртаецца з сыноўскім даверам да нябеснага Айца.

«Ойча наш» — гэта па-іншаму істотна скарочаны варыянт усялякай хрысціянскай малітвы, пачынаючы ад вуснай асабістай малітвы і заканчваючы урачыстай літургічнай малітвай Касцёла; ад малітвы разважання, сяброўскай размовы з Богам, да малітвы супольнай, падчас якой верныя яднаюцца супольным праслаўленнем адзінага Айца.

c. Каментарый св. Тэрэзы ад Езуса да малітвы «Ойча наш»

Тэрэза, каментуючы «Ойча наш», далучае туды своеасаблівую дактрыну малітвы. Кажа, што гэтая малітва актуальная не толькі для пачынаючых, але і для людзей глыбока практыкуючых малітву разважання і медытацыю. Малітва «Ойча наш» — гэта таксама малітва супольнасці. Давайце крыху затрымаемся на паасобных частках гэтай малітвы ў інтэрпрэтацыі св. Тэрэзы: «Ойча наш, каторы ёсць у небе».

Па-першае, Бог — гэта наш сапраўдны Айцец. І, прамаўляючы вуснамі словы гэтай малітвы, нам неабходна зразумець дар любові, які заключаецца ў Імені Бога Айца. Па-другое, неба — гэта менавіта тая рэчаіснасць, у якую верым і да якой імкнемся праз усё нашае жыццё. І яно, неба, заўсёды прысутнае перадусім у нашым сэрцы, дзе Бог стварыў сваё памяшканне.

«…свяціся Імя Тваё, прыйдзі Валадарства Тваё»
 
Чалавек не ў стане належным чынам праслаўляць, хваліць, узвышаць святое Божае Імя, паколькі гэтая дзейнасць з’яўляецца дарам і ласкаю, а не натуральнай здольнасцю чалавека. Таму Езус у малітве «Ойча наш» гэтыя дзве просьбы ставіць побач. Каб веруючы чалавек, які моліцца, набліжаў да сябе Божае Валадарства, а таксама меў магчымасць годна узвышаць Бога, не абражаючы Ягонага Імя, але з пашанай і годнасцю Яго праслаўляць.

«…будзь воля Твая як у небе, так і на зямлі»
 
Гэты ўрывак з’яўляецца просьбай аб пакорным дастасаванні сваёй волі да волі Бога. Божая воля змяшчае ў сабе дар для кожнага чалавека, а менавіта дар Божага Валадарства. Тэрэза, каментуючы гэты момант, кажа, што вельмі важным з’яўляецца тое, каб чалавек склаў сваю волю ў Божыя рукі. Бо той, хто сваю волю цалкам даверыў Богу, заўсёды набліжаецца да Яго, заўсёды крочыць разам з Айцом да крыніцы жывой вады, якой з’яўляецца сузіранне.

«Хлеба нашага штодзённага дай нам сёння»

Гэтая просьба датычыць нашага жыцця. Тое, што чалавек ахвяроўвае Богу, ёсць нічым у параўнанні з дарамі, атрыманымі ад Бога. Гэтая просьба адрасавана да Бога аб падтрымцы на кожны дзень. Падтрымку гэтую дае нам Езус, і ёй перадусім з’яўляецца Найсвяцейшы Хлеб. Калі прымаем Эўхарыстыю, то Бог істотна прабывае ў нас, і не трэба шукаць Яго невядома дзе, Ён побач, бліжэй, чым мы самі да сябе. Нават абавязкі не павінны адцягваць нас ад гэтай Божай прысутнасці, каб быць сам-насам з Богам.

«І адпусці нам правіны нашы, як і мы адпускаем вінаватым нашым»

Тут мы абяцаем прабачаць нашым бліжнім. Хто даручыў сваю волю Богу, той павінен мець здольнасць прабачаць іншым. Прабачыць іншаму чалавеку ўсякага роду крыўду, каб і Бог мне прабачыў — гэта нішто іншае, як выкананне Божай волі. Прастата, шчырасць і праўда — гэта тыя якасці, якія вельмі любіць Бог. Калі мы прыступаем да Яго з падобным  сэрцам, то заўсёды больш атрымаем ад Бога, чым просім.

«І не ўводзь нас у спакусу, але збаў нас ад злога»
 
Душы, напоўненыя святасцю, не просяць аб аддаленні спакусаў і пераследу, бо праз гэта яны для сябе знаходзяць асаблівую ласку і дзейнасць Святога Духа. Асноўным сродкам для аддалення спакусаў ёсць любоў, якая схіляе да пастаяннага і асцярожнага шляху да Айца. Чалавек, які жыве ў любові і ў боязі Божай, імкнецца, каб любым коштам не абразіць Пана.

«Amen»

Гэтае слова азначае заканчэнне ўсіх нашых просьбаў. Амэн — гэта значыць «няхай стане!».

Падсумоўваючы тэматыку малітвы ў нехрысціянскіх рэлігіях, трэба адзначыць, што вялікія рэлігіі, якія імкнуліся да з’яднання з Богам, паказвалі таксама магчымасці для дасягнення гэтага з’яднання. Паколькі «Каталіцкі Касцёл нічога не адкідае з таго, што ў гэтых рэлігіях праўдзівае і святое» (Nostra aetate (дэкларацыя), №2), можна прыняць з гэтых рэлігій тое, што ў іх карыснае, з умовай, што не губляецца хрысціянскае бачанне малітвы, яе логіка і патрабаванні. (Неабходна знаёмства з дакументам Кангрэгацыі Веравучэння пад назвай: «Ліст да біскупаў Каталіцкага Касцёла пра некаторыя аспекты хрысціянскай медытацыі», Ватыкан 1989. Гэты дакумент асаблівым чынам акрэслівае розніцу, якая існуе паміж хрысціянскай малітвай і малітвай іншых рэлігій).

8. Выконваць Божую волю (духоўнае кіраўніцтва)

a. Езус спаўняе волю Айца.

Калі паглядзім на Езуса, то выразна бачым, што мэтай Ягонай місіі было выкананне волі Айца. Усё, аб чым Езус просіць у сваёй малітве Усемагутнага Бога, мае на мэце яшчэ большую Яго хвалу і выкананне Божай волі. Такім чынам Езус просіць аб усім тым, што згодна з Божай воляй. Божая воля мае ўплыў на ўсю місію Езуса: «Справы, якія Айцец даручыў Мне выканаць; чыны, якія чыню, яны сведчаць пра Мяне, што Айцец паслаў Мяне» (Ян 5, 36).

У жыцці Езуса воля Айца на самой справе знаходзіцца ў цэнтры ўсяго. Для нас важнае тое, што выкананне волі Айца не было для Езуса неабходнасцю, якой павінен быў паддацца. Наадварот, Езус разумеў волю Божую як сваю, прымаючы яе ад пачатку да канца. Ад уцелаўлення ў чалавечае жыццё ажно па крыж. Усё гэта бачым у выказваннях Езуса:

«Маім пасілкам ёсць выконваць волю Таго, хто паслаў Мяне, і выконваць Яго справу» (Ян 4, 34)
«Я прыйшоў з неба не дзеля таго, каб спаўняць сваю волю, але волю таго, хто паслаў Мяне» (Ян 6, 38)
«Я заўсёды раблю тое, што Яму падабаецца» (Ян 8, 29)
Заканчэннем выканання волі Бога было выказанае на крыжы слова Езуса: «Споўнілася» (Ян 19, 30)

b. Хрысціянін выконвае Божую волю

Для нас, хрысціянаў, выкананне Божай волі з'яўляецца заданнем. Езус у казанні на Гары навучае нас: «Не кожны, хто кажа Мне: Пане, Пане, увойдзе ў Валадарства Нябеснае, але той, выконвае волю Айца Майго, які ў нябёсах» (Ян 7,21).

У іншым месцы кажа:

«Хто маці Мая і хто браты Мае?.. Хто выконвае волю Айца Майго, які ў небе, той Мне і брат, і сястра, і маці» (Мц 12, 48-50).

Пра выкананне Божай волі ёсць таксама гаворка ў малітве Панскай у словах: «Будзь воля Твая як у небе, так і на зямлі». Часта молімся словамі гэтай малітвы, просячы Бога аб выкананні Ягонай волі. У гэтым выкананні Божай волі нам дапамагае Касцёл праз практыку духоўнага кіраўніцтва. Яно мае два вымярэнні:

- супольнае: праз навучанне Касцёла, супольнае для ўсіх. Навучанне праводзіць Папа, біскупы і святары;
- асабістае: праз класічнае духоўнае кіраўніцтва. Духоўнае кіраўніцтва праводзіцца ў якасці незалежнай практыкі, а можа існаваць у спалучэнні з сакрамэнтам пакаяння. Духоўным кіраўніцтвам хрысціяніна ў пэўным сэнсе з'яўляецца таксама чытанне Божага слова і вывучэнне тэалогіі.

Для асоб, якія прысвячаюць сябе малітве, духоўнае кіраўніцтва мае вельмі вялікае значэнне. Усе святыя настаўнікі малітвы кажуць пра ролю, якую выконвалі ў іх жыцці духоўныя кіраўнікі. Напрыклад, св. Тэрэза ад Езуса кажа асобам, адданым малітве, пра неабходнасць духоўнага кіравання. Яно з'яўляецца людской прыладай у служэнні Божага дзеяння ў душы чалавека. Святая Тэрэза паказвае таксама, што вялікая цяжкасць заключаецца ў тым, што чалавек самотна ідзе дарогай свайго духоўнага жыцця, не маючы падтрымкі ў настаўніку. Дарога малітвы нялёгкая. Той, хто крочыць па ёй, патрабуе падтрымкі, накіравання, распазнання, правадніка.

Варта таксама адзначыць, што і сама малітва кіруе нас да выканання Божай волі, бо гэта спосаб быцця з Богам, калі Ён ахвяруе нам сваю волю. Малітва заключае ў сабе ўсе жыццёвыя пытанні чалавека — чаго хочаш ад мяне, Пане?

9. Дух Святы ў малітве

У духоўным жыцці ўсё з'яўляецца ласкай і дарам Духа Святога. Гэта датычыць двух аспектаў духоўнага жыцця:

- пазітыўнага — гэта справа асвячэння, развіццё ўсіх звышпрыродных магчымасцяў, атрыманых у святым хросце;
- негатыўнага — аздараўлення з граху.

Гэта азначае, што Божаму дзеянню можам прыпісаць удасканаленне душы, але таксама труд навяртання і ачышчэння, каб зрабіць здольнай душу да жыцця з Богам і да дзеяння моцай Ягонай любові. Яно выплывае з дару асвячальнай ласкі, якая спаўняе ў нас ролю звышнатуральнага жыццёвага кораня, абагаўляе саму субстанцыю душы і робіць яе здольнай да шчаслівага бачання і да актаў, якія да яго рыхтуюць. З гэтай ласкі вынікаюць улітыя цноты і дары Духа Святога, якія напаўняюць нашы ўлады і даюць нам непасрэдную магчымасць выканання актаў на падабенства Божае, звышнатуральных і заслугоўваючых.

Прадставім тут наступныя тэксты Св. Пісання, якія кажуць пра ролю Духа Святога ў жыцці хрысціяніна:

«Бо тыя, хто жыве паводле цела, імкнуцца да таго, чаго хоча цела, а тыя, хто жыве паводле Духа – да таго, чаго хоча Дух» (Рым 8, 5)

«Бо памкненне цела вядзе да смерці, а памкненне Духа – да жыцця і спакою» (Рым 8,6)

«Бо ўсе тыя, каго вядзе Дух Божы, з'яўляюцца сынамі Божымі…, у якім можам усклікаць: Абба, Ойча!» (Рым 8,14)

Тлумачачы ролю Духа Святога ў нашай малітве, асаблівае значэнне мае наступны фрагмент:

«Падобна таксама Дух прыходзіць з дапамогай нашай слабасці. Калі не ўмеем маліцца, як належыць, сам Дух заступаецца за нас у прашэннях, якіх нельга выказаць словамі. Той жа, які пранікае сэрцы, ведае намер Духа, ведае, што заступаецца за святых згодна з воляй Божай» (Рым 8, 16).

Праз узгаданне дару «вінаграднай лазы» тлумачыцца крыніца моцы самога Бога, які ёсць на служэнні ў веруючага: толькі трываючы ў стане асвячальнай ласкі, трываем у любові Бога і яна прысутная ў нашым сэрцы, але тое, колькі голасу яна будзе мець у штодзённым жыцці, залежыць ад развіцця ў ласцы.

Дух Святы, які напаўняе Біблію і Літургію (дзве крыніцы хрысціянскай малітвы), ёсць Аўтарам увядзення чалавека ў іх глыбокую рэчаіснасць. Ён праз свае дары, перадусім праз дар мудрасці і розуму, дае глыбокае пазнанне Таямніцы Хрыста, пазнанне, якое выплывае з любові і вядзе да любові.

Істота жыцця малітвы разглядаецца ў непасрэдным уплыве Духа Святога праз свае дары на духоўнае жыццё чалавека. Гэты ўплыў, калі дае глыбокае адчуццё пазнання таямніцаў веры і распальвае любоўю, называецца ўлітай кантэмпляцыяй (св. Ян ад Крыжа).

Існаванне дароў Духа Святога можам сцвердзіць толькі на падставе Аб'яўлення, бо гэта рэчаіснасць, якая перавышае натуральныя магчымасці розуму. Прарок Ісая, кажучы пра будучага Месію, прарочыць, што на Ім спачне «Дух Пана, дух мудрасці і розуму, дух парады і мужнасці, дух ведання і боязі Пана» (Іс 11,1-3). Гэты фрагмент, які выразна кажа пра Месію, Айцы Касцёла не баяліся аднесці таксама да вучняў Хрыста, па прычыне нашага ўдзелу ў Ягоным жыцці, місіі, спадчыне (пар. Рым 8, 20). Дары належаць да такіх звышнатуральных дасканаласцяў, якія магчыма захаваць. Сем дароў Духа Святога, згодна з грэчаскай і лацінскай традыцыямі, гэта сем праяўленняў Духа Святога. Касцёл іх называе трывалымі здольнасцямі, якія чыняць чалавека ахвотным да паслухмянасці адносна Божых натхненняў.

Прыманне Божых натхненняў можна параўнаць да дзеяння радыёантэны або тэлебачання, або ветразя на караблі. Падобную да іх ролю выконваюць у духоўным жыцці дары Духа Святога. Без іх мы не былі б здольнымі да прыняцця Божага дзеяння. У перыяд аскезы, калі ініцыятыву мае веруючы, то яму здаецца, што ён сам пераадольвае шлях. Аднак потым бачыць, што ўся дарога (святло, любоў) пераказана яму без намаганняў з ягонага боку. Дзеянне Духа можна лепш ацаніць толькі напрыканцы шляху, спаглядаючы на ўласную духоўную гісторыю. Укладзены труд, з мэтай адпаведнага распазнання Божага паклікання з'яўляецца неабходным. Аднак нават найбольш гераічнае чалавечае намаганне недастаткова, каб дасягнуць паўнату любові, да якой заклікае Бог. Чалавек павінен даць весці сябе Духу Святому, калі Ён становіцца галоўным ініцыятарам.

10. Патрабаванні жыцця з Богам

Закранаем вельмі агульную тэму патрабаванняў духоўнага жыцця. Гэтыя патрабаванні адначасова з'яўляюцца патрабаваннямі малітвы, бо малітва ёсць галоўным праяўленнем жыцця ў камуніі з Богам. Гэтая тэма закранае зместы некаторых папярэдніх спатканняў, падчас якіх мы разважалі над некаторымі ўмовамі малітвы.

Напачатку трэба растлумачыць саму неабходнасць гэтых патрабаванняў. Бо можа ўзнікнуць пытанне: чаму малітва мае спецыяльныя патрабаванні?

Кажучы агульна пра духоўнае жыццё, адзначаецца, што яно мае два вымярэнні:

- пазітыўнае – дары, удзеленыя пры хросце кожнаму з ахрышчаных;
- негатыўнае – неабходнасць адказу на ўкладзеныя ў нас дары. Яно грунтуецца на аскетычным удзеле чалавека.

Мы пакліканы да камуніі з Богам, і нашым адказам з'яўляецца ісцё за гэтым пакліканнем. Коратка прыгледзімся да негатыўнага вымярэння духоўнага жыцця. Яно складаецца з чалавечай працы развіцця цнотаў і выкаранення зла, а таксама з дзеяння Бога ў выглядзе ачышчэння. Бо на пэўным этапе Бог ачышчае душу ад неўпарадкаваных схільнасцяў. Пасля гэтых уводзінаў пяройдзем цяпер да саміх патрабаванняў малітвы. Адрозніваем знешнія і ўнутраныя патрабаванні.

І. Унутраныя патрабаванні

Яны датычаць, як кажа сама назва, духоўных чалавечых магчымасцяў. Чалавек, уваходзячы ў глыбокія адносіны з Богам, павінен пазбывацца перашкодаў, якія спатыкае ў сваім сэрцы, і клапаціцца пра паставы, якія ўзмацняюць кантакт з Богам. Святы Ян ад Крыжа кажа на гэтую тэму: «Калі душа цалкам вызвалілася з сябе і вызвалілася ад кожнай прывязанасці – учыніла ўсё тое, што са свайго боку магла і павінна была ўчыніць, – то немагчыма, каб Бог са свайго боку не дзейнічаў і не ўдзяляўся ёй, прынамсі ва ўкрыцці і ў маўчанні. Гэта больш немагчыма, чым тое, каб сонца не праліло свае праменні ў чыстае і спакойнае месца. Бо, як сонца ўзыходзіць ранкам, каб праліць прамень святла ў тваю хату, калі адкрыеш аканіцу, так і Пан не спозніцца і не засне, які сцеражэ Ізраэль (Пс 120,40), ні хвіліны не спіць і адразу ўвойдзе да апустошанай душы і напоўніць яе боскімі скарбамі» (Жывы Прамень Любові 3,46).

Цяпер пяройдзем да канкрэтных унутраных умоваў:

а) чыстасць сэрца

Каб жыць у блізкім кантакце з Богам, які нараджаецца ў малітоўным спатканні, трэба пазбягаць граху. Чыстасць сумлення заключаецца ў паставе чалавека, які не згаджаецца ні на якую форму граху. Такі чалавек мае моцную пастанову волі не крыўдзіць Бога нават у найменшай рэчы, нават калі гэта шмат каштуе. Маецца на ўвазе пастава, якая ўвесь час гатовая да абароны ад граху, а калі чалавек упадзе праз слабасць, то наказвае яму адразу ўстаць і прасіць Бога аб міласэрнасці.

б) адарванне сэрца ад стварэнняў

Тут маем на ўвазе свабоду ад неўпарадкаваных прывязанасцяў сэрца, якія супярэчаць Божай любові. Бог і прагненне з'яднання з Ім павінны быць на першым месцы, і туды павінны кіравацца ўсе прагненні. Святы Ян ад Крыжа так вобразна прадстаўляе гэты аспект: «Усё роўна, ці птушка будзе прывязана тонкай ці тоўстай ніткай, і тая і другая яе зневаляе; пакуль не парве адну ці другую, не зможа ўзляцець свабоднай. Хоць цянейшую лягчэй разарваць, але, хоць і было б лягчэй, то пакуль не парве яе, не ўзляціць. Так ёсць і з душой, прывязанай да нейкай рэчы; нават, калі б была вельмі багатай у цноты, не дойдзе, аднак, да свабоды з'яднання з Богам» (Дарога на Гару Кармэль І 11,4).

в) панаванне над думкамі і ўяўленнем

Тут ідзе гаворка пра пэўную пачуццёвую гігіену. Гэтая чыстасць дапамагае ў вырашэнні шматлікіх праблем, звязаных з жыццём малітвы. Адной з іх з'яўляецца праблема рассеянасцяў, якія, дзякуючы «духоўнай гігіене», будуць пераможаны раней, чым з'явяцца.

г) добрая інтэнцыя

Чыстасць дзеяння або добрая інтэнцыя заключае ў сабе выключэнне ўсяго, што супярэчыць выкананню волі Божай. Сапраўдная інтэнцыя прагнення Бога знаходзіцца ля вытокаў уваходу на шлях малітвы.

г) непарушная пастанова

Святая Тэрэза ад Езуса акрэслівае гэтую ўмову іспанскім тэрмінам «Determinada determinación», што тлумачым як: непарушная пастанова, рашучая пастанова, вырашальная адвага, цалкавітае прысвячэнне. Гэтая непарушная пастанова датычыць непакідання аднойчы прынятага шляху малітвы. Тэрэза акрэслівае гэта ў словах: «Вяртаючыся да тых, хто прагне піць з гэтай жывой вады і ісці шляхам, які вядзе да яе, ажно дойдуць да самой крыніцы, нараджаецца пытанне: ад чаго ім распачаць? Думаю, што ўсё палягае на тым, каб заняліся справай непахіснай пастановы (Determinada determinación), што не спыняцца, пакуль не стануць пры мэце. Няхай адбываецца ўсё, што заўгодна, няхай баліць, што хоча, няхай наракае, хто хоча, няхай уласная няздольнасць стогне і кажа: не дойдзеш, памрэш у дарозе, не вытрымаеш усяго гэтага…» (Шлях дасканаласці 21,2).

д) практыкаванне ў цнотах

Вера, любоў, пакора з’яўляюцца неабходнымі ў фармацыі да медытацыі. Малітва павінна ісці ў пары з развіццём цнотаў. Словы Тэрэзы: «Да такога забеспячэння нашай будоўлі неабходна, паўтараю, каб фундамент ваш вы закладалі не толькі на самой толькі малітве і пабожных думках. Без няспыннага здабывання цнотаў, без іх практыкавання, заўсёды будзеце духоўнымі падлеткамі» (Унутраны Замак, VII 4,9).

ІІ. Знешнія патрабаванні

Як гэта было ўжо адзначана, некаторыя ўмовы малітвы мы ўжо закраналі. Узгадаем толькі: месца малітвы, час малітвы, спосаб малітвы, Св. Пісанне як змест малітвы, духоўнае кіраўніцтва.

Таму паразважаем толькі над падрыхтоўкай да малітвы. Адрознім падрыхтоўку: бліжэйшую і далейшую.

а) Далейшая падрыхтоўка – заключаецца яна ў практыкаванні ўсведамлення Божай прысутнасці, самотнасці і маўчання.

- Божая прысутнасць – жыць у Божай прысутнасці – гэта не што іншае, як дазволіць, каб малітва трывала па-за акрэсленым для яе часам і распаўсюджвалася на ўвесь дзень. Калі чалавек прывык да ўнутранай малітвы, то перажыванне Божай прысутнасці з’яўляецца спантанным і пастаянным. Калі ж ён толькі ў пачатку духоўнага жыцця, то трэба практыкавацца  ва ўсведамленні Божай прысутнасці. У Кармэлі заўсёды клалі вялікі націск на трыванне ў Божай прысутнасці. Кармэліт заўсёды ахвотна нагадвае словы: «Жыве Пан, Бог Ізраэля, у абліччы якога стаю» (1 Вал 17, 1). Таму, калі хто хоча прыстасавацца да малітвы, павінен прыняць безумоўнае рашэнне, што на працягу дня часта будзе ўзносіць свой дух, а перадусім сваё сэрца да Бога.

- практыкаванне маўчання і самотнасці – маецца на ўвазе стварэнне адпаведнага клімату для малітвы, якая адбываецца сам-насам з Богам. Хрысціянская медытацыя існуе як запрашэнне да дыялогу. Патрабуе перадусім слухання. Маўчанне і самотнасць выпрацоўваюць у нас асаблівую паставу слухання Бога.

б) Бліжэйшая падрыхтоўка – заключаецца ў станаўленні ў Божай прысутнасці і засяроджанасці. Памяць пра прысутнага Бога і стварэнне адносінаў з Ім павінны быць уводзінамі ў малітву. Сканцэнтраванне ў сваю чаргу павінна ўвесці ў гэтую прысутнасць. Некаторыя кажуць, што ад засяроджанасці залежыць вельмі шмат і не трэба на яго шкадаваць часу. Нават калі б увесь час малітвы быў выкарыстаны на сканцэнтраванне, то малітва была б добрай, бо сама засяроджанасць з’яўляецца малітвай.

Падсумоўваючы, яшчэ раз адзначу прадстаўленыя ўмовы малітвы:

1)    Унутраныя:

-    выкараненне граху
-    адарванне сэрца ад стварэнняў
-    пачуццёвая гігіена
-    добрая інтэнцыя
-    непахісная пастанова
-    практыкаванне ў цнотах

2)    Знешнія:

-    месца малітвы
-    час малітвы
-    спосаб малітвы
-    Святое Пісанне
-    духоўнае кіраўніцтва
-    падрыхтоўка да медытацыі (далейшая і бліжэйшая)

11. Няспынна маліцеся

1) Даручэнне няспыннай малітвы

Новы Запавет неаднойчы заахвочвае нас да няспыннай малітвы. Сам Езус сказаў да сваіх вучняў, каб заўсёды чувалі ў малітве. Наказ няспыннай малітвы заключаюць у сабе наступныя фрагменты Пісанняў Новага Запавету:

«Расказаў ім таксама прыпавесць пра тое, што заўсёды павінны маліцца і ніколі не пераставаць» (Лк 18, 1 і 7)
«Маліцеся ў кожны час» (Лк 21,36)
«Заўсёды радуйцеся. Няспынна маліцеся. У кожным стане дзякуйце» (1 Тэс 5,16-18)
«Дзякуйце заўсёды за ўсё Богу Айцу» (Эф 5,20)
«Жывіце ва ўсялякай малітве і прашэнні. Пры кожнай нагодзе маліцеся ў Духу» (Эф 6,18)
«У кожнай справе просьбы вашыя прадстаўляйце Богу» (Плп 4,6)

2) Значэнне няспыннай малітвы

Чуючы гэтыя парады Святога Пісання, нам магло б здавацца, што яны скіраваны толькі да пустэльнікаў. Аднак жа яны адносяцца да ўсіх нас.

Менавіта мы пакліканы да няспыннай малітвы, якая ёсць дарам Бога і ёсць у нас. Дастаткова на нейкі час спыніць нашы заняткі, увайсці ў глыбіню нашай душы, каб усвядоміць, што малітва знаходзіцца ў нас.

Я сплю, але сэрца маё чувае (Пп 5,2) — кажа Абранніца з кнігі Песня Песняў. Хрысціянін, які атрымаў гэты дар, таксама можа сказаць: я працую, хаджу, спажываю ежу…але сэрца маё чувае. Гэтую ласку, аднак, мы атрымліваем пасля прабыцця доўгага шляху. Калі Езус наказвае нам, што «трэба заўсёды маліцца», то чыніць гэта, каб мы зразумелі, што малітва з’яўляецца дзеяннем, якое ніколі не пакідае і якое без стомленасці распачынае нанова штодня. Нельга дазволіць, каб малітва патухла. Ад малітвы няма канікулаў, няма водпуску, калі можна было даць ад яе дыспенсу. Нават калі малітва здаецца бездамаможнай, трэба яе практыкаваць. Нават калі не бачым яе плёнаў, трэба да яе вяртацца і распачынаць яе нанова. Калі маем шмат працы і трэба выбіраць паміж заняткамі, тады можна адкінуць тое ці іншае, але ніколі малітву. Хрысціянская малітва – гэта жыццёвая дзейнасць, як дыханне, спажыванне ежы, піццё. Нічога не можа ад яе звольніць. Калі яе міну, маё хрысціянскае жыццё пачне хварэць і, урэшце, памрэ. Падобна, калі перастану есці і піць. Гэтая відавочная інтэрпрэтацыя наказу «няспыннай малітвы» выконвае істотную ролю ў хрысціянскім жыцці.

Штодзённа маем столькі абавязкаў. Сустракаемся з пастаяннымі канфліктамі абавязкаў. Спакушае нас памяншэнне часовай прасторы, прызначанай на малітву, каб запоўніць яе іншымі рэчамі. Здараецца нам мець дакоры сумлення, калі адыходзім у ціхі куточак, каб аддацца малітве, у той час, калі застаецца нявыкананымі столькі справаў. Аднак мы павінны заўсёды памятаць аб адным, што нашы справы, абавязкі і іншыя заняткі ніколі не будуць выкананы добра, калі будзе недастаткова малітвы.

Аднак «нястомная малітва» — гэта нешта большае, чым вернасць штодзённай малітве, практыкаванай заўсёды, ніколі не прапушчанай. Поўнае выкананне гэтага наказу – гэта перамена ўсяго нашага жыцця ў малітву. Кожную хвіліну, кожны занятак учыніць малітвай. Можам гэта ўчыніць праз перамяненне нашых прагненняў у малітву. Калі няспынна носім у сабе прагненне малітвы, то гэтае прагненне ўжо ёсць малітвай.  

3)    Указанні адносна «няспыннай малітвы»

Няспынная малітва не залежыць ад нашых магчымасцяў – ад нашага старання, ад нас, аднак, залежыць навязванне частых кантактаў з Богам. Ёсць шмат спосабаў, якія гэтыя кантакты аблягчаюць. Трэба выбраць для сябе сярод іх той, які найбольш дапаможны і, паводле неабходнасці, мяняць яго раз на нейкі час. Цяпер прадставім некалькі практычных спосабаў, якія даюць магчымасць мець няспынныя адносіны з Богам.

a.    Думаць пра Бога

Гэта фундаментальны спосаб. Калі асоба кагосьці любіць і адначасова карыстаецца ягонай любоўю, то спантанна накіроўвае свае думкі да яго. Падобна адбываецца з тымі, каго здабыла Божая любоў. Думка пра Бога становіцца ў такім выпадку найбольшай любоўю. У гэтым спосабе падтрымання адносінаў з Богам не ідзе гаворка пра змушэнне сябе да няспыннага напружвання розуму, але пра настаўленне сэрца да Бога. Гэтае настаўленне можа быць перапоўнена, напрыклад даверам, удзячнасцю, пачуццём жалю – раскаяннем сэрца, можа вынікаць з пазнання Яго велічы, магутнасці, дабрыні. Думаем пра Бога, калі стараемся адшукаць Ягоную волю ў кожную хвіліну дня: «Бо не шукаю ўласнай волі, але волі Таго, хто паслаў Мяне» (Ян 5, 30). Гэтым словам вучыць нас Езус, адначасова паказваючы ў іх няспыннае звяртанне ўвагі на Айца, які ёсць у небе.

Іншым спосабам думання пра Бога з’яўляецца прывычка, каб глядзець на ўсё Ягоным позіркам, у створаных рэчаіснасцях адкрываць духоўную веліч. Гэта можам чыніць падчас падарожжа, выконваючы розныя справы, асабліва тыя, якія не паглынаюць цалкам нашага розуму. Я павінен ва ўсім адкрываць Божую прысутнасць, якая ўсё стварыла і трымае ўсё пры існаванні.

б. Гаварыць да Бога

Думка, якая не выражана, часта застаецца неакрэсленай, невыразнай, слабой. Ведаем пра гэта з досведу. Псіхолагі нагадваюць, што словы робяць больш тонкай, сціслай, канкрэтызуюць думку. Уводзячы ў рух разумовы механізм, словы прычыняюцца да поўнага ўдзелу ўсяго чалавека ў малітве. Аб чым гаварыць Богу? Пра ўсё тое, што было прадметам думання пра Бога. Трэба праслаўляць Яго словамі, выражаючы пачуцці, якія нараджаюцца ў нас адносна Яго. Просім Яго, каб нас прасвятляў, удзяляў сваё благаслаўленне. Размаўляйма з Ім пра тых, з кім жывем, пра здарэнні, якія мы перажылі. Існуе таксама звычай звяртання па чарзе да Асобаў Святой Тройцы: Бога Айца, Сына, Духа Святога. Наш Бог ёсць Асабовым Богам. Гэта Бог, які жыве ў Трох Асобах. Такім чынам паглыбяцца нашы адносіны з Асобамі Святой Тройцы.

в. Выкарыстанне фрагментаў з Бібліі

Фрагменты Святога Пісання могуць дапамагчы нам, каб сярод штодзённых заняткаў узносіць нашу думку ўгару. Вось прыклады некаторых фрагментаў:

О, якое велічнае Імя Тваё, Пане, па ўсёй зямлі (Пс 8,2);
Да Цябе, Божа, узношу маю душу (Пс 25,1);
Душа мая прагне Цябе, мой Божа (Пс 42,2);
Вялікія рэчы ўчыніў мне Усемагутны, а імя Яго святое (Лк 1,44).

Некаторыя штодзённа выбіраюць сабе іншы фрагмент. Іншыя застаюцца пры адным увесь тыдзень, месяц, усё жыццё.
 
г. Ружанец

Ён мае вялікую малітоўную вартасць. Незалежна ад таго, ці чытанню будуць спадарожнічаць разважанні над паасобнымі таямніцамі, ці застанецца толькі само чытанне «Вітай, Марыя». Гэтае няспыннае паўтарэнне накіроўвае разумовую і пачуццёвую сферы і быццам паглыбляе душу, якая ў той час свабодна кіруецца да Бога.  
 
д. Заглыбленне ў сваёй душы

Славуты містык XVI стагоддзя, благаслаўлёны брат Лаўрэнцій ад Змёртвыхпаўстання, кармэліт босы, які быў поварам у кляштары ў Францыі, ведаў, як сам гэта акрэсліў, «сакрэт сапраўднай святасці». Раіў, каб на працягу дня практыкаваць дзесяцісекунднае заглыбленне ў глыбіню, і такім чынам усцяж знаходзіць Святую Тройцу, якая жыве ў душы – адараваць Яе, любіць Яе, гаварыць з Ёй. Брат Лаўрэнцій кажа, што падчас працы і іншых заняткаў, нават падчас духоўнага чытання, падчас набажэнстваў і гучных малітваў, мы павінны спыняць іх на момант, найчасцей, як толькі можам, і адараваць Бога ў глыбіні сэрца, «каштаваць» Яго, быццам употай, праслаўляць, прасіць аб дапамозе, ахвяроўваць Яму нашае сэрца і дзякаваць.

е. Кантакт са Святым Пісаннем

Часты кантакт са Св. Пісаннем мае вялікую вартасць. Гэта ж няспыннае, непасрэднае кантактаванне са словам Божым. Тады адчуваем праўду слоў: «Не адным хлебам жыве чалавек, але кожным словам, што выходзіць з вуснаў Божых» (Мц 4,4).

Аднак часта маем цяжкасці са знаходжаннем большага часу на чытанне Св. Пісання. Хаця тым, хто разумее вартасць гэтай практыкі, неяк удаецца. Кожны можа знайсці дзве хвіліны, каб прачытаць некалькі фрагментаў. Важна, каб пры чытанні Бібліі падкрэсліваць алоўкам фрагменты, якія асабліва нас уразілі. Потым дастаткова вяртацца да гэтай Кнігі і адразу знаходзіць словы, якія нас парадуюць і ўмацуюць. Для гэтых кантактаў можам выкарыстаць розныя вольныя хвіліны, напр.: змена заняткаў, пераход на іншае месца, чаканне аўтобусу, спазненне на некалькі хвілін сваёй працы, перад сном, пасля сну (накіроўвае ўвесь дзень).
 
ж. Агульная арыентацыя і аскеза

Асаблівай умовай развіцця практыкі частых кантактаў з’яўляецца любоў, якая павінна быць галоўным матывам усіх нашых пачынанняў, нашых спатканняў з Богам. Такая таксама арыентацыя прычыніцца і да практыкавання аскезы. Яшчэ перад атрыманнем ласкі няспыннай малітвы звычай частых кантактаў знішчае рассеянасць, прычыняецца да сталага, дзякуючы любові, унутранага жыцця, да радасці, якую не здолеюць ужо парушыць унутраныя буры, да ўмення абуджаць унутранае жыццё ў іншых людзях.

Падсумаванне

Разважаннем над паняццем няспыннай малітвы мы заканчваем цыкл канферэнцый адносна малітоўнага жыцця. Гэтае жыццё абапіраецца ў асноўным на прыкладзе малітвы Езуса, паказвае нам патрэбу яе рэалізацыі ў нашым хрысціянскім жыцці. Апошняя тэма пра няспынную малітву заканчвае і вянчае ўсе канферэнцыі, якія ёй папярэднічалі. Заканчвае, бо быў рэалізаваны пэўны цэласны цыкл тэмаў, уводных у малітву. У сваю чаргу вянчае ў тым значэнні, што адкрывае новыя гарызонты перад прадстаўленым намі фундаментам малітвы Езуса і Ягоных вучняў. Гэтыя гарызонты заключаюцца ва ўвядзенні ў нашае жыццё няспыннай малітвы. Яна павінна заключацца на накіраванні нашага жыцця на Бога, праз рэалізацыю нястомнай малітвы. Чалавек малітвы не моліцца толькі ў выбраны час, але няспынна падтрымлівае кантакт з Богам. Малітва, падлеглая развіццю, перамяняе ўсё чалавечае жыццё, уводзячы ў яго трывалае акунанне ў Бога. Паказ «няспыннай малітвы» мае на мэце звярнуць нашы прагненні ў яе напрамку, каб яе атрымаць. Бо яна не ёсць толькі творам чалавека, але таксама з’яўляецца дарам Божым. Прадстаўляючы ўсе аспекты малітвы, мы дайшлі да канца, пры гэтым заахвочваючы да малітвы. Мы хацелі запрасіць усіх, хто шукае Бога, да глыбокіх адносінаў з Ім.

Кожны чалавек прагне быць шчаслівым. Гэтае прагненне чалавечага сэрца можа рэалізавацца толькі ў Богу праз дыялог з Ім. Бог сам з’яўляецца ініцыятарам гэтай адвечнай размовы з чалавекам. Станьма ўдзельнікамі гэтага найпрыгажэйшага дыялогу, магчымага на зямлі.






Адноўлена 26.11.2012 12:08
 
© 2003-2021 Catholic.by