Слова Міністра замежных спраў Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Макея на ўрачыстым прыёме з нагоды пачатку Пантыфікату папы Францішка | Друк |

16 красавіка 2013 г., Мінск

Ваша Эксцэленцыя!
Паважаныя паслы і прадстаўнікі дыпкорпусу!
Паважаныя прадстаўнікі рэлігійных канфесій!
Шаноўнае спадарства!

Дазвольце мне ад імя Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь і ад сябе асабіста сардэчна павіншаваць усіх прысутных з пачаткам Пантыфікату Яго Святасці Папы Рымскага Францішка.

Мне вельмі прыемна адзначыць, што паміж Рэспублікай Беларусь і Святым Прастолам склаліся асаблівыя адносіны ўзаемаразумення і даверу.

Ватыкан для Беларусі — трывалы і надзейны партнёр як у двухбаковых дачыненнях, так і ва ўзаемадзеянні з іншымі краінамі свету і міжнароднымі арганізацыямі.

Мы вельмі ўдзячны папярэдняму Папу Рымскаму Бэнэдыкту XVI за асабістую ўвагу да развіцця адносін з нашай краінай і за добрае стаўленне да незалежнай беларускай дзяржавы.

Упэўнены, што дзейнасць Яго Святасці Папы Рымскага Францішка на чале Святога Пасаду яшчэ больш умацуе традыцыйную повязь сяброўства паміж Рэспублікай Беларусь і Ватыканам.

Мы ведаем, што ключавыя аспекты праграмы дзеянняў Папы Рымскага Францішка ў якасці Пантыфіка — гэта сацыяльная справядлівасць, падтрымка бедных краін, спрыянне міжнацыянальнаму, міжкультурнаму і міжрэлігійнаму дыялогу.

Гэтыя каштоўнасці з’яўляюцца вельмі блізкімі і зразумелымі для народа нашай краіны, дзе на працягу стагоддзяў мірна і ў шчырым сяброўстве жылі і жывуць прадстаўнікі розных канфесій і нацыянальнасцей.

У Беларусі добра ведаюць: тое, што мы розныя, — гэта наша галоўнае багацце, стымул для ўзаемнага пазнання і плённага развіцця, а не прычына для канфліктаў.

Таму мы адкрыты для канструктыўнага дыялога з усімі краінамі свету і вельмі цэнім сапраўднае сяброўства, добрым прыкладам якога з’яўляюцца адносіны паміж Рэспублікай Беларусь і Святым Прастолам.

Карыстаюся гэтай нагодай, каб выказаць спадзяванне на далейшае ўмацаванне беларуска-ватыканскага супрацоўніцтва ва ўсіх галінах і каб пажадаць Яго Святасці моцнага здароўя, нястомных сіл і поспехаў у выкананні адказнай апостальскай місіі.

Дзякуй за ўвагу.

Адноўлена 17.04.2013 19:18
 
© 2003-2022 Catholic.by